Забойства ў сталічным Заводскім раёне — расследаваць бярэцца кантралёр. Наведалі прэм’еру «Купалаўцаў»
Заводскі раён, будаўнікі, кантралёры ў транспарце — здавалася б, паўсядзённае жыццё на фоне звыклых сталічных дэкарацый кшталту ўнівермага «Беларусь», але і тут здараюцца неспадзяванкі, драмы і дэтэктыў, які прыходзіцца разблытваць.
У прэм’ерным спектаклі «Вольных купалаўцаў» паводле невядомай аўтаркі, якая хаваецца пад псеўданімам Каміла Цень, за раскрыццё абставінаў смерці ў парку імя 50‑годдзя Кастрычніка бярэцца кантралёрка Зінаіда Юр’еўна.
Менавіта гэтай пастаноўкай «Купалаўцы» завяршылі свой шосты тэатральны сезон у выгнанні.

У серыі палітычных спектакляў апошніх гадоў то пра даносчыкаў, то пра эміграцыю, то пра палітвязняў «Апошні прыпынак» вылучаецца фокусам на жыцці звычайных працаўнікоў з Заводскога раёна. Яны адпрацоўваюць змену і вяртаюцца да сем’яў ці ўсаджваюцца на лавачку ў дзень заробку, каб адзначыць грошы, што капнулі на картку. Яны выпіваюць — нехта больш, нехта менш, каб шэрыя будні даваліся лягчэй, а яшчэ размаўляюць на трасянцы. Пры гэтым беларускай мовы парадаксальным чынам сцерагуцца.
«Спачатку яны чайнікі імбрыкамі называюць, а потым ім перадачкі прынось!» — выдае набалелае Юр’еўна, сын якой разам з нявесткай з’ехаў у Польшчу. У адсутнасці сына дома Юр’еўна вінаваціць яго беларускасць — так прасцей, бо інакш прыйдзецца прызнаць, што ў іх усё не так добра. Але ў іх жа ўсё «нармальна».
І Юр’еўна, і яе напарнік па працы, кантралёр і аматар моцных напояў Гаркавы (акцёр Сяргей Чуб) па-за палітыкай, але яна такі прыйшла ў іх дом — сын Гаркавага таксама ў эміграцыі. Саму ж Юр’еўну за сына-актывіста нават хацелі звольніць як «ворага народа», але, як сказаў начальнік, хто ж тады будзе працаваць, калі ўсіх ворагаў пазвальняем?

Рэжысёру Аляксандру Гарцуеву, як і ўсёй камандзе, што працавала над прэм’ерай, пераход на адборную трасянку з чыстай беларускай мовы даваўся няпроста. Асабліва складана было Валянціне Гарцуевай, якой якраз і дасталася галоўная роля кантралёркі Юр’еўны з максімумам рэплік.
Дадатковым выклікам для ўсіх прысутных у залі стала еўрапейская спёка — некаторыя гледачы не вытрымлівалі задухі і вымушана сыходзілі з паказу раней. Нескладана ўявіць, як пры гэтым адчувалі сябе акцёры пад сафітамі.
Аповесці Камілы Цень «Я прыду за табой у аўгусьце», «Наступны прыпынак сьмерць», «Сакрэт фірмы» здабылі ў беларускага чытача папулярнасць дзякуючы сваёй простай і адначасова дэтэктыўнай падачы.
У размове з «Нашай Нівай» выдавец Андрэй Янушкевіч адзначаў, што, на яго погляд, Каміла Цень пераварочвае ўяўленне пра мастацкую літаратуру.
«За тры месяцы новая кніга Камілы Цень выбілася ў лідары продажаў. Беларусы патрабуюць такой літаратуры — віртуознага, займальнага, арыгінальнага дэтэктыву з гумарам, дзе яны могуць убачыць сябе ці здзейсніць віртуальнае падарожжа ў тую Беларусь, якой яны на сёння пазбаўленыя», — каментаваў раней выдавец.

Паставіць спектакль не горшы за кнігу было дадатковым выклікам для «Купалаўцаў». Словам, пераносячы матэрыял на сцэну, рэжысёр дадаў туды і сваіх фішак, адыходзячы ў некаторых дэталях ад арыгінала.
Атрымалася падарожжа па горадзе на 6‑м мінскім трамваі пад аб’явы прыпынкаў і грукат будоўлі: дзеянне спектакля разгортваецца падчас будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна, падарунка кітайцаў.
У цэнтры ўвагі — знікненне 17‑гадовага сына спадара Міхаіла (Ігара Сігова). Апошні раз хлопец выходзіў на сувязь у парку імя 50‑годдзя Кастрычніка некалькі месяцаў таму. І цяпер употай ад жонкі Міхаіл кожны вечар, як толькі сцямнее, адпраўляецца ў парк і перакопвае яго ў пошуках хоць якіх слядоў. Скончыўшы, пераапранаецца ў апошнім па раскладзе трамваі і едзе дадому, каб заўтра вярнуцца да раскопак зноў.
Такія дзівосныя паводзіны не маглі не выклікаць падазрэнні ў кіроўцы трамвая (Кацярыны Яворскай). Ды і не толькі гэта — жанчына наўпрост баіцца пасажыра-фрыка, які стабільна пераапранаецца ў яе трамваі. Праўда, разабрацца ў сітуацыі яна просіць не міліцыю, а сяброўку Юр’еўну, вядомую сваёй рашучасцю і ўменнем счытваць характары людзей па твары (такі вось бонус за гады працы кантралёрам грамадскага транспарту).
Спойлер: у яе разам з напарнікам атрымліваецца. Праўда, коштам гэтага становіцца страта сяброў.

Матэрыял для пастаноўкі напісаны і пададзены так, што амаль кожны знойдзе тут сваю пасхалку. Жыхары Заводскога раёна кайфануць ад шпацыру па родных месцах. Камусьці мёдам у вушы будзе трасянка, іншаму — мурашамі па целе адгукнуцца камізэлькі кантралёраў. Хтосьці будзе пускаць сліну, пакуль акцёры наварочваюць аліўе, ці згадае, як сам ледзь не павёўся на званок тэлефоннага махляра, калі такі датэліцца да галоўнай гераіні.
А нехта горка пасміхнецца падчас чарговай праявы беларускай неталерантнасці (адкуль гэты міф пра талерантнасць?). Героі спектакля ліхасловяць і пра будаўнікоў-кітайцаў, і пра геяў, і пра «палітычных», крытыкуюць Еўропу, дзе не бывалі, але і беларускаму ладу пры гэтым дастаецца: па тэлебачанні — хлусня, а будаўніцтва стадыёнаў, як ні круці, усё ж лепш за адкрыццё новых турмаў.
На сцэне нібыта паўстае канцэнтраваны злепак з вельмі сучаснай беларускай рэальнасці (новы стадыён, напрыклад, адкрылі толькі мінулым летам). І наўрад ці яна ўсім прыйдзецца даспадобы, бо ў ёй ёсць нямала непрыемнага: алкагалізму, гульнявой залежнасці, рэпрэсій, невялікіх заробкаў. Ну, і крыміналу — усё ж уся сюжэтная лінія будуецца вакол расследавання загадкавага знікнення 17‑гадовага Лёшы. Яно па паганскай лініі беларусаў адразу абрастае міфамі і легендамі. Плюс, здаецца, таксама па-беларуску — разблытваецца злачынства па выніку не міліцыяй, а кемлівай і гарачай, неабыякавай працаўніцай «Мінсктранса».
Квіткі на два прэм’ерныя паказы традыцыйна разабралі вельмі хутка. Але са стартам новага тэатральнага сезона «Купалаўцы» абяцаюць тур з новай пастаноўкай як мінімум па гарадах Польшчы.
«J:МОРС» і «Вольныя купалаўцы» выдалі альбом «Зэкамерон» на вершы палітвязняў
Пабывалі на прэм’еры «Купалаўцаў» пра даносчыкаў. Інтэлігенты ў гэтым спектаклі выклічуць у вас агіду
Зорны беларускі акцёр Ігар Сігоў пайшоў у кіроўцы аўтобуса. Кажа, што гэта лепш, чым у таксі
Балючая гісторыя ад «Купалаўцаў» — пра пошукі ідэнтычнасці і прадчуванне вайны. Пабывалі на прэм'еры «Валізка»
Каментары