Грамадства1

«Гэта быў час магчымасцяў». Як развіваўся беларускі бізнэс у 90-я

Адны называюць 90-я «ліхімі», другія — «бандыцкімі», а трэція ўвогуле «галоднымі». Але як бы мы ні адгукаліся пра гэты перыяд, апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя было вельмі цікавым. «Наша Ніва» згадвае, як у тыя часы развіваўся бізнэс у нашай краіне. Будучыя мільянеры прадавалі на рынку курткі і спіртамеры, а валютчыкі зараблялі за дзень па 200 даляраў.

Бізнэсмены

Легальнае прадпрымальніцтва, а разам з ім і першыя афіцыйныя бізнэсмены на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся яшчэ ў савецкі перыяд, падчас так званай «перабудовы». У другой палове 80-х у «краіне саветаў» афіцыйна дазволілі займацца бізнэсам. Першым жа беларускім прадпрымальнікам сябе называе гатэльны магнат Станіслаў Сямашка. Ён згадвае, што менавіта ў яго было пасведчанне з парадкавым нумарам 1.

Сямашка пачынаў свой шлях у бізнэсе са станцый тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і шынамантажоў, быў у яго і цэх па рамонце электрарухавікоў. Паралельна бізнэсмен займаўся меддзю, якая ў тым ліку была патрэбная для наладкі тых самых электрычных рухавікоў і генератараў. 

«Адкрыў СТА, фарбаваў машыны, рамантаваў, з Германіі гналі аўтамабілі праз мяне: прыводзілі у парадак на маім СТА», — распавядае Сямашка. Бізнэсам у галіне рамонту і абслугоўвання аўто ён займаўся цягам 12 год, а вось з «меднай» часткай бізнэсу будучы мільянер развітаўся значна раней — з-за рэкету, які панаваў у тыя часы. 

«Я вёз медзь, мяне ў Лідзе спынілі. Я палез у бойку, мяне шарпанулі па шыі, адвезлі ў лес, паставілі на калені пад пісталет. Жонка мая і маці вымалілі, каб мяне адпусцілі. Медзь забралі, я заплаціў 25 тысяч даляраў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: кадр з фільма «Жмуркі»

Мяне адпусцілі. Я шыю заматаў, еду на пустой машыне. Мяне злавіў там адзін падпалкоўнік крымінальнага вышуку і прасіў: напішы заяву, напішы! Але я пісаць не стаў, бо была «дамоўленасць». Калі б я напісаў, маю б усю нерухомасць спалілі, і СТА, і астатняе».

Распавядаючы пра вядзенне бізнэсу ў 90-я, Сямашка згадваў, што ў тыя часы было рознае: і ў пад'ездах чакалі, і пасля рэстарана ноччу…

«Далей або размаўляеш з імі, або яны ставяць нейкую ўмову… Тады на рэкет фактычна таксама мода была. Усе лысыя, усе на «спартыўках», усе быкі… Бывала рознае. І біў, і плаціў, і страляў… У мяне быў баявы пісталет: я ж хадзіў у банк па грошы на зарплату, пасля ідзеш фактычна з мехам грошай».

Тым не менш, Сямашка прызнаваўся, што на пачатку 90-х у яго быў «дах», ды і нават не адзін. 

«Але дзякуючы прыходу Лукашэнкі гэтыя пачвары (рэкеціры. — НН) сышлі з краіны. Мне тады пазванілі з Мінска і сказалі: перастаньце ім плаціць. І рэкет знік тады», — адзначаў Сямашка ў 2019-м.

Славутая трэнерка Наталля Наважылава, якая ў 1994-м адкрыла фітнэс-цэнтр «Багіра» на мінскай плошчы Перамогі, згадвала, што па «даніну» прыходзілі і да яе.

«Ты адкрываеш бізнэс, а табе кажуць: мы табе дазволім весці справы на нашай тэрыторыі, а ты за гэта давай нам грошы. Міліцыя не давала рады. Нават да мяне прыходзілі: будзеш плаціць ці не? Добра, што тут жонка нейкага аўтарытэта займалася».

На трэніроўкі тады прыязджалі жанчыны ў шыкоўных футрах.

«Усе, хто тады толькі адкрываў бізнэс («Смаленскія брыльянты», салон мэблі Tina Vlati, крама «Галс»), займаліся ў мяне, бо гэта было модна».

У 90-я свой шлях пачынаў заснавальнік «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік. Да вялікага бізнэсу прыйшоў праз таксі і перапродаж спіртамераў. 

Ён распавядаў, што аднойчы, калі таксаваў і чакаў пасажыра на вакзале, да яго падышоў чалавек са скрынямі, які сам не ведаў, куды яму трэба ехаць. 

«Аказалася, ён вёз спіртамеры з Санкт-Пецярбурга. Гэта карысны прыбор быў, самагонку мераць, гарэлку, ніхто ж не ведаў, колькі дакладна градусаў.

Кажа, давай іх прадаваць з табой. Кажу: ну давай. Павёз яго на базар. І гэтыя спіртамеры ў нас разляцеліся з хуткасцю гуку. Адзін 5 рублёў каштаваў. За дзень мы іх напрадавалі столькі, што амаль хапіла б на «Жыгулі».

Частку грошай яму трэба было вярнуць у Пецярбург, але і мы зарабілі. Ну вось з такога бізнэсу я і пачынаў», — дзяліўся Дзялендзік, які ў тыя часы таксама насіў пры сабе газавы пісталет.

«Дарыду» ён адкрыў у 1992 годзе. У той час ён ганяў тэхніку на Расію, паркоўка была ў аграгарадку Ждановічы побач з санаторыем «Крыніца». Там лячылі мінеральнай вадой. Дзялендзік пра гэта ведаў — прабурыў свідравіну і запусціў першы цэх.

А мульцімільянер Яўген Баскін у 90-я пайшоў стаяць на рынку — прадаваў курткі, якія адшывалі ў магілёўскіх падвалах. Потым у яго з'явілася сваё невялікае атэлье.

Таксама Баскін прадаваў лес ва Украіну, з Украіны пачаў вазіць цукар у Беларусь, і тады ўжо пачаліся першыя поспехі, бо рынак быў высокадаходны — пра курткі ён забыўся, стаў рабіцца пазнавальным чалавекам.

Юрый Чыж у 1992 годзе заснаваў кампанію «Трайпл». Першапачаткова асноўным відам дзейнасці кампаніі з'яўляўся аптовы гандаль прамысловымі і харчовымі таварамі. З часам бізнэс стаў шматпрофільным. 

Юрый Чыж двойчы ўзначальваў спіс самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі, пакуль не трапіў у няміласць да Лукашэнкі. 

Аўтаперагоншчыкі

Многія беларускія мужчыны у той час пачалі ганяць патрыманыя аўтамабілі з Еўропы.

Аўтабізнэсмены згадваюць, што менавіта першая палова дзявяностых была самай прыбытковай. 

«На зары гэтага бізнэсу былі сапраўды шаленыя пад'ёмы, немцы не адразу зразумелі, што цяпер на іх «старыя» машыны ёсць вялікі попыт. Інтэрнэта не было, таму ўласнікі маглі не ведаць пра рынкавы кошт свайго аўто, гэта грала на руку. З часам дармаўшчыны станавілася ўсё менш, бо немцы ўцямілі, што ёсць вялікі попыт на патрыманыя машыны ад пакупнікоў з краін былога СССР», — згадвае адзін з такіх перагоншчыкаў. 

Мінск 1995 год. Фота: Becky Ruland

Што да заробкаў, то на першых парах пад'ём мог лёгка складаць 100% ад укладзеных грошай, але з часам прыбыткі паменшалі, многія пачалі працаваць па наступнай схеме: купляеш машыну за 4000 марак, а ў Беларусі прадаеш яе таксама за 4 тысячы, толькі ўжо даляраў (у тыя часы 1 даляр каштаваў прыкладна паўтары маркі).

Адзначым, што да восені 1993 года ў Беларусі не трэба было плаціць мыт пры імпарце аўто з-за мяжы. Таму першыя два гады пасля атрымання незалежнасці на ўвозе патрыманых аўто зараблялі многія, але не дзяржава. Хаця першыя мытныя пошліны былі нізкімі нават па мерках таго часу. Стаўка складала 10 даляравых цэнтаў за «кубік». Выходзіць, за 1,6-літровы рухавік трэба было аддаць 160$, а за 2-літровы — 200$.

Раскрываючы падрабязнасці перагоннага бізнэсу, суразмоўца прызнаецца, што на самой справе большасць беларусаў прыганялі машыны не з Германіі, Бельгіі ці Галандыі, а з Польшчы або Літвы. 

«Палякам і літоўцам было нашмат прасцей трапіць у краіны Заходняй Еўропы, таму нашы хлопцы часцей за ўсё перакуплялі машыны ў Польшчы. У Шчэціне і іншых гарадах блізу мяжы з Германіяй палякі ад рукі выпісвалі дамову куплі-продажу, нібыта ты набыў аўто ў немца ці галандца».

Аўтарынак у Мінску. Фота: abw.by

Натуральна, што калі гэтыя машыны прадаваліся на нашым рынку, то ўсе сцвярджалі, што самі прыганялі іх з Германіі. Такі лёгкі падман быў звыклай справай, хоць невялікі працэнт перакупаў сапраўды ганяў машыны наўпрост адтуль.

Найменшы заробак атрымліваўся з машын, якія купляліся ў Літве. 

«Гэта быў самы просты шлях — блізка, хутка, няма моўнага бар'еру, але і навар быў не такі вялікі. На сярэднестатыстычных машынах з Літвы зараблялі «ўсяго» па 300-500 даляраў». 

Аўтамабільны рынак у Вільні

Што тычыцца крымінальнага складніку бізнэсу, то, па назіраннях нашага суразмоўцы, у расповедах пра татальны бандытызм на дарогах ёсць шмат перабольшванняў. 

«Калі цяпер нешта глядзіш пра аўтамабільны бізнэс 90-х, то ўсе як пад капірку распавядаюць пра рэкіціраў, нібыта яны стаялі ледзь не на кожным рагу. Канечне, бындыты ў тыя часы сапраўды былі, але не трэба перабольшваць і казаць, што амаль кожны, хто ў той час займаўся перагонам, сутыкаўся з крыміналам. Я ведаю шмат людзей, якія гадамі ў гэтай справе і ніколі па дарозе не сутыкаліся з бандытамі».

Росквіту аўтабізнэсу ў нашай краіне спрыялі не толькі мясцовыя пакупнікі, але і расіяне, якіх цікавілі свежапрыгнаныя аўтамабілі. Але стаць для іх другой Літвой у Беларусі не атрымалася. Ужо напрыканцы 1995 года ўрад не толькі падняў стаўкі мытных пошлін з 10 даляравых цэнтаў да 0,30 ЭКЮ (каля 27 цэнтаў), але і ўвёў забарону на адчужэнне свежапрыгнаных аўто тэрмінам на 2 гады. Такая схема ўвозу аўто пратрымалася да 1999 года.

Чаўнакі

Яшчэ больш папулярнай крыніцай заробкаў у 90-я быў гэтак званы чаўночны бізнэс, прычым тады «ганялі на Польшчу» не толькі жыхары памежных рэгіёнаў. Зараблялі на перавозцы і перапродажы тавараў як выхадцы са сталіцы, так і з усходніх раёнаў.

Фота: pogranec.by

Сёння ў гэта складана паверыць, але на пачатку 90-х тавары везлі не з Польшчы ў Беларусь, а наадварот. Часцей за ўсё вазілі спірт, а з ім — самыя розныя тавары: рыдлёўкі, гумовыя боты, золата са срэбрам, медзь ды алюміній. 

Людзей, якія працавалі на гэтым кірунку, у народзе празвалі «спіртавозамі». 

«На пачатку 90-х у Польшчы амаль нічога не было, яны з вялікім задавальненнем скуплялі тыя тавары, якія мы прывозілі з Беларусі, Расіі ці Украіны. За адну ўдалую паездку чаўнакі зараблялі больш, чым настаўнік ці доктар за месяц працы ў Беларусі», — прызнаецца былая чаўночніца.

Фота: pogranec.by

Расплатай за высокія заробкі былі шматкіламетровыя чэргі на мяжы. Каб трапіць у Польшчу, людзям даводзілася стаяць у чарзе па некалькі сутак.

З часам кан'юнктура рынку змянілася, на змену спірту прыйшлі цыгарэты, а тавар на продаж сталі вазіць ужо з Польшчы ў Беларусь. 

Рыначнікі

Шмат хто з учорашніх чаўнакоў паступова пераходзіў у шэрагі індывідуальных прадпрымальнікаў. У часы адсутнасці вялікіх гандлёвых цэнтраў з разнастайнымі крамамі ад сусветных брэндаў балам правілі рынкі. Але пэўная сувязь з чаўночніцтвам у прадпрымальнікаў заставалася, бо тавар трэба было закупаць не ў аптовых імпарцёраў, а самастойна шукаць за мяжой.

Рэчы ў Беларусь везлі з розных краін: Польшча, Расія, Турцыя і Кітай. Найбольшыя заробкі былі ў тых, хто вазіў тавары здалёк.

Мінск, 1995 год. Фота: Becky Ruland

«Амаль усе неабходныя тавары можна было купіць на аптовых рынках Масквы, шмат чаго везлі з Польшчы або з Турцыі. Па турэцкія тавары пачаткова ездзілі на турыстычных аўтобусах. Тыя, хто выходзіў на вялікія аб'емы, пачалі лётаць у Турцыю самалётамі, там рабілі замовы і ўжо фурамі ўсё гэта дастаўлялі ў Беларусь.

Яшчэ больш прыбытковай выглядала купля тавараў у Кітаі. Натуральна, што туды можна было дабрацца толькі самалётам, таму гэта ўжо быў узровень далёка не для ўсіх іпэшнікаў, але менавіта тыя, хто самастойна адпраўляўся па тавары ў Кітай, зараблялі нашмат больш, чым тыя, хто «сядзеў» на Польшчы ці Маскве», — адзначае суразмоўца.

Мінск 1995 год. Фота: Becky Ruland

Удалы іпэшнік, які меў на рынку некалькі палатак ці павільёнаў, за 2-3 гады мог зарабіць сабе на кватэру ў Мінску.

Валютчыкі

Яшчэ адным сімвалам 90-х былі валютчыкі. Людзі з барсеткамі і калькулятарамі з аднаго боку парушалі Крымінальны кодэкс, а з іншага — проста выконвалі функцыі банкаў і пунктаў абмену валюты. Кліентамі валютчыкаў былі як дробныя прадпрымальнікі, перагоншчыкі аўто і чаўнакі, так і буйныя фірмы. Але самае цікавае, што працавалі яны ў кааперацыі з банкамі, у тым ліку і з Нацбанкам.

Адзін з былых валютчыкаў распавёў «Нашай Ніве», што ў 90-я сярэднестатыстычны беларускі «мяняла» меў штодзённыя абароты па 10000$. Дзённы заробак пры такіх раскладах складаў ад 100 да 300 даляраў. 

Апроч шалёных нават па цяперашніх мерках заробкаў, валютчыкі пападалі на не менш шалёныя грошы, калі траплялі ў рукі кампетэнтных органаў. У іх канфіскоўвалі не толькі тыя грошы, якія ў іх былі пры сабе на момант затрымання, але і іншую маёмасць. Праз высокія рызыкі застацца ні з чым, прадуманыя «мянялы» не мелі нічога каштоўнага ва ўласнасці.

Валюты ў банках амаль не было, таму, натуральна, прадаць даляры было прасцей, чым купіць, але здаваць у абменнік было нявыгадна, таму людзі звярталіся да валютчыкаў.

Былы валютчык згадвае, што проста купляць і прадаваць валюту без удзелу банкаў у большасці выпадкаў было немагчыма, паколькі для гэтага быў неабходны баланс паміж попытам і прапановай.

«З намі працавалі банкі, адзін час — сам Нацбанк, але працаваў ён толькі з вялікімі сумамі, ад ста тысяч даляраў. Вядома, не было такога, што кожны паасобку сустракаўся з Нацбанкам і вырашаў там пытанні. Для гэтага былі «спецыяльна навучаныя» людзі, якія збіралі грошы адразу ў некалькіх «мянял», — запэўнівае суразмоўца.

Ён разважае, што ў 90-х у валютчыках мелі патрэбу не толькі звычайныя людзі і прадпрымальнікі, але і сама дзяржава і банкаўская сістэма.

«Тады была вялікая інфляцыя, заніжаныя курсы, разбежка амаль двухразовая. Умоўна, калі курс у абменніках быў 2 рублі за даляр, то мы маглі купляць у людзей даляры па 3,5, а Нацбанк перакупляў іх у нас па 4. Лічы, 50 капеек з даляра ў кішэні.

Банкі працавалі з намі таму, што краіна мела патрэбу ў валюце, на той перыяд іх гэта задавальняла, бо яны не маглі паказваць рэальны курс, каб у краіне яшчэ больш не ўзрастала інфляцыя».

Кажуць, з «мяняламі» ў 90-х працавалі і досыць буйныя фірмы, у тым ліку замежныя.

***

Заўважна, што амаль усе, хто займаўся бізнэсам у 90-я, кажуць, што гэта быў час вялікіх магчымасцяў, нават нягледзячы на тое, што ў тыя часы сапраўды назіраліся пэўныя праблемы з крыміналам. Былыя і дзейныя прадпрымальнікі, якім давялося працаваць у тыя чысы, з сумам канстатуюць, што такіх «пад'емаў», як у 90-я, ужо ніколі не будзе.

«Гэта быў такі час, калі адна частка людзей хадзіла на працу і атрымлівала за месяц некалькі дзясяткаў даляраў, тады як іншыя зараблялі такія сумы за дзень, — згадвае адзін з прадпрымальнікаў. — Гэта быў шалёны перыяд, многія з тых, хто тады зарабляў вялікія грошы, вельмі часта гэтак жа хутка спускалі іх на вецер. Тады здавалася, што так будзе заўжды, праз гэта многія, хто ў 90-я быў забяспечаным чалавекам, пасля вярталіся на стары ўзровень, бо не ўсе разумелі, як прыстасавацца да новых умоў».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Дональд
    26.08.2022
    Больш з тых хто сапраўды “падняўся” ў 90я банальна раскралі дзярж маёмасць/ крэдыты

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў4

Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў

Галоўнае
Усе навіны →