«Павінна застацца ў расійскай сферы ўплыву». Як 100 год таму ў Рызе падзялілі Беларусь
У кастрычніку 1920 — сакавіку 1921-га, падчас падрыхтоўкі Рыскага міру, у Беларусі быў шанец на тое, каб стаць цалкам незалежнай дзяржавай. Але была ня меншая небясьпека — канчаткова зьнікнуць з палітычнай мапы сьвету, піша «Радыё Свабода».
Рыга, 18 сакавіка 1921 году. Палац Чарнагаловых. Вечар, палова на дзявятую мясцовага часу. Вялікая заля палаца запоўнена сьвяточна апранутымі людзьмі.
Запрашаюць дэлегацыі, якія вызначалі абрысы новых дзяржаўных межаў ад Дзьвіны да Карпатаў. Польскую, расейскую, украінскую — але не беларускую.
Зачытваюць дамову: па-польску, па-расейску, па-ўкраінску, але не па-беларуску.
Падпісваюць тры арыгінальныя асобнікі дамовы, зноў жа на трох мовах, але не на беларускай. Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах не пусьцілі далей за прыёмную. Лёс Беларусі і беларусаў вырашалі людзі, для якіх беларуская справа, беларуская гісторыя, будучыня беларусаў як нацыі былі чужымі, другараднымі і ў значнай ступені абыякавымі.
Пасьля 18 сакавіка 1921 году беларусам давялося пачынаць змаганьне за сваю дзяржаўнасьць амаль з нуля. Гэтая дата ў пэўнай ступені можа лічыцца чорным днём беларускай гісторыі. Але яна магла быць яшчэ чарнейшай…
18 сакавіка 1921-га — заключны акт беларускай трагедыі, канчатковая кропка. А пачыналася гісторыя з падрыхтоўкай Рыскага міру значна раней. Позна ўвечары 1 кастрычніка 1920 году чацьвёра сярэдняга веку мужчын у цёмных сурдутах і гальштуках, сабраліся ў невялікай залі палаца Чарнагаловых у Рызе на таемную сустрэчу, каб хутка, без дыпляматычных цырымоній і шматдзённых дыскусій, дамовіцца пра тое, якім будзе савецка-польскі мір і дзяржаўныя межы ў выніку гэтага міру.
Таемныя вечары ў Рызе
Імёны гэтых людзей цяпер ужо мала што гавораць шараговаму чытачу, хоць менавіта яны тады, стагодзьдзе таму, за некалькі кастрычніцкіх вечароў вырашылі лёс міжваеннай Беларусі і правялі дзяржаўную мяжу, якая на наступныя 19 гадоў разрэзала Беларусь надвое.
З аднаго боку стала сядзелі кіраўнік расейскай дэлегацыі, адзін з найбольш улюбёных дыпляматаў Леніна — Адольф Ёфэ з сакратаром Іванам Лорэнцам; з другога — кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі з сакратаром Аляксандрам Ладасем. Над іхнымі фігурамі нябачна луналі постаці тых, з кім яны амаль штодня раіліся і атрымлівалі інструкцыі праз тэлеграф: Уладзімера Леніна ды Юзафа Пілсудскага. (Пра ролю апошняга, зрэшты, можна казаць толькі ўмоўна: Польшча на той час яшчэ ня стала аўтарытарнай дзяржавай, і Домбскаму даводзілася ўлічваць меркаваньні шмат якіх кіраўнікоў).
Гадзіньнік на момант пачатку першай сустрэчы паказваў 22.10. Размова вялася на нямецкай мове, якой выдатна валодалі ўсе чацьвёра, бо атрымалі нямецкую (ці аўстрыйскую) адукацыю.
Масква наадрэз адмовілася ад плебісцыту пра незалежнасьць Беларусі
На той час яшчэ ня зьнікла прывідная надзея на тое, што Беларусь можа застацца непадзеленай: і тыя, і другія прызнавалі (прынамсі на словах) права нацый на самавызначэньне і выказваліся за незалежную Беларусь, якая выконвала б ролю буфэра паміж дзьвюма буйнымі варагуючымі дзяржавамі.
Але разумелі яны гэтыя «буфэры» па-рознаму. Для расейскіх бальшавікоў гэта былі марыянэткавыя савецкія рэспублікі пад поўным кантролем Масквы. Для Польшчы «буфэры» мелі сэнс толькі ў такім выпадку, калі б там не было расейскіх войскаў.
«Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей». З успамінаў Домбскага
Успаміны Яна Домбскага пры гістарычныя перамовы выйшлі ў 1931 годзе ў Варшаве кнігай «Рыскі мір».
Ёфэ: Падобна, Польшча хоча стварэньня буфэрных дзяржаў. Расея такія дзяржавы ўжо стварыла, і толькі такая форма іхнага існаваньня зьяўляецца для Расеі прымальнай…
Ладась (у адказ на пытаньне Ёфэ «Навошта Польшча імкнецца да значнага пашырэньня сваіх межаў на ўсходзе?»): «Аднаго позірку на мапу дастаткова, каб зразумець, навошта Польшча вымушана дамагацца пасоўваньня сваіх межаў. Дзяржава з насельніцтвам 30 мільёнаў чалавек ня можа пагадзіцца на тое, каб армія 130-мільённай дзяржавы знаходзілася ў такой блізкасьці ад яе сталіцы. Лінія Бугу — апошняя абаронная лінія перад Варшавай.
Для Польшчы магчымая толькі такая альтэрнатыва: альбо межы значна далей на ўсходзе, альбо — сапраўдная незалежнасьць Беларусі. У такім выпадку Польшча магла б патрабаваць вываду расейскай арміі на 25 вёрст не ад усходняй мяжы Польшчы, а ад усходняй мяжы Беларусі».
Ёфэ: З такога пункту гледжаньня мы гэтае пагадненьне не разглядалі. Беларусь павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву, паколькі мы маем абавязкі адносна яе грамадзтва і павінны бараніць яе ад вяртаньня польскіх паноў. Гэта сацыяльнае пытаньне, бо селянін там — рускі, а ўласьнік зямлі — паляк. Больш шырокія межы Польшчы не выглядалі б справядлівымі ў вачах міжнароднай супольнасьці.
Ладась: Рашэньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей. Расея сама прызнала несапраўдным акт падзелу Рэчы Паспалітай. Такім чынам, гэтая тэрыторыя належыць уласна да Польшчы, і формула вырашэньня гэтай справы зь лёгкасьцю знайшлася б. Ёфэ ў адказ рашуча заяўляе, што ягоныя паўнамоцтвы не дазваляюць яму далей рабіць саступкі ў гэтай справе.
Што расказваў прадстаўнік БССР, якога не пусьцілі на перамовы
А вось як пераказвае гэты ж фрагмэнт сакрэтных перамоваў, спасылаючыся на сваю гутарку зь Ёфэ, Аляксандар Чарвякоў.
Чарвякоў як прадстаўнік ураду толькі што адноўленай бальшавікамі БССР быў у тыя дні ў Рызе, назіраў за перамовамі, інфармаваў пра іх хаду сваё менскае кіраўніцтва. Але на самі перамовы яго не дапусьцілі.
Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Дзеля самавызначэньня Беларусі неабходна, паводле меркаваньня польскага боку, вывесьці польскія войскі на 25 вёрст на захад ад заходняй мяжы Беларусі, а чырвоныя войскі на 25 вёрст на ўсход ад усходняй этнаграфічнай мяжы Беларусі (г.зн. уключна зь Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.) — і правесьці плебісцыт. На гэта польскі бок гатовы, калі ягонае патрабаваньне аб межах ня будзе прынятае. Гэтае пытаньне пастаўлена ўльтыматыўна — ці плебісцыт ва ўсёй Беларусі, ці — ніякіх размоваў аб самавызначэньні народаў — і разьдзел Беларусі. (Пра гэта паседжаньне мне казаў Ёфэ).
На маё пытаньне, а якая ж пры гэтым роля самой Беларусі, ён адказаў, што для яго цяпер самае важнае пытаньне — становішча на фронце, і калі становішча на фронце настолькі дрэннае, што трэба заключыць мір чаго б тое ні каштавала, то толькі тады ён на гэта пойдзе».
Такім чынам, перад Масквой была альтэрнатыва: або пагадзіцца на поўную незалежнасьць усёй Беларусі, у тым ліку Ўсходняй, ужо ўключанай у склад РСФСР, вывеўшы зь яе свае войскі, або — падзяліць Беларусь з Польшчай. Масква выбрала другі варыянт.
Нават максымальна аслабеўшы, за Беларусь яна трымалася да апошняга. Нагадаем, на гэты момант бальшавіцкі ўрад ужо прызнаў незалежнасьць Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі — практычна ўсіх былых заняволеных Расейскай імпэрыяй народаў Усходняй Эўропы. Масква гатовая была аддаць Польшчы беларускія землі аж да Бярэзіны — але ні ў якім разе не дапусьціць рэальнай незалежнасьці беларускай дзяржавы.
Расейцы гатовыя былі аддаць палякам Менск і Меншчыну. Польшча адмовілася
Варыянтаў, як падзяліць Беларусь, было некалькі. Ленін настойваў, каб перамір’е з палякамі было заключана як мага хутчэй, не зважаючы на страту тэрыторый — каб вызваліць войскі для барацьбы з Урангелем і выратаваць бальшавіцкі рэжым. Відавочна, ён разьлічваў, што лёс Рыскага міру будзе прыблізна такі самы, як і лёс Берасьцейскага міру зь Нямеччынай годам раней.
Ленін на пленуме ЦК РКП(б) 20 верасьня 1920 году пра перамовы з Польшчай: «Цяпер нам застаецца толькі іх ашукаць, паколькі нашы ваенныя справы кепскія. Пастараемся купіць у іх перамір’е, хоць мала шанцаў, што яны на гэта пойдуць. За бліжэйшыя месяцы мы павінны, што б там ні было, скончыць з Урангелем. А калі мы зь ім скончым, на зьезьдзе Саветаў скасуем гэты мір і рушым усе сілы на Польшчу, калі будзе выгадна».
А становішча на фронце для бальшавікоў пагаршалася з дня на дзень. Яшчэ 24 верасьня расейская дэлегацыя прапаноўвала мяжу, якая толькі нязначна адхілялася на ўсход ад лініі Керзана: упадзеньне Сьвіслачы ў Нёман (25 км на паўднёвы ўсход ад Горадні) — Белавежа — Камянец. Але якраз у тыя дні працягвалася пераможная для Польшчы Нёманская апэрацыя. Легіёны Пілсудскага занялі Слонім, Баранавічы, Пінск і рухаліся далей на ўсход.
Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году: «…Польскі бок нават і думкі не дапускаў, што мяжа можа праходзіць празь Сьвіслач, Граева, Высока-Літоўск і г.д., як гэта прапанавана з расейскага боку. Мінімум ейных патрабаваньняў — гэта мяжа некалькі заходней Менску так, каб лінія Баранавічы — Лунінец, Сарны адышлі да Польшчы (мяжа павінна прайсьці ўсходней былой нямецкай лініі акопаў)».
Празь дзень Ёфэ агучыў новыя расейскія саступкі: рака Шчара — канал Агінскага — Ясельда — Стыр. Але для польскага боку на гэты момант ужо было відавочна, што Масква ва ўмовах сваіх татальных няўдач на фронце пойдзе і на нашмат большыя саступкі. Паводле стану на 2 кастрычніка чыгунка Ліда — Баранавічы — Лунінец ужо цалкам кантралявалася польскімі войскамі. Армія Тухачэўскага панічна ўцякала. Колькасьць дэзэртэраў вымяралася сотнямі тысяч.
Ужо на наступны дзень, 2 кастрычніка, польская дэлегацыя ў сваім складзе абмяркоўвала, якія новыя тэрыторыі запатрабаваць ад Масквы. Для палякаў было відавочна, што Масква гатовая ісьці на саступкі, абы толькі хутчэй падпісаць мірнае пагадненьне і вызваліць войскі для вайны супраць Урангеля. Пасьля доўгіх дэбатаў пагадзіліся на лінію Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — Вілейка — Дзісна да Дзьвіны.
Як піша Домбскі, бурную дыскусію выклікала пытаньне, ці ўключаць у склад Польшчы Менск. Думкі падзяліліся. Прадстаўнікі сацыялістаў Камянецкі і Васілеўскі былі за тое, каб забраць Менск разам з усімі шасьцю паветамі, што складалі тады БССР. Гэтую ідэю падтрымліваў і Домбскі. Адбылося галасаваньне. За ўключэньне Менску і Меншчыны прагаласавалі трое, супраць — шасьцёра. Адзін устрымаўся.
Як пазьней згадваў удзельнік перамоваў Станіслаў Грабскі, дэлегацыя вымушана была выбіраць, у якім напрамку пашыраць межы — на поўдні і ўсходзе, з далучэньнем Камянца-Падольскага і Менску, ці на поўначы, з далучэньнем Дзісны і Вялейкі. І ўрэшце аддалі перавагу пашырэньню межаў на поўначы, бо дзісенска-вілейскі калідор злучаў Польшчу з Латвіяй і адрэзваў Расею ад Літвы. Уключаць жа Менск і Меншчыну, на тэрыторыі якіх бальшавікі на той час паўторна абвясьцілі БССР, палякі не захацелі, каб не ствараць «іншанацыянальны кантон, сфэдэралізаваны з Польшчай».
З успамінаў Домбскага пра сакрэтныя перамовы зь Ёфэ 2 кастрычніка 1920-га, 18.00
Домбскі: Не хачу паступаць так, як гэта звычайна робіцца падчас такіх перамоў: спачатку прапаноўваць мяжу, значна пасунутую на ўсход, а ўжо потым шляхам торгу адысьці да той лініі, якая ўяўляе максымум нашых саступак. Адразу назаву лінію, ад якой у любым выпадку адступіцца ўжо не змагу. Тая лінія (разгортвае мапу і паказвае на ёй) павінна пралягаць больш-менш наступным чынам: Збруч — Роўна — Сарны — Лунінец — на захад ад Менску — Дзісна і Вілейка да Дзьвіны. Натуральна, чыгунка павінна быць належным чынам забясьпечана.
Ёфэ просіць удакладніць гэтую лінію, а таксама праясьніць, што маецца на ўвазе пад забесьпячэньнем чыгункі Роўна — Сарны — Лунінец. Уяўляе сабе, што забесьпячэньне лініі складае 3—4 кілямэтры. Ці колькі?
Домбскі: Чыгунка Роўна — Сарны — Лунінец — Баранавічы павінна цалкам належаць Польшчы і быць забясьпечана паласой тэрыторыі прынамсі 30—40 кілямэтраў на ўсход… Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы паветаў Вілейка і Дзісна так, каб Польшча здабыла калідор і супольную мяжу з Латвіяй.
Ёфэ просіць удакладніць, дзе больш-менш павінна пралягаць мяжа пад Менскам.
Домбскі называе Койданава як прапанаваны памежны пункт.
У адказ Ёфэ кажа, што для Расеі будзе вельмі цяжка прыняць гэтую прапанову Польшчы, што яму патрэбныя 2—3 дні, каб атрымаць адказ з Масквы…
Але гэта толькі дыпляматычная фігура. У сапраўднасьці Масква пасьпешліва прыняла ўсе польскія прапановы і паслухмяна аддала ўсе тэрыторыі, якіх запатрабаваў польскі бок — толькі дзеля таго, каб як найхутчэй спыніць баявыя дзеяньні.
Чырвоныя дыпляматы не трымаліся ні за гарады, ні за вёскі. Падчас перамоў адзін з польскіх дэлегатаў папрасіў пакінуць вёску, якая павінна была адысьці да саветаў, на польскім баку: маўляў, там жыве любімая цешча. Савецкія дэлегаты тут жа пагадзіліся перамаляваць лінію мяжы так, каб і цешча, і ўся вёска апынуліся ў Польшчы.
«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта»
Ужо 4 кастрычніка польскія прапановы разглядала Палітбюро ЦК РКП(б). Мікалай Бухарын і некаторыя іншыя выступалі супраць, але большасьць выказалася «за». Адольфу Ёфэ з Масквы было загадана падпісаць мірную дамову як мага хутчэй — на працягу 3—4 дзён.
Праўда, з падпісаньнем атрымалася невялікая затрымка — і не зь віны дыпляматаў. Польскі генштаб патрабаваў адкласьці падпісаньне, бо хацеў часова яшчэ раз захапіць Менск. Навошта яму гэта спатрэбілася? Выявілася, што вайсковая выведка, пасьпешліва адступаючы зь Менску ў ліпені, забыла ў тайніку архівы са сьпісамі сваёй агентурнай сеткі ў бальшавіцкай Расеі. Дыпляматы крыху зацягнулі падпісаньне — з 8 кастрычніка адклалі на 12-га, але вайскоўцы за гэты час падрыхтаваць апэрацыю не пасьпелі. Але Менск яны ўсё ж захапілі — на два дні, 15—17 кастрычніка. Падпісаны дагавор гэтаму не перашкодзіў.
Канчатковы мір паміж Польшчай і савецкай Расеяй быў падпісаны толькі празь пяць месяцаў — 18 сакавіка 1921 году. Але ніякіх прынцыповых зьменаў ва ўмовах і праведзеных межах за гэты час не адбылося. Беларусь засталася падзеленай гэтак жа, як гэта вырашылі ў Рызе падчас сваіх таемных сустрэч на пачатку кастрычніка Ёфэ і Домбскі.
У выніку мапа савецкай Беларусі згодна з умовамі Рыскага міру ўяўляла сабой абрубак колішняй Менскай губэрні — 52,3 тыс. кв. км (гэта прыблізна чвэрць цяперашняй Рэспублікі Беларусь). Пад Ракавам пачыналася Польшча, за Барысавам — савецкая Расея. Усю тэрыторыю ССРБ ад польскай да расейскай мяжы можна было праехаць на ровары гадзіны за тры-чатыры.
«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй напісаў тады Янка Купала. Тым ня менш тое, што гэта дробнае марыянэткавае ўтварэньне захавалася, што яно ня зьнікла з мапы падчас савецка-польскай вайны і далейшага торгу паміж Масквой і Варшавай за тэрыторыі (а зьнікнуць магло!) — пакідала наступным пакаленьням беларусаў шанец на тое, што для Беларусі яшчэ надыдуць іншыя часы і мапа яе будзе зусім іншая.
Ян Домбскі ўспамінаў, што вяртаньне польскай дэлегацыі ў Варшаву ў сакавіку 1921 году было трыюмфальным. На ўсіх чыгуначных вакзалах ад самай латвійска-польскай мяжы (а Польшча паводле Рыскай дамовы пачыналася ўжо на Дзьвіне, ад Дзісны і Браслава) польскіх дыпляматаў віталі сьцягамі, урачыстымі маршамі духавых аркестраў, ганаровай вартай.
Беларусам сьвяткаваць не было чаго.
Менск у гісторыі з Рыскім мірам адыграў яшчэ адну ролю — 30 красавіка 1921 году менавіта тут адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі, і менавіта з гэтай даты дамова пачала дзейнічаць.
…Іронія лёсу: роўна праз сто гадоў Беларусь гэтак жа перажывае драматычны пэрыяд сваёй гісторыі. І гэтак жа стаіць на раздарожжы паміж двума полюсамі сілы і прыцягненьня, ня маючы дастаткова моцы, каб самастойна вырашыць свой лёс.
Каментары