Кастусь Акула

19 лютага ў Менску ў сядзібе рады ТБМ прайшла вечарына памяці Кастуся Акулы, якую зладзіла Згуртаваньне беларуcаў сьвету "Бацькаўшчына". Выбітны дзеяч беларускай эміграцыі, няўтомны арганізатар жыцьця згуртаваньня беларусаў Канады, пісьменьнік і мэцэнат шматлікіх культурніцкіх праектаў на радзіме пакінуў гэты сьвет 29 студзеня ў канадзкім Таронта. Яму ішоў 83‑і год.

Ушанаваць памяць Кастуся Акулы прыйшлі беларускія літаратары, мастакі, студэнты, шараговыя чытачы ягоных кніг. З напісаных за паўстагодзьдзя аўтарам у далёкай Канадзе каля дзесяці тамоў два зь іх у апошнія пятнаццаць пасьпелі прыйсьці да чытачоў на радзіме. Гэта «Змагарныя дарогі», падпісаныя ў друк у выдавецтве «Мастацкая літаратура», дарэчы, праз тры дні пасьля перамогі А.Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах, і «Россыпы», што зьявіліся два гады таму ў недзяржаўным выдавецтве «Логвінаў».

Вяла вечарыну пісьменьніца Вольга Іпатава, якая неаднойчы сустракалася са сваім канадзкім калегам‑суродзічам. Распавёўшы пра арганізатарскія і выдавецкія высілкі Кастуся Акулы па падтрымцы нацыянальнага духу суродзічаў Канады, яна падкрэсьліла недаасэнсаваную яшчэ значнасьць яго літаратурнага таленту.

«Гэта пісьменьнік, які вядомы нам усім, але пісьменьнік, якога нам трэба па‑сапраўднаму асэнсаваць вось цяпер».

Кароткі агляд твораў Кастуся Акулы зрабілі літаратуразнаўца Лідзія Савік і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, які яшчэ з часоў студэнцтва ліставаўся з беларускім пісьменьнікам з Таронта. Спадар Пашкевіч, у прыватнасьці, зазначыў:

«Мне падаецца, Кастусь Акула — якраз сымбаль змагарнай эпохі, які ня толькі ў сваім асяродку замежжа адстойваў права беларусамі звацца, але, як сьведчыць практыка, вучыў і вучыць па сёньня і тутэйшых беларусаў ня толькі берагчы сваё, але і ганарыцца сваім».

Мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, якая напачатку 1990‑х ачольвала замежную камісію партыі БНФ, неаднаразова сустракалася з Кастусём Акулам і ў часе ягоных двух прыездаў тады на радзіму, і ў заакіянскім сьвеце. Яна нагадала прысутным, што спадар Акула неаднаразова ладзіў дэманстрацыі пратэсту ў Канадзе супроць камуністычнага панаваньня ў Беларусі. Яна кажа, што варта лічыць беларусаў‑эмігрантаў, якія сталі захавальнікамі ідэі незалежнасьці радзімы, нацыянальнымі героямі.

«Адна асоба, якая выходзіць на змаганьне супраць несправядлівасьці, якая выходзіць на змаганьне за ідэю, гэты чалавек ёсьць нацыянальны герой. І таму Акулу мы павінны ўшаноўваць не толькі як пісьменьніка, але мы яго павінны лічыць нацыянальным героем».

Валянціна Аксак, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0