Нагадаем, што інцыдэнт здарыўся 5 студзеня ў траўмапункце Брэсцкай бальніцы. Гэты мужчына (Мікалай) гучна сварыўся, а затым ударыў доктара хуткай Андрэя Ракалу па твары.
Мужчыну раней падабралі на прыпынку з прыкметамі алкагольнага ап'янення. Да яго і выехала брыгада Андрэя Ракалы.
Па ўспамінах доктара, дарога была нервовай: 55-гадовы мужчына «супраціўляўся, лаяўся, збіраўся выйсці з машыны». Медыкі яго прытрымлівалі, каб ён не нанёс сабе траўмы.
— Ён казаў, як любіць прэзідэнта, міліцыю, якія ўсе малайцы. Мы проста маўчалі і нічога не казалі ў адказ, — згадваў Андрэй.
Медыкі прывезлі мужчыну ў бальніцу — і там ён спачатку ўдарыў фельчара па назе, распавядае Андрэй. Ужо тады давялося выклікаць міліцыю.
— Прыйшоў участковы. Сказаў, што будзе прымаць заяву ад нашага фельчара. Яна давала паказанні ў назіральным кабінеце, а мы стаялі ў калідоры. Гэты мужчына быў у суседнім назіральным кабінеце — яго там аглядаў траўматолаг. Раптам у нейкі момант ён выбег, пачаў лаяцца і ўдарыў мяне, — успамінае доктар.
У Андрэя была ЧМТ, і ён быў вымушаны сысці на бальнічны.