Гісторыя66

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і падробка пячатак

Гісторык Дзмітрый Дрозд знайшоў дакументы з невядомымі фактамі з жыцця класіка.

У гісторыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя ёсць асобы, пра якіх навукоўцы напісалі ў разы больш, чым яны самі напісалі за ўсё жыццё. Абумоўлена гэта значнасцю тых асобаў у нашай гісторыі, якая робіць важнай вывучэнне нават самых драбніц іх біяграфій.

Да ліку такіх аўтараў адносіцца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На жаль, менавіта аб’ём усяго напісанага пра яго часта не дазваляе вызначыць, з’яўляецца чарговая знаходка адкрыццём ці ўсяго толькі паўторам вядомага. Таму, не прэтэндуючы на гучнае слова «сенсацыя», раскажам некалькі фактаў з жыцця беларускага класіка, якія трапіліся нам пры напісанні гісторыі Мінскага турэмнага замка.

Копіі каралеўскіх пячатак

Пра тое, што Марцінкевіч з дачкой Камілай былі вязнямі мінскай турмы, пішуць ва ўсіх артыкулах пра Валадарку, згадваючы іх у спісе арыштантаў-знакамітасцяў. Але тычыцца гэта падзей 1864-га, разгрому царскімі ўладамі паўстання Каліноўскага. Вядома таксама, што Вінцэнт быў замяшаны ў гісторыю з падробкай дакументаў, неабходных беларускай шляхце, каб даказаць у Расійскай Імперыі сваё высакароднае паходжанне. Але і тут у асноўным пішуць пра падзеі 1840-х. Раней лічылася, што справа Чапкоўскага 1835 года — найгучнейшая з справаў, звязаных ў падробкамі, — Марцінкевіча практычна не закранула. Але дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва адкрываюць новыя факты.

Ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у былой «польскай» шляхты пачаліся праблемы — кожны павінен быў даказаць сваё высакароднае паходжанне. Шляхцічы, у якіх своечасова не аказалася патрэбнай паперкі, траплялі нават у прыгонныя. Болей шанцавала тым, каго запісвалі вольнымі хлебаробамі, дзяржаўнымі сялянамі або мяшчанамі.

Даказваць шляхецтва рабілася ўсё цяжэй — асабліва пасля паўстання 1830—1831. Вырас і попыт на патрэбныя для гэтага паперы: каралеўскія прывілеі на розныя пасады або маёнткі, дакументы на куплю або продаж зямлі і метрычныя выпіскі.

На гэтай глебе і расквітнеў менскі «падпольны сіндыкат», які мог за пэўную суму «знайсці» любую патрэбную паперу. Марцін Чапкоўскі якраз працаваў ва ўстанове, якая пацвярджала важкасць доказаў — Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Былі ў яго свае людзі ў судах і ў Мінскім магістраце (у апошнім пасля цэлая камісія выяўляла ў актавых кнігах розных гадоў дзясяткі «сумніўных» дакументаў ). І, вядома, вельмі патрэбным чалавекам быў сам Вінцэнт Марцінкевіч — перакладчык у Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай Кансісторыі, які меў доступ да метрычным кніг. Магчымасці сіндыката былі велізарнымі, яго называлі «мінскі ценявы Сенат». Але колькі вяровачцы не віцца…

Ужо 21 чэрвеня 1835, каб не быць схопленым, з свайго дома ў пажарным парадку сышоў адзін з галоўных фігурантаў справы аб «сіндікаце падробак» служачы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу Марцін Чапкоўскі. Да верасня яму ўдавалася хавацца ад паліцыі, пераязджаючы з павета ў павет, і нават у самой Вільні. Урэшце ён быў затрыманы ў Дзісенскім павеце і 9 верасня дастаўлены ў Менскую турму. Язэп Янушкевіч цытуе яго паказанні: «Пазнаёміўшыся са служачым Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі перакладчыкам Марцінкевічам, спярша склалі кампазіцыю на здыманне мадэляў пячатак каралёў польскіх Станіслава Аўгуста і Аўгуста III… Усе тыя пячаткі засталіся ў Марцінкевіча».

Пасля гэтага Вінцэнт, якому тады было каля 27 гадоў, не мог доўга заставацца на волі. І факт, што ў 1835 ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, вядомы. Так сцвярджаў сам Марцінкевіч пасля свайго вяртання на працу. Калі яму тады ўдалося пераканаць у гэтым сучаснікаў, дык што ўжо казаць пра даследчыкаў, якія вывучаюць яго жыццё амаль праз 180 гадоў? Таму ў аўтарытэтным зборніку дакументаў, выдадзеным у 2010, чытаем: «Гаворка пра хатні арышт. Прычыны яго невядомыя. Кіпучая, неардынарная натура пісьменніка часта выклікала падазрэнне ўладаў».

Уцёкі Чапкоўскага

Новыя падрабязнасці пра падзеі 1835 раскрыла справа аб … уцёках з Менскай турмы Чапкоўскага. Так, 8 лістапада ён, прабыўшы на Валадарцы ўсяго два месяцы, увайшоў у вельмі малы спіс тых, каму ўдалося ўцячы з замка. Прычым падрабязнасці яго ўцёкаў былі загадкай нават для ахоўнікаў. Паводле афіцыйнай версіі, Чапкоўскі з дома наглядчыка, дзе ён пісаў прашэнне, падняўся на гарышча, вылез праз слыхавое акно на дах, прывязаў да коміна самаробную вяроўку і спусціўся ўжо на волі. Паводле іншай версіі, ён, скарыстаўшыся цемрай і завірухай, выйшаў проста праз турэмныя вароты, пераапрануўшыся ў шынель і шапку наглядчыка.

12 лістапада ў замку быў праведзены поўны ператрус, шукалі нават у пакоі самога наглядчыка Станкевіча. Яго, дарэчы, які заняў гэтую пасаду ўсяго 21 кастрычніка, падазравалі ў спрыянні ўцёкам (паводле некаторых звестак, Чапкоўскі дапамагаў Станкевічу «даказваць» яго дваранскае паходжанне), за што ён адседзеў у замку пад арыштам да мая.

У справаздачы пра той татальны ператрус мы і натрапілі на прозвішча Марцінкевіча: «Нідзе ні ў каго асабліва важнага і падазронага не аказалася знойдзена. У нядаўна пасля ўцёкаў Чапкоўскага пасаджанага арыштанта, перакладчыка мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі Марцінкевіча, наяўных грошай золатам паўімперыялаў 40, чырвонцаў 41, срэбрам 2 руб. 62 1/2 кап. і меддзю 3 кап.».

Вялізная сума ў кішэні

Такім чынам, час, калі Вінцэнт трапіў у першы раз у Менскую турму, мы можам назваць даволі дакладна: пасля 8 і 12 лістапада.

Таксама мы можам сцвярджаць, што 15 лістапада ён знаходзіўся там жа. У гэты дзень яго жонка Юзэфа падала прашэнне: «Муж мой, быўшы несправядліва абгавораны перад правасудным начальствам, узяты ў Мінскі турэмны замак і ўтрымліваецца зняволеным пад вартай. Я ведаю, што ён бязвінна пакутуе, а роўна ўпэўненая ў слабасці яго здароўя (што могуць засведчыць лекары). Лічу сваім абавязкам прасіць пакорліва перавесці яго на кватэру з вартай або ў тутэйшы гаўптвахт, што можа яму даць значную палёгку. А роўна маю гонар дадаць, што грошы, мужу майму выпадкова ў кішэню ўкладзеныя, 21 паўімперыял расійскай манетаю, і чырвоных галандскіх золатам, колькасці якіх у тагачасным замяшанні маім успомніць не магу, ёсць мае ўласныя, падораныя ад бацькоў маіх у пасагу, у якіх цяпер, маючы патрэбу на дзённы пражытак мой і майго сямейства, каб былі ад яго ўзятыя і мне пад распіску аддадзеныя. Сапраўднае падпісала Марцінкевічава».

Аднак гэта прашэнне (у якім, дарэчы, няправільна названы лік паўімперыялаў) не дало ніякага выніку. Адкрываецца і яшчэ адзін цікавы факт біяграфіі Марцінкевіча: паводле пашыранай версіі, Вінцэнт выкраў Юзэфу і абвянчаўся з ёй таемна, калі ёй яшчэ не было 16 гадоў — але ў прашэнні яна сама піша пра бацькоўскі пасаг. Прашэнне Юзэфы не задаволілі, бо, на думку чыноўнікаў з камісіі па расследаванні ўцёкаў Чапкоўскага, яно было пададзена не па форме — на простай, а не гербавай паперы. І, акрамя таго, дастаўлена не асабіста жонкай арыштанта, а невядомым чалавекам, без тлумачэння, хто гэта прашэнне складаў і перапісваў. Таму ліст было загадана вярнуць просьбітцы. З адпіскі нам вядомая і прычына, па якой Юзэфа не змагла асабіста даставіць прашэнне: «ляжыць хворая». І за гэтымі двума словамі ўся глыбіня трагедыі сям’і Марцінкевіча: два тыдні таму, 31 кастрычніка, у сям’і Вінцэнта і Юзэфы нарадзілася дачка Эмілія.

Зрэшты, грошы не прапалі.

У той жа дзень 40 паўімперыялаў і 40 чырвонцаў у бісерным кашальку былі здадзены на захаванне ў павятовае казначэйства. А гэта, між іншым, каля 1000 руб. срэбрам. Для параўнання, свой фальварак Люцынка (каля 200 дзесяцін зямлі і некалькі сем’яў прыгонных) Марцінкевічы купілі за 2700 руб. А дробязь была выдадзена «да ўжывання па харчаванні Марцінкевіча». А 29 лістапада грошы ўжо былі знятыя з захоўвання.

«Нявінна абгавораны»

Так, першае знаходжанне Марцінкевіча ў турме было зусім нядоўгім — усяго каля тыдня. Хутчэй за ўсё, просьбы жонкі і сувязі Вінцэнта, а таксама яго цесця далі плён, і праз пару дзён ён быў пераведзены пад хатні арышт. Але да нас дайшлі два адказы Марцінкевіча на пытанні следчых, уласнаручна ім падпісаныя.

Хутчэй за ўсё, Вінцэнт быў на ўмоўнай волі ўжо да 19 лістапада, калі камісія накіравала на яго імя запыт з пытаннямі аб зносінах з Чапкоўскім і яго меркаванымі саўдзельнікамі. І ў гэтым запыце Марцінкевіч ужо не названы «змешчаным у Мінскім турэмным замку».

Падамо цалкам яго адказ: «На запыт камісіі наступнае гонар маю адказваць: у дачыненні да 1-га пункта: ніколі ў жыцці не ведаў я ніякага фельчара Івашкевіча, і таму ніжэй найменшых з ім не мог мець сувязяў. І як з дапамогай яго, так і роўна каго іншага не меў з Чапкоўскім зусім ніякіх зносінаў, а, быўшы нявінна ім абгавораны (як перад Коверскім і Эйсмантам ён сам прызнаўся, а ад якіх я, знаходзячыся ўжо ў астрозе, чуў), не меў патрэбы ўваходзіць з ім, Чапкоўскім, у ніякія сувязі, і толькі нецярпліва чакаў сканчэння справы, каб выявіць маю нявіннасць. У дачыненні да 2-га пункта: ні з Івашкевічам, ні з нейкім Вінцэнтам Чапкоўскім, пра якіх першы раз чую, не меў ніякіх спатканняў, тым больш, што сам, быўшы арыштаваны, перш на гаўптвахце, пасля ж маючы варту на кватэры, ні з кім не бачыўся, акрамя як з найбліжэйшымі сваякамі. У дачыненні да 3-га пункта: паколькі я, быўшы сам арыштаваны, не меў і мець не мог ніякіх зносінаў з Чапкоўскім, то не магу ведаць, па якіх прычынах здарыліся ўцёкі і дзе схаваўся Чапкоўскі. Слушнасць такога паказання, быўшы гатовы пацвердзіць прысягай, уласнаручна падпісаў. Вінцэнт Марцінкевіч».

Сапраўды Марцінкевіч быў «нявінна абгавораны» ці хаваў праўду? Па справе падробных дакументаў яго торгалі і пазней, у 1840-я.

«Маю запал да кніг»

Другі запыт Марцінкевічу быў дасланы з трохі незвычайнай нагоды. Жонка Чапкоўскага Эмілія падала прашэнне аб вяртанні рэчаў мужа, сярод якіх згадвалася «кніга натуральнай гісторыі з малюнкамі звяроў». Да здзіўлення следчых гэта кніга не была знойдзена ў камеры, дзе раней утрымліваўся ўцякач. На допыце яго сукамернік Коверскі патлумачыў: Чапкоўскі падарыў кнігу яму, а ён, калі ў гэтай камеры знаходзіўся Марцінкевіч, перадарыў яе Вінцэнту. І той вынес яе пры вызваленні з турмы.

Адказ Марцінкевіча сведчыць, што ўжо тады ён быў палкім збіральнікам кніг: «Калі я змешчаны быў у астрог і знаходзіўся ў адной святліцы з п. Коверскім, то ён, даведаўшыся, што я маю бібліятэку і што маю запал да кніг, сапраўды падарыў мне сваю (як сам сказаў) кнігу — натуральную гісторыю, і прасіў мяне, каб я, як буду зусім звольнены, то ўбачыўся б з яго сынамі і выгаварыў ім за тое, што яны зусім пра бацьку забыліся. То ж прасіў мяне, каб у нядзелю калі-небудзь бралі мы з жонкаю да сябе ў дом яго маленькую дачку, якая знаходзіцца ў манастыры Марыянак (ці ў дабрачыннай установе, на Траецкай гары змешчанай). Спадар жа Коверскі, аддаючы мне гэтую кнігу, проста казаў, што яна, як і іншыя, што ў яго знаходзяцца, ёсць яго ўласная. Вяртаю вышэй згаданую кнігу».

Факты, выкладзеныя ў дакументах, сведчаць пра досыць вольныя ўмовы знаходжання вязняў у турме ў пачатку ХІХ ст. Цяжка было б сёння ўявіць, каб хтосьці мог пранесці ў камеру «ў кішэні» вялізную суму грошай ці ўласныя кніжкі, узятыя з дому.

З-пад хатняга арышту Марцінкевіч выйшаў толькі ў лютым. Перш за ўсё Марцінкевічы хрысцілі дачку Эмілію. А, вярнуўшыся на службу пасля чатырох месяцаў адсутнасці, 28 лютага Вінцэнт патлумачыў начальству, што «прычынай чатырохмесячнай адсутнасці ў канцылярыі былі арышт і затрыманне ўладамі ў кватэры». Версіі пра хатні арышт паверылі (і нават не звольнілі), і яна стала афіцыйнай у біяграфіі Марцінкевіча. І толькі новыя дакументы дазволілі праліць святло на нялёгкі тыдзень будучага беларускага класіка, праведзены ў Мінскім турэмным замку.

* * *

Дзмітрый Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кнігі «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

Каментары6

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →