Iмам‑старшыня аб’яднання слонiмскiх мусульман Сулейман Байрашэўскi 23 мая прыехаў на скутары на старыя могiлкi беларускiх мусульман.

Могiлкi знаходзяцца ў лесе прыкладна за пяць кiламетраў ад Слонiма. Тут спадар Байрашэўскi вырашыў трохi ачысцiць могiлкi, аднавiць надпiсы на помнiках. Але нешта ў гэты дзень не працавалася. Цягнула на лясную дарогу, якая вяла далёка ў лес. Калi выйшаў на дарогу, здалёк убачыў дзвюх дзяўчатак. Узяўшыся за рукi, малыя крочылi проста яму насустрач.

«Куды вы iдзяце, дзяўчаткi?» — спытаўся Сулейман Мацвеевiч. «У Слонiм», — адказалi дзецi. «Але Слонiм знаходзiцца зусiм у iншым баку. Цi не заблудзiлiся вы?» — пацiкавiўся дарослы.

Дзяўчаткi сапраўды заблудзiлiся i ўжо паўтары гадзiны блукалi па лесе, шукаючы дарогу на Слонiм. Разам з бацькамi яны прыехалi на дачу. Калi бацькi працавалi, дзецi вырашылi нарваць кветак для сваiх мам. Збiраючы кветкi, дзяўчаткi заблудзiлiся. Пяцiгадовую «дачнiцу» звалi Насцяй, трохгадовую — Машай.

Сулейман Байрашэўскi напаiў iх вадой, пасадзiў на скутар i павёз у Слонiм. Па дарозе ён сустрэў нарад мiлiцыi, якi ўжо шукаў дзяцей. Забiлi трывогу i на дачы. У суправаджэннi мiлiцыянераў дзяўчатак вярнулi iх бацькам.

Сяргей Чыгрын, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0