Сяргей Будкін. Фота: budzma.org

Сяргей Будкін. Фота: budzma.org

Якая сітуацыя ў сучаснай беларускай музыцы?

Спачатку акрэслю сітуацыю адным сказам: у нас багата выдатнай музыкі на любы густ, толькі пра гэта мала хто ведае. Напрыклад, ужо выйшла 100 выпускаў Belsat Music Live, у якіх прадставілі столькі ж спевакоў. Пасля кожнага эфіру нам абавязкова дзякуюць, што мы адкрылі цікавага беларускага выканаўцу. Хоць, як правіла, ён на сцэне ўжо 5, а то і 10 год.

А сітуацыя насамрэч парадаксальная.

З аднаго боку, няма беларускага музычнага рынку як адбудаванай сістэмы, якая бы інтэгравалася ў сусветны шоў-бізнес. Беларуская музыка знаходзіцца пад уплывам расійскага інфармацыйнага поля. А дзяржаўная сістэма з бясконцымі ўзгадненнямі замінае айчынным музыкам.

З другога боку, беларуская музыка развіваецца надзвычай інтэнсіўна і ў самых розных накірунках. З удзелам беларусаў здараюцца і прарывы глабальнага маштабу. За апошнія гады здарыліся, як мінімум, тры такія падзеі.

Першая ў гісторыі Беларусі намінацыя на «Грэмі» — за музыку Антона Мацулевіча для песні амерыканскага рэпера Fetty Wap.

Прарыў беларускага дыджэя Arston на сцэну электроннай танцавальнай музыкі. Міксы на яго трэкі рабілі Van Buuren, Hardwell і Tiesto.

Перамога Надзеі Кучар у конкурсе BBC Cardiff Singer of the World-2015, фактычна прызнанне яе найлепшай опернай спявачкай у свеце.

Беларуская музыка існуе не дзякуючы, а насуперак. І можна толькі ўявіць, якога маштабу патэнцыял яна мае, калі прабіваецца праз асфальт ды развіваецца нават у такіх неспрыяльных умовах.

Чаму пра беларускую музыку вельмі мала ведаюць самі беларусы?

Наша публіка ў асноўным знаходзіцца пад уплывам расійскага інфармацыйнага поля. Калі да яе і даходзіць беларуская музыка, то толькі пасля таго, як яна прабілася на Ўсходзе — засвяцілася ў чарце на «Яндэксе», прагучала ў Урганта і г. д. Тыя, хто там не «засвяціліся», застаюцца невядомымі для большай часткі беларусаў.

Цікава, што поспех на Захадзе роўным лікам нічога не значыць, і часта гэта аніяк не канвертуецца тут у сабраныя залы і, тым больш, у продаж трэкаў і альбомаў. Свежы прыклад — гурт «Молчат дома», альбом якога набраў на YouTube мільён праслухоўванняў пераважна з-за мяжы, музыкі праехаліся з паспяховым турам па Еўропе, на іх канцэрт у Берліне некалькі соцен квіткоў (ад 300 да 400) разышліся за пару тыдняў да пачатку. Але ў Брэсце ці Магілёве ў іх аншлага не будзе. Больш за тое, на іх можа наогул ніхто не прыйсці.

Такая сітуацыя захоўваецца з савецкіх часоў — беларусы даведваліся пра сваіх, толькі калі іх паказвалі па цэнтральным тэлебачанні. Таму веды пра беларускую музыку ў аўдыторыі абмяжоўваліся як правіла трыядай «Песняры» — «Сябры» — «Верасы». Паказальныя вынікі сацыялагічнага апытання (за 2009 год): 40% беларусаў наогул не ведаюць ніводнага беларускага выканаўца.

Мы з парталам TuzinFM спрабуем гэтую сітуацыю выправіць з дапамогай разнастайных медыйных і культурных праектаў. Напрыклад, правялі маштабнае апытанне 90 экспертаў, каб вызначыць «100 найвялікіх беларускіх песень», а летась разам з праектам Letapis.by стварылі старонку з 60 найлепшымі беларускамоўным песнямі.

Што змянілася за апошнія гады ў беларускай музыцы?

Мне часта даводзілася быць у журы розных конкурсаў. Калі ў 2000-х і да сярэдзіны 2010-х сярод заяўнікоў дамінавала рок-музыка, найперш цяжкая, і аўтарскае індзі (тое, што ў нас называюць бардаўскай песняй), то ў апошнія гады «пластмасавы мір перамог» — як правіла, цяпер гэта электронная музыка, зробленая ў сябе дома на камп’ютары — электра-поп або рэп/каля рэп. Выступ пад мінус на конкурсе незалежнай музыкі раней проста было немагчыма ўявіць, а цяпер гэта звыкласць.

Бывае нават, што акустычны гітарны акампанемент запускаюць з камп’ютара. Цана музыкі, сыгранай ужывую, імкліва зніжаецца амаль да нуля — бо гэта складана і дорага (інструменты, абсталяванне, арэнда кропкі і студыі для запісу). Лягчэй — авалодаць некалькімі праграмамі на камп’ютары, спампаваць дармавы біт, начытаць у падабенства мікрафона, «адцюніць» пасля голас (адмыслова апрацаваць голас, каб схаваць розныя недасканаласці, а то і наогул адсутнасць голаса) ды заліць у сацсеткі. Галоўнае — каб было што начытваць-напяваць.

І тут ёсць праблема апошніх год — нізкай якасці аўтарскія тэксты, на ўзроўні проста пісьменнасці нават, не кажучы ўжо пра аднамернасць. У сітуацыі з беларускай мовай наогул усё трагічна, бо калі тэксты і пішуцца, то яны на вельмі прымітыўным узроўні, з масай сэнсавых і стылістычных памылак, набраныя, як правіла, рускай раскладкай. У маладых выканаўцаў не хапае беларускай лексікі, каб выказаць думку.

Які патэнцыял у беларускага музычнага рынка?

Пытанне развіцця ўласнага музычнага рынку моцна звязанае з масай іншых фактараў — палітычных, эканамічных, ідэалагічных і г. д. Каб гэта ўсё запрацавала, патрэбны цэлы комплекс розных мераў. Мусяць быць праграмы па падтрымцы не толькі маладых музыкаў, але і гукарэжысёраў, прамоўтэраў, мусяць быць падаткавыя палёгкі для тых, хто рухае сваю культуру, бонусы і заманухі для тых, хто хоча ў гэтай сферы працаваць. І — што вельмі істотна — гэтым працэсам мусяць кіраваць і рэалізоўваць яго людзі новага пакалення, цалкам свабодныя, якія ведаюць досвед іншых краінаў, а то і атрымалі адукацыю ў іншых краінах.

Калі казаць глабальна, то за 2000-я гады была створана сістэма кантролю ў сферы культуры з узгадненнямі, гастрольнымі пасведчаннямі, аплатай дзяржаўнай пошліны за выступ замежных артыстаў, закрытымі паседжаннямі мастацкай рады, не кажучы ўжо пра ўзгадненні тэкстаў песень.

Таму можна загадаць на дзяржаўным узроўні, напрыклад, зрабіць нацыянальнае талент-шоў і нават даць на яго грошай, але гэтая ідэя праваліцца на ўзроўні рэалізацыі.

Беларускі музычны рынак мае вялікі патэнцыял. Адзінае, што трэба, — разумна аб ім паклапаціцца. Як тое можна зрабіць, можна паглядзець на прыкладзе Украіны і краінаў Балтыі. Нездарма ва Украіну прарываюцца Naviband, Лера Яскевіч, Palina, шэраг маладых выканаўцаў, якія засвяціліся ў мясцовых талент-шоу. Ну, і Міхалок там.

Першы крок відавочны — выхад з чужога інфармацыйнага ўплыву і падтрымка сваіх культурных герояў.

Якія беларускія гурты цікавыя для шырокай аўдыторыі за мяжой?

Паўтаруся: беларускага музычнага рынку як адбудаванай сістэмы, якая бы інтэгравалася ў сусветны шоу-бізнес, няма. А значыць, няма і прыгожа спакаваных на продаж прадусарскіх праектаў і таленавітых артыстаў, у раскрутку якіх укладаліся б прыстойныя грошы. Затое ёсць самабытны творчы прадукт, які даходзіць да замежнага слухача, зноў жа, не дзякуючы, а насуперак.

Рускамоўныя выканаўцы з Беларусі асабліва на слыху. У першую чаргу гэта трыяда, якая закрывае сабой ладную частку музычнага рынку постсавецкай прасторы: Корж — ЛСП — Беларускіх.

У сітуацыі з Захадам больш складана, бо канкурэнтаздольны прадукт на англійскай мове «для мас» беларусы з розных прычынаў прапанаваць не могуць, затое ім ёсць што сказаць у асобных стылях і гэтае выказванне для замежнага слухача гучыць свежа, цікава і арыгінальна.

«Молчат дома» сталі з’яваю ў сусветным пост-панку, іх альбом увайшоў у 15-ку лепшых дыскаў свайго стылю ў свеце на post-punk.com, зноў жа, канцэрты ў розных еўрапейскіх сталіцах у клубах на 300−400 — чалавек гэта выдатны паказчык.

Фэнтазі-фольк-гурт Irdorath знайшоў сябе ў Еўропе, актыўна прасоўваецца, у прыватнасці, у Нямеччыне, дзе выдаецца ды выступае на буйных фэстах. Напрыклад, у 2020-м ён выступіць на фестывалі сярэднявечнай і фальклорнай музыкі Wacken Winter Nights (гэта праект Wacken Open Air, аднаго з самых буйных фестываляў Германіі. Сёлета Wacken Winter Nights наведалі 5 тысяч чалавек).

Ягор Забелаў — зорка акардэонных фестываляў у Еўропе, які выступае ў Германіі, Польшчы, Швецыі і іншых краінах. Ды яшчэ мае сайд-праект з бэк-вакалісткай Rammstein Bobo і яе праектам Bobo und Herzfeld. У лістападзе гэтага года яны выступяць на фестывалі акардэоннай музыкі AKUT у нямецкім горадзе Хале.

Уражвае геаграфія выступаў этна-трыо «Троіца», гэта адзіны беларускі гурт, які ў 2016-м выступіў на сусветна вядомым фэсце Womad. Летась яны былі ў праграме прэстыжных фестываляў у Партугаліі, Германіі, Польшчы.

Якія беларускія выканаўцы маюць патэнцыял, каб стаць вядомымі за мяжой?

Іх шмат. Назаву толькі некаторых.

Раман Волазнеў, D. Jaza, Nürnberg, Лера Яскевіч,

Бакей, «Район 119».

З апошніх адкрыццяў — спявачка Дуся, рэпер Gleboki Smak, электронны праект Magdalinova, пераможцы апошняга ў гісторыі «Басовішча» — пост-панкавы праект luty sakavik і пост-рокавы інструменальны гурт Harmonix College.

Штогод тысячы чытачоў TUT.BY цікавяцца «Еўрабачаннем». Ці ўплывае гэты конкурс на беларускую музыку?

Для тых, хто цікавіцца музыкай сістэмна і глыбока, гэты конкурс не мае аніякай вагі і значнасці. Тое ж можна сказаць і пра яго ўплыў на беларускую музыку.

Гэта проста відовішча, як бой быкоў ці конныя скачкі там, заезд «Формулы-1» або чэмпіянат Еўропы па футболе, калі кожны за чыпсамі і півам можа адчуць сябе экспертам, зрабіць стаўку і пабалець за абранага.

У апошнія гады ў Беларусі пазачыняліся спецыялізаваныя музычныя выданні. Чаму?

Сапраўды, спынілі існаванне «Музыкальная газета», ultra-music.com, Experty.by і г. д.

Чаму? Бо беларусы нецікавыя самі сабе. Паколькі няма запыту на сваё, то і спецыялізаваныя рэсурсы, якія меліся бы гэты попыт забяспечваць, проста задыхаюцца.

Ва Украіне і Літве любоў да сябе і свайго культурнага прадукта прывіваецца ў рэжыме нон-стоп ад нараджэння. Таму там у прайм-тайм на ТВ гучаць песні сваіх выканаўцаў на сваёй мове, іх жа твары на бігбордах і афішах, на вокладках часопісаў, яны — лідары меркаванняў. А цяпер уключаем беларускае ТВ — там рэтранслююць музычную тэлеперадачу з іншай краіны, зірнём на тумбу з афішамі — хто да нас едзе і на каго ходзяць? Такое ўражанне, што беларусы не любяць і саромеюцца сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?