Усяго патроху11

Ці выклікаюць антыдэпрэсанты залежнасць? І ці бываюць у дзяцей дэпрэсіі? Адказвае спецыяліст

«За апошнія гады вырасла колькасць падлеткаў, якія наносяць сабе пашкоджанні», — кажа ў нашай размове псіхатэрапеўт. Наколькі на гэта паўплывалі стрэсы апошніх гадоў? Ці часцей дзецям сталі выпісваць антыдэпрэсанты і ці варта з гэтай нагоды перажываць? Паразмаўлялі пра гэта са спецыялістам.

Імя псіхатэрапеўта не называецца ў мэтах бяспекі.

«Калядэпрэсіўныя эпізоды могуць здарацца нават у зусім малечы»

«НН»: Ці вылучаюць асобна дзіцячую і дарослую дэпрэсіі? Ёсць тут нейкае адрозненне?

— Дарослыя проста могуць аператыўна заўважыць у сабе перамены і паведаміць, што з імі: мне дрэнна, мне сумна. Чым дзеці меншыя, тым складаней сфармуляваць, што з імі адбываецца. 

Калядэпрэсіўныя эпізоды і перажыванні могуць здарацца нават у зусім малечы, але гэта не заўсёды магчыма высветліць на 100%, бо ў нас няма такой методыкі. Нельга, дапусцім, узяць кроў і сказаць, што ў чалавека дэпрэсія. І ў гэтым складанасць, бо, акрамя дэпрэсіі, у дзяцей могуць мець месца і іншыя псіхічныя расстройствы. Гэта можа вызначыць толькі вельмі нагледжаны спецыяліст.

Дзіцячая дэпрэсія можа адрознівацца прычынамі з’яўлення, тым, як яна працякае — не сказаць, што розніца вялікая, але яна ёсць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: З якога ўзросту можа дыягнаставацца дэпрэсія? Вядома, што прасцей гэта зрабіць, калі дзіця пачынае размаўляць.

— Ёсць тэорыі, што нават у немаўлятаў можа быць дэпрэсія — у трох— ці чатырохмесячных дзяцей. Але я не спецыяліст у такім узросце. Ведаю, што ў груднічкоў, калі і здараецца нешта накшталт дэпрэсіі — яны яе ўнутры перажываюць.

У дзяцей цяжкія псіхічныя расстройствы сустракаюцца радзей, чым у дарослых. Нярэдка здараецца такое, што бацькі бачаць: іх дзіця засумавала. І калі ў мамы ці таты ў саміх была дэпрэсія ці нейкія расстройствы, то яны, вядома, вельмі перажываюць за дзяцей. Яны тут на варце і адразу нясуцца па дактарах. Гэта не дрэнна, я лічу.

Але трэба ведаць, што па класіфікацыі хвароб, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі ці ў Германіі, дэпрэсіяй, дэпрэсіўным эпізодам лічыцца стан, у якім чалавек знаходзіцца больш за два тыдні. Калі ж яму сумна 3-4 дні, а потым зноў нармальна, гэта не дэпрэсія, а цяжкая жыццёвыя сітуацыя.

«Існуе дзве вялікія групы дэпрэсій — адна перадаецца на генетычным узроўні, другую выклікаюць цяжкія жыццёвыя абставіны»

«НН»: Нехта спытае, адкуль у зусім маленькага дзіцяці з’явіцца дэпрэсіі?

— Трэба разумець, што існуе дзве вялікія групы дэпрэсій. Адна з іх — саматагенная — можа праявіцца, калі ў чалавека ёсць спадчынныя паталогіі ў генах. Напрыклад, дэпрэсію дыягнаставалі ў бабулі, потым у маці, а потым — у сына. Ва ўсіх пакаленнях яна мае месца. Такая вось асаблівасць абмену рэчываў у галаўным мозгу. Важна адзначыць, што перадаецца дэпрэсія не як генетычная хвароба — тут мы маем месца са схільнасцю да яе. І ў выпадку цяжкіх жыццёвых узрушанняў яна можа развівацца і прагрэсаваць у поўным аб’ёме.

Добрая навіна ў тым, што такая дэпрэсія выдатна лечыцца антыдэпрэсантамі. Чалавеку нават не трэба доўга хадзіць да псіхолага: дастаткова выпісаць лекі — і ён на вачах ажывае. У мяне была такая кліентка, літаральна праз тыдзень пасля ўжывання антыдэпрэсантаў (далей — АД. — НН) яна мне казала: «Я ўжо да вас хадзіць не хачу, няма сэнсу».

Другі від дэпрэсіі — псіхагенны, выклікаецца яна цяжкімі жыццёвымі абставінамі, калі чалавек не можа іх пераварыць, пераадолець. У дзяцей таксама можа здарацца, хоць гэта не так распаўсюджана, як у дарослых (у дзяцей — больш пластычныя псіхічныя працэсы. Плюс у іх, у ідэале, ёсць дарослыя — дадатковая апора).

Такая дэпрэсія можа развіцца, калі ў дзіцяці недастаткова падтрымкі. Напрыклад, памірае тата. Ці абое бацькі. І на дзіця іншыя дарослыя зусім не звяртаюць увагі, у яго не распытваюць, як яму гэта ўсё. Людзі занятыя пахаваннем, сваім перажываннем гора, і дзеці аказваюцца крыху закінутымі ў гэты перыяд, тады вось і можа развіцца рэактыўная дэпрэсія.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі мы кажам з вамі пра дзяцей, якія знаходзяцца ў звыклым асяроддзі — сям’я, сябры, ніхто нікуды не пераязджаў, не эміграваў, то тут таксама бываюць скаргі ад бацькоў: быў актыўны, а стаў пасіўны, нармальна еў, а цяпер дрэнна, менш гуляе і камунікуе з равеснікамі. То-бок, адбыліся нейкія змены ў паводзінах, якія доўга і ўстойліва трымаюцца. Звычайна да спецыялістаў звяртаюцца, калі ўжо сапраўды дрэнна, калі ўжо і месяц, і паўгода мінаюць.

У мяне быў выпадак, калі падлетак доўга знаходзіўся ў дэпрэсіўным стане. У школе ён быў выдатнікам, і вось не атрымлівалася добра вучыцца ў нейкі момант. Ён хадзіў сумны, казаў бацькам, што нешта не тое, а тыя падтрымлівалі як умелі: «Ну, нічога, дасі рады». Але не заўважылі, што ён пры гэтым часта згадвае пра смерць, што больш не хоча жыць. У выніку бацькі прывезлі яго да нас, калі ўжо адбылася спроба павесіцца.

Агулам, не трэба думаць, што дэпрэсію выклікаюць выключна нейкія глабальныя прычыны. Насамрэч, нават калі ў дзіцяці памрэ блізкі сваяк, ён можа ў дэпрэсію не ўпасці, гэта не звязана напрамую. А прычынай для яе можа стаць тое, што дзяўчыну ў школе буляць аднакласнікі. Ці калі настаўнікі не ставяць жаданыя адзнакі.

Гэта можа цягнуцца доўга, а бацькі пра гэтым будуць казаць: «Ну, пастарайся яшчэ больш». І па выніку ўсё разварочваецца ў дэпрэсіўны эпізод.

Выклікаць дэпрэсію можа што заўгодна. Рэч не ў падзеі, а ў тым наколькі ў чалавека дастаткова падтрымкі, наколькі ён можа гэта ў сваёй галаве пераварыць. Не ўсялякая падзея павернецца траўмай, такой яна робіцца, калі ў чалавека няма сілы, каб даць ёй рады.

У дзяцей тут вялікую ролю грае падтрымка з боку бацькоў. У зусім маленькіх больш важная роля маці, у старэйшых — абаіх бацькоў. Калі няма таты і маці, важныя асобы, якія іх замяняюць.

«Антыдэпрэсанты выкарыстоўваюць не толькі для лячэння дэпрэсій»

«НН»: Ці адрозніваецца падыход у лекаванні антыдэпрэсантамі дзяцей ад таго, як працуюць з псіхікай дарослых?

— Рэч тут збольшага толькі ў рознай дазіроўцы і ў абмежаванай колькасці прэпаратаў, якія можна прызначаць менавіта дзецям. У Беларусі, напрыклад, мы можам выкарыстоўваць для лячэння апошніх вельмі маленькую колькасць антыдэпрэсантаў — два-тры прэпараты. У Еўропе і Амерыцы гэтая колькасць у разы большая. У нас дзяцей мацней ад АД аберагаюць, і, я лічу, што гэта добра. Усё ж далёка не ўсім дзецям патрэбныя антыдэпрэсанты.

Чаму не ўсе АД можна прызначыць дзецям? Бо некаторыя з іх маюць сур’ёзныя пабочныя эфекты, якія дарослы можа перажыць, а ў выпадку з дзіцяці гэта негатыўна паўплывае на яго здароўе.

Рызыка для арганізму павінна быць меншай, чым карысць ад прызначэння АД. І тут мы маем групу прэпаратаў, цудоўна вывучаную з усіх бакоў — іх прызначаюць дзецям спакойна, без боязі, што гэта неяк цяжка адаб’ецца на іх здароўі.

Важна дадаць, што дактары выкарыстоўваюць антыдэпрэсанты не толькі для лячэння дэпрэсій. Мы лечым імі і трывожныя расстройствы, і трывожна-дэпрэсіўныя, і абсэсіўна-кампульсіўныя. І пры цяжкіх расстройствах харчовых паводзін яны таксама патрэбныя. Так што не трэба думаць: калі чалавеку прызначаныя антыдэпрэсанты — значыць, яго лекуюць ад дэпрэсіі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Сярод падлеткаў модна хварэць на расстройства асобы ці біпалярнае расстройства»

«НН»: Сёння сачыць за сваім псіхічным здароўем — гэта ў нейкім сэнсе прэстыжна і нават модна, ці ўплывае гэта неяк на вашу практыку?

— Магу сказаць, што сапраўды заўважаю сярод падлеткаў моду на псіхічныя хваробы. У іх асяроддзі модна хварэць на расстройства асобы ці біпалярнае расстройства. Такім чынам падлеткі могуць спрабаваць прыцягнуць да сябе ўвагу, неяк выдзеліцца. А гэта ж цяжкае псіхічнае захворванне, хранічнае, якое цалкам і не лечыцца. 

Дзіця можа сімуляваць падобныя станы, паскардзіцца маці, тая прыводзіць яго да доктара. А доктар, можа так аказацца, — не супердобры спецыяліст, ці стомлены — паслухае ўсе сімптомы і скажа: «Вось вам АД — піце». А фармкампаніі толькі падтрымаюць: продажы АД растуць неверагодна.

Хаця рэч тут не толькі ў модзе. Мы сапраўды жывем цяжкае жыццё. У нас вельмі вялікая колькасць уваходнай інфармацыі, такога раней не было. Наш арганізм біялагічна не адаптаваны да такіх аб’ёмаў, гэта дае вялікую нагрузку на псіхіку. Тэхналогіі развіваюцца хутка, а наша біялагічная эвалюцыя не паспявае за імі, так што людзі сапраўды з’язджаюць з глузду. 

Гэта такая плата за наш тэхнічны прагрэс і развітасць: мы адрываемся ад нашага жывёльнага свету і пакуль невядома куды рухаемся. Таму без працы ні я, ні мае калегі не застанемся. Увага да псіхічнага здароўя будзе толькі павялічвацца — яна будзе аб’ектыўна неабходнай.

«НН»: Наколькі гэта шкодна, калі ў дзіцяці не было расстройства, а яму прапісалі курс АД, які ён прап’е?

— Вялікай шкоды тут не будзе. Для псіхікі гэта, канечне, не супер, але не дасць нейкіх сур’ёзных наступстваў для здароўя, якія потым прыйдзецца доўга фіксіць (залежыць яшчэ, канечне, ад дазіроўкі і працягласці прыёму прэпарату).

АД не мяняюць псіхічныя ўстаноўкі, нашы паводзіны, механізм мыслення. Яны толькі рэгулююць колькасць нейрамедыятараў у галаўным мозгу, колькасць рэчываў, якімі нашы клетачкі там унутры камунікуюць.

І тым самым, чыста біялагічна і фізіялагічна, мяняюць настрой. Каб змяніць жа механізм мыслення, трэба ўжо доўга працаваць з псіхолагамі ці псіхатэрапеўтамі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Агулам, калі гаворка ідзе пра дзяцей і нейкія праблемы ў іх псіхіцы, то пры жаданні пераменаў лепш працаваць з усёй сям’ёй. Бо гэта частая гісторыя: «У мяне дзіця зламалася, зрабіце з ім што-небудзь!» А на тое, што там у сям’і адбываецца, людзі не хочуць звяртаць увагі.

Часта бацькі загружаныя працай, ім не да вось гэтых «высокіх» матэрый, проста б забяспечыць сям’ю ежай, жытлом. У іх не хапае часу на на дзяцей, каб адсочваць іх стан уважліва. Хаця гэта патрэбна: большасць дэпрэсіўных сімптомаў дзіцяці — сімптом хваробы ў сям’і ці праблемы атачэння.

Працягваючы адказваць на пытанне, без патрэбы АД прымяняць, канечне, не варта. Усё ж гэта прэпарат не бяскрыўдны. Ён з новага пакалення, як правіла — добра даследаваны і з мінімальнай пабочкай, але ўсё ж яна можа быць.

«НН»: У вашай практыцы АД дзецям часцей прызначаюцца ў апошні момант, калі іншыя метады лячэння не дапамаглі, ці адразу на старце, для рэсурсу?

— Вельмі па-рознаму. Я прытрымліваюся думкі, што прызначаць антыдэпрэсанты трэба ў крайнім выпадку, калі ўжо дзіця не можа самастойна вытрымліваць, у яго пачынаюцца праблемы з целам — парушаецца той жа сон. У такім кейсе — пакуль бы працавалі з псіхолагам ці псіхатэрапеўтам, пакуль бы гэта ўсё раскачалася, дзіця ўжо б ляжала ў дэпрэсіі глыбока і доўга.

Калі адсочваць па практыцы маіх калег у Беларусі, то ў нас АД прызначаюць, калі ўжо сапраўды дрэнна канкрэтна.

Але ёсць калегі, якія выпісваюць іх пры мінімальных разладах у настроі: ну, давайце пап’яце крыху і паглядзім, як яно пойдзе. Розныя падыходы да лячэння існуюць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«За апошнія гады вырасла колькасць падлеткаў, якія наносяць сабе пашкоджанні»

«НН»: З 2020 года ў беларусаў — чарада стрэсаў: кавід, выбары і рэпрэсіі ў краіне, вайна ва Украіне… Ці павялічылася ў сувязі з гэтым колькасць зваротаў да спецыялістаў вашага профілю?

— У мяне няма агульнай статыстыкі, магу казаць толькі суб’ектыўна. Як мінімум, змяніўся тып зваротаў: калі раней людзі ў асноўным звярталіся па праблемах у сям’і, стасунках, то цяпер часцейшыя скаргі: дрэнна спіцца; пераехалі і не ведаем, як жыць далей на новым месцы. У нас цяпер вельмі шмат рэлакантаў, а вядома, што ўсе людзі пры пераездзе перажываюць адаптацыйны крызіс. І дзеці тут — не выключэнне. І чым яны больш дарослыя, тым больш праблемаў — абавязкова будуць назірацца калядэпрэсіўныя станы.

«НН»: З якімі праблемамі часцей звяртаюцца?

— Мае калегі, якія ў прафесіі гадоў 10-15, кажуць, што за апошнія гады вырасла колькасць падлеткаў, якія наносяць сабе пашкоджанні: рэжуць, колюць сябе, шчыпаюць. Назіраюцца змены ў культуры агрэсіі: раней было прынята яе больш выдаваць вонкі, распаўсюджваць на іншых, а цяпер людзі часцей закручваюць гэта на сябе. Мы ж па прыродзе, насамрэч, вельмі злыя, агрэсіўныя істоты, але не можам з такім узроўнем агрэсіі існаваць у грамадстве. Тут трэба вельмі моцна сваю агрэсіўнасць стрымліваць. Для гэтага вынайдзеныя розныя спосабы — ад заглушэння да абстрагавання.

У падлеткаў жа гэтая агрэсія прэ максімальна, а грамадства ім паведамляе: не, нельга быць злым, ты што? Гэта ганіцца. І тады падлеткі могуць сябе рэзаць — гэта таксама спосаб прыцягнуць увагу. То-бок, вядома, не ўсе падлеткі нявечаць сябе — толькі тыя, у каго ёсць складанасці.

Гэта толькі адзін прыклад: агулам колькасць зваротаў наконт дзяцей і падлеткаў за апошнія гады сапраўды вырасла. На гэта ўплывае як высокатэхналагічнасць нашага грамадства, так і тое, што людзі сталі больш уважліва ставіцца да свайго псіхічнага здароўя. Я знаходжу гэта добрым знакам, бо псіхаадукацыя ўсім нам спатрэбіцца ў любым выпадку. Чалавек павінен атрымліваць веды, як яму выжываць, як ставіцца да гэтага складанага, новага свету, каб не правальвацца ў цяжкія разлады — неўратычныя, ці, не дай бог, штосьці цяжэйшае — дэпрэсіі і залежнасці.

«Чалавек не падсаджваецца на антыдэпрэсанты, не робіцца наркаманам, які будзе аббіваць парогі аптэк»

«НН»: Існуе міф, што, калі рана пачаць ужываць антыдэпрэсанты, то можна на іх падсесці. Што скажаце тым, хто яго распаўсюджвае?

— Я думаю, у людзях тут кажа іх невуцтва: яны не разбіраюцца ў тэме, не пачыталі хаця б Вікіпедыі. У медыцыне лекі, здольныя справакаваць залежнасць, ужываюцца ў экстраных выпадках. Напрыклад, пры цяжкіх трывожных разладах дарослым прызначаюць транквілізатары кшталту клоназепама, лоразепама. Менавіта таму даўжэй, чым на тыдзень, у Беларусі іх стараюцца не прапісваць.

Чалавек не падсаджваецца на антыдэпрэсанты, не робіцца наркаманам, які будзе аббіваць парогі аптэк, выгандлёўваючы дадатковы блістар таблетак, ён не будзе прадаваць тэлевізар, каб купіць сабе дадатковы пакунак антыдэпрэсантаў. Я ніколі такога не чуў. Затое такое адбываецца пры ўжыванні цяжкіх наркотыкаў і алкаголю, якія даюць на кароткі перыяд часу пачуццё эйфарыі, радасці, спакою.

АД у тым ліку не выклікаюць залежнасць, бо прымаць іх нявесела: яны мала таго, што не прыносяць пачуцця шчасця, наадварот — у пачатку прыёму, пакуль арганізм прызвычаіцца, яму можа быць цяжка і непрыемна.

АД існуюць досыць даўно для таго, каб мы змаглі зразумець, наколькі яны шкодныя і карысныя. Большасць прэпаратаў вельмі добра вывучаная і даследаваная і на мышах, і на людзях уздоўж і ўпоперак.

Такі міф узнік, на маю думку, таму што АД адносяцца да групы прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца ў псіхіятрыі, а гэта ўсё ж стыгматызаваная вобласць. Людзям яна незразумелая, і таму можа пужаць.

Але ж калі ў чалавека панос, прабачце, і ён вып’е таблетку, якая яму дапаможа, гэта не азначае, што далей ён усё жыццё не зможа нармальна існаваць без гэтых медыкаментаў.

Плюс не забываем, што АД прызначаюцца на нейкі час — напрыклад, на паўгода. АД не падораць чалавеку новае жыццё, яны проста дапамогуць набрацца моцы, дадуць на нешта абаперціся. Гэта мыліца, з якой не трэба хадзіць усё жыццё, толькі часова, каб потым зноў пачаць самастойна.

Увогуле, я лічу, што з часам такія міфы знікнуць, бо ўжо сёння падлеткі і бацькі новага пакалення ставяцца да АД куды лепш.

Каментары1

  • Тэкля
    04.05.2024
    дзякуй. Добры артыкул

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →