Эканоміка

«Каля 70% экспарту ў ЕС — пад санкцыямі». Што чакае беларускую эканоміку

З якімі праблемамі за месяц вайны ўжо сутыкнулася беларуская эканоміка? Ці ацалее ІТ і наколькі дапаможа Расія? Вялікі разбор таго, як мы будзем жыць.

Фота belarus-tractor.com

Беларусь стала яшчэ больш таксічным партнёрам, чым пасля 2020 года

Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова дзеліць санкцыі ў дачыненні да Беларусі на забароны і абмежаванні з кароткатэрміновымі і доўгатэрміновымі наступствамі.

«Найбольш выразны прыклад кароткатэрміновых наступстваў ад санкцый можна назіраць у фінансавай сферы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра адключэнне шэрагу банкаў ад SWIFT. Такія банкі фактычна аказаліся адарванымі ад знешнеэканамічнай дзейнасці, што прывяло да іх поўнай або частковай неканкурэнтаздольнасці.

Акрамя таго, усё гэта перарастае ў банкаўскую паніку, людзі пачынаюць здымаць дэпазіты, прычым не толькі ў тых установах, якія трапілі пад санкцыі, але і ва ўсіх астатніх. Такія дзеянні моцна ўплываюць на стабільнасць фінансавай сістэмы», — адзначае экспертка.

Сярод найбольш адчувальных санкцый, якія маюць доўгатэрміновы характар, эканамістка вылучае гандлёвыя абмежаванні з боку ЕС.

«Гэта абмежаванні пачынаючы ад забароны на транзіт калію з боку Літвы да новых санкцый, якія распаўсюджваюцца на большую частку беларускага экспарту ў краіны ЕС. Сюды трапляе драўніна, металы, гума, калій і нафтапрадукты. Па выніку атрымліваецца, што каля 70% беларускага экспарту ў ЕС — пад санкцыямі».

Аднак, на думку Кацярыны Барнуковай, санкцыі не з'яўляюцца нашымі асноўнымі праблемамі.

«Вялікая праблема ў тым, што цяпер Беларусь стала яшчэ больш таксічным партнёрам, чым пасля 2020 года. Калі пасля пратэстаў контрагенты ў IT-сферы не бачылі нічога ганебнага, каб працягваць працаваць з нашымі кампаніямі, то цяпер даходзіць да таго, што яны проста вымушаюць іх рэлакавацца разам з персаналам. Яны больш не хочуць плаціць падаткі ў Беларусі. Пры такім клімаце, натуральна, не даводзіцца казаць аб прыходзе новых заходніх інвестараў і ў іншай сферы».

Функцыі ІТ-сектара ў эканоміцы ніхто не замесціць

Згодна з вынікамі апытання, праведзенага dev.by у сакавіку гэтага года, каля 30% айцішнікаў ўжо з'ехалі, а яшчэ 30% плануюць гэта зрабіць на працягу года. Кацярына Барнукова тлумачыць, чым такі адток абернецца для беларускай эканомікі.

«Я не ўпэўненая, што дзве траціны з амаль ста тысяч занятых у ІТ на працягу года з'едуць з краіны, але нават калі іх будзе 30-40%, то гэта стане велізарным ударам па эканоміцы. Доля ІТ-сектара ў Беларусі складае каля 5% ад ВУП. Гэта была экспартная выручка, супастаўная з экспартнай выручкай таго ж Беларуськалія.

Акрамя гэтага, не варта забываць, што менавіта ІТ-сектар з'яўляўся драйверам росту. Гэта была адна з галін, якая расла сама і стварала перадумовы для росту ў іншых сферах. Скарачэнні ў ІТ пацягнуць за сабой страты ў рытэйле, у сферы паслуг і ў нерухомасці. Без развіцця IT мы страцім надзею хоць на які-небудзь эканамічны рост.

Гэта куды больш важна, чым, напрыклад, праблемы з БелВЭБам. Так, сам банк пацерпіць, але яго функцыі заменяць іншыя, а функцыі ІТ-сектара ў эканоміцы ніхто не замесціць».

Падтрымку ў выглядзе жывых грошай мы не ўбачым

Беларуская эканоміка моцна залежыць ад расійскай. І гэта залежнасць стане яшчэ большай.

«А расійскую эканоміку чакае падзенне. Паводле розных прагнозаў, за год падзенне можа скласці ад 7% да 20%. Вядома, узровень стагнацыі шмат у чым будзе залежаць ад гандлю нафтай і газам, ад таго, як будзе развівацца сітуацыя з вайной. Але факт, што расійская эканоміка будзе падаць, — неаспрэчны, пытанне толькі, якім будзе гэтае падзенне», — запэўнівае эканамістка.

Яшчэ адзін важны момант — заточанасць прамысловай часткі дзяржсектара на рынак Расіі і шмат у чым на рынак Украіны.

«Украіна ўваходзіла ў тройку найбуйнейшых партнёраў па экспарце. Напрыклад, у 2021 годзе на яе долю прыпадала 13% беларускага экспарту. Гэты рынак мы страцілі. Страта гэтых 13% можа азначаць звужэнне ВУП на некалькі працэнтных пунктаў. Усе гэтыя наступствы прывядуць да істотнага скарачэння экспартнай выручкі Беларусі.

Што тычыцца рынку РФ, то нягледзячы на ўсе размовы, што яны будуць нас падтрымліваць і ствараць суперумовы, рэальных дзеянняў у гэтым кірунку не назіраецца. Адзінае, што можна адзначыць, — гэта адтэрміноўка на выплату крэдытаў, якая дапаможа Беларусі пераадолець гэты год без дэфолту. З іншага боку, раней замест рэструктурызацыі Расія заўсёды рэфінансавала свае крэдыты для Беларусі (давала новыя крэдыты на выплату старых). Так што тут розніца з мінулым хутчэй у тым, што падтрымку ў выглядзе жывых грошай мы не ўбачым. Тым не менш, гэтае рашэнне ніякім чынам не кампенсуе нам страчаную экспартную выручку.

Нам трэба разумець, што Расія не скажа: «Няхай наш КАМАЗ прастойвае, а мы будзем замест іх купляць МАЗы, каб падтрымаць Беларусь», — заўважае суразмоўца.

Сітуацыя нечым нагадвае 2015-2016 гады, калі курс расійскага рубля абрынуўся і экспарт у Расію ўпаў на 30%. На гэтым фоне Беларусь за два гады страціла больш за 6% ВУП.

Разлікі ў рублях уратуюць Расію?

Гаворачы пра перспектывы курсу расійскага рубля, эксперт адзначае, што яго ўмацаванне на фоне патрабаванняў разлічвацца за газ рублямі будзе часовым.

«Па-першае, гэта не мяняе знешні гандлёвы баланс, па-другое, трэба разумець, што ўмацаванне курса ў такой сітуацыі з'яўляецца нармальнай з'явай. Пры гэтым канцэптуальна нічога не змянілася, Расія колькі прадавала газу, столькі будзе яго прадаваць. Гэта мяняе не знешнегандлёвы баланс, а толькі адзінку разліку. Так, у кароткатэрміновым перыядзе мы маем сітуацыю, калі імпарцёр газу павінен на ўсе 100% набыць рублі. Такім чынам попыт на рубель вырас і курс умацаваўся.

У доўгатэрміновай перспектыве да гэтай стопрацэнтнай экспартнай выручкі прыйдзе Газпрам і скажа, што ім патрэбная валюта для закупкі абсталявання, разліку за абслугоўванне і г.д. У выніку той жа Газпрам выкупіць частку валюты назад».

Паводзіны Расіі стануць чарговым сігналам для Еўропы, што РФ ненадзейны гандлёвы партнёр.

«Калі твой партнёр сам мяняе ўмовы кантракта, гэта, магчыма, падштурхне Еўропу яшчэ хутчэй шукаць альтэрнатыву, каб адмовіцца ад расійскага газу», — разважае Кацярына Барнукова.

Еўропа старанна сочыць за выкананнем санкцый

Беларусь можа стаць тэрыторыяй, праз якую Расія будзе абыходзіць санкцыі.

«Але трэба разумець, што тая ж Еўропа старанна сочыць за выкананнем санкцый. Таму, калі ўявіць, што ў Беларусі ў дзесяць разоў павялічыцца попыт на айфоны, то канал прыкрыецца. Прынамсі, калі інфармацыя пра гэта трапіць у СМІ», — мяркуе эканамістка.

Узровень жыцця беларусаў можа пагоршыцца і праз контрасанкцыі, уведзеныя нашай краінай.

Негатыўны ўплыў на эканоміку будзе аказваць таксама сур'ёзны адток насельніцтва.

«Як правіла, з'язджаюць маладыя і актыўныя людзі, а пенсіянеры і бюджэтнікі часцей застаюцца ў краіне. Усё гэта падрывае доўгатэрміновы патэнцыял росту».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Людзі з'язджаюць з разуменнем, што хутка яны не вернуцца». Псіхолаг пра новую хвалю міграцыі з Беларусі

Міністр фінансаў: Расія адтэрмінавала выплаты па крэдытах на 5—6 гадоў, а падатковых канікул не будзе

Каментары

На станцыі «Спартыўная» хлопец апынуўся на рэйках — цягнік спыніўся проста перад ім3

На станцыі «Спартыўная» хлопец апынуўся на рэйках — цягнік спыніўся проста перад ім

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі распаўсюдзяць Віфлеемскі агонь, але даставяць не з Віфлеема

Улады знайшлі спосаб забяспечаць насельніцтва айчыннай свінінай. Вось план4

Былы кіраўнік МЗС Літвы пра Макея: Я казаў яму, зрабіце нармальныя выбары. Што вы ўвесь час нейкія рэпрэсіі?3

«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка3

Дадайце палову шклянкі солі падчас мыцця адзення. Эфект вас здзівіць5

Еўрасаюз бярэцца ствараць альтэрнатыву Starlink9

Украінскае МЗС паведаміла, на якія перамовы і гарантыі Мінск мае права прэтэндаваць10

Трамп заявіў, што вайскоўцы ведаюць, адкуль вылятаюць дроны, але з нейкай прычыны маўчаць1

Ва УСУ заявілі пра наяўнасць ва Украіны лазернай зброі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На станцыі «Спартыўная» хлопец апынуўся на рэйках — цягнік спыніўся проста перад ім3

На станцыі «Спартыўная» хлопец апынуўся на рэйках — цягнік спыніўся проста перад ім

Галоўнае
Усе навіны →