Вучыўся ў каледжы, працаваў майстрам у ЖЭСе

Паўлу 26 гадоў. Апошнія тры гады ён працуе ў сферы IT, хоць калісьці гэта здавалася яму фантастыкай. Матэматыку ў школе ён ведаў на сямёрку, пасля 11 класа паступіў у архітэктурна-будаўнічы каледж. Можна было працягнуць вучобу ў універсітэце, але хлопец не захацеў траціць на гэта час. Адразу пасля каледжа пайшоў працаваць — па размеркаванні два гады правёў у ЖЭСе.

— Наогул, я вучыўся на майстра прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва, але на будоўлю майстрамі пачаткоўцаў браць не хацелі, толькі рабочымі, таму я ўладкаваўся майстрам у ЖЭС. Зарабляў нешта каля $250—300 — для маладога хлопца нармальныя грошы. А начальніку ў 50 гадоў плацілі нешта каля $400. Было зразумела, што кар'ернага росту там не будзе ніякага.

Хлопец успамінае, што яго калега ў ЖЭСе ў той перыяд пайшоў на курсы SEO і на працы пастаянна дзяліўся ўражаннямі: распавядаў пра ключавыя словы, HTML-вёрстку, ранжыраванне ў пошукавіках. Павел таксама загарэўся вучобай і стаў вывучаць розныя напрамкі ў IT, глядзеў, якія могуць быць перспектывы ў SEO-спецыялістаў, тэсціроўшчыкаў, распрацоўшчыкаў. Замахнуцца вырашыў на самае складанае — праграмаванне.

— Вас не бянтэжыла, што праграмістаў вучаць у ВНУ і на гэтую спецыяльнасць велізарны конкурс?

— Не, у мяне на той момант ужо былі знаёмыя, якія сталі праграмістамі без профільнай адукацыі. Тут жа галоўнае, каб логіка працавала, з матэматыкі трэба ўмець складаць, адымаць, дзяліць і памнажаць. А тэхналогіі можна вывучаць у любым узросце і з любой адукацыяй. Колькі я потым хадзіў на сумоўі, мяне пра адукацыю так ні разу ніхто і не спытаў.

Уладкаваўся ў кавярню афіцыянтам: «Знайшоў для сябе баланс па грошах і часе»

Для паўнавартаснага навучання праграмаванню патрэбны час — Павел разумеў гэта з самага пачатку. Па парадзе знаёмага ён звольніўся з ЖЭСа і ўладкаваўся афіцыянтам у кавярню, дзе быў зручны графік — тры праз тры. Тры дні хлопец зарабляў грошы, а наступныя тры дні мог паўнавартасна прысвяціць вучобе.

— Гэта быў такі кампраміс. Я мог зарабляць нядрэнныя грошы, пры гэтым не кідаў ідэю навучыцца новай спецыяльнасці.

— А колькі можа зарабляць афіцыянт?

— Я уладкаваўся ў кавярню, дзе быў вялікі паток людзей, высокая праходнасць. Дзякуючы гэтаму, на чаявых у будні дзень зарабляў рублёў 70—80, у выхадныя — 100—150 (гэта было некалькі гадоў таму). У месяц выходзіла прыстойная сума. Я не лічыў дакладна, але па адчуваннях было $800—1000. Пры гэтым у мяне заставалася тры-чатыры свабодныя дні на тыдзень. Часцей за ўсё гэта былі буднія дні, усе сябры на працы, таму вучыцца мне ніхто не перашкаджаў.

Вучыўся з дапамогай анлайн-трэнажораў, задаваў пытанні ў чаціках

Вывучыўшы кошт папулярных курсаў па распрацоўцы, Павел вырашыў на старце абысціся інфармацыяй з адкрытых крыніц. Паводле яго слоў, годнае навучанне каштуе $1 тыс. — на яго трэба было адкласці грошы. Так выйшла, што курсы ў выніку і не спатрэбіліся.

— Спачатку я проста стаў глядзець на YouTube ролікі, каб зразумець, як прасцей за ўсё ўвайсці ў сферу IT. Тады на хайпе была фронтэнд-распрацоўка, пра яе шмат казалі — і я вырашыў паспрабаваць. Проста так і ўбіў у Google запыт: як стаць фронтэнд-распрацоўшчыкам. У інтэрнэце было распісана, што для гэтага трэба ведаць HTML-вёрстку, CSS, JavaScript (JS). Окей, падумаў я, пачнем з HTML —і гугліў ужо больш канкрэтную інфармацыю па вёрстцы.

Пачынаў хлопец з трэнажораў ад расійскай HTML-акадэміі. У адрозненне ад анлайн-курсаў, дзе ёсць выкладчык або ментар, тут ты вывучаеш ўвесь пласт інфармацыі самастойна.

— Гэта як кніжка, груба кажучы. Спачатку ідзе тэарэтычная інфармацыя, потым практычны занятак. Плюс я знаходзіў спецыялізаваныя сайцікі, дзе сядзяць вопытныя распрацоўшчыкі. Казаў: хлопцы, ёсць такая праблема, патлумачце тое і тое. І амаль у 100% выпадкаў людзі адказвалі, нават стэлефаноўваліся са мной, каб нешта растлумачыць. Яшчэ я знаходзіў відэа ад вопытных распрацоўшчыкаў, глядзеў, як яны вярстаюць, і спрабаваў паўтарыць.

— Але як вы разумелі, што ўлавілі сутнасць?

— Не разумеў абсалютна. І мяркуючы па тым, што распавядалі старэйшыя распрацоўшчыкі, гэта нармальна: спачатку ты не зможаш зрабіць добра. Але калі хоць нешта атрымліваецца і неяк працуе, гэта ўжо вынік. Я атрымліваў ад гэтага задавальненне, мог заседжвацца позна, было вельмі шмат энтузіязму.

Пагадзіўся працаваць за 100 рублёў (і гэта не жарт!)

Пасля сямі месяцаў навучання Павел разумеў, што яшчэ не гатовы да паўнавартаснай працы ў IT. Але так атрымалася, што з кавярні яму давялося сысці. Кажа, там была не вельмі камфортная абстаноўка, ён бразнуў дзвярыма. Гэта падштурхнула хлопца да таго, каб пашукаць больш сур'ёзную працу. Ён стаў рассылаць рэзюмэ.

— Штук сто рэзюмэ тады разаслаў — у асноўным на вакансіі пачаткоўцаў-распрацоўшчыкаў, без вопыту. Я гатовы быў працаваць ледзь не бясплатна, «хоць за хлеб». Але былі пастаянныя адмовы, месяцы два я не мог нічога знайсці. А потым мне, лічыце, пашанцавала. Патэлефанавалі з кампаніі, якая займалася ўгнаеннямі. Айцішачка не была для іх асноўным напрамкам — так, эксперымент. Я прыйшоў на сумоўе. Мяне спыталі: «Ведаеш JavaScript?» Я кажу: «Не». — «PHP ведаеш?— — «Не, толькі вёрстку ведаю».

І мяне ўсё роўна ўзялі. Першы месяц я працаваў бясплатна, а з другога месяца атрымліваў 100 рублёў.

Хоць грошы плацілі адкрыта смешныя, Павел быў шчаслівы. Ён кажа, што пагадзіўся б і на бясплатную працу — каб атрымаць рэальны досвед. Але грашовае пытанне пры гэтым нікуды не сышло. На той момант хлопец здымаў кватэру з дзяўчынай, і трэба было як мінімум аплачваць арэнду. Выручыла зноў жа праца афіцыянтам.

— Прыйшоў сезон, і ў той кавярні змяніўся адміністратар. Яна сказала, што людзей катэгарычна не хапае, папрасіла дапамагчы. Я прапанаваў стаць «вячэрнім афіцыянтам», то-бок прыходзіў увечары ў выхадныя, часам у буднія дні і, груба кажучы, «здымаў усе вяршкі». Працаваў у той час, калі ў кавярні было максімум п'яных і шчодрых людзей, гатовых пакідаць чаявыя. Такім чынам пратрымаўся яшчэ восем месяцаў.

За год дарос да заробку ў 600 рублёў. А дзе тысячы даляраў?

Як афіцыянт, хлопец зарабляў $400—500. Праграмісцкая зарплата таксама расла, але вельмі павольна.

— Першы месяц мне заплацілі 0 рублёў, потым два месяцы — па 100 рублёў, потым тры месяцы — па 300 рублёў. У выніку за год па зарплаце я вырас да 600 рублёў. Не шмат, затое мяне цешыла тое, што мой скіл стаў вельмі хутка расці. Я вучыўся рабіць лэндынгі, сайты інтэрнэт-крам, карпаратыўныя сайты. Тэхналогіі там, вядома, выкарыстоўваліся зусім не такія, як у вялікіх IT-кампаніях, але, тым не менш, я набіраўся вопыту.

— А з дзяўчынай не было канфліктаў з-за заробку 600 рублёў?

— Мая будучая жонка наадварот заўсёды была рухавіком майго прагрэсу. Я сам па сабе такі трохі аморфны: трапіў у айцішачку і сяджу задаволены, усё добра! А яна падштурхоўвала мяне да таго, што я павінен спрабаваць далей, трэба спрабаваць уладкавацца ў іншую кампанію. Казала: Паша, усё атрымаецца, хаця б паспрабуй.

Павел набраўся адвагі і вырашыў пахадзіць па сумоўях. Спрабаваў раз дзесяць — і кожны раз атрымліваў адмовы.

— Прыходзіць тэхнічны спецыяліст, пачынае задаваць пытанні, і ты губляешся: дзесьці паніка, дзесьці стрэс, дзесьці недахоп досведу і ведаў. Пасля кожнага такога сумоўя я думаў: якая я нікчэмнасць, нікому я не патрэбны. Затое такім чынам ты пачынаеш выразна бачыць, дзе ў цябе прабелы. Прыходзіш дадому і пачынаеш разбірацца ў тэме: капаеш, капаеш, капаеш.

Потым яшчэ адно сумоўе — і табе зноў паказваюць, што ты нічога не ведаеш. І ў выніку ты кожны раз вучышся і расцеш.

Прыйшоў на $600 у буйную кампанію: «Я нават офіс быў гатовы падмятаць»

Павел не пакідаў спробаў знайсці працу ў сур'ёзнай IT-кампаніі. Акрамя тэхнічнай часткі, ён вырашыў папрацаваць над сваім профілем LinkedIn, якім актыўна карыстаюцца рэкруцёры. Дадаў у кантакты HR-спецыялістаў, прапісаў ключавыя словы — і з часам яму сталі самі дасылаць прапановы па працы.

— Аднойчы мне напісаў HR з буйной міжнароднай кампаніі з офісам у Беларусі. Я распавёў пра свой досвед, шчыра прызнаўся, што шмат чаго не ведаю, але там як раз шукалі чалавека на ўнутраны праект, я ім падыходзіў. І нават англійская была не патрэбная — яна ў мяне на нізкім узроўні, таму што ў школе вучыў нямецкую. Я быў шчаслівы: мяне бяруць у крутую кампанію і прапануюць цэлых $600! Ды за такую зарплату я яшчэ і офіс быў гатовы падмятаць! — жартуе Павел.

Першыя месяцы на новай працы хлопец адчуваў нешта накшталт культурнага шоку. Ён быў узрушаны тым, у якіх камфортных умовах працуюць айцішнікі.

— Прыходжу на кухню, а там садавіна ляжыць. Я пытаюся: «можна есці?» Мне адказваюць: «Трэба», — з усмешкай распавядае хлопец. — Кава смачная, печыва, летам набіваюць халадзільнік марожаным, кожны месяц святкуюць Дзень імянінніка: вось вам піва, піца — адпачывайце, хлопцы.

Я адчуў, што гэта — калі цябе рэальна цэняць, калі кампаніі выгадна, каб ты развіваўся і адчуваў сябе камфортна.

Пакутаваў на комплекс самазванца. «Лічыў сябе несапраўдным праграмістам»

Як толькі Павел атрымаў новую працу, з кавярні ён звольніўся, вырашыўшы сканцэнтравацца на новых задачах. Прызнаецца, што ў некаторых тэхналогіях спачатку «плаваў», асвойваў іх на хаду.

— Але ў цэлым было ўжо лягчэй, таму што ты знаходзішся ў офісе, дзе шмат распрацоўшчыкаў. Можаш падысці з ноўтбукам да калегі, задаць яму пытанне. У гэтай кампаніі я стаў вельмі хутка расці. Вядома, «сіндром самазванца» яшчэ доўга мяне не адпускаў. Здавалася, вось цяпер усе вакол заўважаць, што я несапраўдны праграміст, і скажуць: «Сыходзь!». Але такога не было. У кампаніі складаюць план развіцця кожнага супрацоўніка. У табліцы прапісваюць твае навыкі, якія ёсць цяпер і якія павінны быць праз паўгода. Ты ставіш для сябе выразныя мэты і задачы і ідзеш да іх.

Павел кажа, што прыйшоў у кампанію на зарплату, якая першапачаткова была ніжэйшай за рыначную. Як і іншым праграмістам, з часам яму таксама пераглядалі месячную суму, але ўсё роўна ён зарабляў менш, чым калегі. Да пэўнага моманту такі расклад хлопцу падыходзіў, але, набраўшыся вопыту, ён вырашыў дамагацца павышэння.

— Калі ў людзей з такім жа вопытам зарплата была $2200-2300, то ў мяне, калі сыходзіў, — $1800. Я папрасіў зарплату вышэйшую, мне адмовілі. Тады я вырашыў паглядзець, якія ёсць прапановы на рынку. Гэта было мінулым летам — такі перыяд, калі вакансій было вельмі шмат, а распрацоўшчыкаў мала. Я абраў тры-чатыры праекты, пахадзіў па сумоўях, прайшоў некалькі з іх. Спыніўся на невялікай кампаніі, дзе і зарплату прапанавалі выдатную, і праект падаўся мне цікавым. Калі паведаміў, што сыходжу, пачаўся працэс утрымання супрацоўніка: мне гатовыя былі плаціць такую ж зарплату, як на новым месцы. Але я вырашыў усё-ткі паспрабаваць сябе ў іншай кампаніі.

Цяпер Павел лічыцца мідл-распрацоўшчыкам, у яго нядрэнны вопыт, ён можа ментарыць пачаткоўцаў. Хлопец вельмі задаволены і праектам, і калектывам, і заробкам (каля $3 тыс.).

— Даводзіцца яшчэ кніжкі штудзіраваць?

— Цяпер ужо трэба прымушаць сябе вучыць нешта новае, таму што пасля пэўнага этапу ты трапляеш у цяплічныя ўмовы. Але ёсць разуменне, што, калі я затрымаюся, у гэтай сферы можна вельмі хутка ўсё страціць. Пакуль галоўная праблема — гэта англійская. Я пачаў вучыць яе паўтара гады таму. Чытаю ўжо добра, магу нешта напісаць, але размаўляць не атрымліваецца — ступар. Пры гэтым пісаць код можна і без англійскай. Вядома, гэта дрэнна, што я не магу напрамую пагаварыць з заказчыкам з Аўстраліі, павінен адымаць час у дарагіх спецыялістаў. Тым не менш перашкодай для працы гэта не стала.

— Пасля курсаў не ва ўсіх атрымоўваецца ўладкавацца на працу ў IT. Як думаеце чаму?

— Тут, вядома, многае залежыць ад поспеху. І важная упартасць, мэтанакіраванасць. Калі ты ходзіш на курсы, цябе павінны ланцугамі прывязваць да парты, каб ты не ўкусіў выкладчыка ў імкненні атрымаць веды. З такім стаўленнем да вучобы дакладна ўсё атрымаецца, трэба ўсё да капейкі выціскаць з тых грошай, якія ты выдаткаваў на навучанне. І, як паказвае мой вопыт, курсы, у прынцыпе, не абавязковыя. Можна займацца і дома, але рабіць гэта важна рэгулярна, ставіцца адказна, вялікую частку часу прысвячаць вучобе.

Яшчэ, я б сказаў, вельмі важна верыць у сябе. Калі я падаў духам, хацеў усё кінуць, сысці на поўную стаўку афіцыянтам, мяне заўсёды падтрымлівала жонка. Казала, што ў мяне ўсё атрымаецца — і я маленькімі крокамі ішоў далей.

А потым ты вырашаеш задачу, з якой доўга не мог справіцца, і такі адрэналін вылучаецца! Эйфарыя самая сапраўдная.

— А эйфарыя ад вялікай зарплаты ў вас ёсць?

— Так, я ўдзячны лёсу за тое, што ўсё так склалася. Не хаваю, што прыйшоў у гэтую сферу менавіта па грошы, бо, калі ў цябе добрая зарплата, ты многае можаш сабе дазволіць, гэта зусім іншая якасць жыцця. Дапусцім, я гуляў у гульні, і мне хацелася купіць жалеза магутнае, але грошай на такое не было. А калі ты добра зарабляеш, лёгка можаш дазволіць сабе такія пакупкі.

А яшчэ ў IT я заўсёды бачыў перспектывы. Разумеў, што змагу працаваць на працадаўцу з любога пункта свету, што не буду прывязаны да месца, што ў мяне будуць пастаянныя магчымасці для росту. І гэта вельмі прыемнае адчуванне, калі ты не сядзіш на месцы і не пакрываешся цвіллю.

Клас
18
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
4