Выбары-202055

«Байцы ўзялі ў рукі гумовыя дубінкі і рушылі ў бок пратэстоўцаў». Расійскі апазіцыянер Яшын згадаў свой першы арышт — у Мінску ў 2005

Мала хто ведае, але свой першы арышт я атрымаў у Беларусі 15 гадоў таму. Мясцовыя апазіцыянеры рыхтавалі ў Мінску пратэсны марш і запрасілі актывістаў з суседніх краін. Мы прыехалі і ўспрымалі свой удзел як жэст салідарнасці.

Марш павінны быў стартаваць на цэнтральнай плошчы горада, дзе з самай раніцы дзяжурылі аўтазакі і міліцэйскія патрулі. Калі нехта пачынаў кучкавацца, да іх адразу падыходзілі супрацоўнікі МУС.

Ідэя арганізатараў была ў тым, каб людзі масава з'явіліся на плошчы ў прызначаны час, а міліцыя проста не паспела зрэагаваць. Таму ўдзельнікі далазілі да цэнтра малымі групамі па 5-10 чалавек, схаваўшы сцягі ў заплечнікі і пад адзенне.

Памятую, як мы прабіраліся дварамі і выйшлі да невялікага парка. Праз дарогу стаяла бабуля з гаспадарчай торбай-каляскай, якая праводзіла нас журботным поглядам. Праз хвіліну я павярнуўся і ўбачыў, як бабуська выцягвае са сваёй торбы антэну і нешта перадае па рацыі.

«Ну так, КДБ у нас з душой працуе, — пасмяяўся мінскі актывіст, які вёў нашу групу. — Акцёрскае майстэрства на найвышэйшым узроўні».

* * *

Задумка арганізатараў атрымалася. У прызначаны час на плошчу з усіх бакоў высыпалі людзі, якія раней туліліся ў суседніх вулачках і завулках. Не ведаю, колькі нас было — некалькі соцень ці, можа, пара тысяч. Але міліцыю заспелі знянацку: на патрабаванне разысціся ніхто не рэагаваў, мы выбудавалі калону, счапіліся локцямі і рушылі па праспекце Незалежнасці.

Над натоўпам луналі сцягі Расіі, Украіны, Грузіі і, вядома, чырвона-белыя нацыянальныя сцягі Беларусі, якія Лукашэнка забараніў, як толькі прыйшоў да ўлады. Мы крочылі хвілін 20 і адчувалі сябе вольнымі людзьмі. Я дагэтуль помню гэтае натхненне.

А яшчэ я помню, як прыкладна за дзвесце метраў мы ўбачылі шэрагі АМАПаўцаў, якія выбягалі з-за кута дома і выстройваліся ў ланцуг на нашым шляху. Натоўп замарудзіў рух, але працягваў ісці насустрач хлопцам у чорным экіпіяванні.

Калі паміж ачапленнем і пратэстоўцамі заставалася метраў пяцьдзясят, мы спыніліся. З калоны выйшаў святар з вялікім крыжом у руках і рушыў у бок АМАПа. Ён спрабаваў пераканаць міліцыю разысціся і прапусціць мірных грамадзянаў, але байцы глядзелі на яго моўчкі. Беларусы без асаблівага запалу скандавалі: «Міліцыя з народам!» Усе ўжо разумелі, чым скончыцца гэта гісторыя.

У нейкі момант за ачапленнем прагучала каманда: «РРРАЗ!»

АМАПаўцы адначасна з гучным ляскам паднялі шчыты. Натоўп пачаў падавацца назад.

«ДВА!»

Кожны баец у ачапленні рэзка апусціў забрала свайго шлема. Сінхроннасць іх дзеянняў выглядала пужліва, і страх літаральна пракаціўся па натоўпе.

Па камандзе «ТРЫ» байцы ўзялі ў рукі гумовыя дубінкі і, б'ючы імі ў такт па металічных шчытах, павольна рушылі ў бок пратэстоўцаў.

«ПРАЦУЕМ», — загарлапаніў у мегафон камандзір, і хлопцы з АМАПа рэзка пабеглі на актывістаў апазіцыі.

Першым зламалі святара, які спрабаваў весці перамовы. Яго збілі з ног шчытом, а група затрымання, якая выбегла з-за спіны АМАПа, выламала яму рукі і павяла да аўтазака. Калі бацечку цягнулі міма камандзіра, той з пагардлівай усмешкай патузаў яго за бараду.

Частка пратэстоўцаў змагла ўцячы, але многіх людзей байцы даганялі і збівалі з ног. Потым іх скручвалі і выносілі ў аўтазак, пакідаючы на асфальце плямы крыві.

Мы стаялі ў счэпе з хлопцам з Масквы, у якога была прыроджаная кульгавасць: ён у прынцыпе не мог бегаць. Я не хацеў яго кідаць, і мы сустрэлі гэту хвалю ўдвух. Пасля ўдару шчытом закруцілася галава, і я ўжо няясна памятую, як мяне занеслі ў аўтазак. Затое нехта з журналістаў паспеў гэта зняць, і на наступны дзень фота майго затрымання было апублікавана ў газеце «МК», якую тады выпісвалі мае бацькі. Так яны і даведаліся, што я арыштаваны ў суседняй краіне.

* * *

Суд доўжыўся роўна тры хвіліны, і мне прызначылі 10 сутак арышту. Так я трапіў у знакаміты спецпрыёмнік «Акрэсціна». Нас усіх падзялілі па камерах: асобна беларусаў, асобна ўкраінцаў, асобна рускіх. Не было ні ложкаў, ні пасцельнай бялізны, ні ацяплення. Халодная камера, драўляная падлога і дзірка ў куце, якой можна бы скарыстацца пры патрэбе.

У Маскве тым часам пачаліся акцыі пратэсту, ля амбасады Беларусі штодня стаялі пікеты з патрабаваннем выпусціць нас на волю. І ўрэшце Лукашэнка махнуў рукой: праз тыдзень нас пагрузілі на цягнік і дэпартавалі з краіны.

* * *

Я веру ў стойкасць беларусаў і зычу ім удачы.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці2

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?28

У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»25

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард12

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

Хлопчык памёр ад шаленства пасля кантакту з кажаном — той сеў малому на твар, пакуль ён спаў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці2

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць