Графічны дызайн банкноты наміналам 200 злотых не змяніўся, але дзякуючы ўжыванню новых, больш тэхналагічна прасунутых элементаў абароны розніца паміж новай і старой банкнотамі відавочная. Так, новым элементам з'яўляецца ахоўная нітка з аптычным кінетычным эфектам. Фрагменты ніткі плаўна змяняюць колер з залатога на зялёны, а размешчаны на ёй шахматны малюнак рухаецца ў двух плоскасцях, паведамляе прэс-служба Пасольства Польшчы ў Мінску.

На пярэднім баку банкноты размешчаны таксама дэкаратыўны графічны элемент, які плаўна змяняе колер з залатога на зялёны (т. зв. Каралеўскі сімвал), а на задняй — залаты пераліўны арнамент. Новым элементам з'яўляецца вадзяны знак: пры разглядзе на прасвет акрамя выявы караля відаць таксама абазначэнне наміналу. Змененыя таксама элементы, надрукаваныя з абодвух бакоў банкноты: выява кароны ў авале складваецца толькі пры разглядзе купюры на прасвет.

 

Левы бок банкноты, дзе знаходзіцца вадзяны знак, свабодны, дзякуючы чаму купюра здаецца больш светлай, а вадзяны знак лепш бачны. 

З'явіліся таксама дадатковыя пазнакі для сляпых і са слабым зрокам. Гэта, перш за ўсё, 10 рэльефных рысак, размешчаных уздоўж кароткага краю банкноты. Такая ж тэхналогія выкарыстоўваецца ў новай серыі банкнот еўра. Яшчэ адзін спецыяльны элемент — геаметрычная фігура ў левым ніжнім куце (на банкноце наміналам 200 злотых гэта трохкутнік), якая складаецца з дробных выпуклых элементаў, добра ўспрымаецца навобмацак. 

Новыя банкноты ўводзяцца замест пашкоджаных або старых. Старыя купюры застануцца сапраўднымі на неабмежаваны тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0