Меркаванні2222

Віктар Марціновіч: Апошні год для Праўды

Любы, хто цікавіцца жыццём і смерцю не толькі эканомік ды краін, але і чалавечых гаворак, напэўна ўжо чуў пра тое, што Oxford Dictionaries абвясцілі словам 2016 года тэрмін «post-truth», ці «постпраўда». Выдаўцы самых пазнавальных слоўнікаў у свеце вызначылі постпраўду як тэрмін, звязаны «з акалічнасцямі, у якіх аб’ектыўныя факты менш уплываюць на фармаванне грамадскай думкі, чым апеляцыя да эмоцый ці асабістых забабонаў».

Уласна, маё выказванне на гэтую тэму можна было б абмежаваць трыма спасылкамі: вось гэтай, гэтай і гэтай. Але трэба агучыць і высновы.

Гэта пачалося прыкладна на тым этапе (2012 г.), калі Facebook здабыў мільярднага карыстальніка. Зерне было закладзенае яшчэ раней, у эру LiveJournal, якая дала нам першыя эмацыйныя шаблоны нас саміх. Мы вывучыліся думаць, сумаваць і кахаць так, каб гэта выглядала кінематаграфічна. Каб нашая зайздрасць, глупства, здрады не адштурхоўвалі, а па-галівудску прываблівалі як мага болей новых фрэндаў. Першыя Яго Варсейшасці, першыя радэнаўскія самотнікі ў цёплых клятчастых пледах на падаконніку, першыя коцікі і фоткі ежы (як маркер таго, што жыццё ўдалося) з’явіліся яшчэ тады.

Але перасяленне планеты ў Facebook стала той мяжой, за якой жыццё чалавецтва канчаткова раздвоілася на свет адносна сапраўдных эмоцый ды станаў і свет выгадных медыйных увасабленняў тых эмоцый ды станаў. Facebook-паспяховасць, facebook-задавальненне, facebook-балбатлівасць і нават facebook-змагарства канчаткова раздвоілі колькасць істот, якія чытаюць навіны.

Такім чынам, post-truth нараджаецца не медыямі, а чытачамі і гледачамі. Усімі іхнымі дэманамі і ўнутранымі нарцысамі. У аўдыторыі з’явілася глыбокае разуменне таго, што прамоўленае слова можа быць прамоўленым толькі дзеля таго, каб некаму спадабацца.

Савецкая «аб’ектыўнасць», з якой я ад душы быў пазубаскаліў у «Возеры радасці», знікла яшчэ раней, калі постфрэйдысты нам патлумачылі, што праз раскол суб’екта пазнання ніякага адзінага «я» болей не існуе. А семіётыкі дадалі, што рэальнасць ёсць сумай рэпрэзентацый, у якую не вельмі варта верыць. Але на той момант ніхто не мог дапусціць, што гэтыя гуманітарныя кінічныя практыкаванні скончацца з’яўленнем лічбавага оруэлаўскага монстра. І той спрытненька (за 4 гады!) навучыць трэцюю ад сонца планету не верыць у праўду.

Папулярнасць Пуціна, бліцкрыг ультраправых у Еўропе, «Крым наш» з аднаго боку і «Хто не скача, той маскаль» — з іншага; «Брэкзіт», перамога Трампа — усё гэта калектыўныя заклёны постпраўды.

Вы заўважылі, як павольна мы апынуліся ў свеце, у якім болей немагчыма трансляваць сэнсы? У свеце, які чакае ад цябе толькі facebook-афарыстычнасці, твітар-іранізму, інстаграм-прыгажосці? Вы разумееце, што зараз Хрысту, каб заснаваць новую царкву, спатрэбілася б запісаць смузі-чэлендж для YouTube і набраць мільён праглядаў? Па-іншаму ніяк, ідылічныя думкі лузераў ніхто не шэрыць.

За выбухам Сусветнага гандлёвага цэнтра стаялі спецслужбы, амерыканцы фінансавалі і ўзбройвалі Аль-Кайду, у Сірыі Расія б’ецца з ІДІЛам, Сталін быў геніяльным і вельмі добрым кіраўніком, бацькам народаў, а Гарбачову за развал СССР заплацілі масоны — велізарная колькасць людзей, цэлыя краіны вераць у гэтую лабуду. І калі ім сказаць, што гэта не так ці, прынамсі, у некаторых выпадках не зусім так, цябе пачнуць гнабіць. Бо ты кажаш няпраўду.

Бо ў тваю праўду ніхто не верыць.

З часоў антычнасці гэтыя паняцці — праўда і вера — знаходзіліся ў стане ўпарадкавання. У праўду мы мусім верыць, бо інакш зробімся дрэннымі. Былі, канечне, кінікі, якія паджартоўвалі, што праўда павінная быць праўдападобнай, але гэта выглядала як мяккае навязванне паслуг лагографа любому афіняніну, які збіраецца адсудзіць у жонкі дом. Кінікі не ставілі пад сумнеў сам парадак. Спачатку праўда як абсалют, а потым вера як добрая якасць асобы.

«Слова 2016 года», post-trurth, змяняе ўсё. Цяпер вера канструюе праўду, а не наадварот. Цяпер вера карануе тое ці іншае блазенства абсалютнай адзнакай «праўдзівасці», і ніяк інакш!

Калі большая частка насельнікаў Facebook з твае стужкі паверыць, што белае ёсць чорным, гэтыя паняцці насамрэч памяняюцца месцамі. І не будзе ніякага шляху патлумачыцца. У гэтым сэнсе самым жорсткім вычварэннем любой гібрыднай вайны магла б стаць поўная падмена фрэндстужак карыстальнікаў варожай краіны на палітычна антыподныя (гл. артыкул пра BigData). Аднаго разу, чытаючы статусы асобных насельнікаў Крыма, я нават пачаў падазраваць, што такая тэхналогія ўжо ва ўжытку.

Апісанае вышэй азначае не толькі аслабленне моцы слова. Яно азначае і змяненне сутнасці дзеі. Бо праўда была якраз тым пасярэднікам паміж абяцаннем і выкананнем, логасам і ўчынкам. Зараз палітыкі могуць рабіць у прынцыпе ўсё, што ім прыйдзе ў галаву, галоўнае — мець добрых адмінаў штабных акаўнтаў у сацыяльных сетках. Той, хто глядзеў Veep, можа дадаць: усе дзеясловы ў гэтым абзацы трэба чытаць не ў будучым, а ў цяперашнім часе.

Што да мяне, дык скажу шчыра. Мяне закалупаў постмадэрн і яго постапакаліптычныя наступствы. Усе гэтыя гульні з адноснасцю ўсяго, у тым ліку этычнага, у тым ліку балючага, у тым ліку нечалавечага. З яго недаверам да гісторыі, асобы, думак, душы і пачуццяў.

Слова было дадзенае чалавеку не для таго, каб ткаць з яго павуцінне адноснасці. Любы, хто калі-небудзь прысутнічаў на пахаванні роднага, ведае, што ў гэтым свеце ўсё вельмі проста. Занадта нават проста. І нічога асабліва лайканага з гэтага «проста» не вылепіш.

Я магу сумнявацца ў рэальнасці, дапускаць, што той «я», які піша гэты тэкст, з’яўляецца сукупнасцю рэпрэзентацый, якая рэтранслюе татэмічны гул медыйнай зямлі.

Але я па-ранейшаму веру ў праўду. І, па старой беларускай традыцыі, буду намагацца адшукаць яе. Хаця б у тым кантэнце, які на мяне абрынаюць штодзённыя навіны.

Каментары22

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі1

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Адзін з самых уплывовых мастакоў свету Ай Вэйвэй наведаў Украіну і пабываў на фронце

У Іванаўскім раёне дзяўчынка выратавала малодшую сястру, але не змагла ўратаваць дарослага

Эканоміка Беларусі перастала расці. Тое самае ў Расіі і Латвіі. А вось Польшча і Літва растуць стабільненька13

«Дзе людзі?» Як улады пакінулі гамельчукоў без Цэнтральнага пляжа на цэлае лета2

Праз санкцыі расійскай дэлегацыі давялося на Алясцы аплачваць паліва для самалётаў гатоўкай. А гэта сотні тысяч даляраў2

Кіраўніка маркетынгавай кампаніі прысудзілі да 7,5 года за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі — «здрада дзяржаве»10

Ціханоўская павіншавала мужа з днём народзінаў і апублікавала фота ўсёй сям'і23

У Гродне восем чалавек судзяць за ўдзел у дваровых чатах6

Колькасць загінулых супрацоўнікаў расійскага вайсковага завода вырасла да 23 чалавек5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі1

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць