Грамадства2929

«Трэба жыць! Роспач атручвае». Вядомыя беларусы раяць, што нам рабіць

Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, беларусы ўсё гэтак жа лічаць, што ў 2020-м усё было не дарма. Але праз чатыры гады, калі глядзець у будучыню, што можа рабіць сёння кожны для набліжэння пераменаў, якія былі адабраныя сілавым метадам і адмашкай на жорсткія рэпрэсіі? Задалі гэта пытанне беларусам.

Аляксандр Мілінкевіч, палітык:

— Самае галоўнае, што павінна была б рабіць беларуская грамадзянская супольнасць — праяўляць салідарнасць паміж сабой. Трэба вучыцца працаваць у камандзе, у сетках і арганізацыях. Дапамагаць ініцыятывам, якія ёсць у розных гарадах і краінах, у Беларусі — у тым ліку. Канечне, значна цяжэй дзейнічаць унутры краіны, але я добра ведаю, што людзі там займаюцца актывізмам, бо размаўляю, сустракаюся з тымі, хто жыве і працуе там. Хай гэта не палітычныя справы, але вельмі важныя.

Трэба вучыцца лідарству, пазбяганню канфліктаў, ведаць, як шукаць сродкі на фінансаванне дзейнасці, карыснай для краіны. Многім рэчам можна вучыцца, і прафесіяналізм сённяшніх розных арганізацый вызначыць лёс Беларусі пасля адыходу дыктатуры.

Нам будзе няпроста, дэмакратычнае шчасце не прыйдзе, як толькі не стане Лукашэнкі. Будзе жорсткая барацьба за Беларусь менавіта ў той момант, калі дыктатура нібыта адыдзе. Таму што Масква цалкам прайграла Украіну: украінцаў ужо не вернеш у рускі свет — гэта 100%, хаця б дзякуючы высокаму ўзроўню іх ідэнтычнасці.

У нас жа ідэнтычнасць у большасці людзей яшчэ не такая моцная, на жаль. У нас няма грунтоўнай гістарычнай самасвядомасці, не так шырока распаўсюджаная беларуская мова.

І будзе момант, калі Расія ўсімі намаганнямі паспрабуе адстойваць шанец, каб пакінуць Беларусь у сферы свайго абсалютнага ўплыву, каб зрабіць краіну рускамоўнай і рускаміраўскай тэрыторыяй. Гэтая барацьба можа вырашыцца на нашу карысць, толькі калі грамадзянская супольнасць і незалежныя медыя будуць дастаткова ўплывовымі.

І калі нехта запытае: «А што вы ўжо зрабілі?» — я якраз лічу, што самае галоўнае — гэта тое, што мы самазахаваліся і там, і тут, і ў Беларусі, і ў эміграцыі. Бо менавіта грамадства будзе вызначаць будучыню.

І калі я думаю пра тое, што яшчэ на пачатку 2000-х такіх прабеларускіх, праеўрапейскіх людзей у нас было максімум чвэрць (астатнія проста думалі, як выжыць), то сёння мы маем Беларусь, у якой большасць людзей — праеўрапейскія, вельмі многа сур’ёзна прабеларускіх. Такога ніколі не было.

І тое, што людзі ў 2020 годзе выходзілі — яны выходзілі за праўду, за справядлівасць, за сумленныя выбары. Гэта ўсё — еўрапейскія каштоўнасці. І гэта каласальнае дасягненне ва ўмовах жорсткай дыктатуры.

Генадзь Коршунаў, сацыёлаг:

— Даваць парады — справа не вельмі ўдзячная, таму што ва ўсіх нас сёння вельмі розныя жыццёвыя абставіны, мы валодаем рознай колькасцю рэсурсаў, у нас розная ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Але мне падаецца, справа па працы на ўласнае развіццё, на развіццё беларушчыны, нацыянальных навыкаў і кампетэнцый актуальная для ўсіх беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся.

Яшчэ магу параіць людзям больш клапаціцца пра сваё ментальнае здароўе. Калі ёсць магчымасць — звяртацца да псіхолагаў, прымаць удзел у псіхалагічных групах ці групах падтрымкі, у псіхатэрапеўтычных практыках.

На жаль, на постсавецкай прасторы клопат пра свой ментальны стан не вельмі пашыраны. У маладога пакалення і больш прасунутых людзей такіх забабонаў адносна працы з псіхолагам робіцца менш і менш. Але разуменне таго, што мы не ўсё можам вывозіць самастойна і няма нічога заганнага ў тым, каб шукаць дапамогу, на жаль, яшчэ не стала нормай сярод шырокіх мас. І гэты момант трэба папулярызаваць. 

Варта адзначыць, што Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне» ўжо тры гады запар напярэдадні жнівеньскіх падзей праводзіць апытанні наконт таго, што людзі думаюць пра 2020 год, ці яны расчараваліся ў тых падзеях, якія пачуцці адчуваюць. І калі казаць пра вынікі сёлетняга апытання, агулам можна сказаць, што беларускае грамадства, прынамсі — прадэмакратычная частка, старонку не перагарнула, як бы таго ні хацеў рэжым Лукашэнкі. 

Людзі працягваюць лічыць, што падзеі 2020 і 2021 гадоў — усё гэта было не дарма, ва ўсім быў вялікі сэнс, бо мы даведаліся што нас агромністая колькасць. Беларусы кажуць, што ім таксама важна, што яны ўбачылі вычварэнскую прыроду рэжыму Лукашэнкі. Фактычна палова прадэмакратычнай часткі лічыць, што канчатковай паразы пратэсна-дэмакратычны рух не атрымаў.

Што яшчэ даволі моцна мяне ўразіла ў выніках апытання — назіраецца пашырэнне рэпрэсій. Напрыклад, у 2022 годзе тых, хто не адчуваў рэпрэсій (пачынаючы ад затрыманняў і сканчаючы прафілактычнымі гутаркамі з боку начальства ці падвышанай увагай пры перасячэнні мяжы і праверкай тэлефонаў), было каля 22% прадэмакратычнай часткі. Цяпер доля тых, хто не сутыкаўся з такім, скарацілася да 16%. То-бок, рэпрэсіі пашыраюцца.

Дар'я Афанасьева, актывістка, экс-палітзняволеная:

Фота з архіва гераіні

— На маю думку, мы павінны перастаць упірацца рукамі аб дзвярны вушак і ісці на перамовы [каб вызваліць палітзняволеных]. Калі трэба — прасіць, калі трэба — умольваць. Таму што, на мой погляд, ніякая дэмакратыя і вольная Беларусь не можа будавацца на крыві, свабодзе, жаночым і мужчынскім здароўі. Мы не можам пабудаваць краіну, якой так хочам, на пакалечаных лёсах людзей, на сапсаваным дзяцінстве тых, хто цяпер жыве без бацькоў, на сапсаванай старасці бабуль і дзядуль, якія могуць не дачакацца сваіх унукаў з турмаў, на жудасным стане бацькоў, якія цяпер возяць перадачы і кожны дзень мусяць здагадвацца, што ж адбываецца з іх дзецьмі.

Мы павінны аддзяліць тое, што адбываецца на ўзроўні палітычных матываў і гуманітарных. І паставіць на першае месца жыцці людзей. Паслухаць былых палітвязняў (хаця я лічу, што былых тут не бывае), якія практычна ў адзін голас паўтараюць, што нішто не вартае чалавечай свабоды. І нават адзін выратаваны чалавек — гэта ўжо важна, не трэба абясцэньваць. Кожнае жыццё шалёна каштоўнае. 

Я не палітычны эксперт і не ведаю, якім чынам трэба дамаўляцца, але трэба ісці на перамовы. Перажыўшы ўсё гэта сама, я проста ў шоку, што ў нас дагэтуль паўстаюць пытанні наконт таго, што нам рабіць і ці варта ўвогуле ладзіць перамоўны працэс. Калі гэтае пытанне ўзнікае — значыць, мы так нічому і не навучыліся.

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык і бард:

— Рэцэпт вельмі просты — рабіць сваё. Лепей і паслядоўней, чым дагэтуль. Быць беларусамі і не блытаць сябе з суседзямі. Яшчэ Каліноўскаму было ясна, як моцна звязаныя нашыя праблемы з празмернай прысутнасцю ў нашым жыцці Расіі. Яшчэ ніколі яна не выглядала ў свеце настолькі непрывабнай, як сёння. То, можа, і да крытычнай большасці з нас нарэшце дойдзе, што гэта — чужое. Што ёсць іншыя кніжкі, іншыя фільмы, іншыя зоркі, іншыя тэмы…

Для тых з нас, хто цяпер раскіданы па свеце, беларускасць — спосаб не знікнуць, не распусціцца ў навакольным асяроддзі, быць бачным, аб’ядноўвацца міжсобку і нагадваць пра сябе свету — і самім сабе.

Для тых, каму яшчэ цяжэй у самой краіне, беларускасць — таксама спосаб вытрымаць, ужо на партызанскім узроўні, і дажыць да лепшых часоў, штодзённай дзейнасцю гэтыя часы набліжаючы.

І першым, і другім важна не згубіць адно аднаго, чуць іншых і знаходзіць спосаб быць чутнымі. Трымацца і падтрымліваць. Быць сабой. І дапамагаць Украіне, бо ад гэтага залежыць лёс нас усіх.

Георгій Рой, святар:

— Па-першае, трэба жыць! Роспач атручвае, робіць нас няздольнымі да зменаў.

Глыбокая праўда ў прымаўцы: «вайна вайною, а сеяць трэба». Вось і нам трэба сеяць, трэба глебу свайго жыцця перапрацоўваць, каб на ёй вырас найлепшы ўраджай тых здольнасцей і талентаў, якія нам даў Бог. Каб вырасла тое, што паслужыць будучыні нашага народу.

Беларускі народ у цяжкай хваробе і ацаленне ад яе будзе залежыць менавіта ад жадання жыць, вылечыцца ад таго зла, якое апанавала, ад жадання быць народам, мець свабоду, сваю мову, культуру, зямлю.

Калі чалавек у роспачы — нічога не атрымаецца. Таму нам усім трэба гуртавацца, трэба ўсім магчымым падтрымліваць адно аднаго і мець у полі зроку вольную Беларусь.

Каментары29

  • Жыве Літва!
    10.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Трэба жыць
    10.08.2024
    як набяжыць
  • бабруйчанін
    10.08.2024
    Роспач Зло Разьеднанне Зло Сумневы Зло Патуранне гэтаму Зло ..Усе будзе Усе атрымаецца

У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем10

У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем

Усе навіны →
Усе навіны

Стылёвы будынак у Шабанах атрымаў гран-пры міжнароднага конкурсу9

Перад «Марафонам адзінства» ў Жлобіне дзяцей навучаць імітаваць «актыўны партэр»2

Беларус расказаў, як рэгулярныя наведванні радзімы ледзь не вылезлі яму бокам

Тэракт на авіяпрадпрыемстве ў Турцыі: што вядома1

Што вядома пра сітуацыю са Streamline?16

Беларускі пабраліся першым аднаполым шлюбам у Літве38

Афіцыйна нічога не паведамлена, але рахункі заблакаваныя. Streamline выдаў афіцыйную заяву ў справе сваёй ліквідацыі1

На авіякасмічным прадпрыемстве ў Турцыі здзейснены тэракт1

Міністр абароны Расіі заявіў пра гатоўнасць ужыць ядзерную зброю ў выпадку пагрозы Беларусі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем10

У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем

Галоўнае
Усе навіны →