Адзін з вядучых сусветных вытворцаў спартыўнага адзення і абутку Nike заявіў, што спыняе кантракт з філіпінскім баксёрам Мэні Пакьяа пасля яго негатыўных выказванняў на адрас гомасэксуалаў. Пра гэта паведамляе Reuters.
«Мы лічым каментары Пакьяа агіднымі», — адзначыў прадстаўнік Nike у дасланай па электроннай пошце заяве. У кампаніі дадалі, што дамоўных адносін са спартсменам у яе больш няма.
Кампанія прыняла рашэнне на наступны дзень пасля таго, як у інтэрнэце з'явілася петыцыя з заклікам спыніць прыцягваць Пакьяа да прасоўвання прадукцыі. На момант публікацыі навіны петыцыю падпісалі больш за 4 тысячы чалавек.
Пакьяа, паважаны на Філіпінах баксёр і член кангрэса рэспублікі, сутыкнуўся з асуджэннем грамадскасці пасля таго, як у 30-секундным інтэрв'ю мясцоваму тэлебачанню выказаўся супраць аднаполых шлюбаў.
«Вы хоць раз бачылі жывёл, якія будуюць сем'і з асобінамі свайго ж полу? У гэтым плане яны лепшыя за людзей, калі могуць адрозніць самку ад самца. Калі мы ўхваляем аднаполыя шлюбы, значыць, людзі горшыя за жывёл», — заявіў баксёр ў панядзелак, 15 лютага.
У аўторак Пакьяа прынёс публічныя прабачэнні. «Я прашу прабачэння за тое, што нанёс траўмы людзям, калі параўнаў гомасэксуалаў з жывёламі. Калі ласка, прабачце мне тыя, каго я абразіў», — заявіў ён у Twitter. Пры гэтым ён падкрэсліў, што застаецца праціўнікам аднаполых шлюбаў.
У прадстаўнікоў філіпінскай арганізацыі па абароне правоў геяў словы Пакьяа выклікалі абурэнне. Яны заклікалі выбаршчыкаў не галасаваць за спартоўца, які на травеньскіх выбарах пазмагаецца за месца ў сенаце.
На Філіпінах, дзе больш за 80 адсоткаў насельніцтва вызнаюць каталіцызм, аднаполыя шлюбы не дапускаюцца.
9 красавіка баксёр плануе правесці апошні бой у кар'еры. Яго супернікам будзе амерыканец Цімаці Брэдлі. Усяго на прафесійным рынгу філіпінец правёў 65 баёў, у якіх атрымаў 57 перамог, у тым ліку 38 — накаўтам. У шасці паядынках Пакьяа пацярпеў паразу, яшчэ два завяршыліся ўнічыю.
Каментары