Сваяк Віктара Лукашэнкі займае высокія пасады ў КДБ. Гэта высветлілася, калі забралі будынак дзіцячай паліклінікі
Digital intelligence team падрыхтаваў расследаванне пра тое, як будынак Мінскай паліклінікі прызналі «аварыйным» і бясплатна перадалі КДБ. Пасля таго, як будынак адышоў спецслужбам, грошы на яго рэканструкцыю хутка знайшліся.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2024_11/69199a73c5d0fbe7814ba917480774b0211-tb2ma.jpeg.webp)
«Аварыйная паліклініка»
Каманда Digital intelligence team атрымала звесткі пра тое, што беларусаў выклікаюць на допыты ў будынак былой дзіцячай паліклінікі побач з метро Аўтазаводская ў Мінску. Але што гэта за будынак?
Знаходзіцца ён на вуліцы Сядова, 8 у Мінску. Насупраць — школа, побач — Палац культуры МАЗ і станцыя метро «Аўтазаводская». Раней там быў філіял 10-й дзіцячай паліклінікі. Мясцовыя жыхары расказвалі «Анлайнеру», што там абслугоўваліся сотні дзяцей, а будынак быў заўжды перагружаны.
Напрыканцы 2017 года мясцовыя жыхары даведаліся, што паліклініцы тэрмінова патрэбны капітальны рамонт. Іх засмуціла тое, што ў будынку цэлае лета для чагосьці праходзіў касметычны рамонт. Зрэшты, скаргі і звароты да СМІ нічога не далі. Будынак закрылі, але рэканструкцыю так і не пачалі. Усіх дзяцей перанакіравалі ў галоўны будынак 10-й паліклінікі.
Пераломны 2020-ы
У снежні 2020 года было вырашана, што будынак бярэ сабе КДБ. Будынак і плошчу побач узялі бясплатна з уласнасці Мінздароўя і аддалі КДБ. Планавае заданне, якое прыводзіць Digital intelligence team, пацвярджае гэтую схему.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/screenshot2024-11-12at231050-7tcz6.jpg.webp)
Падпісаў заданне на праектаванне пад «размяшчэнне аб'екта іншага прызначэння» Аляксандр Гарусаў, які тады быў намеснікам кіраўніка ўпраўлення КДБ. Біяграфія гэтага 50-гадовага чэкіста мае важную таямніцу.
Сям'я Гарусавых
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/replicate-prediction-9bwt18n2g1rge0ck4j5s13g3r811-izrom.jpg.webp)
Жонка Гарусава — 50-гадовая Іна. Яны землякі, абое са Шклоўшчыны. Іна Гарусава працуе ў Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце Беларусі на пасадзе вядучага спецыяліста. Яна сястра Ліліі Лукашэнка, жонкі Віктара Лукашэнкі.
Іна і Аляксандр, згодна са звесткамі «Альянса расследавальнікаў Беларусі», шмат падарожнічалі разам з сям'ёй Віктара Лукашэнкі і іхнімі сябрамі. Гэта адбывалася з 2008 па 2020 гады.
Напрыклад, у 2011 Гарусавы ездзілі ў Бодрум разам з Міланкай Карыч, жонкай саўладальніка Dana Holdings Багалюба Карыча і адным з кіраўнікоў Dana Holdinds Зелянка Сіліковіцам. У 2016 адпачывалі месяц у Грэцыі разам з Багалюбам Карычам і яго сям'ёй. Таксама ў 2016, 2017 і 2020 гадах Іна з Ліліяй Лукашэнка ды дзецьмі ездзілі ў Катар і ААЭ ў той жа час, калі там быў Аляксандр Лукашэнка.
Усе сумесныя падарожжы Гарусавых з Лукашэнкамі адбываліся на прыватных самалётах.
Таямніцы КДБ
У дакументацыі, якую праект атрымаў ад «Белпола», будынак КДБ паўсюль падпісаны як «аб'ект іншага прызначэння». Агульная плошча будынка — 335,2 квадратнага метра. Разлічаны ён на 21 супрацоўніка КДБ.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/photo_2024-11-10014220-f6raq.jpeg.webp)
Вось, як ён размяшчаецца адносна вуліц Сядова і Шасейнай. Для КДБ стварылі паркоўку на 13 месцаў.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/photo_2024-11-10013437-pjjwr.jpeg.webp)
У падвале будынка нічога адметнага: гаспадарчыя пакоі.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/photo_2024-11-10014444-yk270.jpeg.webp)
На першым паверсе — 8 кабінетаў для 12 супрацоўнікаў. Там жа памяшканне дзяжурнага, вокны якога выходзяць на вуліцу Сядова і школу побач. Таксама ёсць пакой для наведвальнікаў. Ёсць пакой адпачынку і харчавання.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/photo_2024-11-10014446-bdq2k.jpeg.webp)
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/cb434b24-279c-4577-9d48-11ca75280dd411-ra98u.jpeg.webp)
На другім паверсе ёсць яшчэ 7 кабінетаў. Таксама там ёсць два пакоі для адпачынку і душавая. У кожным з такіх пакояў ёсць канапы і можна нават паспаць. Навошта тры пакоі адпачынку на 21 чалавека, незразумела.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/photo_2024-11-10015031-9tv1z.jpeg.webp)
Таксама ў будынку не менш за 20 кандыцыянераў, а на першым паверсе ўсталяваная сігналізацыя. Па контуру будынка размешчаныя 25 камер назірання.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/--8-1024x6401-xw55m.jpg.webp)
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/-1----8-1024x6451-8sj4r.jpg.webp)
Рэканструкцыя будынка скончылася ў чэрвені 2023 года. У будынак, згодна з тэндарамі, укалі 3,6 мільёна рублёў ці каля $1,5 мільёна.
Параўнайце, як будынак выглядаў да і пасля таго, як перайшоў пад крыло КДБ:
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_11/fotoramio71-o9a4i.jpg.webp)
Фінансаваўся рамонт, вядома, з дзяржаўных сродкаў — з бюджэту Мінска і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і рамонту Завадскога раёна Мінска.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Вот такие приоритеты у лукашистского режима.