Такога цнатлівага пакалення даўно не было. Вось што вядома пра моладзь 13-24 гадоў
Навукоўцы высветлілі, што цяперашняй моладзі не падабаюцца сэксуальныя сцэны ў кіно. І не толькі гэта.
Сацыёлагі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў межах даследавання «Падлеткі і экран» прыйшлі да высновы, што прадстаўнікі пакалення Z больш цікавяцца сюжэтамі фільмаў і серыялаў, дзе галоўнай тэмай з’яўляюцца платанічныя сяброўскія адносіны, а не сэкс-сцэны. Пра гэта піша выданне Euronews.
Навукоўцы правялі апытанне сярод 1500 маладых людзей 13-24 гадоў. Больш за палову з іх (51,5%) прызналіся, што ім падабаюцца фільмы, дзе галоўнае месца займаюць сяброўскія адносіны. Нягледзячы на папулярнасць такіх шоу, як «Палавая адукацыя» і «Эйфарыя»,насычаных эратычнымі сцэнамі, амаль палова апытаных лічыць, што большасць фільмаў і серыялаў магла б абысціся без такой колькасці сэксу, а 44,3% увогуле сцвярджаюць, што тэма кахання ў медыяпрасторы з’яўляецца зачаста.
Сацыёлагі, якія праводзілі даследаванне, нават далі гэтай з’яве назву «ноўманс» (nomance, аб'яднанне англійскіх словаў no і romance, ці проста адмаўленне рамантыкі).
У чым прычыны такой з'явы? Даследчыкі сцвярджаюць, што вінаватыя пандэмія каранавіруса і сацыяльная ізаляцыя, падчас якой у моладзі з’явіўся запыт на больш здаровыя адносіны і ў жыцці, і на кінатэлеэкранах.
«Маладыя людзі адчуваюць недахоп блізкіх сяброўскіх адносін, адрыў ад грамадства і тое, што лічбавая ідэнтычнасць выцясняе рэальны свет», — тлумачыцца ў эсэ, прысвечаным вынікам даследавання.
Рэч не ў тым, кажуць эксперты, што моладзь не цікавіцца сэксуальнай тэматыкай у кіно і медыя, а ў тым, што яны хочуць бачыць розныя віды адносін.
Рост тэндэнцыі «ноўмансу» таксама спалучаецца з вынікамі даследаванняў, якія выявілі паніжэнне сэксуальнай актыўнасці сярод прадстаўнікоў пакалення Z.
Па даных апытання Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, якое праводзіцца раз у два гады, у 2021 годзе толькі 30% непаўналетніх падлеткаў ужо ўступалі ў сэксуальныя адносіны, што на 8% ніжэй, чым у 2019 годзе. У папярэднія дзесяцігоддзі гэта здаралася з 50% падлеткаў.
Як кажуць навукоўцы, гэта добрая з’ява, пры ўмове, што расце колькасць людзей, якія свядома не ўступаюць у палавыя кантакты ў раннім узросце, але і вырашаюць скараціць колькасць сэксуальных партнёраў. З другога боку, гэта можа быць таксама негатыўнай праявай таго, што ўсё больш маладых людзей маюць складанасці з завязваннем афлайнавых адносін з процілеглым полам.
Каментары