«Сынок, пакінь мяне. Ратуй людзей!» Хлопец адкрыў агенцтва аўтарскіх тураў і расказаў, як гэта
Заснавальнік агенцтва «Я гуляю» патлумачыў, як выглядае адваротны бок турыстычнага бізнэсу і чым адрозніваюцца беларусы ад іншых падарожнікаў.
Пасля пратэстаў 2020 года Данііл Касенка быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за рэпост у інстаграме і абразу ўлады. Ён не стаў адбываць пакаранне, а з'ехаў з Беларусі. У Літве хлопец адкрыў бізнэс у сферы турызму і цяпер вандруе па ўсім свеце. Але «праца мары» мае свае таямнічыя бакі.
«У нашага аўтобуса гарэў хвост»
«У першы год пасля эміграцыі мне трэба было пераключыць свой вектар увагі. Я паступіў ва ўнівер, уладкаваўся працаваць вядучым тыкток-канала. А калі асвоіўся на новым месцы, зразумеў, што хачу вярнуцца да вандровак. У Беларусі ў мяне ўжо быў досвед працы гідам, таму вырашыў паспрабаваць зарабіць гэтым тут», — пачынае сваю гісторыю хлопец.
Спачатку Данііл пайшоў у найм: за год ён правёў 14 тураў, аднак праца на знос не прыносіла жаданых дывідэндаў. «Грошы ў фірмах плацяць невялікія: каб атрымаць 1500 еўра, трэба правесці ў падарожжах каля трох тыдняў на месяц. І гэта без сацыяльных гарантый і іншых льгот, якія даюцца на стандартнай стабільнай працы».
Дадатковай крыніцай стрэсу было стаўленне некаторых уладальнікаў турагенцтваў да сваіх абавязкаў: часта яны эканомілі на камфорце турыстаў і каманды.
Хлопец расказвае пра выпадак, які быў яшчэ ў час працы ў Беларусі.
«Аднойчы я суправаджаў карпаратыўную паездку нейкага завода ў Піцер. Кампанія, у якой я на той момант працаваў, зрабіла добрую праграму, але вырашыла сэканоміць на жытле — яно было без ацяплення — і дала стары транспарт».
Аўтобус, на якім адправілі групу, моцна капціў. З горам напалам людзям удалося дабрацца да месца. Прыгоды пачаліся на зваротным шляху:
«Не ведаю, як нас не спынілі супрацоўнікі ДАІ — такі слуп дыму за намі стаяў! Але калі мы заехалі ў Мінск, машыны, што праяджалі міма, сталі міргаць нам фарамі. Мы з кіроўцамі пераглянуліся і вырашылі, што так яны выказваюць незадаволенасць нашым «выхлапам». І тут раптам іншы турыстычны аўтобус нечакана стаў нас падразаць. Мы спыніліся — аказалася, у нашага аўтобуса гарыць хвост!»
Каманда пачала эвакуацыю пасажыраў, якія на той момант ужо добра падпілі:
«Прыбіральшчыца завода — даволі поўная жанчына, якая прапусціла да таго моманту не адзін келіх віна, — засела паміж сядзеннямі і ніяк не магла выбрацца. Я кажу ёй: «Наталля Георгіеўна, трэба выходзіць, мы гарым, уставайце!» Але ў ёй уключылася гераіня драматычнага фільма. Яна падняла вочы і сказала: «Сынок, пакінь мяне. Ратуй людзей!»
Гэта было вельмі смешна, улічваючы, што ўзгаранне на той момант не прадстаўляла асаблівай пагрозы. Было дастаткова часу, каб усе пасажыры, нават тыя, хто моцна нападпітку, змаглі спакойна пакінуць салон. Гэтую жанчыну мы, канечне, дасталі, аўтобус патушылі і з'ехалі на наступным, які прыйшоў на замену», — успамінае хлопец.
«Раіў выпіваць па 150 грам моцнага алкаголю, а не бутэльку піва»
Асобным болем гідаў становяцца санітарныя прыпынкі. Па правілах яны павінны быць праз кожныя тры гадзіны, але людзі, якія адпачываюць, часта не вытрымліваюць гэты час:
«Чалавек выпівае літр піва, і пачынаецца: спыніце, я хачу ў прыбіральню. Бывала, нават на мяне кідаліся з кулакамі, калі я адмаўляўся спыніць аўтобус па першым патрабаванні.
Але набраўшыся досведу, я пачаў разумець, што без алкаголю ўсё роўна не абыдзецца. Таму ў інструктажы раіў, каб людзі лепш выпівалі па 150 грам моцнага алкаголю, чым бутэльку віна ці піва. І што закусваць лепш, чым запіваць — гэта часта ратавала сітуацыю».
І ўсё ж такі такая праца Даніілу падабалася:
«Я люблю людзей, але складанасць у тым, што ўсе яны розныя. І калі мы гаворым пра сегмент аўтобусных тураў, то тут часта спрацоўвае правіла «чым менш кліенты плацяць, тым больш патрабуюць». Людзі, якія заплацілі 100 даляраў за паездку, могуць спусціць з цябе тры шкуры, а тыя, хто аддалі па 1000 еўра, як правіла, не такія патрабавальныя».
Узважыўшы ўсе «за» і «супраць» і ацаніўшы свой досвед, Данііл вырашыў адкрыць свой бізнэс.
«Кліентка думала, што Беларусь — гэта частка Расіі»
Да моманту адкрыцця свайго агенцтва досвед суправаджэння авіягруп у хлопца таксама ўжо быў. І хоць у такой працы гіду не трэба турбавацца пра захаванасць транспарту, у ёй ёсць свае складанасці. Напрыклад, чалавек, які суправаджае аўтарскія туры, павінен быць тонкім псіхолагам:
«Гіду трэба адчуваць, што хоча чалавек у гэты момант. Не напружваць, не насядаць. Ёсць людзі, якіх трэба ўзварушыць, пажартаваць. Ёсць тыя, хто любіць памаўчаць. Быць эмпатам — самая вялікая складанасць».
Неўзабаве Даніілу прадставіўся шанц прадэманстраваць усю шырыню і гнуткасць свайго эмацыйнага інтэлекту:
«Я вазіў групу ўкраінскіх дзяўчат. Тыя, хто жывуць у гарадах побач з лініяй фронту ці на тэрыторыях, якія часцей за ўсё абстрэльваюць, былі вельмі стомленыя. Яны баяліся рэзкіх гукаў, па іх была бачная траўма. З імі я камунікаваў асабліва ветліва, абыходліва, фільтраваў, што гавару».
Калі дзяўчаты даведаліся, што Данііл беларус, многія напружыліся.
«Прыйшлося тлумачыць сваю пазіцыю і распавесці гісторыю свайго жыцця. У працы з украінцамі дапамагае, што я добра ведаю ўкраінскую мову. Звычайна я адразу папярэджваю, што гавару на беларуска-ўкраінскім суржыку. Гэта вельмі разраджае абстаноўку. Людзі смяюцца, калі я замяняю ўкраінскія словы, якія не магу згадаць, беларускімі і кажуць: «Ты шо, з Закарпацця?» Ну і ўсё, пытанняў не застаецца. Хаця бывае, што чалавек робіць выгляд, што ўсё ў парадку, але некаторая халоднасць ад яго ўсё адно адчуваецца».
Іншых складанасцяў у працы з жаночымі групамі таксама хапае:
«У Беларусі са мной у камандзе заўсёды быў фатограф, але цяпер выдаткі на такога спецыяліста адчувальныя, таму я фатаграфую сам — нават тэлефон купіў дзеля гэтага. Ведаю, што ў мяне нядрэнна выходзіць: ужо магу параіць позу для фота ці расказаць, якую лакацыю абраць, — смяецца гід і працягвае:
— Для дзяўчат важна, каб супала кампанія. Мая задача складаецца ў тым, каб, акрамя самой праграмы, фатаграфій, музыкі ў машыне і добрага настрою, стварыць атмасферу, у якой ім будзе паміж сабой камфортна. А ў выпадку напружанасці своечасова рассадзіць, рассяліць, развесяліць».
Працаваў Данііл і з групамі з Расіі:
«Рускія бываюць розныя. Неяк трапілася дзяўчынка з Саратава, і яе галава начыста была прамыта прапагандай. Яна думала, што Беларусь — гэта частка Расіі. Растлумачыў, што гэта суверэнная краіна са сваёй мовай і культурай — яна пасля гэтага адкрыцця проста «паляцела». Я паўгадзіны размаўляў з ёй па-беларуску: дзяўчына абсалютна нічога не разумела, але яе гэта вельмі смяшыла.
Калі расказаў ёй пра пратэсты і сваю гісторыю, у яе вочы ледзь не лопнулі — сказала, што гэта ўсё выдумкі і быць такога не можа. Самае сумнае, што гэта адбылося ў дзень знаёмства і мне трэба было працаваць з ёй яшчэ тыдзень.
Безумоўна, бываюць і іншыя рускія, якія ўсё разумеюць. Але, улічваючы, хто я такі і якую маю гісторыю, мне б не вельмі хацелася працаваць з такімі групамі — у той момант мне проста патрэбныя былі грошы».
Што тычыцца беларускіх турыстаў — з імі таксама ёсць нюанс: «Адчуваецца вялікая розніца паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся. Па апошніх відаць, як яны стаміліся жыць у той рэальнасці. Тым, хто з'ехаў, таксама нялёгка, але ніхто з нас не можа дасканала зразумець і пераняць тое, у чым жывуць цяпер беларусы ўнутры краіны».
«Еду са Швейцарыі на Тэнэрыфе, потым у Партугалію і Ісландыю»
Сёння хлопец распрацоўвае туры на Мадэйру. Гэты куток Партугаліі блізкі яму па культурных каштоўнасцях, атмасферы і энергіі: «Мадэйра спакойная — заўсёды «на чыле». Там усе ўсмешлівыя, прыемныя і загарэлыя. У паветры не пахне ніякімі сусветнымі палітычнымі падзеямі. Здаецца, што гэта іншы свет, дзе можна схавацца і адпачыць ад таго, што адбываецца навокал. У сукупнасці з цаной — гэта ідэальнае месца. Цэннік у крамах там на 15-20% меншы, чым у Вільні. Тэмпература не апускаецца ноччу ніжэй за 10 градусаў, а днём — ніжэй за 15. Няма павукоў, вялікіх куслівых змей. Тут такое адчуванне, што дзе б ты ні знаходзіўся, ты ў бяспецы».
Лыжку дзёгцю да ідэальнай працы дадае неабходнасць прыводзіць сябе ў парадак і сачыць за знешнасцю: «У мяне хутка адрастае барада. Нядаўна я быў у вандроўцы тры месяцы. Пасля першага я быў з барадой да канца шыі, з вусамі і хвастом — выглядаў як хіпсцер».
А вось на здароўе частыя пераезды амаль не ўплываюць: «Не скажу, што ў плане здароўя мая праца неяк адрозніваецца ад працы сцюардэсы. Безумоўна, адчуваецца змена кліматычных паясоў. У мяне былі моманты, калі я еду са Швейцарыі на Тэнэрыфе, потым у Партугалію і Ісландыю, і далей — на Мадэйру. Гэтыя скачкі выліваюцца ў пачуццё стомленасці, але ўсё цярпіма. Галоўнае — правільна харчавацца, піць шмат вады, і тады ўсё будзе окей».
І ўсё ж, нават з самых цікавых краін Данііла цягне назад у Вільню:
«Я не лічу, што Вільня — гэта дом, хаця тут кватэра, у якой я цяпер жыву: тут, хутчэй, адчуваю, быццам я заехаў да добрых сяброў у госці. Але ў гэтай кватэры мяне чакае мая дзяўчына і ў маім уяўленні яна з'яўляецца маім домам. Яна стварае атмасферу і, калі б не яна, я б хутчэй за ўсё даўно ўжо пераехаў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПабывала ў 38 краінах, назапасіла на некалькі кватэр. Як беларуска працуе сцюардэсай на прыватнай яхце
Найлепшы ў свеце сэрвіс, вельмі прыгожа і ўсюды суперсмачна. Невідавочны кірунак для зімовага адпачынку
Бізнэсвумен даведалася, колькі каштуе размяшчэнне назвы яе крамы на фасадзе «Грын Сіці». Сума яе шакавала
Каментары
До следующего сезона!