На саміце G20 міністры замежных спраў байкатуюць Лаўрова. Ён датэрмінова пакіне саміт
Міністры замежных спраў краін G20 на саміце ў Інданезіі адмовіліся рабіць традыцыйную групавую фатаграфію, паведамляе японскае агенцтва Kyodo. Адзначаецца, што такім чынам дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і іншыя заходнія дыпламаты спрабавалі пазбегнуць супольнага здымка з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым.
Лаўроў пракаментаваў паведамленні аб адмене традыцыйнай групавой фатаграфіі на сустрэчы міністраў замежных спраў краін G20: «Я нікога не запрашаў фатаграфавацца і наогул не запрашаў нікога нікуды. Мяне запрасіла Інданезія».
7 ліпеня прадстаўнікі краін з G7 адмовіліся ўдзельнічаць у вітальнай вячэры праз прысутнасць Лаўрова. На што афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава сказала, што Лаўроў «адсутнасці тых, хто байкатуе, не заўважыў».
Як адзначае Reuters, калі Сяргей Лаўроў падчас візіту на Балі фатаграфаваўся разам з міністрам замежных спраў Інданезіі, у зале пачуліся крыкі «Калі вы спыніце вайну?».
Пазней з’явілася паведамленне, што Лаўроў датэрмінова пакіне саміт G20 у Інданезіі. Ён не прыме ўдзел у афіцыйным абедзе і ў вячэрняй сесіі саміту.
Інданезія таксама запрасіла на саміт G20 у лістападзе прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Каментары