«Дзіўнае сацспаборніцтва, хто больш напрызнае». ТГ-канал, які звязваюць з Маркавым, пакрытыкаваў сілавікоў за тое, што экстрэмістамі сталі ўсе
Нагодай для крытыкі стаў «погляд збоку» вядомага расійскага прапагандыста Рыбара, які незадоўга да гэтага наведаў Мінск. Сваімі ўражаннямі той падзяліўся ў эфіры іншага расійскага канала прапаганды SolovievLive.
Расійскі блогер пабываў у Беларусі, і яго ўражанні — што там поўны правал у інфармацыйнай сферы. Інфармацыйнае поле настолькі зачышчана, што «ўсе беларусы прызнаюць, што ў іх настроі блізкія да 2019 года, калі «ўсё добра, роўна, праблем няма».
Але, па словах блогера, «любы вакуум трэба запаўняць. Цяпер у краіне адсутнічаюць квазіапазіцыйныя СМІ, няма ўмоўных RTVI, «Фантанкі», яшчэ чагосьці, што магло б прапанаваць альтэрнатыву.
Цяпер на тэлебачанні самая папулярная перадача, гэта, даруй божа, камунальныя паўгадзіны. Калі людзі проста звоняць у эфір і кажуць: «А ў мяне трубу прарвала». І гэта самая рэйтынгавая перадача на мясцовым тэлебачанні».
«Узнікае пытанне: «Хлопцы, што вы чвэрыце?» — «А што можна зрабіць?» — «Тое, тое і тое». — «А хіба так можна?» — «Так, можна». — «А мы не ўмеем». І на гэтым усё», — падзяліўся ўражаннямі Рыбар.
Меркаванне блогера не засталося без увагі спачатку тэлеграм-канала «Беларускі сілавік», які пачаў апраўдвацца і сцвярджаць, што праблему бачаць, але пакуль «на ўзроўні кіраўніцтва сярэдняга звяна» і што сапраўды «неабходна падладжвацца пад сучасныя рэаліі, пераймаць вопыт медыясферы, якая кантралюецца апазіцыяй».
На гэтыя апраўданні адрэагаваў тэлеграм-канал «Графач», які звязваюць з кіраўніком АНТ Маратам Маркавым.
На погляд аўтара канала, «зачыстка» — гэта адкладванне праблем у доўгую скрыню і бомба запаволенага дзеяння.
«Закашмарылі людзей не падпісвацца на тэлеграм-каналы і што?» — задае пытанне Графач і звяртае ўвагу на тое, што спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо складае 800 старонак. Адных экстрэмісцкіх фармаванняў — 150 штук.
«Гэты працэс даўно ператварыўся ў нейкае дзіўнае сацспаборніцтва, хто больш напрызнае», — ушпіліў аўтар Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
На яго думку, чым большыя маштабы набывае колькасць забароненага, тым больш размываецца ўспрыняцце яго грамадскай небяспекі і ператвараецца ў абсурд.
«Няхай прабачаць мне сілавікі, але прызнаць канал «Ж**а з у**мі» экстрэмісцкім фарміраваннем — гэта эпік фэйл. З нашага МУС парагаталі найбольшыя расійскія тг-каналы».
Як адзначае Графач, забароны слаба працуюць на ютубе, дзе «экстрэмісцкія СМІ» глядзяць нашмат-нашмат больш, чым праўладныя. А тыя людзі, хто баіцца глядзець забароненае, могуць пайсці і ў расійскі сегмент апазіцыйных каналаў.
Галоўнай памылкай Графач лічыць тое, што амаль усе блытаюць масавую прапаганду са спецыялізаванай інфармацыйнай барацьбой. У якасці апошняй яны лічаць «прасоўванне зусім таксічных і абсурдных паблікаў, шкоды ад якіх у разы больш, чым карысці». Яўны намёк на Азаронка, Бондараву, «Беларускага сілавіка» і да іх падобных.
На думку аўтара, трэба «ствараць, падтрымліваць ці кантраляваць кластары з альтэрнатыўнай і апазіцыйнай інфармацыяй», каб «пракуратура Жыткавіцкага раёна не прызнала яе экстрэмісцкай на наступны дзень».
Але такая справа для сілавікоў нашмат цяжэйшая за капіяванне «стужкі хейту са скрынамі з парадку дня апанентаў» ці практыкаванне ў тым, «хто больш крута пахваліць, што ўсё добра».
Графач адзначае, што не ўдасца падагнаць усіх пад адзін капыл. Такое спадзяванне — «небяспечная ілюзія, у падтрыманні якой ёсць відавочныя інтарасанты».
«З зачысткай праблемаў няма, а вось з напаўненнем — з лішкам», — канстатуе Графач і выказвае спадзяванне, што магчыма наступны Год якасці «зачэпіць і гэты кірунак».
Чытайце яшчэ:
Лукашысты спрачаюцца, як быць з «пераабутымі» блогерамі — меркаванні падзяліліся
«Крамар, даядай свае чабурэкі. Мы па цябе прыйдзем»
«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы
Каментары