Грамадства44

«Пры затрыманні моцна білі, выціскалі яму вочы». Хто такі Павел Мажэйка, суд над якім пачынаецца сёння

Працэс над Паўлам Мажэйкам мае пачацца 10 ліпеня ў 14:15 у Гродзенскім абласным судзе. Пра тое, як Павел пазнаёміўся з жонкай, чаму яго паважалі сукамернікі і палітычныя апаненты і як ён тлумачыць дзецям, чаму не прыязджае да іх, «Радыё Свабода» расказалі ягоныя родныя, калегі, сябры.

Павел Мажэйка па выхадзе пасля затрымання ў сакавіку 2021 года. Фота: «Радыё Свабода»

Гісторык, журналіст, выдавец, двойчы палітвязень

Паўлу Мажэйку 45 гадоў. Нарадзіўся і жыве ў Горадні. Скончыў гістфак горадзенскага ўнівэрсытэту. Працаваў журналістам у горадзенскіх незалежных газэтах «Пагоня», «Дзень», інфармацыйным агенцтве «БелаПАН», на польскім тэлебачанні TVP. Стажыраваўся на «Радыё Свабода». На пачатку 2000-х cтаў адным зь першых палітзьняволеных журналістаў.

З 2007 году працаваў на «Белсаце», вёў праграмы «Два на два», «Госьць Белсату», гістарычнае шоу Intermarium, быў выканаўчым дырэктарам каналу. Калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» «экстрэмісцкім», Мажэйка спыніў зь ім супрацоўніцтва.

Падчас выбарчай кампаніі 2006 году быў за прэс-сакратара ў Аляксандра Мілінкевіча. Заснаваў кніжную сэрыю «Горадзенская бібліятэка». Ладзіў гістарычныя канфэрэнцыі. Праводзіў «Горадзенскія дыктоўкі». Стварыў у Горадні культурную пляцоўку «Цэнтар гарадзкога жыцьця». Трапіў у топ «Свабоды» асобаў апошняга дзесяцігодзьдзя, якія зрабілі Беларусь лепшай.

Пазьней Паўла адпусьцілі, справу супраць яго закрылі.

У 2022 годзе ён езьдзіў у Польшчу да жонкі і дзяцей. Калі ў жніўні 2022 году прыехаў у Беларусь, яго затрымалі і жорстка зьбілі. Вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

10 цікавых фактаў пра Паўла Мажэйку.

1. Прыйшоў у журналістыку ў 18 гадоў

Павел вучыўся на гістфаку, але настаўнічаў толькі падчас практыкі. Яшчэ студэнтам прыйшоў у Школу маладога журналіста. У 18 гадоў ён ужо друкаваўся ў газэце «Пагоня». Аляксандар Мілінкевіч тады працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, кантактаваў з медыя. Рэдакцыя «Пагоні» месьцілася ў будынку гарвыканкаму.

«Паша пісаў добрыя рэчы. Яго цанілі ўжо тады. Бог даў яму такі дар, што зь ім было прыемна, цікава, хацелася размаўляць. Ён абаяльны. Ёсьць людзі, за якімі ідуць», — апісвае свайго будучага партнэра палітык.

Мажэйка супрацоўнічаў таксама з агенцтвам «БелаПАН», пісаў па 8—10 зацемак у дзень.

«Я ягонае імя запомніла. Думала, вельмі талкова напісаная інфармацыя», — успамінае жонка Паўла, журналістка Ірына Чарняўка.

Павел Мажэйка і Ірына Чарняўка. Фота: «Радыё Свабода»

2. З жонкай пазнаёміўся ў рэдакцыі

Калі ў 2001 годзе закрылі «Пагоню», Ірына Чарняўка разам з Анджэем Пісальнікам спрабавалі стварыць незалежную газэту «Рэпарцёр». Аднак улады яе не рэгістравалі. Каб зарабіць, у рэдакцыі набіралі тэксты за грошы. Павал надыктоўваў там сваю дыплёмную працу пра грамадзкія арганізацыі 1990-х гадоў у Горадні.

«Я сядзела сьпінай, слухала і думала: «Які разумны хлопец!» Павярнулася: «Яшчэ і прыгожы!» Тады я яго заўважыла», — успамінае Ірына.

Камунікаваць з Паўлам аказалася няпроста.

«Ён добразычлівы, усьміхаецца. Але твае спробы дазнацца пра яго больш тонуць у багне, разьбіваюцца аб усьмешку. Насамрэч Паша даволі закрыты чалавек», — камэнтуе Ірына.

Ірына Чарняўка. Чэрвень 2023 года. Фота: «Радыё Свабода»

Сустракацца яны пачалі ўвосень 2001 году падчас экскурсіі журналістаў у Косава.

«Я спазьнілася на аўтобус, і было толькі адно свабоднае месца — каля Пашы. Ён яго адмыслова трымаў. Едучы туды, ён мяне ўзяў за руку. Я ня памятаю, як было падчас гэтай паездкі, але памятаю гэты момант», — успамінае Ірына.

Пасьля экскурсіі Павел праводзіў яе дадому.

«Было паганае надвор’е: мароз толькі схапіўся і дробны дождж. Я бяз шапкі. Паша даў мне сваю кепку. Уяўляю, што выглядала я зусім не фантан. Было даволі цёмна. Ты ідзеш па вуліцы і сьлізгаесься. Але Паша трымаў мяне за руку, і я была проста ўся ў ягонай далоні. І дагэтуль я адчуваю, што я ў гэтай надзейнай, цёплай, моцнай далоні», — кажа жонка Паўла.

3. На «хіміі» пілаваў дошкі

У 2002 годзе Паўла Мажэйку і рэдактара «Пагоні» Міколу Маркевіча асудзілі на «хімію» за «паклёп на Лукашэнку», які ўгледзелі ў матэрыялах газэты. Працэс быў гучны. «Пагоню» закрылі. Паўла накіравалі ў Жлобін.

Маладыя бачыліся і падчас зьняволеньня. Ірына прапанавала напісаць пра першых палітзьняволеных беларускіх журналістаў газэце «Московский комсомолец» в Беларуси». Яны пагадзіліся, далі пасьведчаньне.

Павел Мажэйка перад хіміяй у 2002 годзе. Фота: «Радыё Свабода»

«Хлопцы рамантавалі будынак, зь якога ў 1990-я зьнялі герб «Пагоня» і паклалі ў падвал. Выразаная з дрэва «Пагоня» на чырвоным фоне. Яны яе падарылі Пашу. Паша з «хіміі» прыехаў з «Пагоняй». Даволі доўга тыя хлопцы яшчэ тэлефанавалі Пашу, перапісваліся. Брацтва ня зьнікла», — расказвае Ірына.

Яна некалькі разоў прыяжджала да Паўла на «хімію» ў госьці, пару разоў яго адпускалі за добрыя паводзіны дадому на выхадныя. Праз сем месяцаў ён выйшаў на волю па амністыі.

4. Працаваў прэс-сакратаром Мілінкевіча

У 27 гадоў Павел стаў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча. Часова пераехаў у Менск.

Аляксандр Мілінкевіч і Павел Мажэйка. Фота: «Радыё Свабода»

«Я падумаў: ранавата, малады, можа, на яго ня прыйдуць дасьведчаныя журналісты. Але ён так хутка апанаваў гэтую працу, быў цікавы, здолеў адказваць на пытаньні журналістаў і безь мяне», — камэнтуе Мілінкевіч.

Ён адзначае, што Павел умеў «разруліць» напружаныя моманты на сустрэчах з выбарцамі, замежным журналістам было зь ім лёгка супрацоўнічаць.

«Ён быў абазнаны і заангажаваны. Яго слухалі. Уменьне Паўла паважаць розныя погляды, ягоная тактоўнасьць працавала. Уменьне аб’ядноўваць людзей», — апісвае паплечніка кандыдат у прэзыдэнты.

«Там была заля нагнаных казакоў, ідэолягаў. Мне падабалася, якая сыграная каманда была ў Пашы з Аляксандрам Уладзіміравічам. Мілінкевіч вытрымліваў любыя пытаньні, не адыходзіў ад свайго спакойнага, інтэлігентнага, добразычлівага тону, а Паша перарываў пытаньні, перадаваў слова іншаму. Быў «злым паліцэйскім», — успамінае паездкі выбарчага штабу па рэгіёнах Ірына.

5. Пачаў насіць гарнітуры дзеля працы на «Белсаце»

Павел працаваў на тэлеканале «Белсат» ад моманту ягонага стварэньня. З дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай яны пазнаёміліся два гады раней. У 2005 годзе ўлады Лукашэнкі раскалолі Саюз палякаў Беларусі, у сядзібу СПБ прыйшоў АМАП. Пад будынкам мітынгавалі гараджане. Рамашэўская прыехала туды як журналістка.

«Убачыла хлопца ў белай кашулі, падставіла яму мікрафон. Ён стаў гаварыць па-польску: «Вы, палякі, цяпер намі цікавіцеся, але потым Лукашэнка вам нешта дасьць, і вы пакінеце нас адных». Я зьдзівілася», — успамінае знаёмства з Мажэйкам Рамашэўская.

Агнешка Рамашэўская і Павел Мажэйка

Потым яны пачалі супрацоўнічаць і сябраваць. Дзеля ролі тэлевядоўцы Павел пачаў насіць гарнітуры.

«Дзіма Гурневіч (сувядоўца ў праграме. — РС) быў у гальштуку. Паўлу мы прыдумалі такі стыль: у расхрыстанай кашулі, бяз гальштука. Паша тады худнеў, прыдумаў, што будзе есьці кожныя 5 гадзін», — успамінае дырэктарка тэлеканала.

Фота: «Радыё Свабода»

Яна адзначае, што быць шэфам Паўла было няпроста. Ён заўжды абіраў тое, што ўжо вырашыў, пераканаць на іншае яго было немагчыма. Калі сутыкаўся з канфліктам інтарэсаў на працы, то проста адступаў.

«Я нават злавалася на яго, казала: «Павел, змагайся!» — «Не, я выходжу». Ён быў катом, які ходзіць сваімі сьцежкамі. Ён ляяльны, але невядома, ці пойдзе ён той самай дарогай, што і ты. Ён любіў мець свой калектыў. Не любіў быць падуладным», — апісвае супрацоўніка дырэктарка тэлеканалу.

Павел шмат вазіў Агнешку па Беларусі, паказваў ёй месцы і людзей.

«У Пашы быў намер паказаць мне Беларусь. Паша — вялікі патрыёт, хоць ён маласэнтымэнтальны чалавек. Ён ня быў, прабачце, тупым нацыяналістам, разумеў дасканала гісторыю гэтай зямлі. Вельмі лёгка навязваў кантакт зь людзьмі па дарозе: прадавачка ў краме, манахіня пры касьцёле, парцье ў музэі. Вельмі рэдка Паша ўваходзіў у канфлікт», — успамінае Агнешка Рамашэўская.

6. Дома — некалькі тысяч кніг

У 2006 годзе Мажэйка быў адным з заснавальнікаў незалежнай кніжнай сэрыі «Горадзенская бібліятэка». У сэрыі выйшлі дзясяткі кніг: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мэмуары, эпісталярная спадчына, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Горадні.

Павел Мажэйка з сынам Юркам

Дома ў сям’і цяпер некалькі тысяч кніг, як расказвае жонка. Павел стараўся набываць усе навінкі беларускай літаратуры. Ён любіў чытаць і абмяркоўваць кнігі зь дзецьмі.

«Ён чытаў Нусі дзіцячыя кніжкі, потым усё больш дарослыя. Мы вельмі любілі, асабліва на вёсцы, выбраць кніжку і чытаць яе ўголас некалькі вечароў. Прыкладам, «Трое ў лодцы і пёс зь імі». Рагаталі ўсе. Гэта заўсёды былі прынцыпова беларускамоўныя кніжкі», — расказвае Ірына.

7. Дбае пра традыцыі

Павел дасьледаваў свой род, дайшоў да XVII стагодзьдзя. Ягоныя продкі былі сялянамі, увесь час жылі на адным месцы, каля Горадні. Гарадзенец аднавіў там стагадовую бабуліну хату.

«Для яго прынцыпова было захаваць тое, што было, а ня зносіць і будаваць наноў. Ён зрабіў гэтую хату ад пачатку да канца», — расказвае Ірына.

Павел разам з сынам Юркам гаспадараць у вясковай хаце, 2020 год, архіўнае фота

Адзін зь беларускіх гісторыкаў ананімна расказаў «Свабодзе», што на пачатку 2000-х гадоў Павел браў удзел у экспэдыцыі ў Пінскім раёне. Запісвалі ўспаміны пра прэм’ер-міністра ўраду БНР Рамана Скірмунта. Парадкавалі пахаваньні Скірмунтаў.

Павел сачыў за захаваньнем традыцый на сьвяты.

«Ён дбаў, каб было 12 страваў на Каляды, нават на «хіміі». Мама зварыць куцьцю, Паша прывязе яе. Дбаў, каб былі аплаткі, каб зачыталі малітву», — расказвае жонка.

Блізкія адзначаюць, што Павел любіў зьесьці смачную ежу, выпіць добрага віна, таксама любіў гатаваць.

«Калі Паша пачынаў апавядаць, як і дзе ён паеў у падарожжы, я мусіла слухаць уважліва, бо гэта важна. Што яны там рабілі, было ня так важна», — расказвае Ірына.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні, які адкрыў Павел Мажэйка, архіўнае фота

«У гэтым была яшчэ адна прыемнасьць падарожнічаць з Паўлам. Мы прыдумлялі, што лепей зьесьці, якое віно купіць. Ён можа бяз гэтага абысьціся, але ён троху сыбарыт», — мяркуе Агнешка Рамашэўская.

Павел займаўся выхаваньнем дзяцей, Нінцы — 11 гадоў, Юрку — 4,5 года. Завозіў іх на заняткі, на трэніроўкі, у школкі.

«Паша — вельмі добры бацька. Яны, бывала, дурэлі зь дзецьмі. Я забараняла ім дома гуляць у мяч. Паша казаў: «Мама сказала ня гуляць у мяч. Мы ня будзем гуляць у мяч». А потым бачу, як ён з хітрай усьмешкай падкідае гэты мяч малой. Малая рагоча. Як толькі я на іх паглядзела, робяць сур’ёзныя вочы, нібыта нічога не адбывалася. Яны скалацілі банду Мажэйкаў», — расказвае Ірына.

Павел гуляе з дачкой Нінкай у мяч, 2020 год, архіўнае фота

8. Пры апошнім затрыманьні Паўла жорстка зьбілі

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 году, калі ён прыехаў у Беларусь. У той дзень ён выйшаў з дому, каб ехаць на вёску пакасіць траву.

Як расказаў сваякам былы сукамэрнік Мажэйкі, Паўла пры затрыманьні моцна білі, выціскалі яму вочы. Сінякі з вачэй доўга не сыходзілі. Сьляды ад моцна заціснутых кайданкоў на руках заставаліся нават праз паўгода.

«Які сэнс гэтага зьбіцьця? Ён дакладна не супраціўляўся. Павел умее камунікаваць з органамі. Гэта чалавек, які ўмее дамовіцца з усімі», — кажа жонка.

Спэктакль у «Цэнтры» на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году, архіўнае фота

У турме Павел вучыць італьянскую мову па турэмным падручніку. Займаецца спортам. У камэры ладзілі чэмпіянат па даміно, Павел выйшаў пераможцам. Яму сталі перадаваць прэсу. Ён хоча выпісаць часопіс па мастацтве. Не прапускае прагулкі ў дворыку, ужо загарэў.

9. Піша дзецям лісты з турмы

Павел перапісваецца зь дзецьмі з турмы. Прыдумляе для старэйшай дачкі тэсты. Сыну малюе малюнкі па клетачках, каб той дамалёўваў. Стварыў крыжаванку пра жыцьцё сваёй сям’і. Дзеці малююць яму малюнкі. Малы Юрка амаль палову свайго жыцьця ня бачыў бацькі, бо той ці ня год быў невыязны зь Беларусі, цяпер 9 месяцаў у турме.

Ірына Чарняўка з Нінкай і Юркам, 2023 год

«У Юркі быў пэрыяд, што ён з усімі штодня размаўляў пра тату: зь няняй, у садочку, зь сябрамі. Ён ніяк ня мог зразумець, чаму тата не прыяжджае. «Тады я сам да яго паеду, я сяду ў цягнік і паеду. Палячу на самалёце да таты». Ці ідзём з садочку: «А тата ўжо дома?» Ягоная сябровачка кажа: «Мой тата нас забярэ на машыне». А Юрэц кажа: «А калі мяне тата забярэ на машыне?» — пераказвае словы малога маці.

Яна кажа, што сыну цяжка патлумачыць, чаму тата ня можа прыехаць. Павел напісаў сыну з турмы сваю вэрсію.

«Тата сказаў, што ён паехаў у Беларусь, бо там у лесе ёсьць беларускія дыназаўры, а Юрка вельмі любіць дыназаўраў. Тата ловіць беларускага дыназаўра, і як толькі зловіць, то адразу прыедзе. Юрка стаў прасіць, каб тата прывёз дыназаўра да яго. У Юркавым сьвеце ўсе дыназаўры добрыя», — расказвае маці.

10. Працуе дзеля Горадні і Беларусі

Сэнс жыцьця Паўла Мажэйкі — працаваць дзеля Горадні, як кажуць ягоныя сябры і паплечнікі.

«Паша знайшоў сябе ў тым, што жыве і працуе ў сваім родным горадзе. Ён у сябе дома. Працуе дзеля свайго гораду, дзеля свайго дома, дзеля людзей, якіх ведае і любіць», — кажа Ірына.

Жонка тлумачыць, што прынцыповым выбарам Паўла было жыць у Беларусі.

«Ён ня зьехаў і ня зьедзе. Ён ня зьехаў 20 год таму, хоць яму прапаноўвалі», — кажа Ірына.

Сакавік 2021 года. Фота: «Радыё Свабода»

Падчас крымінальнай «справы аб карціне» ў 2021 годзе жонка прасіла Паўла прыехаць і дапамагчы ёй зь дзецьмі, але ў яго была падпіска аб нявыезьдзе.

«Ён лагодна тлумачыў, што зьедзе толькі тады, калі ў яго на гэта будуць юрыдычныя правы. Уцякаць з краіны ня будзе. Я ведаю, што і цяпер, калі б здарыўся цуд і Пашу б вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, ён ня зьедзе, бо ніхто яго са сваёй зямлі ня выганіць, бо ён ні ў чым не вінаваты, бо для яго невыносная была б сытуацыя, калі Беларусь для яго за непраходнай мяжой», — кажа жонка.

Каментары4

  • Інгвар
    10.07.2023
    "Ня ў чым невінаваты" - на жаль, не аргумент для людажорскай машыны, пабудаванай пасл 2020 году. Колькі невінаватых сядзяць, а колькі невінаватых з'ехала.
  • Жыве Беларусь!
    10.07.2023
    Слава герою! Не забудем, не простим.
  • Павеук
    10.07.2023
    маньяки садисты служаки умалишенного пожизненно будете сидеть!

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

Наколькі эфектыўныя біялагічныя дабаўкі з магніем?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →