Грамадства1313

«Мы вартыя свабоды». Знакамітая беларуска з Амерыкі пра досвед збору подпісаў на выбарах розных гадоў і тое, што варта рабіць беларусам за мяжой

Надзея Нортан яшчэ ў 2001-м спрычынілася да прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Ганчарыка. За гэты час ёй давялося шмат перажыць і ў выніку асталявацца ў ЗША, але ўсё гэта не прымусіла жанчыну змяніць свае прынцыпы. 

надзея нортан
Надзея Нортан. Фота: архіў гераіні

«Напэўна, лета-2019 было падрыхтоўкай да лета 2020 года»

Летам 2020 года, расказвае Надзея, яна адклала ўсе праекты, не звязаныя з Беларуссю, і цалкам сканцэнтравалася на грамадска-палітычнай дзейнасці ў Злучаных Штатах. Восенню таго ж года беларуска ініцыявала стварэнне на фэйсбуку суполкі беларусаў з розных штатаў, каб каардынаваць дзейнасць па падтрымцы Радзімы. Гэтая суполка потым ператварылася ў Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы, і Надзея стала яе першай прэзідэнткай. На сёння АБА — агульнанацыянальная беларуска-амерыканская арганізацыя, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі 25 супольнасцей з прыкладна 15 штатаў. 

Адначасова Надзея — нефармальная лідарка суполкі беларусаў Сан-Францыска (Belarus SF). З гонарам яна кажа пра тое, колькі праектаў ладзіць яе суполка, і пра самыя трывалыя з іх: «Вось ужо другі год запар мы кожны месяц збіраемся пісаць лісты і падпісваць паштоўкі для палітвязняў, а таксама стала дапамагаем тром сем’ям палітвязняў. Удзельнічалі ў мітынгу салідарнасці з Украінай, куды наша суполка беларусаў Сан-Францыска была афіцыйна запрошаная, прыйшло шмат беларусаў. Я, як лідарка, выступіла з прамовай у падтрымку Украіны, распавяла пра ўдзел Беларусі ў дапамозе Украіне і сканцэнтравалася на тым, каб падкрэсліць адрозненне свабоднай Беларусі ад Беларусі, якую прадстаўляе рэжым. Вельмі-вельмі добра сустрэлі прамову, украінцы падыходзілі і дзякавалі мне».

Апошні раз гэтая актыўная беларуска была на Радзіме летам 2019 года. Правяла там чатыры месяцы. Тое, апошняе перад небывалымі пратэстамі, лета Надзея ўспамінае як адметнае:

«У мяне асабіста было ўражанне, што я прыехала ў нейкую іншую краіну і іншы Мінск. Ніколі да гэтага не бачыла там такой колькасці падзей — культурніцкіх, грамадскіх, сацыяльных. Кожныя выхадныя праходзіла 5-6 падзей, і трэба было разарвацца, каб трапіць на іх усе, гэта вельмі ўражвала.

Мне здаецца, гэта адбывалася праз тое, што была пэўная лібералізацыя, прайшлі Еўрапейскія гульні і прыехала шмат замежнікаў, быў святочны настрой, і гэта вельмі разнявольвала людзей. Людзі хацелі ісці на вуліцы, удзельнічаць, спяваць і танцаваць.

Напэўна, лета 2019 года было падрыхтоўкай да лета-2020, бо такога вольнага лета ў Беларусі да таго часу я не памятаю. Быў выбух падзей, якія тым ці іншым чынам усё роўна былі скіраваныя на беларускую ідэнтычнасць.

Згадайце само адкрыццё Гульняў, якое рабіла ўлада, — ва ўсіх сківіца адвісла ад таго, што там адбывалася! Расказвалі і пра Вялікае Княства Літоўскае, і пра каштоўнасці, блізкія кожнаму беларусу».

надзея нортан
Надзея падчас лета-2019 у Беларусі. Фота: архіў гераіні

Надзея падкрэслівае, што на працягу ўсяго перыяду эміграцыі не губляе сувязі з Беларуссю і не лічыць гэта цяжкай задачай. На яе думку, калі ў чалавека ёсць жаданне падтрымліваць сувязь са сваёй краінай, праблемы ў гэтым няма, нават калі ты знаходзішся за межамі. 

«Калі пабачыла чаргу падпісантаў на Камароўскім рынку, плакала»

Нортан расказвае, што і ў 2020 годзе збіралася наведаць Радзіму і запісалася ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, каб узяць актыўны ўдзел у выбарах. Набыла квіток ледзьве не за тры месяцы да даты вылету, але пачалася пандэмія і ўсе палёты забаранілі.

Пазней, летам 2020-га, ужо можна было знайсці спосаб трапіць у Беларусь, але Надзея зразумела, што цяпер ёй варта быць у ЗША, каб арганізоўваць там беларускі рух салідарнасці. Хаця сэрца рвалася дахаты.

Нортан удзельнічала ў Плошчы-2006, памятае Плошчу-2010, але ў 2020-м, адзначае яна, усё было інакш — і рэч не толькі ў колькасці дэманстрантаў. Беларуска дзеліцца ўспамінамі з перадвыбарчых часоў:

«Першы раз, калі я адчула, што будзе нешта небывалае, — гэта калі ўбачыла водгук грамадства на заклік Віктара Бабарыкі запісацца ў ініцыятыўную групу, як там набралася каля 10 тысяч чалавек. Я сама ўдзельнічала як валанцёрка ў прэзідэнцкіх кампаніях 2001, 2006 і 2010 гадоў і памятаю, як цяжка было ўгаварыць людзей далучыцца да ініцыятыўных груп.

Не кажу пра падпісныя кампаніі, пра тое, як цяжка было збіраць подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты. І калі я першы раз пабачыла чаргу падпісантаў на Камароўскім рынку, ажно ад самога рынка ад метро, і ўсе гэтыя людзі, ад моладзі да старых, прыехалі туды самі… Я плакала, бо быў надзвычайны эмацыйны ўздым, адчуванне яднання з беларусамі. Тады я зразумела, што будзе нешта надзвычайнае, бо такога не бачыла ніколі».

Тады, лічыць Надзея, у свядомасці беларускага народа адбыліся тэктанічныя перамены, бо сотні тысяч беларусаў выйшлі для таго, каб выказаць сваё меркаванне. Так, Лукашэнка фактычна застаўся ва ўладзе, але ж гэта, паводле беларускі, проста вынік, расцягнуты ў часе, усё не магло адбыцца аднамомантна. Дзейная ўлада больш не задавальняе большасць беларусаў, а раней гэта не было так відавочна.

надзея нортан плошча 2006
Падчас Плошчы-2006 з паплечнікамі. Фота: архіў гераіні

У 2017 годзе Надзея пачала супрацоўнічаць з ініцыятывай ByHelp, тады ж пазнаёмілася анлайн з Аляксеем Лявончыкам і Андрэем Стрыжаком. У той час прайшлі маршы супраць закону аб дармаедах, пратэстоўцаў затрымалі і далі ім вялікія штрафы. Каб дапамагчы людзям іх сплаціць, стварылі ініцыятыву ByHelp і прапанавалі беларусам з усяго свету далучацца да яе і дапамагаць збіраць грошы.

Нортан прапанавала, каб грошы ў ByHelp маглі пералічваць і праз яе рахунак, бо, на думку жанчыны, беларусы ЗША будуць мець да яе большы давер, і з таго невялічкага кроку пачалася яе супраца з ініцыятывай. Зараз Надзея — адзін з публічных твараў борда ByHelp.

«Дзякуй Богу, што хоць у снах я наведваю Беларусь»

Што ёй рухае на гэтым шляху? «Перш за ўсё, я — беларуска, і ад таго, што я жыву ў ЗША, мне не менш баліць за Радзіму, чым беларусам у Беларусі. Мне хочацца паехаць дадому, мне сніцца мая краіна, і дзякуй Богу, што хоць у снах я яе наведваю. Часцей за ўсё ведаю ў снах, што не магу там быць, і адчуваю радасць за тое, што я ў сваёй краіне, але і боль.

Што мы можам зрабіць, каб наблізіць момант перамен і каб я ці іншыя беларусы маглі хутчэй прыехаць у Беларусь? Перш за ўсё, ствараць і падтрымліваць беларускую ідэнтычнасць тут.

Кожны раз, як я ладжу івэнты, прыязджаю да розных суполак беларусаў замежжа, адчуваю сябе як дома. Мне здаецца, зараз, калі столькі беларусаў замежжа актыўна заангажавана ў беларускі пратэст і не можа паехаць дахаты, надзвычай важна даваць ім магчымасць збірацца разам і адчуваць яднанне».

надзея нортан
Фота: архіў гераіні

Таксама Надзея тлумачыць, што чым мацнейшая беларуская дыяспара за мяжой, тым больш яна можа быць карыснай, у тым ліку людзям у Беларусі. Калі людзі з’яднаныя, яны хочуць разам нешта рабіць, і гэта тое, што зараз адбываецца. Цяпер значна больш людзей усвядоміла, што быць беларусам можна і за межамі Беларусі. Раней беларусы, кажа Нортан, збольшага хутка асіміляваліся ў краіне, куды пераязджалі: яны не забывалі свае карані, але, можа, праз боль, гналі іх ад сябе.

Моцная дыяспара азначае моцную метраполію, то-бок моцную Беларусь, і нарэшце беларусы ў вялікай колькасці пачалі гэта ўсведамляць. Надзея нагадвае, што з 2020 года вялікая частка фінансавай падтрымкі беларусаў ідзе ад дыяспар, і яна ведае, наколькі важна людзям у Беларусі бачыць гэтую падтрымку. Ды і на сёння беларускія дыяспары — гэта голас свабоднай Беларусі, бо людзі ўнутры краіны не могуць выказвацца. Надзея Нортан у 2023 годдзе стала сябрам Каардынацыйнай рады і віцэ-спікеркай фракцыі дыяспар «Адзінства па-над межамі», дзе прадстаўляе інтарэсы беларускай дыяспары.

Добра, а як не ператварыцца тады ў супольнасць беларускіх гета? Надзея лічыць, што беларусам ЗША гэта не пагражае — хутчэй, для іх, наадварот, важна ствараць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, бо яна ў іх часта дужа хісткая: «Калі мы праводзілі першы антываенны мітынг 25 лютага [2022 года], там было вельмі шмат беларускіх сцягоў, але ўжо на наступным мітынгу праз пару дзён я не пабачыла ні аднаго бела-чырвона-белага сцяга, хаця беларусаў на гэтым мітынгу было багата. Для мяне гэта яскравае сведчанне хісткай, нібыта размытай, ідэнтычнасці, а таксама неразумення, што бела-чырвона-белы сцяг якраз цябе абараняе, калі ты яго дастаеш, бо ты паказваеш, што ты вольны і свабодны беларус, які не мае дачынення да Лукашэнкі. Але на апошнім мітынгу людзі прынеслі свае сцягі і годна іх трымалі.

У нас, наадварот, стаіць пытанне стварэння і развіцця як мага большай колькасці суполак, куды можна было б прыйсці беларусам, гаварыць па-беларуску і адзначаць беларускія святы. Мы ў Сан-Францыска ладзім беларускія Каляды, і для большасці людзей гэта адкрыццё, яны або не ведалі пра такі абрад, або не ўдзельнічалі ў ім. А тут яны прыходзяць і адчуваюць сябе беларусамі, бачаць сваю культуру і хочуць мець да яе дачыненне».

надзея нортан каляды
Фота: архіў гераіні

Беларусы, кажа Надзея, выкарысталі ў ЗША ўвесь спектр пратэсту: палітычныя пікеты, петыцыі, маршы, ралі і іншае. У 2021 годзе да іх дадаліся яшчэ і культурніцкі, і спартовы кірунак. І калі культурныя падзеі — больш-менш тыповая рэч для дыяспар, то аб’ядноўвацца праз спорт беларусы спрабуюць не так часта.

Надзея расказвае, што ў пачатку 2021 года ў АБА прыдумалі праект «Падарожжа БЧБ» — падарожжа беларускага сцяга па Злучаных Штатах, каб праз яго перадачу беларусы трохі з’ядналіся. Усё пачыналася ў Сіэтле, потым сцяг перадалі ў штат Арэгон, а потым — на мяжу Арэгона з Каліфорніяй.

Там беларусы, якія ўдзельнічалі ў праекце, сустрэліся, папілі кавы і раз’ехаліся, а потым прыдумалі новую ініцыятыву: «Беларусы з Портлэнда (горад у штаце Арэгон. — «НН») Кацярына М. і Сяргей П. напісалі з прапановай стварыць беларускую каманду і паўдзельнічаць у мясцовай эстафеце Hood to Coast. Яна доўжыцца 200 міляў, то-бок прыкладна 320 кіламетраў, бяруць удзел каманды па 12 чалавек. Мы стварылі беларускую каманду пад назвай Team Belarus, рыхтаваліся да эстафеты паўгода. Пашылі бела-чырвона-белую форму і ў жніўні 2021 года разам з нашымі сцягамі прабеглі гэтую эстафету, пры гэтым ладзілі там раздачу ўлётак і збор грошай на падтрымку палітвязняў.

Мы тады вельмі натхніліся, і так утварыўся наш праект Sport for Solidarity. Беларусы ЗША прабеглі ўжо тры такія эстафеты, бегаем хутчэй, ды і людзей ад нас удзельнічае больш.

Але галоўная мэта — паказаць, што ёсць такая краіна Беларусь: проста надзвычайнае адчуванне, калі сярод тысяч удзельнікаў вядоўца прамаўляе: «Team — Free Belarus!»

«Быць свабодным чалавекам — вялікая адказнасць»

Надзея дзеліцца, што ніколі не хацела з’язджаць з Беларусі і зрабіла гэта толькі праз тое, што яе каханы муж — амерыканец. Зараз для яе вяртацца ў краіну небяспечна, але, калі зменяцца абставіны ў Беларусі і не будзе пагрозы арышту, Нортан жадае вярнуцца жыць у Беларусі і працаваць дзеля сваёй краіны ў самым любым для яе горадзе на планеце — у Мінску. Надзея, як і вельмі шмат хто з беларусаў ва ўсім свеце, бачыць сваю краіну свабоднай, такой, дзе паважаюцца законы і правы чалавека.

эстафета
Беларусы ЗША падчас адной з эстафет. Фота: архіў гераіні

Надзея згадвае сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім, калі ў 2021 годзе яна наведала яго выступ у Стэнфардскім універсітэце: «З таго часу ён знешне вельмі змяніўся, што не дзіўна, калі чалавек перажывае такія глыбокія эмацыйныя перамены. Але што тычыцца стрыжня, Зяленскі той самы. Мяне не надта здзівілі яго паводзіны, калі пачалася вайна. Я даўно сачыла за яго дзейнасцю, бо мы аднаго года нараджэння, да таго ж я сябравала з мінскай камандай КВЗ «ЧП», і неяк мы прыехалі з імі разам у Кіеў, дзе «ЧП» выступала разам з «95-м кварталам». Мы адной генерацыі, і было вельмі класна, калі я пачула, што гэты чалавек стаў прэзідэнтам Украіны.

Калі мы з ім сутыкнуліся ў Стэнфардзе, я пабачыла моцнага маладога палітыка з унутраным стрыжнем, які ўсведамляе, што і як ён робіць і за што выступае. Хлопец з Крывога Рога дасягнуў такіх высот спачатку ў шоу-бізнэсе, а потым у палітыцы — гэта пра нешта кажа. У нечым яго лёс падобны да лёсу Святланы Ціханоўскай: калі давялося, ён узяў на сябе вялікую адказнасць і праявіў сябе супергодна».

І беларусы таксама могуць, кажа Надзея. Ген дэмакратыі ў нас ёсць, бо мы ўсе — нашчадкі ліцвінаў, якія жылі ў краіне з першай у Еўропе і другой у свеце Канстытуцыяй пасля амерыканскай. У Вялікім Княстве Літоўскім шмат гарадоў мела магдэбургскае права, то-бок жыло па прынцыпе самакіравання, а гэта і ёсць адна з асноў дэмакратычнай Еўропы.

У адрозненне ад расіян, мы гэта маем у нашай гісторыі, і Нортан упэўненая, што калі з’явіцца такая магчымасць, нам будзе значна прасцей перайсці да дэмакратычнага ладу.

Зараз, лічыць Надзея, у нас падрыхтоўчы перыяд да гэтага. Вялікая частка беларусаў з’ехала, і мы атрымоўваем досвед жыцця і працы ў дэмакратычных краінах, бо адна справа — чытаць пра дэмакратыю, і іншая — спрабаваць укараніць яе ў сваёй арганізацыі. Надзея называе сябе непапраўнай аптымісткай і мяркуе, што ўсё ў Беларусі можа змяніцца ў адну хвіліну і беларусы вартыя свабоды. Быць свабодным чалавекам — гэта вялікая адказнасць.

«Хачу заахвоціць людзей быць карыснымі там, дзе яны ёсць. Калі ты пачынаеш штосьці рабіць, у цябе проста няма часу на спрэчкі і сваркі, абмеркаванні, хто мае рацыю, а хто не мае.

Мне здаецца, калі б беларусы зараз больш канцэнтраваліся на асабістай працы, а не на тым, што трэба рабіць іншым людзям, гэта дало б падставы для яшчэ большага аб’яднання і стварыла б добры падмурак для часоў, калі Беларусь вызваліцца, бо потым будзе вельмі няпроста», — папярэджвае на развітанне амерыканская беларуска.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«У Мінску меў кар'еру, а тут пачаў з маляра і жыву ў доме з джакузі». Як беларус перабраўся ў Каліфорнію

«Даставілі 150 хуткіх і 1500 ровараў». Беларус, які працуе ў Нідэрландах, збірае дапамогу для Украіны

«У мяне была гутарка з кадэбістам». Гісторыі замежнікаў, якія вывучылі беларускую мову ў дарослым узросце

Каментары13

  • Праўда коле вочы
    22.05.2023
    Мы нявартыя свабоды, мы баязліўцы, мы не здолелі абараніць сваё права на свабоду, мы збеглі і скуголім на захадзе і просім увесь свет дапамагчы.
  • Беларусы беларусы
    22.05.2023
    Цікава як беларусы ўяўлялі змены, у чарзе пастаялі, петыцыю падпісалі, на мітынг з кветкамі для ОМОНа выйшлі і што перамены мусілі адбыцца? Дурасць ня лечыцца
  • Лол
    22.05.2023
    Праўда коле вочы, скруголіце пакуль што толькі вы.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнтаў, якія вяртаюцца на канікулы з-за мяжы, апытваюць на граніцы сілавікі3

Падборка калядных дэсертаў: цытрусы ў шакаладзе, «снежныя» капкейкі і мандарынавая пана-кота4

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →