Старшыня КНР Сі Цзіньпін пераабраны на пасаду генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая (ЦК КПК) на наступныя пяць гадоў. Такое рашэнне прынятае на першым пленуме ЦК КПК 19-га склікання ў сераду, паведамляе DW.
Тым самым 64-гадовы Сі Цзіньпін умацаваў свой статус найбольш магутнага кітайскага кіраўніка на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Адначасова былі абраныя члены Пастаяннага камітэта ЦК КПК. Сваё месца ў ім, акрамя Сі Цзіньпіна, захаваў толькі прэм'ер Дзяржаўнага савета Лі Кэцян. У новы склад органа таксама ўвайшлі віцэ-прэм'ер Дзяржсавета Ван Ян, кіраўнік парткама Шанхая Хань Чжэн, кіраўнік канцылярыі ЦК КПК Лі Чжаньшу, начальнік арганізацыйнага аддзела ЦК КПК Чжао Лэцзі і загадчык Цэнтра палітычных даследаванняў пры ЦК КПК, вядучы тэарэтык і ідэолаг партыі Ван Хунін.
Як адзначае агенцтва dpa, сярод пяці новых членаў Пастаяннага камітэта адсутнічае патэнцыйны пераемнік Сі Цзіньпіна, ніхто з іх не зможа заняць пост кіраўніка КПК у 2022 годзе з-за ўзросту.
Напярэдадні 2300 дэлегатаў з'езда КПК прынялі аднагалоснае рашэнне ўнесці імя Сі Цзіньпіна ў тэкст статута, паставіўшы яго тым самым на адзін узровень з двума найбуйнейшымі камуністычнымі лідарамі краіны — «вялікім кормчым» Мао Цзэдунам і рэфарматарам Кітая Дэн Сяапінам. У тэксце статута цяпер замацавана «багацце ідэй Сі Цзіньпіна ў новай эры сацыялізму з кітайскай спецыфікай», якія павінны будуць служыць «маяком» для працы 89 мільёнаў членаў Кампартыі.
Выступаючы на з'ездзе, Сі Цзіньпін заклікаў давесці да канца «новае падарожжа па пабудове сацыялізму з кітайскай спецыфікай». У сваёй прамове цягам трох з паловай гадзін ён заклікаў дамагчыся пабудовы грамадства сярэдняга дастатку і паабяцаў ператварыць Кітай да 2050 года ў багатую, магутную, дэмакратычную і мадэрнізаваную сацыялістычную дзяржаву.
-
У Крамлі адмовіліся каментаваць прычыны крушэння самалёта ў Казахстане
-
ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны
-
З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай
Каментары