«Тэлефон хавалі ў матрац». Былы палітвязень апісаў, як у камеру да Эдуарда Бабарыкі трапіў мабільнік
Былы палітвязень згадаў гісторыю, як у камеры СІЗА на Валадарцы, дзе сядзеў Эдуард Бабарыка, з'явіўся мабільны тэлефон.
«Нейкім цудам Дзімка змог дамовіцца…»
Як апісаў палітвязень, тэлефон трапіў у камеру праз карупцыю, якая квітнее ў СІЗА.
Цана забароненых рэчаў залежыць ад габарытаў і колькасці пасярэднікаў (так, сушы сэт можна было «замовіць» за 200 рублёў). Тэлефон у камеру з палітычным трапіў праз увішнасць аднаго з сукамернікаў — ён называецца Дзімкам. Як той дамовіўся і колькі ў выніку давялося заплаціць, не вядома. Але, піша палітвязень, сувязь са знешнім светам у СІЗА каштуе нятанна — 250 даляраў за месяц, плюс трэба плаціць за сам пранос.
«Хлопцы шыфраваліся, каб не спаліцца. Тэлефон зараджалі ўдзень, бо зарадную прыладу можна было проста схаваць у кучы правадоў. Увесь астатні час тэлефон хавалі ў матрац. І толькі ўвечары, за гадзіну да праверкі, можна было выйсці на сувязь. Бачылі б вы твары Дзімкі і Эдзіка, калі яны ў першы раз датэлефанаваліся сваім родным па такой разлуцы… Чулі б вы гэтыя кранальныя, поўныя любові размовы Эдзіка з Аляксандрай. Або як Дзімка спрабаваў пазабаўляць сваю дачку. Я прынцыпова не хацеў «засмечваць» эфір. Усё роўна выйду праз два тыдні. Няхай лепей хлопцы ўдосталь нагаворацца.
Праз мабільны падключылі да інтэрнэту тэлевізар. І вось мы ўжо займаемся спортам не пад тупыя ранішнія шоу па АНТ, а пад нармальную музыку. Штовечар глядзім клёвы фільм.
Толькі праз тыдзень пасярэднікі, якія дапамагалі з праносам тэлефона, зразумелі наколькі пралічыліся. У камеры палітычны і яшчэ якой велічыні. Ох і разнос учынілі Дзімку, за тое, што дазволіў Эдзіку карыстацца мабільным. Відаць, непакоіліся, што Бабарыка-малодшы будзе зліваць якуюсьці інфу, якая можа паўплываць на ход скляпанай супраць яго справы. Ужо тады стала зразумела, што мабільны прабудзе ў камеры нядоўга».
Былы палітвязень піша, што нейкі час пасля свайго суда быў з хлопцамі на сувязі, але праз месяц камунікацыя абарвалася. Пазней той акаўнт у тэлеграме быў выдалены.
«Чуў падобнае, але ставіўся скептычна»
«Наша Ніва» запытала ў былых сядзельцаў Валадаркі, ці сутыкаліся яны з падобнымі гісторыямі.
Былы палітзняволены Анатоль праседзеў на Валадарцы паўтара месяца, і для яго такое ўявіць складана, бо ў камерах правяралі рэчы металашукальнікамі.
«Павінна быць змова многіх ахоўнікаў, якія ведаюць, дзе шукаць у камеры не трэба. Калі ж у камеры сядзіць «знакавы нявольнік», то за ёй асаблівая ўвага», — лічыць ён.
Але гісторыю з мабільным тэлефонам у камеры і яму даводзілася чуць ад крымінальніка з Валадаркі. Да яго аповеду Анатоль паставіўся скептычна і не напружваўся запамінаць дэталяў.
Анатоль большую частку прысуджанага тэрміну адбываў на «Віцьбе».
Там быў выпадак, калі супрацоўнік калоніі перадаў крымінальнікам мабільны тэлефон. У калоніях гэта зрабіць прасцей, чым у ізалятарах, бо забароненае схаваць ёсць дзе.
Улетку 2022 года аператыўнік Аляксей Баравы пранёс мабільны і стэроіды для групы асуджаных па крымінальных артыкулах. Гэтае багацце тыя хавалі на прамзоне ў металаломе. Гісторыя скончылася тым, што хтосьці данёс на арыштантаў. Іх кінулі ў ШІЗА і там выпытвалі акалічнасці здарэння.
Таго, хто здаў вінаватых, выбавілі ад адказнасці, а для іншых зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання. Аператыўніка звольнілі і распачалі супраць яго крымінальную справу.
Анатоль цвердзіць, што цяпер у калоніях выпадкі, звязаныя з праносам арыштантам забароненых рэчаў, адзінкавыя. Гадоў дзесяць таму, як расказвалі яму бывалыя арыштанты, іх было шмат.
«Трапіла выпадкова карта памяці»
Былы палітвязень Даніла аб апісанай гісторыі з тэлефонам кажа, што для вязніцы «нічога немагчымага няма».
Тыя, хто трапляе за краты не за палітыку, бываюць падрыхтаваныя да нявольніцтва і адчуваюць сябе ў ім інакш, чым палітычныя. «Могуць яшчэ перад пасадкай крыху саломкі сабе падаслаць», — заўважае ён.
Сам Даніла, пакуль сядзеў на Валадарцы, не чуў, каб у камеры траплялі тэлефоны. Аднойчы толькі «зайшла выпадкова» карта памяці. «Можа, хто кемлівы, і тэлефон зможа заслаць. Але, мне падаецца, гэта выключны выпадак», — мяркуе ён.
Даніла падкрэслівае, што за карупцыю на Валадарцы «рэальна шчэмяць». Напрыклад, за яго адседку прыбралі магчымасць атрымаць дадатковы душ за шакаладку ці цыгарэты.
Па яго словах, «кантрабандныя шляхі» перакрыюцца, як толькі пра іх даведваецца адміністрацыя вязніцы.
«Тэлефонам карыстаюцца да першага грунтоўнага агляду камеры»
Гісторыя з тэлефонам у камеры Валадаркі вядомая былой палітзняволенай Настасся.
Яна кажа, што мабільным разжыліся крымінальнікі, а з імі сядзелі палітычныя. Па яе словах, у сацыяльных сетках «нават павінны гуляць фотаздымкі, на якіх арыштанты сядзяць на шконках».
Жанчына падкрэслівае, што валоданне тэлефонам у камеры задаваленне не таннае і яго могуць сабе дазволіць толькі заможныя крымінальнікі. Палітычным праносіць мабільны не сталі б.
Паводле яе, тэлефонам арыштанты карыстаюцца да першага грунтоўнага агляду камеры ахоўнікамі з металашукальнікам.
Караюць хутчэй за ўсё таго, у каго знойдуць мабільны. Могуць пазбавіць бонусаў і ўсю камеру, але наўрад ці адміністрацыя стане разбірацца, як прылада трапіла ў яе.
Настасся мяркуе, што на Валадарцы ахоўнікі не асабліва даражаць сваімі пасадамі. У вязніцы не хапае супрацоўнікаў і нават з Акадэміі МУС вадзілі курсантаў, каб з іх набраць персанал. Наўрад ці, лічыць суразмоўніца, ахоўнікаў за тэлефон у арыштанта звальняюць, а пагатоў садзяць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Валерыя Чарнаморцава: Заехала на Валадарку ў «Ноч расстраляных паэтаў»
Каментары
а ўвогуле, ранавата такія шчырыя мэмуары пісаць - пісаць-та можна, але трэба думаць, ці не падставіш ты чымсці таго, хто за кратамі
і якой? сын банкіра па імені Эдзік будзе клапаціцца пра беларусаў?