Гісторыя

У Лондане адкрыўся найбуйнейшы ў свеце музей гісторыі горада. Сярод экспанатаў — фрагмент 130‑тоннай глыбы тлушчу і вільготных сурвэтак

На стварэнне музея спатрэбілася дзесяць гадоў. Яго аўтары прапанавалі незвычайны падыход не толькі да арганізацыі экспазіцыі, але і да самой ролі музея ў жыцці горада.

Былая гандлёвая зала мяснога рынку стала цэнтральнай часткай новага Музея Лондана. Фота: Hufton + Crow / londonmuseum.org.uk

Музей Лондана, адкрыты ў 1976 годзе, прысвечаны гісторыі брытанскай сталіцы ад дагістарычных часоў да нашых дзён. Да свайго 50‑годдзя ён атрымаў новы дом — будынак былога мяснога рынку.

Як піша CNN, перабудова гістарычнага рынку ў раёне Смітфілд абышлася ў $570 мільёнаў.

Стваральнікі музея імкнуліся паказаць гісторыю Лондана ва ўсёй яе супярэчлівасці. Нават месца, дзе ён размясціўся, добра ілюструе гэтую задуму.

Некалі Смітфілд быў месцам публічных пакаранняў смерцю. Менавіта тут у 1305 годзе загінуў адзін з кіраўнікоў барацьбы Шатландыі за незалежнасць Уільям Уолес. Пры гэтым за некалькі хвілін хады адсюль знаходзіцца гістарычны цэнтр лонданскага гандлю дыяментамі і ювелірнымі вырабамі.

Кантраст паміж змрочнымі і бліскучымі бакамі жыцця брытанскай сталіцы знайшоў адлюстраванне як у архітэктуры музея, дзе светлыя і прасторныя наземныя залы змяняюцца цёмнымі падземнымі памяшканнямі, так і ў падборы экспанатаў.

Ад каралеўскіх рэліквій да каналізацыйных адходаў

Музей падзелены на тры часткі, прысвечаныя сучаснаму Лондану, яго нядаўняму і больш далёкаму мінуламу.

Знаёмства з ім пачынаецца на былой вуліцы, якую накрылі дахам і ператварылі ў галоўны ўваход. Тут можна ўбачыць вартавую будку з выявай піранняў, распісаную вулічным мастаком Бэнксі. А на спецыяльнай сцяне ў рэальным часе абнаўляюцца звесткі пра жыццё горада — ад колькасці пчол да музычных густаў лонданцаў.

Пастаянная экспазіцыя музея, якая распавядае пра гісторыю Лондана ад дагістарычных часоў да нашых дзён. Фота: Hufton + Crow / londonmuseum.org.uk

У былой гандлёвай зале рынку размясцілі экспазіцыю, прысвечаную нядаўняй гісторыі сталіцы. Тут пазалочаная парадная карэта лорд-мэра і тэлефонны камутатар Букінгемскага палаца суседнічаюць з матэрыяламі ў памяць пра ахвяр пажару ў жылым шматпавярховіку ў 2017 годзе.

Асноўная гістарычная экспазіцыя знаходзіцца пад зямлёй, на ўзроўні вуліц Лондана рымскай эпохі. Плошча гэтых памяшканняў удвая большая за плошчу наземных залаў.

Шаўковая кашуля караля Карла I. Фота: londonmuseum.org.uk

Сярод экспанатаў — шаўковая кашуля, у якой, як мяркуецца, англійскі кароль Карл I быў пакараны смерцю ў 1649 годзе, чорная жалобная сукенка каралевы Вікторыі, якая кіравала краінай у 1837—1901 гадах, і скураное крэсла, у якім, як мяркуецца, пісаў свае творы Чарлз Дыкенс.

Спецыялісты мяркуюць, што менавіта ў гэтым крэсле Дыкенс працаваў над раманам «Аповесць пра два гарады», апублікаваным у 1859 годзе. Фота: londonmuseum.org.uk

Асаблівую цікавасць выклікаюць прадметы, знойдзеныя пад вуліцамі Лондана. Сярод іх — скарб з амаль 500 ювелірных вырабаў XVI—XVII стагоддзяў, які выпадкова выявілі рабочыя ў 1912 годзе.

Куды менш прывабную знаходку зрабілі ў 2017 годзе. Тады каналізацыю ва ўсходняй частцы Лондана заблакавала 130‑тонная глыба, якая ўтварылася з тлушчу і вільготных сурвэтак. Фрагмент гэтага так званага тлушчберга (слова ўтворанае па аналогіі з айсбергам) таксама стаў музейным экспанатам.

Фрагмент «тлушчберга». Фота: londonmuseum.org.uk

Адной з самых адметных асаблівасцяў музея стала чыгуначная лінія, якая праходзіць праз тэрыторыю комплексу. Гук цягнікоў чуваць у розных залах, а ў адным з падземных памяшканняў зрабілі вялікае шкляное акно, перад якім наведвальнікі могуць прысесці і паназіраць за іх рухам.

Фота: wearelondonmuseum / Instagram

Адзін з архітэктараў праекта параўноўвае гэтае відовішча з абстрактным творам мастацтва ў руху.

Больш, чым музей

У 2028 годзе музейны комплекс стане яшчэ большым. Тады плануецца адкрыць суседні будынак, у якім раней гандлявалі свойскай птушкай. Там размесцяцца залы для часовых выстаў, адукацыйны цэнтр і сховішча калекцый.

Кіраўніцтва музея спадзяецца, што з часам ён зможа зраўняцца па папулярнасці з Брытанскім музеем, які летась наведалі больш за шэсць мільёнаў чалавек.

Уваход у пастаянную экспазіцыю будзе бясплатным.

А каб прыцягнуць нават тых, хто звычайна не ходзіць у музеі, у комплексе прадугледзелі рэстаран, кактэйль-бар і кавярню, якая ў асобныя дні будзе працаваць кругласутачна. Трапіць у іх можна будзе непасрэдна з вуліцы, нават калі сам музей зачынены.

Тут таксама плануюць ладзіць вечарынкі, сумесныя вячэры і тэматычныя выставы, першая з якіх будзе прысвечаная гастранамічнай культуры Лондана.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памёр беларускі добраахвотнік і былы палітвязень Святаслаў Барановіч4

Памёр беларускі добраахвотнік і былы палітвязень Святаслаў Барановіч

Усе навіны →
Усе навіны

Унікальны выпадак у НХЛ: беларус забіў аўтагол2

На вайне з Украінай упершыню загінуў вайсковец, якому на пачатак канфлікту было 13 гадоў6

У ЕС назвалі лідара, які спазняецца на саміты і пакідае іх першым11

Новы рэстаранны трэнд — хадзіць на вячэру аднаму5

Дураў папярэдзіў уладальнікаў айфонаў пра масавы ўзлом праз звычайныя сайты4

Прэпараты для пахудзення выпусцілі ў выглядзе шакаладак

У Чорную пятніцу беларусы штурмавалі Zara ды Massimo Dutti23

Дзяўчына з Гродна пяць гадоў кідала ў скарбонку двухрублёвыя манеты. А цяпер паказала, што атрымалася3

Youtube аднавіў відэа Сяргея Ціханоўскага з Мікітам Мелказёравым10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр беларускі добраахвотнік і былы палітвязень Святаслаў Барановіч4

Памёр беларускі добраахвотнік і былы палітвязень Святаслаў Барановіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць