Меркаванні2020

План Трампа па Украіне — найгоршы. За выключэннем усіх астатніх — Рудкоўскі

На Мюнхенскай канферэнцыі ЗША прапанавалі Украіне спрэчную здзелку. Некалькі дзён пасля амерыканская дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі Расіі — на гэтых перамовах Украіны не было. Ці ёсць у Украіны магчымасць атрымаць лепшыя ўмовы міру для сябе? Ці план Трампа сапраўды «найгоршы, за выключэннем астатніх»? Разважае Пётра Рудкоўскі, філосаф, у мінулым — акадэмічны дырэктар BISS.

Пачнём здалёк. Чэрвень 2024 года. Адзін бельгійскі аналітычны цэнтр публікуе аналітычны рапарт «Адценні змроку. Сцэнарыі для Украіны і глабальны парадак».

Ну, публікаваннем сцэнарыяў па Украіне нікога не здзівіш. Яны з’яўляюцца як мінімум раз на квартал у найбольш вядомых think tanks (аналітычных цэнтрах — НН.). Калі дадаць менш вядомыя, то можа нават штомесяц, а то і часцей. Не гэта істотна.

Істотна тое, што той рапарт з чэрвеня мінулага года дае магчымасць паглядзець на перспектывы для Украіны (і рэгіёна) без гэтага дрэннага плана злога Трампа.

Аўтары там абазначаюць чатыры магчымыя сцэнарыі: перамога Украіны, перамога Расіі, зацягнутая вайна і палітычны кампраміс.

Адразу паясненне наконт першага сцэнарыя. Пад «перамогай Украіны» тут маецца на ўвазе ўсяго толькі вяртанне да меж да 24.02.2022 + перспектыва ўступлення ў ЕС і НАТА + дэмілітарызацыя Крыма. Само вяртанне Крыма ўвогуле не ўваходзіць у рахубу. Гэта сцэнарый, які правільней было б акрэсліць як «няпройгрыш Украіны» або «неперамога Расіі». Але хай будзе так: «перамога Украіны». Як-ніяк, ажыццяўленне нават такога сцэнарыя — гэта было б надзвычай выдатным сыходам.

Аўтары не займаюцца аналізам верагоднасці, яны таксама не аналізуюць, што было б патрэбна, каб такі сцэнарый мог здзейсніцца. Адзінае, што яны заўважаюць, што дзеля гэтага вайсковая дапамога Захаду мусіла б «значна ўзрасці» ва ўсіх вымярэннях: грашовым, тэхнічным, інфраструктурным і г.д.

Хоць я не ваенны эксперт, але перакананы, што адной матэрыяльнай дапамогі тут было б недастаткова. Патрэбна была б дапамога ў так званай «жывой сіле». Недастаткова таксама было б нашумелага, але насамрэч надзвычай асцярожнага дазволу «біць заходняй зброяй па тэрыторыі РФ» (на самой справе толькі ў Курскай вобласці і толькі ў абмежаваным аб’ёме). Патрэбны тут карт-бланш або амаль карт-бланш. Не памяшала б таксама на час усёй гэтай акцыі адключыць усенькі ядзерны арсенал Расіі, бо «самі панімаеце».

Ай, навошта я аж так далёка зайшоў. Можам узяць у дужкі ўсё тое, што ў папярэднім абзацы напісана пасля слоў «я не ваенны эксперт».

Дапусцім, што адзінае, што тут патрэбна — гэта інтэнсіфікацыя фінансава-ваеннай дапамогі. Тут і неэксперту ясна, што яна мусіла б:

  1. Вырасці ў разы,
  2. Стаць сістэматычнай і гарантаванай (бо гэта неабходна для доўгатэрміновага планавання, без якога няма сэнсу казаць пра «перамогу» або хаця б «няпройгрыш»).

Скажыце, вы бачылі хоць якія прыкметы інтэнсіфікацыі фінансава-ваеннай дапамогі Украіне? Не сімвалічнай дабаўкі, не збывання састарэлай тэхнікі, а паставак найноўшага ўзбраення, распрацоўкі інфраструктуры для эфектыўных паставак? Распрацоўкі плана А, Б і В на выпадак, калі Расіі ўдасца перашкодзіць пастаўкам па тым ці іншым напрамку?

А вось што я бачыў і бачу. У 2014 годзе, пасля анексіі Крыма, члены НАТА прынялі на сябе абавязак прызначаць як мінімум 2% ВУП на абарону. Прайшло 10 гадоў. У 2024 Расія адсвяткавала дзясятую гадавіну анексіі… ну, яны гэта называюць «вяртаннем» Крыма. Украіна адпакутавала два гады поўнамаштабнага ўварвання. І вось, генсек НАТА, на той час Столтэнберг хваліцца, што ажно 11 краін (!) ужо перайшлі гэты парог. Адзінаццаць з 31 (на той час)!

І ён, Столтэнберг, «спадзяецца», што астатнія краіны таксама пяройдуць (тут патрэбны эмацікон, на якім паказаная горкая ўсмешка).

«Дык тут жа гаворка пра ўнутраную абарону краін НАТА, прычым тут Украіна?», — скажа хтось. Вось жа гэта наўпрост звязана з Украінай, бо:

  1. Дэфіцыт або старэнне ўласнага ўзбраення азначае, што ў цябе менш магчымасцяў падтрымаць суседа-ў-бядзе; апрача таго, ты баішся даваць астатняе больш-менш новае ўзбраенне, бо думаеш: «А мала дзе што, а калі раптам мне самому спатрэбіцца?»,
  2. Фінансавую дапамогу суседу-ў-бядзе нашмат прасцей (і псіхалагічна, і бюракратычна) выдзеліць з абароннага бюджэту, а не ліхаманкава збіраючы па капейцы з дзясяткаў неабаронных бюджэтаў,
  3. Калі б усе члены НАТА прытрымліваліся прынятага на сябе абавязку 2% выдаткаў на абарону, то сумарны бюджэт краін НАТА быў бы штогод прыблізна на 70-80 мільярдаў долараў вышэйшы. Калі памножыць на 10 (гадоў), то гэта дае 700-800 мільярдаў. Такая квота і для расіян гучыць страшнавата, незалежна ад таго, ці гэтыя грошы пайшлі б на ўнутранае ўзбраенне членаў НАТА, ці як патэнцыяльная падтрымка для Украіны. І што ж, на працягу 10 гадоў абсалютная большасць членаў НАТА нават не парупілася выканаць гэты няшчасны абавязак 2%.

Не зрабілі гэтага нават пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. І цяпер вы скажаце, што вось-вось з дня на дзень яны ў разы павялічылі б фінансава-ваенную дапамогу Украіне (а гэта неабходная ўмова яе перамогі, хаця б адноснай)? Ага, ЗША пад кіраўніцтвам Байдэна або Харыс гэта зрабілі б? Не, не зрабілі б.

Дыспрапорцыя ў цяперашняй дапамозе ЗША і Еўропы настолькі агромністая, што хоць ты вушы пазатыкай усім амерыканскім падаткаплацельшчыкам. Каб мог здзейсніцца першы — адносна аптымістычны — сцэнарый, мусіў бы здзейсніцца навагодні цуд.

Цуд прыблізна такі: ад 1 студзеня 2025 года ўсе члены НАТА — хіба што за выключэннем Польшчы і ЗША — падымаюць выдаткі на абарону на 1-1,5% і цягам пары тыдняў выпрацоўваюць стратэгію рэгулярнай, сістэматычнай і гарантаванай фінансава-вайсковай дапамогі Украіне ў значна вышэйшым аб’ёме, чым раней. Стратэгію, у якой будуць план А, Б і В і ўлічаныя імаверныя рызыкі, без якіх тут ніяк не абыдзешся.

Цуду не здарылася, і Трамп тут ні пры чым. І цуду гэтага не здарылася б у 2026, і не здарылася б у 2027, і не здарылася б у наступныя гады. А гэта значыць… гэта значыць, што дзейнічаў бы іншы сцэнарый. Сцэнарый пад назвай «зацягнутая вайна».

Пётра Рудкоўскі. Фота: фэйсбук аўтара

Тут я даю слова экспертам CSDS, азнаёмцеся, калі ласка, уважліва: «Украінскія сілы ўсё больш знясіленыя і вычарпаныя, але працягваюць захоўваць баявы дух і гатоўнасць ваяваць. Да сярэдзіны 2025 года большасць аналітыкаў пачынае апісваць вайну як тупіковую сітуацыю, але ніводзін з бакоў не праяўляе цікавасці да перамоў.

Кадравы голад застаецца праблемай, змушаючы ўкраінскае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва прасоўваць новую стратэгію мабілізацыі. Па меры таго як узрост навабранцаў — і колькасць страт — зніжаецца, стомленасць ад вайны ўзрастае. Уступленне ў NATO ізноў адкладаецца».

А што з Расіяй пры такім сцэнарыя? Вось што: «Нягледзячы на вялікія людскія страты і страты тэхнікі, Масква і расійскае грамадства ў цэлым застаюцца непахісна адданымі барацьбе. Вайскоўцы ўсё часцей ужываюць свае найноўшыя ракеты і авіяцыю для атакі важных ваенных аб’ектаў на тактычным і аператыўным узроўні.

У выніку ўкраінская супрацьпаветраная абарона становіцца ўсё менш эфектыўнай, а страты на полі бою — усё больш значнымі».

Канец цытаты. Гэта далёка не поўнае апісанне сцэнарыя, але працытаванага дастаткова, каб зразумець, наколькі ўсё дэпрэсіўна.

Панове і пані, спадары і спадарыні. Шмат хто з нас жыве рамантычным чаканнем, што вось, здарыцца нешта, і Пуцін, а з ім і Лукашэнка, апынаюцца ў Гаазе, Украіна вяртае ўсе тэрыторыі, Расія пакорліва выплачвае рэпарацыі, а ў Беларусі праходзяць свабодныя выбары. Як гэта зрабіць — няма плана. І яго не было. Ні ў Байдэна, ні ў Харыс, ні тым больш у еўрапейскіх чыноўнікаў.

Плана перамогі Украіны — хаця б адноснай перамогі — ніколі не было. Была пафасная рыторыка, але плана не было. Тое, што я напачатку назваў «планам Трампа» — рэч умоўная. Бо пакуль што ў публічнай прасторы маем толькі разрозненыя намёкі на план.

Магчыма, нават у блізкім атачэнні Трампа яшчэ яго няма, хутчэй за ўсё, ён у працэсе распрацоўкі. А нават калі ён ёсць, у поўным выглядзе не будзе прадстаўлены грамадскасці цяпер. На дадзены момант ясныя дзве рэчы, прынамсі для мяне:

  1. Амаль напэўна план будзе прадугледжваць саступкі з абодвух бакоў. У выпадку Украіны гэта будзе азначаць тэрытарыяльныя саступкі.
  2. Калі няма шанцаў перамагчы, кампраміс — лепшая опцыя, чым поўная перамога праціўніка або зацягванне вайны на чарговыя тры-пяць-дзесяць гадоў.

Ну і напрыканцы — як жа тут абмінуць «каронны аргумент»: любая саступка дыктатару-агрэсару вядзе да таго, што агрэсар пойдзе яшчэ далей і яшчэ далей.

Вось жа справа тут не ў саступках. Справа ў тым, як яны робяцца і якімі дзеяннямі суправаджаюцца. Гітлер не спыніўся на Судэтах не таму, што былі зроблены саступкі, а таму, што пасля саступак лідары заходне-дэмакратычнага блоку дэманстратыўна паціралі рукі і ўсімі сваімі дзеяннямі казалі: «Ну, цяпер можна расслабіцца! Вайна прайшла міма! Можам спакойна вяртацца кожны ў свой агарод і бавіцца кожны ў сваёй пясочніцы. Мы накармілі Гітлера на сто гадоў наперад, таму баяцца яго ўжо больш не трэба. Брава для нас, хітрых і ўмелых!». Вось гэта і было тым, што заахвоціла Гітлера да далейшай агрэсіі.

Не саступкі заахвоцілі, а расслабленасць заходніх эліт і адсутнасць рэальных намаганняў правесці буйную чырвоную рыску пасля гэтай саступкі.

Вяртаючыся ў наш час. З таго, што я чую, намёкі Трампа на непазбежнасць некаторых саступак суправаджаюцца іншым мэсэджэм. Напрыклад, патрабаваннем ад членаў НАТА павысіць расходы да 5% ВУП. Не думаю, што гэта адзіны пункт у плане па прадухіленню далейшай агрэсіі Пуціна.

Але нават калі б гэта быў адзіны пункт, то ўдумайцеся толькі: павышэнне абаронкі да 5% азначае, што сумарны абаронны бюджэт краін НАТА пачынае складаць раптам 2,4 трыльёны долараў. Увесь ВУП вялікай Расіі — 2,2 трыльёны. Пры такім абаронным бюджэце можна не толькі сябе эфектыўна абараніць, але пры неабходнасці ўзброіць да зубоў Украіну — і зрабіць гэта хутка і эфектыўна. Саступка саступцы розніца.

* * *

Пётра Рудкоўскі — былы акадэмічны дырэктар BISS (Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў), філосаф.

Каментары20

  • Рэйган з Саўдзітамі дамовіўся па нафце ў 80х
    19.02.2025
    цікава што , гэта ужо было y 1991, i пуцін нагадвае Гарбачова , які таксама атрымаў паразу ў Студзёнай Вайне . Рэйган з Саўдзітамі дамовіўся па нафце ў 80х і капут Бальшавіцкай імперыі , Трамп з імі ужо дамовіўся таксамма : 4 гады нафты па 30 $. Трамп іх як Рэйган. Маскоўская імперыя бліжэй і бліжэй да 1991 Н2 ...
    маскоўская імперыя, была утвораная як ЭЗ безакалонка , нам тут ў ЭЗ яна больш не патрэбна , рызыкі дужа вялікія . Таму Масковія ў межах 14с. адзіны шлях ...
  • alex
    19.02.2025
    realDonaldTrump,
    бабки на кухнях.ватные.и то лучше анализируют.
    у вас трампистов любое дерьмо=конфетка.
  • Маскоўская імперыя без шансаў як ў 1917,
    19.02.2025
    Маскоўская імперыя без шансаў як ў 1917, Нам трэба выкарыстоўваць 2 назвы Вялікая Літва і Беларусь , як Фіны , Албанцы , Грэкі і г.д. робяць , раю усім : садкі , клясы на Беларускай мове , размаўляем на кухнях на роднай мове тады ўсе палітычныя выйдуць значна хутчэй ўсё у нашых руках спадары !


    Жыве !!

Цяпер чытаюць

Загінуў 22-гадовы беларус Аляксандр «Лыч» Серада, які ваяваў за Украіну

Загінуў 22-гадовы беларус Аляксандр «Лыч» Серада, які ваяваў за Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда31

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

Чалы аналізуе задачы, якія Лукашэнка паставіў новаму ўраду3

Украінская паліцыя затрымала чалавека, якога падазраюць у забойстве актывіста Дзям'яна Ганула3

Трамп заявіў, што правёў «добрую і прадуктыўную» размову з Пуціным і заявіў пра акружэнне ўкраінскіх войскаў12

Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Шарснёў раскрытыкаваў Мінспорту2

Апейкін пахваліўся, што ў яго ўсё добра. Таму можа піць у Венецыі каву па 15 еўра18

Дзяржсакратара Марка Рубіа віталі ў Канадзе паказальна малой чырвонай дарожкай ФОТАФАКТ14

Засоўванне ў сметнікі палітыкаў і акцыя «Рускія ідуць дамоў». Чым вядомы Дзям'ян Ганул, якога сёння забілі ў Адэсе?12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў 22-гадовы беларус Аляксандр «Лыч» Серада, які ваяваў за Украіну

Загінуў 22-гадовы беларус Аляксандр «Лыч» Серада, які ваяваў за Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць