Грамадства

Пяць фактаў пра блогера Паўла Вінаградава, на якога завялі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку

5 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да блогера і актывіста Паўла Вінаградава завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 367 — паклёп на прэзідэнта. Пра гэта паведаміла яго жонка. 

Павел Вінаградаў

Нагадаем, вядоўцу праграмы «Гэта ж Вінаград!» затрымалі 5 ліпеня. Спачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля гэтага дадалі яшчэ 30. «Наша Ніва» склала партрэт актывіста. 

Адвучыўшыся на цырульніка, пайшоў на гістарычны факультэт

Паўлу Вінаградаву 33 гады, ён нарадзіўся ў Мінску, выхоўвала яго бабуля. Скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй па спецыяльнасці «цырульнік». З 18 гадоў Павел жыў самастойна і некаторы час вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэта.

Дарэчы, сваё хобі ён не кінуў і займаўся цырульніцтвам для душы. А ў 2018 годзе Вінаградаў нават каментаваў прычоскі, з якімі ходзяць прадстаўніцы ўладнай вертыкалі. 

«Калі я яшчэ вучыўся ў цырульніцкай вучэльні, у нас некаторыя прычоскі называлі па-асабліваму. Напрыклад, калі ў хлопцаў пастрыжана ўсё коратка пад 6 міліметраў і толькі спераду застаецца забаўны чубок, то ў нас гэта быў «Барысаў». Па нейкай незразумелай прычыне ўсе мужчыны, якія прыязджалі з Барысава, хадзілі з такім чубам», — распавядаў Павел. 

Сярод кліентаў Вінаградава, дарэчы, быў нават Антон Матолька. 

Быў фігурантам «справы 14-ці»

Некалькі гадоў Вінаградаў быў актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь». З-за актывісцкай дзейнасці яго не раз затрымлівалі. Першае затрыманне адбылося ў 2007 годзе на акцыі супраць адмены сацыяльных ільготаў — тады яму далі 5 сутак арышту. 

У 2008 годзе Вінаградаў стаў фігурантам «справы 14-ці», заведзенай па артыкуле 342 КК за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. За гэта ён быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Разам з Вінаградавым за ўдзел у той акцыі былі асуджаны Андрэй Кім і Аляксандр Баразенка. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «справы 14-ці» вязнямі сумлення.

Вінаградаў распавядаў, што ўпершыню пачуў пра мітынгі падчас вучобы:

«Я тады сам пайшоў у гардэроб, адчыніў дзверы, узяў куртку. Гардэробшчыца нешта крычыць, але я быў такі злы, што не звяртаў увагі. Я ж пайшоў па сваю куртку, у рэшце рэшт, маю права. Але паехаў я тады не дадому, а на той мітынг — на зло. Мне стала цікава, што там такое адбываецца, што мне нельга паехаць дадому. Прыйшоў, гляджу — нейкія людзі, нейкія лозунгі. Ну мне гэта было не цікава, і я паехаў адразу дамоў. Прыязджаю, а па тэлевізары ўжо паказваюць, як іх там разагналі, даволі жорстка. Думаю: «Ніхрана сабе, нармальныя людзі, нічога там такога не было».

І ўжо пазней Павел дадаваў, што пайшоў у палітыку, каб спадабацца дзяўчыне. 

«Пантаваўся перад аднагрупніцай. Быў гарачы 2006 год, і я ёй сказаў, што таксама паўдзельнічаў бы. А ў яе апынуўся брат у «Зубры», у брата — сяброўка. І гэтая сяброўка мне ўжо тэлефануе: «Я там чула, ты хацеў паўдзельнічаць». Адмаўляцца было позна».

Узяў шлюб у калоніі

З лета 2010 года быў актывістам кампаніі «Гавары праўду!». На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года далучыўся да ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Пасля падзей той зімы Павел Вінаградаў стаў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску.

У ноч з 4 на 5 студзеня 2011 года дамоў да Вінаградава прыйшлі з ператрусам. Пасля Паўлу прад’явілі абвінавачванне па арт. 293 КК — «арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках». У маі таго ж года яму прысудзілі 4 гады калоніі. 22 ліпеня 2011 года ў калоніі «Ваўчыныя норы» актывіст узяў шлюб са сваёй нявестай Святланай, а ўжо ў верасні быў вызвалены на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Наступныя 3,5 года Вінаградаў знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам.

Перадумаў з’язджаць з Беларусі і замест гэтага пераехаў у Беразіно

Некалькі год таму Павел разам з жонкай і дзіцём пераехаў у Беразіно. У інтэрв’ю блогер распавядаў, што прызвычаіўся да спакойнага жыцця. 

«Ехаць сюды, у Беразіно, я трохі пабойваўся. Баяўся, што здохну ад тугі. Але нічога такога. Я зразумеў, што мінскі шум — гэта пастаянная напружанасць. Там жа нават запаркавацца нармальна складана. А тут калі бацька паркуецца ў 20 метрах ад крамы — гэта далёка. Я толькі смяюся над ім. Прырода ізноў жа. Паветра — да рэчкі 20 метраў. Там чыста і няма людзей. У лапцях можна з дому выйсці — і на рэчку. Гэта ўсё вельмі важныя рэчы, паверце. На Мінску свет клінам не сышоўся», — распавядаў ён «Еўрарадыё». 

У тым жа інтэрв’ю Вінаградаў дадаваў, што хаця раней ён думаў з’язджаць з Беларусі, больш гэтага не хоча. 

«Не хачу я адсюль з'язджаць. У мяне ў галаве яшчэ думкі розныя, казкі пра рыцараў, якія валяць драконаў. Яшчэ паспрабую паваліць», — казаў ён.

Стаў блогерам, вёў сваю перадачу

Апошнім часам Павел Вінаградаў рабіў перадачу «Гэта ж Вінаград!» для тэлеканала «Белсат». Гэта аўтарская праграма, у якой блогер распавядаў пра падзеі ў краіне і свеце, якія яго зачапілі. Часцей за ўсё гаворка ішла пра палітычныя падзеі ў Беларусі, якія Вінаградаў іранічна каментаваў. 

5 ліпеня ён паведаміў, што ў яго дом прыйшлі з «аглядам памяшкання». 

Праз некаторы час жонка блогера распавяла, што Вінаградаў затрыманы за пост у фэйсбуку, апублікаваны 8 мая. У ім Вінаградаў разважае пра сітуацыю ў краіне і пратэсты, а таксама адзначае, што ў Беларусі «проста на вуліцу выйсці страшна». 

Жанчына таксама зазначыла, што з дома забралі тэхніку, налепкі з паштовай скрыні і бела-чырвоную шыльду з нумарам дома. 

Паўлу Вінаградаву спачатку далі 15 сутак, пасля — яшчэ 30. У чацвер 5 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да вядоўцы заведзеная крымінальная справа.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Пра нешта мы не гаворым, памоўчваем». Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але настройваў генералаў на барацьбу за мір да апошняй кроплі крыві11

«Пра нешта мы не гаворым, памоўчваем». Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але настройваў генералаў на барацьбу за мір да апошняй кроплі крыві

Усе навіны →
Усе навіны

Польская даследніца беларускай ідэнтычнасці марыць пра помнік «кулаку» ў Мінску і чакае, калі Беларусь зноў адкрыецца свету25

Арына Сабаленка пакідае Уімблдан1

Паўстанцы-туарэгі збілі верталёт Мі-24 расійскага Афрыканскага корпуса ў Малі7

Мінчане перарабілі кватэру ў двухпавярховую, а цяпер прадаюць. Колькі просяць?2

Усяго адна кропля вады можа зрабіць каву смачнейшай3

Беларус, які адсядзеў у Тамбове, завіс між небам і зямлёй — Расія хоча дэпартаваць, а Беларусь пытаецца: хто гэта?1

Турцыя дэпартавала ў Расію дзяўчыну, якую пераследуюць там за антываенны надпіс13

Прарыў у лекаванні самай смяротнай формы раку

Заўтра для рамонту моста каля плошчы Перамогі закрыюць праспект Незалежнасці. Як доўга будуць гэтыя нязручнасці ў сталіцы?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра нешта мы не гаворым, памоўчваем». Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але настройваў генералаў на барацьбу за мір да апошняй кроплі крыві11

«Пра нешта мы не гаворым, памоўчваем». Лукашэнка з цяжкасцю гаварыў, але настройваў генералаў на барацьбу за мір да апошняй кроплі крыві

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць