Літаратура55

«Мая ты бабка родненькая»: новая кніга пра Беларусь, хто ж яе напісаў?

У выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшла загадкавая кніга. Аўтаркі дзвюх яе частак — знаныя пісьменніцы, але яны схаваліся за псеўданімамі: Паўліна Кот і Таўфіля Багач, расказвае Зося Лугавая. 

Кніга складаецца з двух вельмі розных тэкстаў і аб’яднанне іх пад адной вокладкай можна было б палічыць выпадковым альбо вымушаным. Але калі адступіць на некалькі крокаў, можна пабачыць: тое, што адбываецца ў першай аповесці, у выніку прыводзіць Беларусь да таго, што мы бачым у другім тэксце. 

Падзеі ў першай аповесці адбываюцца пры канцы 1996 — першай палове 1997 года, а называецца яна «Туман, які ахутвае цябе». І гэты тэкст напраўду як туман — утульны і трывожны. Утульны — бо гэта Мінск майго дзяцінства. У ім усё магчыма, у ім жыве надзея. А трывожным — таму што падзеі балюча перагукаюцца з успамінамі пяцігадовай даўніны. 

Уся заяўленая на вокладцы містыка тут сканцэнтраваная ў кватэры, у якую пераязджае галоўная гераіня. Гэта сталінка ў раёне ГУМа, ранейшая кватэра нумар «нуль»: у ёй супрацоўнікі КДБ сустракаліся з інфарматарамі. У кватэры ўзнікаюць цені, яна прапахла старамодным мужчынскім адэкалонам і цыгарэтамі, адклейваюцца і ападаюць на падлогу новыя шпалеры. Усё астатняе — вельмі канкрэтныя падзеі, якія лёгка можна нагугліць, калі чытач не ведае, не памятае ці яшчэ не нарадзіўся ў тыя часы. Называюцца тыя падзеі «Мінская вясна — 1996». 

«Далей давялося жыць у краіне, якая зрабілася іншай. Летам 1997 года Дзяўчына атрымала заказ ад прыватнага выдавецтва на кнігу «Як выжыць у сучаснай турме». 

Гераіня працуе ў літаратурным музеі ў Траецкім прадмесці і неабыякава ставіцца да палітычных падзей у краіне. У пэўны момант яна застаецца ля Чырвонага касцёла з маленькім дзіцём Алеся — калегі, які будзе ўдзельнічаць у акцыі пратэсту, а на раніцу яго будуць шукаць «паўсюль, куды тэлефануюць, калі чалавек знікае раптам з вуліцы і яго нідзе няма»

«Прайшлі ля белых турэмных муроў і па вуліцы імя Валадарскага, выйшлі на праспект. Карціна была як у сне — з аднаго боку праспекта па ходніках ішлі людзі, як звычайна, а на другім баку амапаўцы змагаліся з дэманстрантамі — махалі дубінкамі. 

— Дзе тата? — спытаў хлопчык.

— Там».

Гісторыя з калегам скончыцца адносна добра і пакідае здзіўленне: няўжо калісьці так было? Бо сённяшні досвед выціснуў амаль усе ўспаміны. Але потым гераіня будзе купляць прадукты для перадач іншым людзям і насіць іх на Валадарку, і тут прыходзіць здзіўленне іншага кшталту: як мала змянілася ў Беларусі за трыццаць год. Хіба што Валадарка ўжо не там. 

Другая аповесць — «Дзве праўды» — датаваная 2014—2018 гадамі. Пасля яе ўзнікае падступная думка: ці не спазніліся мы? 

Гэты тэкст пра тое, як жывуць людзі ў вёсках і невялікіх беларускіх мястэчках. Здаецца, нічога незвычайнага для белліта, у нас такога багата. Але гэтым разам за людзьмі назіраюць чэрці — дзед і ўнук.

Іх можна залічыць у той самы містычны элемент, бо ўсё іншае нават занадта жыццёвае. 

Чэрці тут адны з нешматлікіх станоўчых персанажаў. Яны жывуць у вясковай хаце старой бабкі Алесі і даглядаюць яе. Але ўнук падгадаваўся і дзед вырашае паказаць яму чалавечае жыццё. Таму чэрці кіруюцца ў падарожжа па ваколіцах.

«Тутэйшая мудрасць — гэта тая, якая тутака: адна праўда ў сваёй хаце, другая — у радзіве, адна — для сябе і сямеечкі сваёй, другая — для ўсяго свету. Не блытаешся — тады не бяды, а як наадварот — дрэнь твае справы!… а той праўды, што для сябе, нідзе не навучаць — трэба мець пільныя вочы, чуйныя вушы і не адну пару лапцей стаптаць, каб яе спазнаць».

І паўстае калейдаскоп лёсаў, партрэтаў і гатункаў чалавечай бязглуздасці і недарэчнасці. 

Вясковыя бабкі, што дажываюць свой век; спрытныя мужычкі — спецыялісты шырокага профілю; школьныя настаўніцы са шматгадовым стажам прыстасаванняў і продажу самаробнага самагону; цяжарныя старшакласніцы; прафесійныя шматдзетныя маці; вялікаўзроставыя мамчыны сынкі, якія толькі і шукаюць, з кім выпіць. 

Нягледзячы на тое, што карціны перад вачыма маларадасныя, мне падалося, што інтанацыйна і стылістычна тэкст мне знаёмы і нагадвае допісы адной пісьменніцы, якую многія абажаюць. У аповесці няма ўласцівых тым допісам надзеі і гумару, але ж і фармат тут іншы.

Пісаць так натуральна пра гэтае беспрасвецце можна толькі бачыўшы яго на ўласныя вочы. Але самае галоўнае — маючы любоў да людзей і моц не заплюшчваць вочы нават тады, калі ўжо зусім моташна. 

«— Можа і вылюднее хто, вось хоць бы Гарсюковых дзеўка — і вучыцца, і хваляць яе…

— Дай бог, але ведаеце, Аля, я ўжо тут трыццаць гадоў — нагледзелася, — уздыхнула настаўніца. — Як каторая дужа харошая і правільная, дык пасля нідзе не чуваць і не відаць…»

У дадатак — россып народнай мудрасці: таго, што сам не прыдумаеш, трэба ўважліва назіраць за людзьмі ў натуральным асяродку, альбо прынамсі ў маршрутках, аўтобусах ды электрычках: «Многа на свеце дзіковін — кожны мудак Бетховен!», «Родзіць — будзе ёй прафесія!».

Сыходзяць пакрысе ў лепшы свет тыя вясковыя бабкі, якія сама соль зямлі беларускай — наіўныя, шчырыя, як грыбы павылазіўшы з той зямлі і ўсё сваё жыццё на ёй пражыўшы. І паважаеш гэтых бабак, і шкадуеш. Але іх дзеці і ўнукі ніякіх цёплых пачуццяў не выклікаюць. Прынамсі на старонках гэтай кнігі. 

«Алеся канала адна ў спусцелай хаце… Чарцюк у скрусе прашаптаў: «Мая ты бабка родненькая». Лысы Чорт закрыў старой вочы — не дарма яна на яго спадзявалася, яе некалі даводзілі пляменніцы». 

І малады чорт не вытрымлівае — ідзе ўпрочкі: «То пайду я, дзеду, неяк млосна тутака. Як усё адно няма чым дыхаць!» Дыхаць напраўду няма чым, хоць плач. І толькі ў самым апошнім абзацы аўтарка кідае дробку надзеі. Чарцюк сыходзіць, але ён усё яшчэ сярод нас: «Дзе ён зараз? А паўсюль, куды ні глянь — і вакол нас, і ўнутры нас! Ратуе-бароніць тутэйшых унукаў ад тых разумнікаў, што надта ўжо часта па хлеб-соль не грукаючыся ідуць». 

Таўфіля Багач. Паўліна Кот. Паспець да цемры. Містычныя гісторыі з Беларусі. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2025

Каментары5

  • Hryb
    27.08.2025
    Druhoje nahadvaje Rasčaravańnie / Disenchantment ad Netflixu
  • Кашмар
    27.08.2025
    Мне вось цікава, калі беларускія літаратары перастануць пісаць пра вёску вось з гэтым спалучэннем жаху і замілавання? Ну няма ў цемры, неадукаванасці і рэтраградстве нічога святога. Дарэчы, гэтай традыцыі ўжо даўно няма ў еўрапейскай літаратуры. Так, жыццё ў весцы і тут нялёгкае, але ж няма той безнадзейнай хтоні, што ў Беларусі.
  • Hryb
    27.08.2025
    Кашмар, u Eüropie pišuć i pra viosku, i pra partyzan. Tolki jašče šmat ab čym pišuć bo bačuć vakoł siabie bolej. Nu a ü Biełarusi pakul bačnyja tolki vialikija harady dy bieznadziejnyja vioski. Pa recenziji vyhladaje na etnatrešfantastyku.

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўнікі еўрапейскіх разведслужбаў не разлічваюць на спыненне вайны ў гэтым годзе — Reuters3

Фэйкавая журналістка «Новой газеты. Европа» спрабуе наняць на працу вядомых беларусаў — прапановы атрымалі Лосік, Рагатко6

За педафілію арыштавалі выкладчыка робататэхнікі з Паставаў. Налічылі 17 пацярпелых6

Затрыманы брат Карла ІІІ, былы прынц Эндру4

Шры-ланкійцы паламалі статыстыку віцебскай міліцыі сваёй несанкцыянаванай масавай акцыяй на 300 чалавек3

«Сказалі «нам пох*й» і павезлі». Беларусаў выклікаюць на вайсковыя зборы, у сацсетках — абурэнне46

У Рэйхстагу праз сродак для чысткі спрацавала сігналізацыя

У Ельску загінула 12‑гадовая дзяўчынка — яна прымала ванну з тэлефонам14

Зноў ідзе пацяпленне, маразоў да канца зімы не чакаецца

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт37

Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць