Яднанне ў сувязі з трагедыяй у Парыжы можа дапамагчы нармалізаваць сітуацыю ва Украіне. Аб гэтым у эфіры беларускіх тэлеканалаў заявіў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. 11 студзеня ў Парыжы ён узяў удзел у маршы ў памяць аб ахвярах тэрактаў, паведамляе БЕЛТА.

На марш міру ў Парыж прыбылі лідары розных краін. Ужо гэта дае магчымасць абмеркаваць супольныя меры, накіраваныя на вырашэнне буйных міжнародных канфліктаў. «Гэта можа быць стымулюючым фактарам для больш глыбокай ацэнкі падзей у свеце і выпрацоўкі сумесных падыходаў па нармалізацыі сітуацыі ў канфліктных рэгіёнах свету - на Блізкім Усходзе, ва Украіне», - сказаў ён.

У час нападу на рэдакцыю сатырычнага выдання Charlie Hebdo загінуў фатограф і журналіст Мішэль Рэно, жанаты з гамяльчанкай. Павел Латушка расказаў, што пасольства Беларусі ў Францыі накіравала спачуванне жонцы загінулага ў горад Клермон-Феран. Павел Латушка звярнуў увагу, што гэты горад і Гомель — пабрацімы.

На марш міру ў Парыжы выйшлі больш за мільён чалавек. У шэсці ўзялі ўдзел французскія палітыкі, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэм'ерка Польшчы Эва Копач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?