Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА
Што ўнутры дарагіх кватэр у доме Чыжа, «Парусе», «Алімпік Парк» і іншых прэстыжных жыллёвых комплексах? Паглядзелі, як выглядаюць некаторыя кватэры ў элітных дамах сталіцы.
«Залатая» кватэра ў доме Чыжа
На Старажоўскай, 6 прадаецца кватэра за 900 тысяч даляраў. Агульная плошча — 309 квадратаў.
Рамонт у ёй 2019 года, выкананы ў класічным стылі. На сценах шмат палотнаў у залатых рамках. Залаты колер праглядаецца ледзь не ў кожнай дэталі мэблі і іншых прадметах інтэр'еру.
У адным з пакояў на столі намаляваная карціна з анёламі.
Сантэхніка ў ванных пакоях таксама залатога колеру. Агулам у кватэры чатыры санвузлы, два з якіх замацаваныя за спальнымі пакоямі.
Адзінае месца ў кватэры, якое вылучаецца з агульнай стылістыкі, — лоджыя з крэслам і падвесным коканам.
«Стыль, раскоша і ўсходняя класіка ў кожнай дэталі», — гаворыцца ў апісанні да кватэры.
Таксама пазначана, што шмат дэталяў, мэблі і дэкору выкананы пад заказ і прывезены з-за мяжы.
Адметна, што гэтая кватэра знаходзіцца ў продажы мінімум з мая 2022 года. Тады за яе прасілі $1,5 мільёна. У пачатку 2023-га — $1,15 мільёна. Цяпер за яе просяць «усяго» $900 тысяч.
Амаль два мільёны за чатыры пакоі
Удвая даражэй каштуе чатырохпакаёўка па тым жа адрасе. За кватэру з агульнай плошчай 242,8 м² просяць $1 790 000.
У адрозненне ад папярэдняга варыянта рамонт тут больш сучасны, хоць месцамі ўкрапіны залатога колеру ў інтэр'еры таксама сустракаюцца. Але асноўны акцэнт зроблены на спалучэнні белага, чорнага і цёмна-карычневага колераў.
У кватэры тры санвузлы — чорны, белы і чорна-белы. У чорным месціцца душавая кабіна, а ў белым ванна і хамам.
Прасторная кухня засланая мармуровай падлогай.
Таксама ў кватэры ёсць адразу чатыры гардэробныя пакоі плошчай ад 3,5 да 11 квадратаў. У самай вялікай гардэробнай — асобны санвузел.
Мэбля ад Versace
У дом на Грыбаедава, 4 прадаюць вялізную двухузроўневую 9-пакаёўку. Просяць за яе $1 080 000. У продажы яна мінімум з вясны 2023 года, цана за гэты перыяд не змянілася.
Нейкага агульнага стылю ў інтэр'еры не назіраецца. Напрыклад, кухня выканана ў зялёным колеры.
А вось у спальным пакоі рамонт у класічным стылі. Пакой трошкі нагадвае царскія харомы. Ложак з балдахінам ледзь не ўпіраецца ў столь.
Кватэра прадаецца разам з усёй мэбляй і бытавой тэхнікай. Дызайнерская мэбля Versace рабілася па індывідуальнай замове, гаворыцца ў апісанні.
Стыль, у якім выкананы дзіцячы пакой, цяжка паддаецца апісанню.
У кватэры за мільён даляраў чатыры санвузлы, уласная сауна і джакузі.
У цану ўваходзяць адразу два машына-месцы на падземным паркінгу і адно месца ў двары.
Калоны і залаты ёршык
У ЖК «Парус» на Кальварыйскай, 16 прадаецца трохпакаёўка на 100 «квадратаў» за $310 тысяч.
Рамонт у кватэры выкананы ў класічным стылі.
Дамінуюць белыя колеры. Кухня таксама белага колеру з цёмна-шэрай стальніцай.
Адной з адметнасцей гэтай кватэры можна назваць калоны і ляпніну на столях.
Але цалкам без «залатых» акцэнтаў не абышлося. Праўда, усе яны прыходзяцца на ванны пакой.
Нават ёршык для ўнітаза нібыта з золата.
Сучасны рамонт і выхад на дах
На Мяснікова, 27 за амаль мільён даляраў прадаецца кватэра на 160 квадратаў. Для яе абралі сучасны стыль без золата ў інтэр'еры.
Кухня аб'яднаная з гасцёўняй, замест стала толькі барная стойка. Ёсць два спальныя пакоі.
У кватэры, як і належыць жытлу такога класу, ёсць гардэробныя і два ванныя пакоі.
У адным месціцца душавая, а ў другім ванная. Але галоўная фішка гэтай кватэры — лоджыя, з якой можна падняцца на ўласны кавалак даху.
У апісанні пазначана, што на даху, апроч зоны для адпачынку, ёсць душавая з санвузлом.
Беларускія карціны ў «Маяку Мінска»
У ЖК «Маяк Мінска» прадаюць трохпакаёўку на 97 квадратаў (на Тураўскага, 2). Гаспадары пазначаюць, што ў кватэры зроблены «аўтарскі рамонт». Просяць за яе $260 тысяч.
У афармленні гасцёўні пераважае белы колер, а зона кухні наадварот выканана ў цёмных адценнях. Канапу рабілі па індывідуальнай замове.
Карціны, якія ўпрыгожваюць сцены, напісаныя беларускай мастачкай.
Кватэра прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. Гаспадар адзначае, што кватэру рабілі для сябе і пражылі ў ёй некалькі гадоў.
Дызайн з вокладкі часопіса
У ЖК «Алімпік Парк» прадаецца двухпакаёўка з агульнай плошчай 121 квадрат. Кватэру ацанілі ў паўмільёна даляраў.
Дызайн-праект кватэры сёлета стаў фіналістам прэміі Kukha Design Award.
Аўтары дызайну ў інтэрв'ю апісвалі задачу так:
«Мэтай было абмежавацца мінімальнай перапланіроўкай і пры гэтым стварыць сучасны статусны інтэр'ер без стандартнай класікі, якая ўжо паднадакучыла нашым заказчыкам».
Галоўная фішка кватэры — сонца на столі, якое імітуе другое святло. З кухні-гасцёўні ёсць выхад на прасторную лоджыю.
Каментары