Фота citydog.by

Фота citydog.by

Сёлета «Белкамунмаш» пачаў вытворчасць электробусаў. У верасні было прадстаўлена дзве мадэлі — E420 Vitovt Electro і E433 Vitovt Max Electro — адна мадэль звычайная, другая сучлененая (падоўжаная). Плануецца, што да сакавіка-красавіка 2017 года на гарадскіх маршрутах будзе выкарыстоўвацца дваццаць такіх машын.

Запас ходу электробуса складае 12 км. Зарадка будзе рабіцца на канцавых прыпынках на працягу пяці-сямі хвілін. Таксама магчымая хуткая зарадка на звычайных прыпынках. Пасажыраўмяшчальнасць электробуса — 153 чалавекі, месцаў для сядзення — 38. Тэхніка абсталявана сістэмамі відэаназірання, у салоне ёсць разеткі для падзарадкі тэлефонаў, ноўтбукаў, паведамдяе БелаПАН.

Раней віцэ-прэм'ер Сямашка казаў пра перавагі электробусаў. «Ён адрозніваецца тым, што для працы не трэба будаваць кантактныя лініі — ставіць слупы, цягнуць правады. То бок не трэба несці дадатковыя капітальныя выдаткі. Электробус мае назапашвальнік. Зарадзіўшыся на канцавым прыпынку, можа спакойна 15—16 км праехаць без падзарадкі», — тлумачыў ён.

«Белкамунмаш» таксама плануе выпускаць гібрыдныя аўтобусы з паліўным і электрычным рухавікамі. Сямашка пасля тэсціравання электробуса паведаміў журналістам, што гібрыдны аўтобус плануецца стварыць у Беларусі да канца наступнага года. «У нашых планах — доследна-канструктарская распрацоўка гібрыднага аўтобуса да канца наступнага года. Гэта від транспарту, які злучае і аўтобус, і тралейбус. У яго ўбудаваны назапашвальнік, які вырашае праблему эканоміі энергіі пры тармажэнні, пры руху пад ухіл. Ён дазваляе без падзарадкі рухацца на сотні кіламетраў», — адзначыў віцэ-прэм'ер.

Як заявіў Сямашка 30 чэрвеня ў парламенце, ва ўрадзе разлічваюць выкарыстоўваць айчынную электраэнергію для развіцця электратранспарту. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, на працягу года «Белкамунмаш» выпусціць 10 электробусаў для патрэб Мінска.

«Пакуль «цётка Клава» пераафармляе дакументы, што яна прайшла маршрут, ён зноў зараджаецца. Калі адлегласць большая за 12 кіламетраў, то па шляху можна паставіць яшчэ некалькі падзарадных прылад. Электробус зарадзіцца, пакуль ідзе пасадка-высадка пасажыраў», — расказаў віцэ-прэм'ер аб вартасцях электробуса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0