Бетэль на фота справа, wort.lu
Прэм'ер-міністр Люксембурга Ксаўе Бетэль стаў першым у Еўрасаюзе і другім у свеце кіраўніком урада, якія заключылі аднаполы шлюб.
У пятніцу 42-гадовы Бетэль афіцыйна зарэгістраваў стасункі са сваім грамадзянскім партнёрам, 36-гадовым бельгійскім архітэктарам Гацье Дэстне.
Закрытая цырымонія шлюбу прайшла ў гарадской ратушы Люксембурга. Натоўп каля ратушы абсыпаў шчаслівых маладых канфеці і рысам.
На заднім плане — прэм'ер Бельгіі Шарль Бетэль, wort.lu
Па звестках агенцтва Франс прэс, на выходных пара збіраецца зладзіць з нагоды вяселля прыём на 500 гасцей.
Як паведамляе газета Luxemburger Wort, у ліку прысутных на цырымоніі былі прэм'ер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль і прэм'ер-міністр Эстоніі Тааві Рыйвас.
Шматгадовыя стасункі
Паўнавартаснага мядовага месяца ў маладых, мяркуючы па ўсім, не будзе, бо Бетэлю неўзабаве трэба будзе ляцець у Казахстан на эканамічны форум. Акрамя таго, з 1 ліпеня Люксембургу пераходзіць старшынства ў ЕС.
На ўрачыстасці прыехаў прэм'ер Эстоніі Тааві Рыйвас
Правацэнтрыст Ксаўе Бетэль сфармаваў урад Люксембурга ў 2013 годзе, паклаўшы канец 19-гадоваму прэм'ерству Жан-Клода Юнкера, які цяпер узначальвае Еўракамісію.
Парламент Люксембурга ўхваліў аднаполыя шлюбы ў ліпені 2014 года, а ўжо ў жніўні Бетэль абвясціў пра намер зарэгістраваць свае шматгадовыя адносіны з Дэстне.
Першым адкрытым геем на пасадзе кіраўніка ўрада ў ЕС лічыцца былы бельгійскі прэм'ер Эліа дзі Рупа.
Першым сусветным лідарам, які заключыў у 2010 годзе аднаполы шлюб, называюць кіраўніка ўрада Ісландыі Ёхану Сігурдардоцір, аднак Ісландыя ў Еўрасаюз не ўваходзіць.