Усяго патроху44

Зганяць за палову дня: што паглядзець недалёка ад Мінска. Вёска Дубрава

Калі надакучыла сядзець у Мінску, душа прагне прыгодаў, а на вуліцы +10°С, але бракуе часу, то ёсць паездка на адзін дзень (нават на палову). «Будзьма» прапануе скіравацца ў Маладзечанскі раён да вёскі Дубрава. Тут можна пабачыць рэшткі маёнтка XIX стагоддзя з ацалелым броварам Ваньковічаў, таямнічую Дзявочую гару і шмат іншых цікавостак.

Рэшткі бровара ў Дубраве. Фота: novychas.online

Дубрава. Як дабрацца

Вёска Дубрава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца на адлегласці 50 кіламетраў ад Мінска. Са сталіцы сюды можна дабрацца як на аўто, едучы ў кірунку Маладзечна (раім праз Радашковічы, каб наведаць па дарозе яшчэ і Вязынку), так і на электрычцы. Але ў другім выпадку прыйдзецца шпацыраваць ад станцыі Дубрава да вёскі Дубрава каля 4-х кіламетраў.

Дзявочая гара

Знаёмства з Дубравам варта пачаць з сакральнага месца побач з паселішчам — Дзявочай гары. Узвышаецца яна на 324 метры над узроўнем мора, што на два дзясяткі метраў ніжэй за самую высокую кропку Беларусі гару Дзяржынскую, аўтэнтычная назва якой Святая гара.

Дзявочая гара. Фота: wikimapia.org

Культурнага слоя на Дзявочай гары адмыслоўцамі не было выяўлена, але археолагі вынайшлі на тут шэраг, верагодна, балцкіх курганоў XI стагоддзя.

Іх асаблівасцю з’яўляецца тое, што курганы адрозніваюцца паводле наяўнасці пахавальнага інвентара: у некаторых яго было шмат, а іншыя змяшчалі ў сабе толькі парэшткі памерлых. Наконт этнічнага паходжання мясцовага насельніцтва навукоўцы да адзінага меркавання так і не прыйшлі.

Дзявочая гара. Фота: wikimapia.org

Найбольш верагодна, шмат стагоддзяў таму Дзявочая гара мела сакральнае значэнне, бо назва яе балцкага паходжання ад deivas — боства дахрысціянскіх часоў. Калі вам пашчасціць паразмаўляць з мясцовымі старажыламі, то яны распавядуць легенды і пра вялізны валун, што некалі ляжаў на гары, які называлі Адамавым каменем, і пра дзяўчыну, якая закатавала капрызамі закаханых у яе хлапцоў, і пра тры крынічкі, што і б’юць з-пад узгорка спрадвеку. Зараз спраўдзіць магчыма, хіба, толькі наяўнасць крынічак, з якіх і сёння можна пакаштаваць вады.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Дубрава ўзгадваецца ў першай палове XV стагоддзя, а ўжо ў 1453 годзе мясцовыя шляхцічы Глябовічы фундавалі тут узвядзенне першага касцёла. Вядома, што Ян Глябовіч у XVI стагоддзі перайшоў у кальвінізм і наняў для адукацыі сваіх дзяцей гісторыка, бібліёграфа, рэлігійнага пісьменніка Яна Ласіцкага, які пакінуў шмат працаў, дзе апісваў навакольныя мясціны, мясцовыя звычаі ды побыт жыхароў.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online

У 1625 годзе Глябовічы зноў навярнуліся ў каталіцтва ды запрасілі ў Дубрава ордэн бернардынцаў, пад патрэбы якога быў узведзены кляштар. На месцы бернардынскага кляштара з касцёлам, якія пацярпелі ад пажару ў 1787 годзе, ужо наступны ўладальнік Дубрава мінскі ваявода Адам Хмара ў 1796-м фундаваў узвядзенне мураванага храма ў стылі класіцызм. Касцёл быў дабудаваны толькі праз некалькі год і асвечаны ў 1805 годзе ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Рэшткі менавіта гэтага будынка можам пабачыць у Дубраве і сёння.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online

У тым жа 1805 годзе Адам Хмара памёр і быў пахаваны ў крыпце дубраўскага касцёла, якая пазней стала пахавальным склепам і для іншых прадстаўнікоў роду Хмараў. Пасля паўстання 1863-1864 гг. храм быў перабудаваны ў праваслаўную царкву. Каталіцкая парафія адрадзілася ў Дубраве толькі ў міжваенны час.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: novychas.online

Да Другой сусветнай вайны святаром у касцёле служыў Эдвард Мурончык. Вядома, што ён спрабаваў ратаваць мясцовых яўрэяў. Але ў 1942 годзе быў забіты за сваю дзейнасць. Пахаванне святара можна пабачыць побач з касцёлам. Наступнага святара дубраўскага касцёла Яна Такарскага савецкія ўлады абвінавацілі ў супрацы з нацыстамі, бо касцёл функцыянаваў і падчас нямецкай акупацыі. У 1948 годзе ксяндза саслалі ў лагер на 10 гадоў. А касцёл быў ліквідаваны і перададзены пад патрэбы мясцовага спіртзавода.

Будынак XVIII стагоддзя трымаўся ў някепскім стане і ў якасці сховішча. Фатальным для храма стаў 1980 год, калі на сельскагаспадарчыя працы сюды прыехалі студэнты ды развялі ў колішнім касцёле вогнішча. Тады будынак быў моцна пашкоджаны, страціў дах і больш не аднаўляўся. У такім гаротным выглядзе касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраве застаецца і сёння.

Плябань-капліца

Каталіцкія набажэнствы цяпер спраўляюцца з перыядычнасцю раз на два тыдні ў будынку колішняй плябані, частка якога прыстасаваная пад каплічку, асвечаную ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Юр’я. Колішнюю плябань таксама можна лічыць гістарычным будынкам, бо ўзведзены ён каля стагоддзя таму.

Дубрава, будынак плябані. Фота: novychas.online

У 2018 годзе экспедыцыяй аматараў даўніны з дапамогай мясцовых парафіянаў нейкім цудоўным чынам былі знойдзеныя званы, знятыя са святыні за савецкім часам ды прыхаваныя кемлівымі месцічамі ад новай улады. І, як апынулася, цудадзейны абраз Маці Божай, падораны касцёлу ў Дубраве яшчэ ягоным фундатарам Адамам Хмарам, таксама быў уратаваны ад перапродажу за мяжу ды знаходзіцца на рэстаўрацыі.

У капліцы. Фота: novychas.online

Званы можна будзе пабачыць у будучым музеі пры касцёле ў вёсцы Копішча, а абраз, магчыма, будзе перададзены ў Маладзечанскі касцёл.

Свята-Багародзіцкая царква

Праваслаўная царква ў Дубраве была пабудавана толькі ў 1920 годзе за «польскім часам». Зямля пад узвядзенне храма была выдаткавана мясцовым жыхаром Язэпам Радкевічам.

Свята-Багародзіцкая царква ў Дубраве. Фота: wikimapia.org

Царква была дзейнай нядоўга, ужо ў 1961 годзе савецкія ўлады яе зачынілі і перадалі пад патрэбы мясцовага калгаса. Толькі ў 1993 годзе храм быў вернуты вернікам. Цікава, што месцічы аднаўлялі яго на ўласныя сродкі, таму выглядае царква дастаткова незвычайна. Бажніца з мураванымі сценамі і драўлянымі вежамі была асвечаны як Свята-Багародзіцкая царква і дзейнічае да сёння.

Рэшткі маёнтка Ваньковічаў. Бровар

Апошнімі ўладальнікамі Дубрава быў шляхецкі род Ваньковічаў. Яны гаспадарылі тут з 1895 года. Сядзіба Ваньковічаў да нашых дзён, на жаль, не захавалася, але ацалела некалькі гаспадарчых пабудоваў, адна з якіх выкарыстоўваецца месцічамі да сёння як жылы дом на некалькі кватэр.

Бровар у Дубраве. Фота: novychas.online

З усяго палацава-паркавага комплексу найлепш захаваўся колішні бровар Ваньковічаў, узведзены напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя. За савецкім часам будынак выкарыстоўваўся па прызначэнні: у ім месціўся спіртзавод. Завод гэты функцыянаваў ажно да 1997 года. Пасля закрыцця некалькі год будынак занепадаў, пазней быў выкуплены прадпрымальнікам, але планы па аднаўленні так і не ўвасобіліся ў жыццё. Праз дарогу ад колішняга бровара варта звярнуць увагу на яшчэ адзін прамысловы будынак з бутавага каменю, узведзены адначасова з броварам.

Спіртасховішча. Фота: novychas.online

Побач з Дубравам у фальварку Адамарын нарадзіліся браты Дыбоўскія Бенедыкт і Уладзіслаў. Яны былі выбітнымі сусветна вядомымі навукоўцамі, удзельнікамі паўстання 1863-1864 гг., іх жыццёвыя гісторыі вартыя не аднога прыгодніцкага серыялу.

Памятная шыльда Бенедыкту Дыбоўскаму. Фота: wikimapia.org

У Дубраве яшчэ захоўваюць памяць пра сваіх выбітных землякоў. Прыязджайце і вы, каб даведацца болей.

Каментары4

  • Gorliwy Litwin
    24.02.2024
    чыста беларуская забаа: паглядзець на руіны, парадавацца як добра ўвалілі няшчырым панам
    edited 14:03
    Reply
    Edit
    Copy Selected Text
    Pin
    Forward
     
  • цікава
    25.02.2024
    дзякуй.
    таварышу мужу кажу:
    - о. глядзі, як цікава.
    ён такі:
    - ды што там глядзець? нейкія руіны
    - маляўнічыя. руіны
    - ай
    - а во, глядзі, гара ёсць
    - о. а гара - гэта цікава
  • Проста жыхар
    28.02.2024
    Дзякуй за артыкул (і НН, і Будзьме).
    Быў там улетку ў 2022-ім годзе, сапраўды маляўнічыя краявіды. Адтуль яшчэ адносна недалёка ехаць да гары Маяк, ля якой побач выток Свіслачы.

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 20202

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 2020

Усе навіны →
Усе навіны

Вывезены з Украіны ў Расію падлетак скончыў жыццё самагубствам1

Суд на Каляды. У Мінску пачаўся завочны працэс над Славам Камісаранкам

У Расіі хочуць забараніць званкі ў месенджарах3

Іранскі прадпрымальнік выканаў «Купалінку» на старажытным іранскім барабане1

Прызначылі новага гендырэктара Мінскага аэрапорта

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў вярнуўся ў Мінск раздражняць беларусаў: танчыць у вышыванцы, шукае жонку18

За вечар у Мінску патанулі ў ванне два чалавекі4

У Расіі жанчына забіла сяброўку пасля таго, як тая напалохала яе прароцтвам аб хуткім пазбаўленні волі1

Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 20202

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 2020

Галоўнае
Усе навіны →