Кіроўца, які насмерць збіў вядомага доктара ў Бабруйску, быў п'яны. Яго за рукі трымалі, каб не ўпаў
Медагляд паказаў наяўнасць у кіроўцы 2 праміле алкаголю ў выдыханым паветры.
Ва УСК распавялі пра абставіны здарэння, якое адбылося ўвечары 10 чэрвеня ў Бабруйскім авіягарадку на вуліцы Коўзана.
Увечары мінулага панядзелка, каля 21:40, аўтамабіль Opel наехаў на 51-гадовага мужчыну. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр. Як пазней высветліцца, загінулым аказаўся вядомы ў горадзе доктар Сяргей Нікіцін. Ён працаваў урачом-рэнтгенолагам (в.а. загадчыка) аддзялення прамянёвай дыягностыкі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры, а таксама ў адным з бабруйскіх медцэнтраў.
Як высветлілася, у той фатальны вечар разам з жонкай ён ішоў з гаража дадому. Ішлі па абочыне ў спадарожным кірунку руху аўтамабіляў. Жонка пачула гук аўто, а павярнуўшыся, убачыла як мужа збіў аўтамабіль, піша abw.by.
Кіроўца, хаваючыся з месца смяротнага наезду, учыніў яшчэ адно ДТЗ
Пасля наезду на пешахода Opel праз некалькі дзясяткаў метраў спыніўся. Кіроўца агледзеў свой аўтамабіль, азірнуўся і з'ехаў. Відавочцы спрабавалі яго спыніць, але беспаспяхова. Рухаючыся на хуткасці, ён не ўпісаўся ў паварот — аўтамабіль урэзаўся ў плот. Гэта значыць кіроўца здзейсніў ужо другое ДТЗ.
На месца прыбылі інспектары ДАІ, якія затрымалі кіроўцу і павезлі на медагляд. Следчаму ён растлумачыў, што за некалькі гадзін да здарэння ён рамантаваў машыну ў сваім гаражы і выпіваў.
На пахаванні калегі загінулага казалі: «Кіроўца п'яны быў зусім, калі яго з машыны даставалі, за рукі трымалі, каб не ўпаў».
У дачыненні да 38-гадовага жыхара Бабруйска заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Ён пад вартай.
Каментары