Беларусь і Індыя дамовіліся аб супрацоўніцтве ў калійнай сферы, стварэнні буйнога прамысловага цэнтра і навучанні індыйскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ.

Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Нірмалай Сітхараман і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка і міністр гандлю і прамысловасці Індыі Нірмала Сітхараман. Фота: прэс-служба прэзідэнта Беларусі

Аляксандр Лукашэнка і міністр гандлю і прамысловасці Індыі Нірмала Сітхараман. Фота: прэс-служба прэзідэнта Беларусі

«Фундаментам любых адносін з'яўляюцца гандаль і эканоміка, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гандлёва-эканамічныя сувязі — гэта аснова нашых узаемаадносін, і наколькі актыўна будуць узаемадзейнічаць ключавыя міністэрствы Беларусі і Індыі, настолькі паспяховымі будуць двухбаковыя адносіны па ўсіх напрамках».

Вітаючы Нірмалу Сітхараман, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ёй за візіт і падкрэсліў: «Гэта вельмі важная сустрэча пасля перагавораў на вышэйшым узроўні з прэзідэнтам Індыі, які наведаў Беларусь у чэрвені бягучага года». 

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў у цэлым узровень узаемаадносін з Індыяй і ў прыватнасці вынікі перагавораў на вышэйшым узроўні з кіраўніком індыйскай дзяржавы. «Мы добра правялі перагаворы і шмат аб чым дамовіліся. Думаю, што ваш візіт будзе каштоўны тым, што мы пачнём рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці на практыцы», — сказаў ён. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Індыяй. «Нішто не перашкаджае нам узаемадзейнічаць па любым напрамку», — дадаў ён.

Ён падкрэсліў, што Індыя з'яўляецца дружалюбнай для Беларусі краінай яшчэ з савецкіх часоў, і цяпер гэтыя адносіны, якія складваліся дзесяцігоддзямі, развіваюцца і мацнеюць.

Міністр гандлю і прамысловасці Індыі нагадала, што падчас візіту на вышэйшым узроўні Індыя адкрыла крэдытную лінію на $100 млн. «Мы спадзяемся, што зможам знайсці праекты ў сферах агульных інтарэсаў, якія пасля будуць рэалізаваны з выкарыстаннем гэтай крэдытнай лініі», — сказала Нирмала Ситхараман.

У ходзе сустрэчы асабліва была закранута тэма гандлёва-эканамічных адносін. У мінулым годзе беларуска-індыйскі тавараабарот складаў крыху больш за $400 млн, а за 6 месяцаў гэтага года — звыш $300 млн. І хоць назіраецца дынаміка росту, паводле ўзаемнага меркавання беларускага і індыйскага бакоў, ёсць патэнцыял для істотнага пашырэння двухбаковага тавараабароту.

Таму размова ішла аб канкрэтных вектарах далейшага больш актыўнага ўзаемадзеяння паміж краінамі, у тым ліку ў галінах прамысловасці, машынабудавання, фармацэўтыкі, калійнай сферы, IT-тэхналогій, а таксама адукацыі.

У прыватнасці, беларускі бок разглядае магчымасць стварэння ў Індыі буйнога прамысловага цэнтра, дзе будуць наладжаны вытворчасць, рэалізацыя і сэрвіснае абслугоўванне. У праекце плануецца задзейнічаць БелАЗ, МТЗ, МАЗ і іншыя буйныя беларускія прадпрыемствы, прадукцыя якіх будзе рэалізоўвацца ў Індыі. Індыйскі бок зацікавіўся гэтай ідэяй і выказаў гатоўнасць прыкласці максімум намаганняў для яе рэалізацыі.

Прэзідэнт Беларусі запрасіў індыйскія фармацэўтычныя кампаніі больш актыўна прыходзіць на беларускі рынак, у тым ліку з перспектывай рэалізоўваць прадукцыю ў краінах ЕАЭС.

Была закранута таксама тэма супрацоўніцтва ў калійнай сферы. Нірмала Сітхараман сказала аб гатоўнасці індыйскіх кампаній не толькі купляць калійныя ўгнаенні, але і аб жаданні інвесціраваць у беларускую калійную галіну.

Індыйскі бок таксама выказаў зацікаўленасць у тым, каб больш студэнтаў з Індыі вучыліся ў Беларусі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова прыняць усіх жадаючых атрымліваць адукацыю ў нашай краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?