Усяго патроху2727

«П'янства, зубры і бабулькі». The Telegraph распавяла брытанцам 25 фактаў пра Беларусь

Папулярная брытанская газета The Telegraph днямі апублікавала артыкул пад назвай «П'янства, зубры і бабулькі. 25 фактаў, якія вы не ведалі пра Беларусь». Можна вінаваціць аўтараў у прадузятасці і неаб'ектыўнасці, а можна проста з усмешкай пачытаць пра тое, які нашу краіну і нас саміх убачылі лонданскія журналісты. Так, беларусы неабыякавыя да выпіўкі, затое гэта яны прыдумалі Viber і World of Tanks, а іх бібліятэка нагадвае нешта з «Зорных войнаў».

1. Яны любяць выпіць

The Telegraph спасылаецца на несуцяшальны для Беларусі даклад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. «У сярэднім грамадзяне спажываюць у эквіваленце 17,5 л чыстага спірту ў год. Гэта раўнасільна 179 бутэлькам віна ў год ці амаль пяці чаркам гарэлкі ў дзень», — адзначае выданне.

2. І пакурыць

Паводле іншага дакладу СААЗ, Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў рэйтынгу краін, якія найбольш кураць у Еўропе, прапусціўшы наперад толькі Чарнагорыю. «У дактароў у Беларусі павінна быць вельмі шмат працы», — рэзюмуе журналіст Олівер Сміт.

Фота Сяргея Гудзіліна

3. Чатыры аб'екты сусветнай спадчыны

«Пра якія вы нічога не чулі», — піша The Telegraph, згадваючы замкі ў Міры і Нясвіжы.

4. Трагічная найноўшая гісторыя

Дэманструючы ўменне карыстацца «Вікіпедыяй», журналісты з The Telegraph паведамляюць, што Беларусь панесла велізарныя людскія страты ў гады Другой сусветнай вайны, здолеўшы аднавіць даваенную колькасць насельніцтва толькі да 1971 года. А ў 1986-м краіну накрыў Чарнобыль.

5. «Горад, пабудаваны Сталіным»

Бывалыя вандроўцы апісваюць Беларусь як «адбітак» СССР. «Маё першае ўражанне пра Мінск — гэта горад, пабудаваны Сталіным, — піша журналіст Санха Гуа. — Мінск быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны, і Саветы пабудавалі на руінах узорны горад, каб прадэманстраваць сваю жыццеўстойлівасць».

Фота Сяргея Гудзіліна

6. Бабулі савецкай загартоўкі

«Калі вы хочаце ўспомніць, як гэта — адчуваць сябе нібы шкадлівае маленькае дзіця, то досыць учыніць маленькі промах», — працягваюць супрацоўнікі The Telegraph, прыводзячы гісторыю яшчэ аднаго журналіста: «Пры ўваходзе ў музей выяўленчых мастацтваў я меў неасцярожнасць не зняць паліто. Чыясьці цяжкая рука апусцілася на маё плячо. Рука належала не паліцэйскаму, а бабулі савецкай загартоўкі. «Кожны абавязаны зняць паліто», — сказала яна, спапяліўшы мяне позіркам. «Але мне холадна», — адказаў я нясмела на ламанай расейскай. «Паглядзіце на гэтых дзяцей», — паказала яна на групу школьнікаў у кашулях. Хутчэй бы я апынуўся на вешалцы ўнутры паліто, чым яна прапусціла б мяне далей».

7. Тут можна ўбачыць зуброў

Сімвал Беларусі — белавежскі зубр — таксама трапіў у топ-25 фактаў пра нашу краіну.

Фота Аляксея Буневіча

8. Мінск — найгоршы для жыцця горад Еўропы?

Выданне канчаткова дабівае імідж Мінска ў вачах брытанцаў, публікуючы спасылку на даклад кансалтынгавай кампаніі Mercer, аб'ектыўнасць якога выклікае сур'ёзныя пытанні. Даследчыкі апусцілі беларускую сталіцу на 190-е месца ў рэйтынгу гарадоў свету, ранжыраваных паводле якасьці жыцця.

9. Яна раўнінная

Альпіністам тут рабіць няма чаго, заключае The Telegraph. Самая высокая гара — Дзяржынская — мае вышыню ўсяго 345 метраў.

10. Яны вынайшлі Viber

Распрацоўкі беларусаў у галіне IT не засталіся па-за ўвагай брытанскіх журналістаў.

11. Нацыянальная бібліятэка выглядае як нешта з «Зорных войнаў»

«І змяшчае за 8 мільёнаў кніг, — піша аўтар артыкула. — Днём 236-футавы будынак цяжка не заўважыць, а ўвечары ён зліваецца з цемрай. Каб пазбегнуць такой непрыемнасці, дызайнеры ўсталявалі святлодыёдную падсветку граняў алмаза, дзякуючы чаму з надыходам цемры будынак становіцца самым неймаверным дыска-шарам у Еўропе».

12. У кожным горадзе ёсць вуліца Леніна

«На вуліцы Леніна, 27 у Мінску ёсць нават гандлёвы цэнтр з савецкай тэматыкай, які быў адкрыты летась», — піша газета, маючы на ўвазе ГЦ «Ленінград». На самай справе звычайны мэблевы гандлёвы цэнтр са спрэчнай назвай. Або, убачыўшы мадэльны шэраг канап, брытанцы падумалі, што апынуліся ў музеі СССР?

13. Яны падарылі нам «Спартака»

Галівудскі акцёр Кірк Дуглас, які сыграў галоўную ролю ў фільме «Спартак» (1960 года), мае беларускія карані. Яго бацькі эмігравалі ў ЗША з горада Чавусы Магілёўскай вобласці. «Скарлет Ёхансан і Харысан Форд таксама могуць прасачыць свой радавод да былой савецкай рэспублікі», — адзначае выданне.

14. І Марка Шагала

Акрамя пералічаных вышэй акцёраў і мастака Марка Шагала ў спіс выбітных беларусаў па версіі The Telegraph трапілі гімнастка Вольга Корбут, тэнісістка Вікторыя Азаранка, веласіпедыст Васіль Кірыенка, а таксама адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer Луіс Маер.

15. Беларусь — азёрная

Факт бясспрэчны, тут брытанцы нічога не прыхлусілі.

Браслаўскія азёры. Фота Віктара Малышчыца

16. Але не мае выхаду да мора

«Вады шмат, але салёнай няма наогул, — аўтары артыкула працягваюць узбагачаць чытачоў энцыклапедычнымі ведамі. — Беларусь з'яўляецца адной з 45 краін свету, якія не мяжуюць з морамі і акіянамі».

17. Там бывае горача і холадна

«Тэмпература ў Мінску апускаецца да -25 градусаў і ніжэй у зімовы перыяд, але можа дасягаць +35 градусаў летам».

Фота Сяргея Гудзіліна

18. Не лётае Ryanair

Акрамя Мінска, у Беларусі ёсць яшчэ некалькі буйных гарадоў, але ні аднаго з іх няма ў маршрутах Ryanair, шкадуюць брытанцы.

19. Яны любяць бульбу

«Бульбяныя бліны — дранікі — нацыянальная страва беларусаў».

20. Хакей у пашане

«Амаль гэтак жа, як і футбол».

21. Беларусь падарыла свету 5 нобелеўскіх лаўрэатаў

Беларусь можа ганарыцца не толькі Святланай Алексіевіч. Некалькі лаўрэатаў гэтай найпрэстыжнай міжнароднай прэміі маюць беларускія карані. У іх ліку Жарэс Алфёраў, Шымон Перэс, Менахем Бегін, Сайман Кузнец.

22. І World of Tanks

«Папулярная анлайн-гульня была распрацавана беларуска-кіпрскай кампаніяй Wargaming».

23. Яна зялёная

«Каля 43% тэрыторыі Беларусі пакрыта лясамі. Гэта больш, чым практычна ў любой краіне Еўропы. А мінскі батанічны сад плошчай 100 гектараў — адзін з найбуйнейшых у свеце».

Фота Сяргея Гудзіліна

24. Толькі адно золата ў Рыа

«Здымаем капялюшы перад батутыстам Уладзіславам Ганчаровым».

25. Яны п'юць бярозавы сок

«Бярозавы сок да гэтага часу выкарыстоўваецца ў Беларусі для лячэння разнастайных хвароб, у тым ліку лёгачных захворванняў і падагры», — запэўнівае The Telegraph.

Каментары27

Цяпер чытаюць

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай21

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы не пара»: Патап і Насця Каменскіх абвясцілі пра разрыў5

На Канферэнцыі беларусаў у Варшаве чацвёра чалавек разгарнулі плакаты супраць Ціханоўскай. Яна адказала57

Вызвалены расійскі археолаг Буцягін зноў збіраецца ў Крым1

Ад нядзелі ў Беларусь прыйдзе лета

«Ідэя — сэкс»: сацсеткі ў захапленні ад хлопцаў, якія на ўніверсітэцкім конкурсе прыгажосці выйшлі ў вышыванках17

Ціханоўская: Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць — мы з вамі працягваем упарта рабіць беларускую справу11

Андрэй Пачобут вярнуўся ў фэйсбук

Хто гэтыя людзі, якія масава расхвальваюць Лукашэнку ў каментарах? На гэтым тыдні яны масава павалілі ў Threads19

Вядомы лагатып цяпер будзе належаць сяброўцы Віктара Лукашэнкі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай21

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць