«Атрымлівала $150. А патрэбна было $2500»

Наталля Даніліна родам з Рагачова. Замуж выйшла ў 18. Успамінае, што яшчэ калі сустракаліся з будучым мужам, марылі мінімум пра траіх дзяцей. Але цяжарнасць не наступала.

— Праз год я пачала тэрарызаваць сваю жаночую кансультацыю. Мне сказалі, што пакуль усё нармальна: «Калі два гады не будзе цяжарнасці, прыходзьце, будзем нешта думаць». На трэці год мне далі накіраванне ў гомельскі абласны цэнтр. Ездзілі туды з мужам, праходзілі розныя абследаванні, працэдуры, а толку ніякага.

Псіхалагічна перажываць гэту сітуацыю было вельмі цяжка.

— На людзях ты стараешся паводзіць сябе нармальна, усміхаешся, але, канечне, балюча было.

Шмат сяброў, блізкіх падкалупвалі — гэтыя пытанні і падколкі «а чаму?», «а можа да суседа падкаціць?» выядалі ўсю душу. Потым прыходзіла дадому і проста плакала.

У 2012-м сям’я пераехала ў Мінск — прапанавалі работу на заводзе і пакой у інтэрнаце. А потым у Наталлі здарылася пазаматачная цяжарнасць. Жанчыне выдалілі матачную трубу. І ўжо ў РНПЦ «Маці і дзіця» ў лоб сказалі: толькі ЭКА, трэба было рабіць яго яшчэ шмат гадоў таму.

На працэдуру было неабходна $2500. Для сям'і звычайных рабочых — вялікія грошы. Наталля на той момант атрымлівала $150, муж — $300. Вырашылі ўзяць ільготны крэдыт — пад 9% на пяць гадоў. Калі нараджаеш, можна скарыстацца адтэрміноўкай і выплачваць доўг пасля таго, як дзецям споўніцца тры гады.

Не атрымалася зацяжарыць — наступны крэдыт не дадуць, пакуль не пагасіш гэты.

— Але я была ўпэўненая, што ўсё атрымаецца. Так яно і выйшла, — кажа Наталля. Двайнят Ніну і Ксюшу яна нарадзіла ў 30. У інтэрнаце сям’і выдзялілі асобны блок, дзе яны жывуць і цяпер.

Жанчына прызнаецца, што пра ЭКА спачатку не хацела расказваць родным.

— Гэту тэму не прынята абмяркоўваць. Я лічыла сябе нейкай не такой, саромелася, — дзеліцца Наталля і дадае, што многія не разумеюць, што такое ЭКА: — Да мяне падыходзілі і такія дурацкія пытанні задавалі: «А на каго дзеці будуць падобныя?» У сэнсе? Гэта ж звычайныя малыя.

Бясплатная спроба, мяркуе Наталля, была б выдатным рашэннем праблемы бясплоднасці для многіх сем'яў. Асабліва для тых, хто жыве на перыферыі і мала зарабляе.

Увесці строгія крытэрыі, па якіх будуць адбіраць, каму дазволіць бясплатную спробу, жанчыне падаецца лагічным: медыкі лепш ведаюць, каму гэта сапраўды неабходна. А перавагу варта аддаваць сямейным парам.

«Мне аднойчы напісала маладая дзяўчына, гадоў 20, у якой ёсць дзіця, але яна адна яго выхоўвае і хоча зрабіць ЭКА толькі для таго, каб з'явіліся двайняты ці трайняты: маўляў, грошы большыя будуць плаціцца. Лічу, што такім бясплатную спробу не трэба даваць».

Сама Наталля вельмі спадзяецца, што закон аб ЭКА за бюджэтны кошт калісьці будзе прыняты. Яны з мужам хацелі б зноў стаць бацькамі і плануюць яшчэ раз пайсці на працэдуру.

«Жанчынам даводзіцца звальняцца, каб зацяжарыць»

Мамай дваіх дачок Дар'я Клюйко стала 2,5 года таму. А дагэтуль — усемагчымыя стымуляцыі, гарманальная тэрапія і нарэшце ЭКА. Рашыцца на гэту працэдуру было нескладана.

— Калі хочаш, каб нешта адбылося, чакаць ля мора пагоды не мае сэнсу, трэба штосьці рабіць, — упэўнена яна.

Першая спроба ЭКА была няўдалай.

— Я рыдала. Такі падарунак на Новы год. Прычым я псіхалагічна адчувала, што ўсё атрымалася, а тут раз — і не. Праз тры месяцы мы з рэпрадуктолагам зноў сустрэліся. Яна паспрабавала крыху іншы пратакол лячэння. І ўсё склалася. Праз два тыдні пасля працэдуры я даведалася, што ў мяне будзе дзіця.

Штучнае апладненне — сур'ёзная нагрузка для арганізма. Калі ў звычайным цыкле ў жанчыны расце адна яйцаклетка, то пры стымуляцыі — і 8, і 15. «Можна сабе ўявіць, наколькі ты змяняеш магчымасці свайго арганізма. Не дзіўна, што ЭКА назначаецца жанчынам, якія абсалютна здаровыя, як касманаўты. Ты цалкам правяраешся: аналізы крыві, УГД, кардыяграма, мамаграфія… Я ніколі столькі не абследавалася».

Калі Дар'я рабіла ЭКА (гэта было больш за тры гады таму), сама працэдура каштавала $500-700. Але найбольш выдаткаў пайшло на лекі. Агулам за першую спробу маладая мама аддала 4000 долараў.

— Я зрабіла вялікую памылку — купляла лекі ў Беларусі. Другі раз усё прывозіла з Польшчы.

У нас адзін укол каштаваў 1300 рублёў, а ў іх у пераліку на нашы грошы — 720 рублёў, і яшчэ мне вярталі падаткі. Упакоўка таблетак у Беларусі — 310 ці 320 рублёў, там — 70.

І гэта пры тым, што Польшча іх не вырабляе, а закупляе ў Францыі. У Расіі таксама цэны былі ніжэйшыя. Але самі дактары не рэкамендавалі набываць у Расіі, бо там часта падрабляюць лекі. У выніку за другую спробу я заплаціла каля $2000, хоць лекаў было нашмат больш. Цяпер, дарэчы, наколькі ведаю ад знаёмых, цэны ў нас і за мяжой выраўняліся.

Дар'я дадае: пасля таго як ты зацяжарыла, лячэнне не заканчваецца. Ідзе падтрымліваючая гарманальная тэрапія. Таму калі б штосьці з усіх гэтых расходаў пакрывалася бюджэтам, было б здорава.

Патрэбную суму на працэдуру пара сабрала сама. Крэдыт на ЭКА, на думку Дар'і, — сумніўны варыянт.

— Уяўляеце, які гэта здзек, удар — у цябе нічога не атрымалася, а ты яшчэ і грошы выплочваць павінен? А калі гэта шостая спроба? Як гэта наогул усё перажыць? Мы, дзяўчаты, напэўна, вельмі моцныя. Потым цябе ўжо нечым зачапіць, пакрыўдзіць складана.

Праблема яшчэ ў тым, што часам жанчынам даводзіцца звальняцца, каб зацяжарыць. Мала які наймальнік гатовы цярпець, што яго супрацоўніца пастаянна адпрошваецца на кансультацыі і абследаванні (не ўсё можна зрабіць пасля работы). Асабліва калі гэта цягнецца некалькі месяцаў.

— Шмат людзей не можа мець дзяцей па розных фактарах. Гэта не значыць, што жанчыны распусныя, аборты рабілі, а цяпер пабеглі на ЭКА. Абсалютна не так, — кажа Дар'я. — Тут і экалогія паўплывала.

Усе мы дзеці 1986-га, якія атрымалі сваю порцыю дажджу і ежы. У асноўным 30-40-гадовыя сядзяць на прыёме ў рэпрадуктолагаў.

Пры абмеркаванні магчымасці бясплатнай спробы ЭКА, некаторыя эксперты выказваюцца, што яе трэба даваць тым, у каго больш шанцаў. Дар'і такі падыход здаецца дзіўным. Яна прыводзіць прыклад: у радзільні пазнаёмілася з жанчынай, чый муж трапіў у аварыю, і ў яго фізічна не магло быць дзяцей. Але ў пары, насуперак прагнозам, вось ужо трое сыноў.

— Цікава, як бы заканадаўцы ацанілі шанцы гэтай сям'і. Мне здаецца, адбіраць па нейкіх крытэрыях — «вось табе менш гадоў, табе дадзім» — няправільна. Альбо ўсім, альбо нікому. Там ёсць і момант шанцавання, божай волі. Давайце тады і аперыраваць тых, у каго больш шанцаў выжыць.

Замужам жанчына ці не, таксама не павінна адыграваць ролі, мяркуе маладая мама.

— Гэта асабістая справа жанчыны. У мяне ёсць сяброўкі, якія не замужам, але хацелі б мець дзяцей. І ў іх добрае фінансавае становішча, яны здаровыя.

Ну гэта глупства адмаўляць незамужняй жанчыне — яна такі ж падаткаплацельшчык.

Прадбачу рэакцыю некаторых: вось, а потым мае грошы будуць ісці ёй на выплаты на дзяцей. Лепш паглядзець, куды яшчэ вашы грошы выдаткоўваюцца. Напрыклад, на заробкі дэпутатам. Чаму б тут не расстроіцца? Не, расстройваюцца таму, што грошы ідуць на дапамогі жанчынам з дзецьмі, магчымасць бясплатна лячыцца… Напэўна, не вельмі гатова наша грамадства жыць цывілізавана, добразычліва і не лезці ў чужыя трусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?