Свет44

Ілан Маск мог весці сакрэтныя размовы з Уладзімірам Пуціным

Самы багаты чалавек у свеце і адзін з заснавальнікаў амерыканскіх касмічных праектаў з канца 2022 года мае рэгулярныя кантакты з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, піша The Wall Street Journal.

Vladimir Putin Elon Musk Уладзімір Пуцін Ілан Маск Владимир Путин Илон Маск
Уладзімір Пуцін і Ілан Маск. Фота: Getty Images

The Wall Street Journal, спасылаючыся на інфармацыю некалькіх дзейных і былых амерыканскіх, еўрапейскіх і расійскіх чыноўнікаў, сцвярджае, што Ілан Маск мае рэгулярныя кантакты з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Гутаркі закранаюць асабістыя тэмы, бізнэс і геапалітычную напружанасць.

У той жа час, некалькі чыноўнікаў Белага дома заявілі, што не ведаюць пра такія кантакты. Гэтая тэма вельмі далікатная, улічваючы рост удзелу Маска ў кампаніі Трампа і надыходзячыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША.

Адзін чалавек, знаёмы з сітуацыяй, сказаў выданню, што ўрад сутыкаецца з дылемай, паколькі ён моцна залежыць ад тэхналогій мільярдэра. SpaceX выводзіць на арбіту жыццёва важныя для нацыянальнай бяспекі спадарожнікі і з'яўляецца кампаніяй, на якую NASA спадзяецца пры дастаўцы астранаўтаў на Міжнародную касмічную станцыю і іх вяртанні.

Па словах прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, ні Пуцін, ні крамлёўскія чыноўнікі не вядуць рэгулярных гутарак з Маскам.

У кастрычніку 2022 года сам мільярдэр публічна заявіў, што размаўляў з Пуціным толькі адзін раз. На платформе X ён адзначыў, што размова была пра космас і адбылася прыкладна ў красавіку 2021 года.

Выданне сцвярджае, што затым, як у 2022, так і сёлета, у мільярдэра было больш размоў, уключаючы дыялогі з іншымі высокапастаўленымі расійскімі чыноўнікамі. Па словах двух суразмоўцаў, адным з іх быў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Сяргей Кірыенка. Пра што яны гаварылі, незразумела.

Выданне звяртае ўвагу на змену пазіцыі Маска ў падтрымцы Украіны. Першапачаткова мільярдэр адкрыта падтрымліваў Украіну, перадаў ёй некалькі сотняў тэрміналаў Starlink для сувязі. Аднак у верасні 2022 года мільярдэр абмежаваў доступ да Starlink для ўкраінскіх вайскоўцаў, адмовіўшы ім у выкарыстанні сістэмы для атак на расійскую ваенна-марскую базу ў Крыме. Маск тады заявіў, што Starlink прызначаны для цывільнага выкарыстання і што атака на Крым можа прывесці да ядзернай эскалацыі.

Паводле інфармацыі адной з крыніц выдання, у той час Маск рэгулярна меў зносіны з «высокапастаўленымі рускімі», і Крэмль аказваў ціск на бізнэс мільярдэра і «няяўна пагражаў яму».

У кастрычніку 2022 года Маск папрасіў дзясяткі мільёнаў сваіх падпісчыкаў на X прагаласаваць за шлях да міру, які адлюстроўваў некаторыя аспекты тагачаснай прапановы Крамля Украіне.

Восенню 2022 года палітолаг Ян Брэмер, заснавальнік нью-ёркскай кансалтынгавай фірмы Eurasia Group, напісаў у Twitter, што Маск сказаў яму, што гаварыў з Пуціным і крамлёўскімі чыноўнікамі пра Украіну. «Ён таксама расказаў мне, якія ў Крамля чырвоныя лініі», — напісаў ён.

У інфармацыйным бюлетэні для падпісчыкаў Брэмер напісаў, што Маск перадаў яму паведамленне ад Пуціна аб гатоўнасці Расіі ўтрымаць Крым і дабіцца нейтральнага статусу Украіны «любой цаной», і што яна адкажа на ўкраінскае ўварванне ў Крым ядзерным ударам. Палітолаг прывёў словы мільярдэра аб тым, што «трэба зрабіць усё, каб пазбегнуць такога зыходу». Сам Маск публічна адмаўляў, што казаў штосьці з гэтага Брэмеру.

Па словах былога супрацоўніка расійскай разведкі, у канцы мінулага года Крэмль упершыню звярнуўся да Маска з просьбай не актываваць Starlink над Тайванем, у якасці аказання паслугі Кітаю, ад якога Расія ўсё больш залежыць у гандлі і абыходзе санкцый.

Па словах адной цяперашняй і адной былой крыніцы ў разведцы, Маск і Пуцін працягвалі падтрымліваць сувязь і ў гэтым годзе, калі мільярдэр пачаў узмацняць сваю крытыку ваеннай дапамогі ЗША Украіне і ўключыўся ў перадвыбарчую кампанію Трампа.

У апошні год інтарэсы Маска і Расіі ўсё часцей перасякаюцца. Акрамя таго, што Расія выкарыстоўвае X для дэзінфармацыі, а сам мільярдэр адкрыта выступае супраць дапамогі Кіеву, у пачатку гэтага года ўкраінскія чыноўнікі заявілі, што расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць Starlink для забеспячэння бяспечнай сувязі і павелічэння дальнасці палёту беспілотнікаў, што падарвала адну з нямногіх пераваг Украіны на полі бою.

Маск не адказаў на просьбы аб каментарыях па гэтай тэме. Раней мільярдэр назваў крытыку з боку некаторых колаў таго, што ён стаў апалагетам Пуціна, «абсурднай» і заявіў, што яго кампаніі «зрабілі больш для падрыву Расіі, чым любыя іншыя сродкі ці намаганні».

Каментары4

  • бабруйчанін
    25.10.2024
    бабруйчанін, жвір))) Наконт ІлонЫ Маскі тры гады таму таксама ні памыляўся калі фанаты піс.алі " ах старлінк ах тэсла"
  • Ваня
    25.10.2024
    Не нравится мне этот маск как и трамп тоже. Эти милиардеры обеспокоены только одним- наживы.
  • зачос
    26.10.2024
    Ваня, а ішчо перасадкай валос
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі21

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску спынілі вядомыя каскадныя вадаспады3

Пара з Гомеля назвала сына вельмі незвычайным імем. Такога ў абласным цэнтры больш няма14

У Маскве 11-гадовая дзяўчынка забіла бабулю, бо ёй не дазволілі пайсці на прагулку2

Беларусы выкупілі Радзівілаўскую карту ВКЛ16

Які горад у Беларусі самы сонечны?34

У Гродне заўважылі першага матылька1

«Заўсёды з усмешкай». Былая зняволеная расказала пра гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову

У Швецыі асудзілі мужчыну, які п'яны кіраваў дронам. Такое ўпершыню ў гісторыі

У Баранавіцкім раёне жанчыну, верагодна, загрызлі жывёлы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі21

З 1 лютага ЗША ўводзяць высокія мыты супраць тавараў з Кітая, Канады і Мексікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць