Праект закона, які аб'яўляе Кампартыю Літвы (КПЛ) злачыннай арганізацыяй, падрыхтавалі і прадставілі на прэс-канферэнцыі дэпутаты ад апазіцыйнай кансерватыўнай партыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты» Аўдронюс Ажубаліс і Лаўрынас Касчунас, піша tass.ru.

Па словах ініцыятараў, гэта вырашыць праблему адказнасці Кампартыі як юрыдычнай асобы за дзейнасць на шкоду Літве.

«Падрыхтаваны законапраект належным чынам ацэніць савецкае мінулае і паслужыць аднаўленню гістарычнай справядлівасці», — сказаў Ажубаліс.

Аўтары дакумента прапануюць увесці абавязак для тых, хто балатуецца на выбарах усіх узроўняў, пазначаць канкрэтную пасаду, калі яны яе займалі, а не былі радавымі членамі, у сістэме Кампартыі Літвы. Гэта закране таксама тых, хто ўдзельнічае ў конкурсах на замяшчэнне вакансій на дзяржаўнай і дыпламатычнай службе. Яны адзначылі, што гэта не пацягне за сабой санкцый.

На пытанне, чаму падобны законапраект падаецца менавіта цяпер, а не тады, калі кансерватары былі ва ўладзе і ім было б лягчэй яго прасоўваць, апазіцыянеры адказалі, што цяпер надышоў час. «Грамадства і палітычныя партыі тады не саспелі да такога кроку», — сказаў Ажубаліс.

У савецкі перыяд КПЛ была складовай часткай Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). У 1989 году КПЛ выйшла з КПСС, аднак адбыўся раскол. Самастойная КПЛ з 1990 года стала называцца Дэмакратычнай партыяй працы, у 2001 годзе злучылася з Сацыял-дэмакратычнай партыяй і прыняла яе назву. Другое крыло да забароны ў 1991 годзе дзейнічала ў якасці так званай Кампартыі Літвы на платформе КПСС. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0