«Вы хацелі, каб там адны дурні працавалі?» Як беларускія сілавікі спрабуюць падмануць Інтэрпал
Аб’яднанне былых сілавікоў ускрыла, як бюро Інтэрпала ў Беларусі фальсіфікуе звесткі, каб абвяшчаць у міжнародны вышук людзей па палітычных справах. Штаб-кватэра ўжо вынесла папярэджанне беларускаму офісу, існуе рызыка, што нашу краіну могуць выключыць з арганізацыі. З аднаго боку, сілавікі будуць пазбаўленыя магчымасці абвяшчаць у вышук палітычных апанентаў рэжыму і не будуць мець доступ да персанальнай інфармацыі асоб, якія цікавяць іх за мяжой. З іншага, Беларусь рызыкуе ператварыцца ў «шэрую зону» для рэальнага крыміналу, які захоча тут «перасядзець».
Практыка абвяшчэнне ў вышук апанентаў рэжыму пачалася не ў 2020-м. Экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча шукалі па лініі Інтэрпал яшчэ дзесяць гадоў таму. Яго затрымалі ў Польшчы, вызваляць яго прыязджаў намеснік міністра замежных спраў. У выніку палітыка не выдалі Беларусі, паколькі запыт парушаў Статут Інтэрпала. Год спатрэбіўся на тое, каб яго выключылі з міжнароднай базы вышуку.
Што такое Інтэрпал і як ён працуе ў Беларусі?
Інтэрпал — гэта міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі, у якую ўваходзіць 192 краіны, у тым ліку і Беларусь. Арганізацыя хоць і называецца паліцыяй, але непасрэдна расследаваннямі там не займаюцца.
Асноўная функцыя Інтэрпала — стварэнне і абнаўленне баз звестак, якімі могуць карыстацца праваахоўнікі ва ўсім свеце. Так, у Інтэрпала ёсць базы злачынцаў, скрадзеных фальшывых дакументаў, адбіткаў пальцаў, скрадзеных прадметаў мастацтва і зброі. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Францыі.
У кожнай краіне, якая ўваходзіць ў Інтэрпал, ёсць нацыянальнае бюро, якое працуе ў звязцы з мясцовымі сілавікамі.
Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпала ў Беларусі — гэта падраздзяленне крымінальнай міліцыі, якое ўваходзіць у сістэму МУС на правах самастойнага падраздзялення, але гэта фармальна, а практычна ніякай самастойнасці ў дзеяннях беларускага бюро няма. І новае расследаванне экс-сілавікоў гэта яскрава дэманструе.
Так, з мінулага года нацыянальнае бюро актыўна падае дакументы на міжнародны вышук і атрыманне звестак у дачыненні да апанентаў рэжыму Лукашэнкі.
Прыклад: 12 верасня ў Польшчы затрымалі беларуса Макарыя Малахоўскага, які збег з Беларусі, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. У Мінску на яго завялі крымінальную справу за наезд на супрацоўніка ДАІ і абвясцілі ў міжнародны вышук.
Па запыце беларускай пракуратуры ў Польшчы затрымалі беларуса. Яго вінавацяць у нібыта наездзе на супрацоўніка ДАІ
На відэа зафіксавана, як кіроўца выязджае на сустрэчную паласу і спрабуе праехаць скрыжаванне, якое перакрыта службовым аўто. Інспектар кідаецца пад колы машыны.
Былыя сілавікі звяртаюць увагу, што прызнаны пацярпелым даішнік Юрый Астроўскі пасля інцыдэнту не звяртаўся па медыцынскую дапамогу. А Малахоўскага затрымлівалі па адміністратыўнай справе, збівалі і катавалі, таму ён і вырашыў з’ехаць з краіны.
Навіна пра затрыманне беларуса ў Польшчы хутка разышлася, праз некалькі гадзін польскія праваахоўнікі вызвалілі яго. Яны і патлумачылі, што затрыманне адбылося ў межах абавязкаў па лініі Інтэрпал.
Як у Беларусі абыходзяць правілы Інтэрпала
У статуце Інтэрпала прапісана, што арганізацыі катэгарычна забаронена ажыццяўляць любое ўмяшальніцтва ці дзейнасць палітычнага, вайсковага, рэлігійнага або расавага характару (арт. 3 Статута). То-бок праваахоўнікі не маюць права абвяшчаць у вышук людзей па палітычна матываваных справах. Што робяць беларускія сілавікі? Запаўняюць дакументы, як пры звычайным крымінальным злачынстве, не ўказваючы палітычны складнік справы.
Былыя сілавікі прыводзяць аўдыёразмовы, на якіх чутны галасы, падобныя да супрацоўніка беларускага бюро Інтэрпала Дзмітрыя Мядзведзева і начальніка аддзялення вышуковай работы аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Маскоўскага РУУС у Мінску Сяргея Бармосава. У дыялогу адзначаецца, што Інтэрпал не хоча прымаць «заяўкі» на вышук па палітычна матываваных справах.
З высокіх трыбун часта гучыць, што ў нас няма ні палітычных спраў, ні палітычных вязняў, якіх, па падліках праваабаронцаў, ужо больш за 800.
Пры гэтым у размове, якая патрапіла ў сеціва, голас падобны да Бармосава, кажа: «Палітычнымі засыпаемся. Мы дык яшчэ ладна, мы яшчэ толькі траіх (абвясцілі ў вышук — заўв. НН). А суседзі, Фрунзенскія там, Ленінскія, Цэнтральнікі (маюцца на ўвазе РУУСы Мінска — заўв. НН), ведаю, у іх увогуле ўсё дрэнна. У іх там па 10-12, усе як адзін, за мяжой».
«Мы тут, на жаль, дапамагчы не можам. Мы вяртаем, генсек не бярэ гэтых таварышаў, — адказвае другі голас, падобны да Мядзведзева. — Артыкул 3 у нас ёсць, Інтэрпал катэгарычна адхіляе, адмаўляе і не ўдзельнічае ў справах палітычнага, расавага, вайсковага характару. Палітычны характар — відавочны».
«Дык яны пад гэты артыкул усіх-усіх гэтых таварышаў ці ёсць нейкі…» — спрабуе зразумець першы голас.
«Кожныя склады (злачынства — заўв. НН) мы ўдакладняем, нейкія адразу адпраўляем, нейкія ёсць гатовыя, — адзначае другі. — Артыкул 130 — распальванне варожасці, там вось гэта непрыязнасць, гэта відавочны палітычны падтэкст. Паклёп — мы з імі раіліся, яны сказалі: «Не, усё адно». Там менавіта паклёп у дачыненні да службовых асоб, артыкул 188 — тая ж фігня. 339 (Хуліганства — заўв. НН), 364 (Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да сілавікоў — заўв. НН) нам таксама завярнулі».
А далей голас, падобны да супрацоўніка бюро Інтэрпала Мядзведзева, раіць, як абысці абмежаванні: па справе аб бчб-графіці не пазначаць у дакументах пра бела-чырвона-белую сімволіку, пісаць проста — псаванне маёмасці, то-бок наўмысна схаваць ад Інтэрпала інфармацыю.
Варта адзначыць, што сёлета Мядзведзеў атрымаў павышэнне — стаў начальнікам падраздзялення ў рэгіянальным бюро.
«Калі ёсць неабходнасць для Радзімы, каб нас адключылі, я гатовы»
У 2020 і 2021 годзе заявак ад Беларусі на міжнародны вышук стала заўважна больш, зразумела, на гэта звярнулі ўвагу ў штаб-кватэры. Тым больш, навіны пра вышук палітыкаў і актывістаў сталі трапляць і ў міжнародныя медыя.
У рукі былых сілавікоў патрапіў запіс, на якім чуваць голас, падобны да голаса кіраўніка нацыянальнага бюро Інтэрпала Аляксандра Пятрана, а таксама голас, падобны да голаса начальніка міжнародна-прававога аддзела Генпракуратуры Алега Хлышчанкі.
«Яны нам ужо папярэджанне даслалі, што могуць зрабіць з намі за такія рэчы. Любыя меры могуць уключаць доўгатэрміновае прыпыненне права доступу для Нацыянальных цэнтральных бюро (гэта значыць, што беларускія сілавікі страцяць доступ да міжнародных баз даных Інтэрпала — заўв. НН), — гаворыць першы голас, падобны да голаса Пятрана. — Яны нам даслалі дакумент, што канкрэтна тады па гэтай Ціханоўскай, каб мы спынілі любую дзейнасць, проста сказалі, што мы парушаем артыкул 3, у сувязі з выбарамі ў жніўні 2020 года, што мы не маем права распаўсюджваць гэту інфармацыю па каналах Інтэрпала.
І нам адмовілі па Кавальковай (удзельніца штаба Ціханоўскай на выбарах-2020, сябра Каардынацыйнай рады — заўв. НН). Усё — кола замкнулася. Калі мы гэту справу працягваем, наступным крокам яны нас выносяць на выканкам і адключаюць. Таму калі ёсць неабходнасць для Радзімы, каб нас адключылі, я гатовы адправіць, тады пытанняў няма».
«Да ну, пра што вы гаворыце, не», — адказвае на гэта другі голас, падобны да голаса Хлышчанкі.
Варта адзначыць, што нацыянальнае бюро, па Статуце Інтэрпала, павінна правяраць сапраўднасць звестак, якія падаюцца ў міжнародныя базы, а не прыкрываць хібы мясцовых сілавікоў.
Да палітычных спраў далучыўся і Макей
У размове голас, падобны да Пятрана, звяртае ўвагу, што да справы з вышукам палітычных апанентаў далучыўся асабіста міністр замежных спраў — па адным з фігурантаў, якога суразмоўцы называюць «персанаж Прынцэса».
«Макей даў каманду абмасадару (у Францыі, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Інтэрпала — заўв. НН) ламануцца туды, ён і ламануўся. І яго проста выгналі, — распавядае першы голас і тлумачыць пазіцыю штаб-кватэры: — Злачынства бачым, але не наша кампетэнцыя».
«Вы хацелі, каб там адны дурні працавалі? — адказвае яму на гэта голас, падобны да голаса Хлышчанкі. — Правільна гавораць».
«Мне іх гнеў да аднаго месца»
Цікава, што раней быў апублікаваны яшчэ адзін запіс размовы, у якім гучалі галасы, падобныя да Пятрана з Хлышчанкам. Там ішла гаворка пра запыт на вышук лідара страйкама МТЗ Сяргея Дылеўскага.
Голас, падобны да Пятрана адзначае, што Інтэрпал адмаўляе:
«Яны дакумент даслалі, каб мы сканчвалі ім вось гэта вось херачыць з аднатыпнай фабулай, запыты ідуць «з аднатыпнай фабулай» (па палітычных справах сілавікі часта нічога новага не выдумваюць, а проста капіруюць фармулёўкі з адной справы ў другую — заўв. НН)».
Таксама ён удакладняе, што з такой фабулай будзе «чалавек, напэўна, тысяча», а ў іх і так праблема, што Інтэрпал адмаўляе ў вышуку.
«Адно пытанне, калі пашле Інтэрпал нас з вамі, а іншая справа, калі наша дзяржава нас пашле, — кажа на тое голас, падобны да голаса прадстаўніка Генпракуратуры, а наконт рэакцыі Інтэрпала дадае: — Мне іх гнеў да аднаго месца».
Варта адзначыць, што беларускія ўлады самі ігнаруюць абавязкі, узятыя чальцамі Інтэрпала. Так, у 2012 годзе афіцыйны Мінск адмовіўся выдаць Кыргызстану брата экс-прэзідэнта Жаныбека Бакіева, якога на радзіме падазраюць у датычнасці да замаху на жыццё апанентаў рэжыму.
У 2020 годзе Беларусь не выдала Украіне банкіра з асяроддзя экс-прэзідэнта Януковіча Віктара Братко, якога абвінавачваюць у крадзяжы 44 млн даляраў.
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары