Грамадства1

«Самае складанае пасля вызвалення — страх прачынацца». Былая палізняволеная расказала, як калонія не адпускае яе і на волі

Дар'я Афанасьева вызвалілася 30 сакавіка, за два дні да 29-годдзя. Але думкамі засталася ва ўзросце 26 гадоў, калі яе затрымалі. У канцы снежня 2021-га яна як HR-спецыяліст IT-кампаніі раздала калегам падарункі, вярнулася дадому, а праз пару гадзін туды ўварваліся сілавікі. Каля месяца таму дзяўчына з'ехала з Беларусі ў Польшчу. Блог «Людзі» запісаў яе аповед пра Гомельскую жаночую калонію і тое, як няпроста пасля зняволення зноў пачаць нармальнае жыццё.

Дар'я пасля вызвалення. Май 2024-га, Варшава. Фота: асабісты архіў гераіні

Дар'я Афанасьева актывістка, фемблогерка. Да затрымання вяла інстаграм пад нікнэймам Дафна, дзе расказвала пра сэксізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысяч падпісчыкаў.

Дар'ю затрымалі 27 снежня 2021 года. Суд прысудзіў яе да 2,5 года калоніі паводле арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яна адбывала тэрмін у жаночай папраўчай калоніі № 4 У Гомелі, якую ў народзе называюць «Антошкіна».

Пра дзень выхаду і час напярэдадні

Выйшла, нібыта як ужо 2024 год, але па маіх адчуваннях 2021-ы, таму што для мяне нічога не памянялася. Увесь гэты час я знаходзілася на паўзе. Не было дзён нараджэнняў з падвядзеннем вынікаў, таму што я нічога не дасягнула, нічога не зрабіла. Не развівалася ў новым хобі, не скокнула з парашутам, не прасунулася па кар'ернай лесвіцы, не атрымала магістарскую.

Мой тэрмін заканчваўся 31 сакавіка. Гэта нядзеля, у выхадны (субота ў калоніі працоўны дзень. — Заўв. рэд.) не выпускаюць, таму я выйшла раней — у суботу. Атрымліваецца, падманула зону на дзень. Яна, праўда, забрала ў мяне 2,5 года. Але хоць нейкая радасць.

Ніхто мне не паведамляў, што вызвалюся хутчэй. Я сама палічыла. Яшчэ ў СІЗА на вокладцы сшыткі намалявала каляндарык, колькі мне сядзець. У радок змяшчалася па чатыры месяцы. Тады і заўважыла.

Кожны раз, калі гэтыя чатыры месяцы заканчваліся, я іх адразала нажніцамі і адпраўляла маме. Гэта былі змешаныя эмоцыі. З аднаго боку: «Ура, мінус чатыры месяцы», з другога разумееш: усё гэта страчаныя дні жыцця.

Дзесьці за месяц-паўтара да вызвалення ў мяне пачалі пытацца: «Якія адчуванні? Час паскорыўся ці цягнецца?» Але нічога не памянялася. Час ішоў прыкладна так жа хутка, як і раней. Да апошняга не ўсведамляла, што выходжу.

На фабрыцы ёсць традыцыя: той, хто вызваляецца, у апошні працоўны дзень танчыць на стале. Наогул, гэта забаронена, але калі ведаеш, што выходзіш, ужо ўсё роўна. За некалькі дзён да гэтага ўсе думкі займае тое, якая ж павінна быць песня і хто яе праспявае. Некаторыя выбіраюць Лаліту. «Нет, не надо слов, не надо паники, это мой последний день на швейной фабрике» (гаворка пра песню «На Тытаніку». — Заўв. рэд.). Але Лаліта — не той персанаж, якога я б хацела слухаць. Спыніліся на Манатыцы — «теперь давай танцуй».

У дзень вызвалення са мной заставаліся дзяўчынкі, якія знаходзіліся на бальнічным. Калі б не яны, напэўна, я б яшчэ больш плакала. Гэта жудасныя эмоцыі і адчуванні. З аднаго боку, ты нібыта павінна радавацца, што выходзіш, з другога — глядзіш на дзяўчынак і разумееш, для іх гэтае пекла працягваецца. Заўтра я магу ўстаць з ложка, калі захачу, паваляцца, ды нават выпіць (!), а яны прачнуцца ў 6.00 і пойдуць на фабрыку.

Узнікае здрадлівая думка застацца. Натуральна, калі б прапанавалі так зрабіць, гэтага не зрабіла б.

Пра першыя тыдні дома і дзень нараджэння

Пасля калоніі з'явіўся нервовы цік. Сяброўка зняла мой гадзіннік, бо я ўвесь час на яго глядзела і думала, што ў гэты час робяць на зоне, мучылася. Цяпер проста гляджу на пустую руку. Стараюся пазбавіцца ад гэтай звычкі, але пакуль не магу.

Размаўляла з тымі, хто вызваліўся год таму, усе яны кажуць, што турма з цябе не выходзіць, таму што там застаюцца дарагія людзі.

Пакуль сядзела, сяброўкі праз маму перадавалі: «Жыццё стаіць». Не буду крывіць душой, было прыемна, што мяне памятаюць і чакаюць, але я прасіла іх атрымліваць асалоду ад кожнага дня, не сумаваць. Капслокам пісала. А цяпер выдатна іх разумею.

Неяк мне прыяцелька ў лісце расказала, што ў яе пачуццё, быццам яна сядзіць са мной, а ключы ад гэтай турмы ў мяне. Я выйшла, і ёй стала лягчэй. Мы ўсе жывем у нейкім усёпаглынальным пачуцці віны. Хочам нешта зрабіць, каб людзям там было лягчэй, але зрабіць нічога не можам.

Самае складанае пасля вызвалення — страх прачынацца.

Кожную раніцу я да гэтага часу некалькі секунд трымаю вочы заплюшчанымі, баюся, што як толькі іх расплюшчу, убачу калонію. Баюся, што ў спробах адысці ад рэальнасці прыдумала, што ўсё добра і я ў бяспецы.

Першы час пасля выхаду эмоцыі былі дзіўныя і незвычайныя. Памятаю, стэлефанаваліся па відэа з сяброўкамі, мы ажыўлена пра нешта гаварылі. Дакладней, яны актыўна абмяркоўвалі, а я больш маўчала. Яны ўсе хацелі на мяне паглядзець, а я адварочвала камеру. Разумела, якая я стомленая, старалася, каб яны не бачылі мяне ў такім стане. У нейкі момант адчула, што гляджу серыял, а ён быццам на трэцім сезоне. Так шмат усяго ў іх жыцці я прапусціла — і хвілін праз сорак сышла. Не скажу нават куды. Проста пакінула размову, ні з кім не развітаўшыся.

Першыя два тыдні я практычна ўсіх ігнаравала. Бачыла, што мне пішуць, але не магла ўстаць з канапы. Адзінае, на што хапала сілаў, гэта схадзіць туды, куды запісалі сяброўкі — да лекараў, у салон прыгажосці.

Памятаю, як усіх напалохала. Казала, што хачу назад у калонію, бо там усё звыкла. Там у цябе распарадак дня, ты ведаеш, што будзе сёння, заўтра. А тут невядомасць: трэба з'язджаць з краіны, нешта пачынаць, а я не магу, бо думкамі я на зоне з дзяўчынкамі.

1 красавіка мой дзень нараджэння. Многія перадавалі праз кур'ераў падарункі, а я не магла дзверы адчыніць. Баялася да іх падыходзіць. Мама ўсё забірала. Да гэтага часу страх перад дзвярыма. Калі званіў дамафон, то адразу былі думкі чысціць тэлефон і выдаляць кантакты. Хоць разумею, ледзь што, яны (сілавікі. — Заўв. рэд.) не будуць карыстацца дамафонам.

Гэта ірацыянальна, але такія наступствы перажытага. Разумела, што, хутчэй за ўсё, перад Днём Волі і іншымі масавымі мерапрыемствамі мяне могуць прэвентыўна затрымліваць. Ад гэтага ўсяго здавалася, што ты нібы працягваеш знаходзіцца ў турме, толькі ў значна большай па памерах.

Дар'я падчас аднаго з мітынгаў, лета 2020-га. Фота: асабісты архіў гераіні

Пра сілавікоў

За тры тыдні, якія правяла ў Беларусі пасля вызвалення, сілавікі не з'яўляліся. Я сама хадзіла ў міліцыю адзначацца. Ішла і не ведала, ці вярнуся дадому. Кожны раз мама чакала ад мяне званка, каб даведацца, ці ўсё ў парадку.

Лекцыі (іх праводзяць для ўсіх тых, хто вызваліўся і жыве на тэрыторыі раёна. — Заўв. рэд.) у маім Заводскім РУУС праходзяць па чацвяргах два разы на месяц. Я, атрымліваецца, была на двух. Прыходзячы, давала пашпарт, яны глядзелі і, калі я ішла садзіцца, акцэнтавалі ўвагу прысутных: «Гэта пратэсная дзейнасць».

З першай лекцыі амаль усіх адпусцілі, пакінуўшы толькі тых, хто не працаўладкаваны. Іх, мабыць, збіраліся весці на грамадскія работы. Я сказала, што ўсяго тыдзень на волі, якая праца. І мяне адправілі на кірмаш вакансій. Там адкрыта спыталася: «Хто рызыкне ўзяць на працу чалавека са спісу экстрэмістаў?» Усе адказалі адмоўна. Я адтуль пайшла. Але маё РУУС патрабавала абавязковага працаўладкавання літаральна з першага тыдня.

Пра здароўе і гігіену за кратамі

Сёння была ў лекара. У мяне ПТСР. Гэта было цалкам чакана, але я ўсё адно моцна знервавалася. Прапісалі антыдэпрэсанты. Пасля працы на фабрыцы пагоршыліся зрок і слых. Магчыма, вядома, гэта дадумванні. Заўтра якраз іду правяраць.

А яшчэ ў калоніі ўзмацнілася мая бранхіяльная астма. Я перайшла на іншыя балончыкі. Давялося завесці іх некалькі. Адзін перад сном, іншы для прафілактыкі (два разы на дзень ім карысталася), трэці, каб здымаць прыступы. У калоніі часцей стала сутыкацца з сітуацыямі, калі балончык бяссільны. Даводзілася ісці ў санчастку, даказваць, што мне дрэнна, каб атрымаць лекі.

Быў выпадак, калі ў мяне пачаўся прыступ, пайшла ў санчастку па таблетку. Разумею, што калі яе не дадуць у найбліжэйшы час, яна ўжо не дапаможа, спатрэбіцца ўкол. А ад яго ванітуе і моцны галаўны боль. Я ледзь дыхаю, а медык: «Не бачу, каб вы задыхаліся». Кажу: «Праверце, у вас жа ёсць апарат, які вымярае кісларод. Вось мой палец». Яна праверыла, але нічога не сказала. Напэўна, там ужо быў нейкі жах. Дала таблетку, але, натуральна, тая не падзейнічала, пазней прыйшлося калоцца.

Я такога стаўлення да людзей ніколі не зразумею і не прыму, як і сітуацый, калі прыходзіш па таблетку, таму што ў цябе месячныя і баліць жывот, а табе адказваюць: «Ідзіце да ўрача». А запіс да яго за тыдзень. А жывот баліць зараз! Мне што, на прыём за тыдзень да месячных запісвацца? Гэта ў выпадку, што з менструацыяй можа быць так: тры месяцы няма, а потым пяць месяцаў ідзе не спыняючыся.

І гэта досыць распаўсюджаная з'ява. Чаму? З-за нерваў, стаяння на холадзе зімой падчас праверак, плюс мы вельмі шмат цяжараў цягаем. Гэта называецца інвентарныя работы. Ты носіш асфальт, плітку, разгружаеш на сабе бульбу. Падчас рамонту таксама прыцягваюць. Напрыклад, у пятым атрадзе мяняюць падлогу. Старую «падрывалі», і ўсе яе рэшткі дзяўчаты насілі на сабе.

Дар'я Афанасьева ў красавіку 2020-га. Фота: асабісты архіў гераіні 

Ну і адносна гігіены. У мяне было тры тыдні запар, калі я прапускала лазню. Спачатку з-за дзяжурства (гэта калі сядзіш за сталом і адзначаеш тых, хто прыходзіць і сыходзіць з атрада), потым яшчэ з-за чагосьці, і вось з-за званка. Час першага і другога супадаў, і начальніца атрада сказала: «Выбірай». Зразумела, ты абярэш патэлефанаваць, але так хацелася ёй сказаць: «А ты паспрабуй тыдзень не хадзіць у душ і памыцца па запчастках. Спачатку ў бідэ, потым верхнюю частку цела над рукамыйніцай і ногі ў нагамыйніку».

У некаторых атрадах ёсць душ. Ён быў у двух з трох, дзе я знаходзілася. У адным, праўда, яго часта закрывалі ў якасці пакарання. Здарыўся нейкі касяк, напрыклад, дрэнна прайшоў ператрус, нас караюць адсутнасцю гігіены. І ты сядзіш такі: «Клас».

Пра працу ў калоніі і вольны час

Распарадак такі: тыдзень працуеш у першую змену, тыдзень у другую. Першая — з 7.00 да 14.30, а другая — з 15.00 да 21.30.

Шыць нескладана. Цяжэй усвядоміць, што ты займаўся любімай справай, а цяпер марнуеш час на форму для супрацоўнікаў МУС, КДБ і гэтак далей. Адразу табе даюць лёгкую задачу, а потым, калі бачаць, што спраўляешся, — усё складанейшую і складанейшую.

Мы, усе «экстрэмісткі», дурнічкі. Прывыклі ў жыцці рабіць усё якасна і тут паказваем, што адэкватныя. У выніку атрымліваем цяжкія задачы.

Пакуль сядзела, ад працы адмаўлялася толькі дзве палітзняволеныя. Імя першай дзяўчынкі не памятаю, а другая Лазарчык (Алена Лазарчык. — Заўв. рэд.), але ў яе праблемы са зрокам — вялікі мінус. Яна, лічы, не бачыць, і на машынцы магла б рукі сабе папрашываць, таму дамагалася, каб яе паставілі на абразанне або прас. Месяцы са два яна праз гэта правяла ў ШІЗА. Потым ёй памянялі атрад, цяпер яна абразае ніткі з гатовых вырабаў.

Вольнага часу ў мяне амаль не было. Ты альбо на інвентарных работах, альбо на дзяжурстве, альбо прыбіраеш снег. Калі ён падае, адпачынак забаронены. І колькі ён кладзецца, столькі мы ходзім і чысцім, пакуль не будзе бачны асфальт.

Швейная вытворчасць у ВК № 4. Гомель, жнівень 2021 года. Фота: расійскае агенцтва Sputnik

Пра званкі родным

У месяц іх тры звычайных і адзін з відэа. У «экстрэмістаў» усе яны па пяць хвілін. Ні разу не сутыкалася, каб званок забаранялі. Наадварот, памятаю выпадак, калі начальніца атрада забрала нас крыху раней з фабрыкі, каб мы паспелі пагаварыць з роднымі. Яна ўжо звольнілася. Усе добрыя супрацоўнікі адтуль сыходзяць.

Размовы слухаў аператыўны супрацоўнік. Асноўнае правіла — камунікуем пра надвор'е, пра прыроду. Пра калонію нічога расказваць нельга, інакш цябе спыняюць, папярэджваючы, што гэтая тэма — табу. Хоць аднойчы на відэазванку я паведаміла родным, што ў мяне парушэнне, каб растлумачыць, чаму адмянілася доўгае спатканне. Мяне не перабілі. Мабыць, самі былі ў шоку ад абсурднасці сітуацыі.

Што за яна? Я купіла марозіва ў кубачку. Трохі з'ела, заставалася частка, дзе шмат вафлі. А я гэта не вельмі люблю, дык прапанавала іншай дзяўчынцы. Мы сядзелі амаль плячом да пляча, і я акуратна, ледзь не праз стол перадала ёй марозіва. І ўсё роўна хтосьці настукаў. Даносчыц хапала, кожная (я не маю на ўвазе «экстрэмістак») ратавалася, як магла.

Была яшчэ сітуацыя. Хацела павіншаваць сяброўку з днём нараджэння, а ў нас перапіска закрытая. Я адправіла ёй паштоўку ад імя іншай асуджанай, якой пра гэта не расказвала. Спадзявалася, дойдзе. Праз пару дзён мяне выклікаў аператыўны куратар (ён жа цэнзар), сказаў, я парушыла правілы ўнутранага распарадку. Аказалася, яны мяне «адстрэлілі» (вылічылі. — Заўв. рэд.) па почырку. Мяне нібы абліла халоднай вадой. Там проста на канверце алоўкам было напісана «почырк Афанасьевай». За гэта мне далі прыбіранне па-за чаргой, я прыбірала туалеты.

Пра аператыўнага куратара

За кожным атрадам у калоніі замацаваны аператыўны куратар. Гэта чалавек, ад якога на зоне залежыць абсалютна ўсё. Ён вырашае, з кім табе сябраваць і мець зносіны, кім працаваць на фабрыцы і ў якіх умовах. Ён там бог і валадар. Бывае, стаіш на праверцы, куратар можа да цябе прычапіцца, сказаць якую-небудзь гадасць, прымусіць хвалявацца. Каб чалавек разумеў — за ім сочаць. Нярэдка яны выклікаюць дзяўчат на гутаркі, некаторым пагражаюць, схіляюць даносіць.

За час у «Антошкіна» аператыўных куратараў у мяне было тры. Толькі з апошнім змагла знайсці больш-менш агульную мову. Адзін з іх пры мне знішчаў лісты мамы. У суме, напэўна, штук дзесяць. Без тлумачэння прычын. Проста глядзіць: «О, гэты канверт цяжэйшы. Напэўна, там куча паштовак і фатаграфій, вось мы яго знішчым». Пытаюся, што там не так. Адказвае: «Магчыма, нейкая зашыфраваная інфармацыя». Я яму: «Слухайце, я ўжо год сяджу. Мая мама, калі захоча нешта зашыфраваць, то зробіць гэта так, што вы не зразумееце. Але яна гэтага не робіць, бо ведае — нельга». Гэта яго не спыніла. Пасля некалькіх нашых размоў зразумела — мы размаўляем на розных мовах.

Пра іншых палітвязняў

На момант майго выхаду Марыя Калеснікава была ў памяшканні камернага тыпу. Як яна, я не ведаю. Кожны раз, калі з ёй нешта адбываецца (гаворка пра здароўе ў выпадках, калі патрэбна меддапамогу. — Заўв. рэд.), у калоніі абвяшчаюць практычна ваеннае становішча. У гэты перыяд нікога не выпускаюць з атрадаў, усе сядзяць у адным памяшканні, нельга падыходзіць да вокнаў.

Дар'я з Марыяй Калеснікавай, 2020 год, Мінск. Фота: асабісты архіў гераіні

За некалькі тыдняў да майго вызвалення «трывогу» якраз абвяшчалі, але ці звязана гэта з Машай, не ведаю. «Ваеннае становішча» ўводзяць і па іншых прычынах. Напрыклад, прыязджае нейкая праверка, здымкі ў калоніі. Зэкі на зоне забароненыя. Не павінна быць відно, што мы там сядзім. Мы ўвесь час смяяліся, што нас хаваюць, хоць праверка прыязджае паглядзець, як сябе адчуваем.

Калі ўпершыню ўбачыла ў сталовай, як Марына Золатава накладвае кашу зняволеным, у мяне здарылася несастыкоўка рэальнасці. Ніколі не думала, што апынуся ў калоніі, а за суседнім сталом галоўрэд Tut.by будзе накладваць ежу.

Маральны стан у яе быў добрым. Вядома, размаўляючы пра перспектывы, мы разумелі — усё тлен. Але тое, што з'яўляюцца прапагандысцкія фільмы з палітвязнямі, азначае, што і ў таго боку ёсць праблемы.

Марына знаходзіцца ў дзявятым атрадзе. Ён славіўся тым, што гэта прэс-хата для палітычных. Там была Каця Бахвалава, Тоня Канавалава і яшчэ некалькі нашых дзяўчат. Адносна нядаўна ім памянялі аператыўнага куратара. Марыне дазволілі спартзалу. Месяцы чатыры таму ў яе было парушэнне. За тое што яна пяць хвілін падзяжурыла за дзяўчыну на брамцы (сачыла, хто прыходзіць у атрад і пакідае яго. — Заўв. рэд.), яе пазбавілі спаткання.

Марфа Рабкова і Аніта Бакуновіч былі апошнімі дзяўчатамі, якіх убачыла перад вызваленнем. Я ішла з рэчамі, а яны, напэўна, — на званкі. Мы адзін аднаму ўсміхнуліся.

Машы дазволілі хадзіць у царкву, а нядаўна — і ў спартзалу. Я б сказала, у яе, як і ва ўсіх, эмацыйныя арэлі. Але гэта такі кот Леапольд. Усіх выратаваць, усім дапамагчы, пракансультаваць.

Тое, як Ксенія Луцкіна расказвае пра камандзіроўкі, гэта неверагодна. З ёй мы любілі жартаваць на тэму агульнага захворвання — астмы. Прычым Ксенія ўспамінала пра яе існаванне толькі ў СІЗА.

Перад маім выхадам дзяўчынцы з яе секцыі прыйшла піжама, бацькі так моцна яе надушылі, што Ксенія пачала задыхацца. Зразумела, секцыю ёй праз тое не памяняюць, і яна чакае, калі гэты пах выветрыцца, каб нармальна дыхаць.

З Мілай Чэкінай асабіста не мела зносін, але яна заўсёды падыходзіла да нас у гурток, калі ў перапынку паміж абедам і фабрыкай Аксана Зарэцкая чытала лекцыі па сучасным мастацтве. Мілу я заўсёды бачыла ў добрым настроі.

Аксана расказвала вельмі цікава, з яркімі прыкладамі. Калі яна тлумачыла, чым адрозніваецца клякса на сцяне ад сучаснага мастацтва, было адчуванне, нібы ты не ў турме.

Каця Бахвалава вучыла нас іспанскай мове, Ірышка Слаўнікава, калі мы пачыналі ныць, казала: «Так, сабраліся, што гэта такое».

Пра кожную з нашых дзяўчат я ўспамінаю.

Пра рашэнне ехаць і што далей

Думка пра ад'езд з'явілася, калі патэлефанавалі (не ведаю хто, яны не прадставіліся) і ўдакладнілі, што я планую рабіць са сваім блогам. Да пасадкі я пісала пра фемінізм, правы жанчын. Калі села, для маёй жа бяспекі гэтую старонку ў інстаграме выдалілі.

Пасля званка зразумела: калі хачу (а я хачу) працягваць спакойна займацца тым, што рабіла да гэтага — весці асветніцкую дзейнасць, вярнуцца ў актывізм, — трэба з'язджаць.

Цяпер у мяне няма ніякага разумення, што далей. Зона да гэтага часу ўва мне. Я нічога не магу. Калі пачынаю нешта рабіць, узнікае пытанне: «А для чаго, да чаго?» Я ўвесь час азіраюся і не магу пачаць жыць.

Гэта крыўдна, таму што я ўсім казала: «Жывіце, кожная хвіліна каштоўная». А цяпер апынулася з ПТСР, рабіць нешта для сябе складана. Таму ніякіх планаў наогул.

Каментары1

  • Тэкля
    03.06.2024
    Цяжка. Але з цягам часу, з лекаваннем стане лягчэй. Жадаю, каб гэта адбылося як мага хутчэй

У Мінску ноччу стаяла даўжэзная чарга ў краму. Што давалі?

У Мінску ноччу стаяла даўжэзная чарга ў краму. Што давалі?

Усе навіны →
Усе навіны

Палітолаг, абвінавачаная па справе «аналітыкаў Ціханоўскай», падалася на прытулак у ЗША. Яна распавяла пра сябе 2

Эдуарда Бабарыку будуць судзіць па новай крымінальнай справе2

Экс-гулец мазырскай «Славіі» памёр ва ўзросце 42 гадоў

Стала вядома, што за жанчына-правакатарка хадзіла па Брэсце з расійскім сцягам з Z-сімволікай46

«Наша Ніва» змяніла дызайн. Расказваем пра новыя функцыі58

Сакратар Рады бяспекі Арменіі: Расія адабрала ў нас Нагорны Карабах і аддала яго Азербайджану1

ЕС хоча ўвесці санкцыі супраць Беларусі да канца тыдня10

У зборнай Італіі наспявае канфлікт з-за любоўнага трохкутніка5

Пяскоў пракаментаваў ордары МКС на арышт Шайгу і Герасімава3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску ноччу стаяла даўжэзная чарга ў краму. Што давалі?

У Мінску ноччу стаяла даўжэзная чарга ў краму. Што давалі?

Галоўнае
Усе навіны →