Грамадства

Хто з набліжаных да ўладаў бізнэсменаў і селебрыці мае нерухомасць у Дубаі? 

У спявачкі Алесі — апартаменты з трыма спальнямі, у сына Алексіна — віла за пару мільёнаў. Дубайскую ўласнасць дзялкоў і знакамістасцяў знайшлі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Востраў Палм-Джумейра, дзе знаходзіцца нерухомасць некаторых набліжаных да ўладаў персон. Фота: emirates.estate

Аляксей Алексін і яго сын Дзмітрый кантралююць амаль палову тытунёвага рынку Беларусі, разам з партнёрамі маюць асаблівыя прывілеі ў лагістыцы, выпускаюць каўбасы, займаюцца гасцінічным бізнэсам. На Захадзе Алексіна-старэйшага лічаць кашальком Лукашэнкі і наклалі на бізнэсмена і яго кампаніі санкцыі.

У дубайскай базе за Аляксеем Алексіным лічацца двухспальныя апартаменты агульнай плошчай 144 квадратныя метры. Ацэначны кошт нерухомасці — 568 тысяч даляраў. На Дзмітрыя Алексіна запісаная віла агульнай плошчай 680 квадратных метраў на суму больш за 2,6 мільёна даляраў. Усе аб'екты размешчаны на востраве Палм-Джумейра.

Яшчэ адзін уладальнік уласнасці ў Дубаі — бізнэсмен Дзмітрый Кірылаў. На прадпрымальніка і ягоную былую жонку запісаная кватэра агульнай плошчай 81 квадратны метр, якую ацэньваюць у 129 тысяч даляраў. Кірылаў калісьці быў дырэктарам «Беларускай цукровай кампаніі», у пачатку 2020 года ён трапіўся на хабарах, і КДБ затрымаў яго, абвінаваціўшы ў махінацыях. Дзмітрыя Кірылава пазбавілі волі на 7,5 год.

Дзмітрый Хадкевіч, па інфармацыі кіберпартызанаў, працаваў намеснікам дырэктара і намеснікам старшыні праўлення ў кампаніі «Белтэхэкспарт». Гэты буйны экспарцёр беларускага узбраення не аднойчы трапляў пад заходнія санкцыі, апошні раз — у 2021 годзе. Кампанія таксама паспела засвяціцца ў дакладзе ААН у ліку пастаўшчыкоў зброі ў Кот-д'Івуар для сіл дыктатара Гбагба.

У Дубаі Хадкевічу належаць чатыры кватэры агульнай плошчай 330 квадратных метраў. Апартаменты размешчаны ў комплексе Jumeirah Lakes Towers, які складаецца з 80 вежаў, пабудаваных па краях трох штучных азёр. Ацэначны кошт нерухомасці Хадкевіча — 776 тысяч даляраў.

Комплекс Jumeirah Lakes Towers. Фота: Вікіпедыя / Guilhem Vellut

Ёсць сярод уласнікаў нерухомасці ў Дубаі і знакамітасці. Вольга Мінец (спявачка Алеся) у 2011 годзе выйшла замуж за бізнэсоўца Леаніда Мінца і яны пачалі разам будаваць медыя-імперыю. Пасля атрымання ва ўласнасць «БелМузТВ», а затым і паловы тэлеканала ВТВ пара занялася продажам рэкламы не толькі на сваіх тэлеканалах, але і на дзяржаўных, а таксама на некаторых радыёстанцыях. Партнёрам Мінцоў па гэтым бізнэсе стаў былы спартыўны функцыянер і бізнэсмен Сяргей Цяцерын.

У Дубаі ў спявачкі ёсць апартаменты з трыма спальнямі ў комплексе Marina Gate II на ўездзе ў Дубай з выглядам на Персідскі заліў. Агульная плошча — 168 квадратных метраў. Ацэначны кошт нерухомасці — 666 тысяч даляраў.

Комплекс Marina Gate II. Фота: сайт забудоўшчыка
План апартаментаў з трыма спальнямі, як у спявачкі Алесі, у комплексе Marina Gate II. Фота: сайт забудоўшчыка

Яшчэ адна знакамітасць, якая атабарылася ў Дубаі, — Міхаіл Грабоўскі. Ён лічыцца самым выніковым беларускім гульцом у гісторыі паўночнаамерыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2016 годзе пасля чарговай траўмы Грабоўскі перастаў выходзіць на лёд, з тых часоў зорку НХЛ сталі бачыць у кампаніі з Лукашэнкам. Ён нават пачаў выступаць за яго аматарскую хакейную каманду. Грабоўскаму належыць двухспальная кватэра агульнай плошчай 181 квадратны метр. Яна знаходзіцца на штучным востраве Палм-Джумейра. Ацэначны кошт апартаментаў Грабоўскага — 716 тысяч даляраў.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Офісе Ціханоўскай працуе выкладчык з Даніі. Ён расказаў, чаму кінуў камфортнае жыццё і заняўся беларускай справай4

У Офісе Ціханоўскай працуе выкладчык з Даніі. Ён расказаў, чаму кінуў камфортнае жыццё і заняўся беларускай справай

Усе навіны →
Усе навіны

«Інвестыцыі ў штучны інтэлект скончацца халодным душам». Прагноз IT-бізнэсмена Хамянка3

Мексіканскі карабель сутыкнуўся з Бруклінскім мостам. Ёсць пацярпелыя ВІДЭА6

Што будзе з Беларуссю, калі ЕС увядзе поўнае гандлёвае эмбарга супраць Расіі17

На Еўрабачанні выйграла Аўстрыя8

Электронік і Сыраежкін сталі генераламі-казакамі і ваююць за Расію42

Яна прыняла іслам, а ён палюбіў дранікі. У Магілёве пабраліся шлюбам беларуска і пакістанец22

У Крамлі пацвердзілі падрыхтоўку размовы Пуціна з Трампам

Восем азіяцкіх соусаў, якія варта мець на кухні2

19-гадовы масквіч на BMW ліхачыў у дажджлівым Мінску і ўляцеў у слуп ВІДЭА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Офісе Ціханоўскай працуе выкладчык з Даніі. Ён расказаў, чаму кінуў камфортнае жыццё і заняўся беларускай справай4

У Офісе Ціханоўскай працуе выкладчык з Даніі. Ён расказаў, чаму кінуў камфортнае жыццё і заняўся беларускай справай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць