Меркаванні55

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?

У сваім нядаўнім допісе ў LinkedIn заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін параўнаў сённяшні страх перад штучным інтэлектам з тэхналагічнымі прагнозамі пачатку 90‑х і патлумачыў, чаму аўтаматызацыя старых задач — гэта толькі вяршыня айсберга, а сапраўдная рэвалюцыя адбудзецца там, дзе з’явяцца зусім новыя катэгорыі працы. Прыводзім яго тэкст у перакладзе з англійскай.

Аркадзь Добкін. Фота: Наша Ніва

У свеце ШІ гучныя заявы вельмі хутка могуць стаць часткай гісторыі.

Вось адна з іх: «Да канца гэтага дзесяцігоддзя я прадбачу масавае беспрацоўе ў шэрагах амерыканскіх праграмістаў, сістэмных аналітыкаў і інжынераў па праграмным забеспячэнні».

Гучыць вельмі сучасна.

Але насамрэч гэта было напісана яшчэ ў 1992 годзе ў кнізе «Заняпад і падзенне амерыканскага праграміста» (Decline and Fall of the American Programmer) Эда Ёрдана (Ed Yourdon) — аднаго з самых уплывовых мысляроў у сферы праграмнага забеспячэння свайго часу.

Ён быў піянерам структурнага аналізу і аб'ектна-арыентаванага праектавання, а таксама адным з першых, каго ўключылі ў Залу славы камп'ютарнай індустрыі (Computer Hall of Fame).

Логіка яго разважанняў выглядала вельмі пераканаўча: глабалізацыя, рост кадравага патэнцыялу ў Індыі і іншых краінах, а таксама эфектыўныя CASE-інструменты для генерацыі коду павінны былі зрабіць магчымым стварэнне танных «фабрык софту», якія б закрывалі большасць тагачасных патрэб у праграмным забеспячэнні.

Менавіта гэтая кніга, дарэчы, стала адным з штуршкоў да заснавання EPAM у 1993 годзе. Яна была для нас сігналам, што глабальны рынак распрацоўкі праграмнага забеспячэння змяняецца і адкрывае новыя магчымасці.

Праз некалькі гадоў Эд напісаў «Уздым і адраджэнне амерыканскага праграміста» (Rise & Resurrection of the American Programmer), дзе перагледзеў свой прагноз, які не спраўдзіўся.

Безумоўна, глабалізацыя сапраўды паўплывала на галіну. Аўтаматызацыя і індустрыялізацыя — таксама.

Але прагноз аказаўся памылковы, бо грунтаваўся на дапушчэнні, што катэгорыі працы застануцца ранейшымі і кампаніі будуць выконваць тую ж працу, толькі танней, хутчэй і з меншай колькасцю людзей.

На практыцы ж змяніліся самі катэгорыі працы. З’явіліся новыя задачы, прадказаць якія было немагчыма. І з’явіліся яны хутчэй, чым аўтаматызацыя паспявала выцясняць старыя задачы.

Такім чынам, «фабрыка софту» не пахавала прафесіі. Яна перамясціла каштоўнасць з напісання коду на стварэнне платформаў, інтэграцыю сістэм, разуменне бізнес-кантэксту, разблытванне складанасцей, назапашаных у старых ІТ-сістэмах, і дасягнення канкрэтных вынікаў.

Сёння мы зноў чуем падобныя думкі. Цяпер гаворка ідзе ўжо пра «цёмныя фабрыкі» (dark factories), дзе ШІ-агенты будуць ствараць праграмнае забеспячэнне пры мінімальным удзеле чалавека. Згодзен, шмат што з гэтага сапраўды спраўдзіцца з часам і пэўнымі намаганнямі.

Але большая частка таго, што мы сёння называем «AI-first», усё яшчэ сфакусавана на ўдасканаленні ўжо існуючай працы: хутчэйшым напісанні коду, мадэрнізацыі састарэлых прыкладанняў, міграцыі платформаў, аўтаматызацыі падтрымкі. І гэта таксама вельмі каштоўна.

Аднак гэта пакуль не новая катэгорыя працы. Гэта пераважна старыя катэгорыі, проста з куды больш дасканалымі інструментамі і абяцаннем выканаць працу значна танней і хутчэй.

Магчыма, сапраўднае пытанне сёння палягае не ў тым, колькі старой працы аўтаматызуе ШІ ці колькі працоўных месцаў ён ліквідуе. А ў тым, колькі новых ідэй, рашэнняў, платформаў і ІТ-бізнэсаў будзе створана дзякуючы новым катэгорыям працы, назваў для якіх мы пакуль нават не прыдумалі.

Не думаю, што мы ўжо ведаем адказ ці здольныя на дакладныя прагнозы.

Але маю падазрэнне, што каштоўнасць зноў перамесціцца на «апошнюю мілю» — ператварэнне агульных магчымасцяў ШІ ў канкрэтныя карпаратыўныя рашэнні: надзейныя, бяспечныя, інтэграваныя, зразумелыя для ацэнкі і такія, якімі людзі сапраўды карыстаюцца.

Гэтая «апошняя міля» стане значна шырэйшай, складанейшай і больш уплывовай. А значыць, перад намі зноў адкрываюцца вялікія магчымасці.

У 2008 годзе я вячэраў з Эдам і падзяліўся з ім тым, як яго кніга дапамагла даць штуршок EPAM, паказаўшы нам магчымасць там, дзе іншыя бачылі канец.

Ён падпісаў мне мой асобнік кнігі. Я і сёння яго захоўваю.

Каментары5

  • Балабол
    01.07.2026
    За 5 гадоў акцыі Эпама абваліліся на 85%. Кропка. Калі не можаш паказаць вынік прафесійны, пачынаецца інфацыганства.
  • Imya
    01.07.2026
    Балабол, ну Добкін як раз прафесійны вынік і паказаў: стварыў велізарную кампанію, праз якую прайшлі сотні тысяч інжэнераў, і якая многа гадоў была лідарам на маркетах некалькі краін.
    Зараз у яго ганаровая пенсія і ён як ніхто іншы мае маральнае права выказваць свае думкі.

    А тое, што там зараз, гэта ўжо галаўны боль новай хвалі кіраўніцтва. Ды і называць гэта заняпадам рана. Кампанія велізарная, кампетэнцыі ыелізарныя, проста ў кожнай фірмы ёсць стадыі росту, плато, спаду... І калі новыя кіраўнікі змогуць перастроіцца, усё ў іх будзе добра.
    А Добкіну - гонар і слава.
  • Квазімода прадказаў гэта
    01.07.2026
    Я хацеў напісаць таксама філасофскі пост, што праца будзе заўжды. Бо людзі будуць імкнуцца да людзей (і адпаведна, грошы таксама).

    Але проста скажу, што Добкін абазначае тэндэнцыю, што ўсе галеры ператвараюцца ў кансультантаў ШІ. Разам з кампаніямі, якія традыцыйна займаюцца кансалтынгам. І адпаведна будуць канкурыраваць адна з другой за тое, каб нацягнуць вам ШІ ў вашай карпарацыі.

    А значыць роля манагераў, што абслугоўваюць інфраструктуру ў кампаніях, што адказваюць за ІТ ды аналітыку ды г.д., будзе ўзрастаць. Радуйцеся.

Цяпер чытаюць

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 3532

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі ўзнагародзіў Ілана Маска ордэнам Свабоды

ЗША прыпынілі разгляд заяў на іміграцыйныя візы ва ўсім свеце3

У Петрыкаўскім раёне ўвялі каранцін праз успышку АЧС1

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА8

У Аршанскім раёне рабочага засыпала зямлёй пры мантажы водаправода

Аляксандр Рыбак паказаў сваю дзяўчыну. Здаецца, усё сур'ёзна19

У Мінску рэстаўруюць найстарэйшы інтэрнат БНТУ на праспекце Незалежнасці

Беларус у Гомелі паказаў, як расіянін прыпаркаваў машыну18

Wizz Air пачаў змагацца з падушкамі для шыі. Можаце развітвацца з вядомым лайфхакам7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 3532

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць