Міністэрства інфармацыі Беларусі афіцыйна дасць адказ на афіцыйны зварот з нагоды інцыдэнту ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, у выніку якога пацярпеў журналіст Tut.by. Пра гэта кіраўнік Мінінфарма Лілія Ананіч заявіла ўвечары 7 лютага ў праграме «Клуб галоўных рэдактараў» тэлеканала «Беларусь 1».

У адказ на пытанне пра калектыўны зварот, які каля 200 журналістаў накіравалі міністру інфармацыі і генеральнаму пракурору ў сувязі са збіццём ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска журналіста Паўла Дабравольскага, Лілія Ананіч заявіла:

— Мы афіцыйна дамо адказ на афіцыйны зварот. Самае галоўнае, што мы атрымалі сёння афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сведчыць аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства і ўжыванні законных мер уздзеяння на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту.

— Журналіст не можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка, значыць, гэта нейкія дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю прафесіі, а не на атрыманне інфармацыі, — дадала яна.

Міністр таксама распавяла, што ў 2015 прынята 41 рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, вынесена 36 папярэджанняў сродкам масавай інфармацыі. «І, вядома, гэтая праца будзе працягнутая. Ідзе дэталёвы аналіз як інтэрнэт-прасторы, так і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Сёння мы павінны разумець, што ўсе механізмы будуць задзейнічаны, для таго, каб інфармацыйная прастора Беларусі служыла сваёй краіне, служыла кансалідацыі грамадства», — падкрэсліла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?