Грамадства

«Госпадзе, такое трызненне!» Усё больш беларусак пішуць, што ім званілі з міліцыі і пыталіся, ці жывыя яны

Сабралі меркаванні беларусаў пра масавыя званкі з міліцыі з дзіўным пытаннем.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia

У тыктоку выйшла відэа пра тое, што беларускам масава тэлефануюць з міліцыі: называюць прозвішча, імя і імя па бацьку і пытаюцца, ці ўсё ў іх добра, а то і проста — ці жывыя яны. Паводле аўтараў роліка, званкі сапраўды робяць міліцыянеры: з красавіка не могуць апазнаць жанчыну, знойдзеную ў лесе ў Лепельскім раёне. Труп настолькі расклаўся, што немагчыма вызначыць амаль нічога — чалавеку было ад 18 да 40 гадоў, рост каля 170 сантыметраў — пад такое апісанне трапляе вельмі шмат жыхарак краіны.

Ролік за два дні паглядзелі больш за паўмільёна разоў, пад ім — больш за тры сотні каментароў.

Самым упадабаным каментаром, які сабраў амаль дзве з паловай тысячы лайкаў, стала іранічнае пытанне:

«Апазнанне праводзіцца метадам выключэння?»

Людзі не разумеюць, навошта абзвоньваць тысячы жанчын, калі ёсць ДНК.

«А як жа база ДНК?» — пытаецца нехта. Іншыя нагадваюць пра стаматалагічныя і артапедычныя карты, кпяць, што навукоўцы ведаюць, колькі мільярдаў гадоў таму вымерлі дыназаўры, а тут не могуць вызначыць узрост, і раяць спачатку праверыць заявы пра зніклых.

Многіх здзіўляе, што ўзрост названы так прыблізна: «Што значыць ад 18 да 40? Мы ж не ў XV стагоддзі жывём, а ў XXI». Нехта пытаецца, чаму аналіз костак не дазваляе вызначыць узрост дакладней і звузіць кола тых, каго абзвоньваюць.

Але больш за ўсё ў каментарах асабістых гісторый. Каля 70 чалавек пішуць, што такі званок атрымлівалі яны самі ці іх блізкія.

«І мне званілі, два разы, і таксама пыталіся, ці жывая я», — піша карыстальніца, і пад гэтым прызнаннем 136 лайкаў.

Па каментарах відаць, што абзвон ідзе месяцамі: адной жанчыне тэлефанавалі пару дзён таму ў Мінску, а яе стрыечнай сястры — яшчэ летам; іншым — тры месяцы таму ці ў ліпені. Адна з каментатарак удакладняе, што званілі жанчынам каля 40 гадоў.

Тэлефануюць з розных куткоў краіны. Адной жанчыне званілі з Салігорска, другой — з Касцюковічаў. Пры гэтым супрацоўнік некалькі разоў паўтарыў, што ён не ашуканец, і параіў перазваніць у 102. Там званок пацвердзілі. 

Для некаторых справа не скончылася тэлефонам. Адну жанчыну папрасілі прыйсці ў РАУС. У вёску на Чашніччыне, якая мяжуе з Лепельскім раёнам, міліцыянеры прыязджалі яшчэ летам і распытвалі, ці не знікла нехта з знаёмых жанчын. Да адной каментатаркі прыехалі дадому, каб упэўніцца, што яна жывая, у іншай, паводле яе слоў, проста ў кабінеце ўзялі аналіз ДНК. А 12 лістапада аднаму з каментатараў патэлефанавалі і спыталіся, ці не знікала жанчына з яго атачэння.

Многія з сітуацыі жартуюць. 

«Добры дзень, вы жывыя? — Добры дзень, не. — Добра, да пабачэння».

«Добры дзень, вы жывыя? Не! Вы тэлефануеце ў пекла».

Шмат хто шчыра не разумее, што хочуць пачуць міліцыянеры, калі пытаюцца ў чалавека, ці жывы ён? І што будзе, калі не ўзяць трубку — «запішуць у мёртвыя»? Нехта параўноўвае гэта за званком у дамафон з пытаннем «ты дома?», а нехта — з начным пытаннем «спіш?».

Шмат хто прызнаецца, што першая думка была пра ашуканцаў. Адна карыстальніца прызнаецца, што пасля такога званка разам з сям’ёй прыдумала кодавае слова — на ўсялякі выпадак.

Для некаторых званок стаў больш чым проста дзіўным. Адна жанчына піша, што ў яе маці пыталіся, як сябе адчувае сястра, — хоць сястра памерла паўтара месяца таму. Для іншых званок абярнуўся шокам для ўсёй сям'і ці пакінуў непрыемны асадак пасля размовы.

Хтосьці заўважае, што ў іншых выпадках міліцыя знаходзіць людзей значна хутчэй:

«Госпадзе, такое трызненне! Як ноччу выйдзеш без флікера, дык усе даныя пра цябе знойдуць. А тут аналіз трупа не могуць зрабіць. Смешна!»

Каментары

Цяпер чытаюць

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Нявестка Ліліі Ананіч стала топ-менеджарам у БелТА — вярнулася на радзіму праз чатыры месяцы пасля эміграцыі ў Кітай24

Ва Украіне 14‑гадовая школьніца нарадзіла ад 60‑гадовага мужчыны. Яна кажа, што ён добры бацька, і прасіла не караць яго28

Таксіста і былога ахоўніка «Еўраопта» з Баранавічаў абвінавачваюць па палітычным артыкуле3

УСУ ўдарылі па Крымскім мосце. Рух транспарту спынены15

Турысты накідалі ў фантан Трэві амаль на 200 тысяч еўра менш пасля таго, як падыход да яго зрабілі платным4

Кітайскі маркетплэйс Temu сам прапанаваў беларусцы супрацоўніцтва, але зліўся, калі даведаўся яе грамадзянства13

Мінабароны расказала, як над Беларуссю збіваюць заблукалыя дроны2

З Янам Памедорам Рэуцкім развіталіся ў Варшаве

Канкурэнт Starlink страціў 40 спадарожнікаў: ракета не даляцела да арбіты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць