Фота Аляксандра Чугуева
Таццяна, якую хуткая прывезла ў хірургічнае аддзяленне Бабруйскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, ужо спрабуе ўсміхацца, хоць суткі таму ёй было не да смеху. Яна прызнаецца, што, калі б медыкі прыехалі пазней, з журналістамі камунікаваць сёння ўжо не прыйшлося.
На свайго грамадзянскага мужа, з якім пражылі разам 13 гадоў, жанчына зла не трымае. Прызнаецца, што ён ужо не раз пагражаў «намазаць ёй валасы клеем», але гэтым разам усё ж перайшоў ад пагроз да рэальных дзеянняў.
— Спачатку ён адрэзаў мне валасы велізарным кухонным цесаком. А потым ужо, замахнуўшыся другі раз, зняў скуру з астатнімі валасамі з патыліцы, — распавядае Таццяна.
Ёй сёння цяжка не гэтак фізічна, колькі маральна: пасля таго, што адбылося, жыццё давядзецца пачынаць фактычна зноўку.
— Вярнуся да дачкі, у нас ёсць пакой у інтэрнаце, — кажа Таццяна, якая да нядаўняга часу жыла ў кватэры свайго абранніка. — Вось папраўлюся і я пайду яшчэ раз на працу, усё наладзіцца. Я па адукацыі маляр, але ў апошні час была рознарабочым.
Пра свайго грамадзянскага мужа яна выказваецца стрымана і нават апраўдвае яго учынак тым, што мужчына «проста ўжо вельмі гідлівы».
— У ежы ён непатрабавальны. Але ў маладосці вось трапіўся піражок з воласам, і з таго часу для яго гэта смяротна.
Жанчына просіць не ўказваць яе прозвішча і згаджаецца на фотаздымкі пры ўмове, што яе твару не будзе відаць — прызнаецца, што не хоча выносіць смецце з хаты. І заяву ў міліцыю на грамадзянскага мужа пісаць не збіраецца. Але пасля таго, што здарылася сумеснай будучыні з ім не бачыць.
— Я б маму не зразумела, калі б яна пасля бальніцы да яго вярнулася, — кажа Насця, дачка пацярпелай, і цікавіцца лёсам айчыма. - Вы не ведаеце, яго пасадзілі? А то мне трэба зайсці ў кватэру, рэчы забраць.
Між тым прыцягнуць да крымінальнай адказнасці празмерна гідлівага мужчыну можна будзе толькі ў тым выпадку, калі траўмы, нанесеныя Таццяне, будуць прызнаныя цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
— Ці калі жанчына сама напіша заяву ў міліцыю, - патлумачыла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.