Фота: freesportunity / Instagram

Фота: freesportunity / Instagram

«Наша Ніва» пагутарыла з Марыяй Журавай, генеральнай сакратаркай ініцыятывы. Журава — спартовая юрыстка, працавала ў аргкамітэце мінскіх Еўрапейскіх гульняў і супрацоўнічала з палітзняволеным адвакатам Аляксандрам Данілевічам.

Паводле Марыі, FreeSPOrT мусіць стаць платформай, дзе праз спорт могуць аб’ядноўвацца людзі з рознымі думкамі і меркаваннямі і знаходзіць паразуменне. Яе стваральнікі-беларусы імкнуцца супрацоўнічаць і з прадстаўнікамі іншых краін, мэта — міжкультурны абмен і якасная камунікацыя дзеля сацыялізацыі людзей і развіцця грамадскай супольнасці. 

У стварэнні арганізацыі акрамя Журавай удзельнічаў былы гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі, знакаміты беларускі самбіст Сцяпан Папоў і Вераніка Бяляўская, экспертка з досведам нефармальнай адукацыі. 

Адзін з кірункаў працы арганізацыі — абарона спартоўцаў, Justice for SPOrT. Марыя як спартовая юрыстка і Міхаіл як спартовы менеджар маюць досвед падтрымкі спартоўцаў, якія сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у розных формах, і кантакты, якія дапамагаюць гэта рабіць. Але арганізацыя не прысвойвае сабе ролю прадстаўніцтва беларускага прафесійнага спорту, такую дзейнасць тут плануюць ладзіць толькі на запыт канкрэтных спартоўцаў. Журава тлумачыць, што займаецца абаронай правоў спартоўцаў з 2016 года. Расказвае, што пачынала кар’еру з удзелу ў допінгавых справах у дачыненні да беларускіх спартоўцаў у грэблі на каноэ і не толькі. 

Цяпер Марыя займаецца пытаннем допуску беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму, да міжнародных спаборніцтваў.

Але ходу гэтых працэсаў не каментуе — просіць пачакаць вынікаў. Дзеліцца толькі, што на гэты конт FreeSPOrT працуе ў тым ліку і з міжнароднымі арганізацыямі. Гэта і польскае Мінспорту, і міжнародныя федэрацыі розных відаў спорту, і грамадскія аб’яднанні, якія займаюцца аматарскімі турнірамі і марафонамі. Юрыстка падкрэслівае: права на ўдзел спартоўцаў у спаборніцтвах не мусіць быць заснаванае выключна на грамадзянстве спартоўца.

Таксама, расказвае Журава, арганізацыя будзе займацца нефармальнай адукацыяй: «Адна з нашых заснавальніц, Вераніка Бяляўская, мае досвед еўрапейскай адукацыі, у тым ліку праз праграму Erasmus. Наша мэта — абмяркоўваць праблемы супольнасці, знаходзіць рашэнні. Мяркуем, што да новых ведаў можна імкнуцца праз практыку».

FreeSPOrT плануе арганізоўваць аматарскія турніры, сяброўскія матчы, сямейныя выхадныя і іншыя спартовыя мерапрыемствы па розных відах спорту — не толькі па распаўсюджаных футболе, баскетболе, валейболе, але і па больш экзатычных відах накшталт сёрфінгу на сапах.

Першыя мерапрыемствы адбудуцца ўжо хутка. 19 жніўня ў Варшаве пройдзе футбольны Кубак Івуліна, на які зарэгістраваныя 30 каманд, разглядаецца ўдзел каманд з Польшчы і Украіны. 

А 29 ліпеня FreeSPOrT арганізуюць у польскім Сопаце турнір па пляжным валейболе. Сярод удзельнікаў — тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі, баскетбаліст Мікіта Мешчаракоў і экс-плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая раней кіравала Фондам спартовай салідарнасці. Журава ўдакладняе, што на сёння Герасіменя толькі гуляе за FreeSPOrT на валейбольнай пляцоўцы, пра нешта большае гаворкі не ідзе.

Марыя дзеліцца, што FreeSPOrT імкнецца ўзмацняць сувязі паміж беларусамі, каб на адной платформе аб’яднаць людзей з рознымі цікавасцямі і меркаваннямі. Бюджэт арганізацыі яшчэ распрацоўваецца, і з цягам часу НДА плануе займець разнастайныя крыніцы фінансавання для большай устойлівасці. Паводле Марыі, FreeSPOrT плануе і камерцыйную актыўнасць.

«Балі і абдыманкі з Лукашэнкам — не палітыка?» Спыталі ў сумленных спартсменаў, ці варта зняць спартовы бан з Расіі і Беларусі

Папоў: Наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%, і яно вылезе

Ад Швейцарыі да Новай Зеландыі. Пяць крутых футбалістак з жаночага чэмпіянату свету

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?