Фота арганізатараў

Адзін з галоўных фэстаў гэтага лета «Рок за Баброў» адменены. Яго пераносяць з 1 жніўня 2020 на наступны год. Ён пройдзе 7 жніўня 2021 года. Месца застаецца ранейшым — аэрадром Ліпкі. Усе артысты, якія павінны былі выступіць сёлета, пацвердзілі свой удзел у фестывалі наступнага года. У іх ліку — Little Big, піша Tut.by. 

Арганізатары дзеляцца, што рашэнне аб пераносе далося ім няпроста, тым больш што яны ўжо выйшлі на фінальную стадыю падрыхтоўкі фестывалю. Сёння планавалася аб'явіць фінальны склад артыстаў і пачаць дэталёвую працу з пляцоўкай.

— Але, калі ў краіне працягваецца барацьба з каранавірусам, у нас няма права рабіць самы масавы білетны музычны фестываль Беларусі і ігнараваць рэкамендацыі медыкаў і эпідэміёлагаў. Мы не можам дазволіць сабе рызыкаваць здароўем дзясяткаў тысяч чалавек, — каментуюць прадстаўнікі фестывалю.

На «Рок за Баброў» прыязджаюць не толькі беларусы, але і госці з іншых краін. Замежнікі выкупілі сотні квіткоў на «Рок за Баброў-2020», але межы закрытыя, і, па словах арганізатараў, яны не бачаць магчымасці вырашэння гэтай праблемы.

У лайн-апе фэсту ў гэтым годзе былі групы «Звяры», «Порнафільмы», Noize MC, Louna, «Пошлая Молі» і «J:Морс». Усе заяўленыя артысты выступяць на «Рок за баброў» у наступным годзе.

«Рок за Баброў» — беларускі музычны фэст. За апошнія гады ён не толькі стаў адным з самых паспяховых фестываляў у Беларусі, але і неаднаразова ўваходзіў у топ-5 самых папулярных фестываляў СНД. У 2019 «Рок за Баброў» наведалі больш за 50 тысяч чалавек, што стала рэкордам для білетных фестываляў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0