Грамадства22

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

Блогер Дзмітрый Казлоў, таксама вядомы як «Шэры кот», правёў за кратамі больш за пяць гадоў. І калі іншыя палітвязні збольшага трываюць на дапамозе блізкіх сваякоў, хлопец такой магчымасці не меў — ён сірата. Вось яго гісторыя пра тое, як ад разборкі ноўтбукаў вырасці да палітычнага блогера і як спраўляцца ў турме, калі ты — сірата.

Фота: spring96.org

«Калі ў цябе ёсць грошы, цябе дастануць»

Дзмітрый расказвае, што яго ютуб-канал з’явіўся яшчэ ў канцы 2010‑га года. Праўда, пачынаўся ён зусім не з палітыкі і грамадскіх спраў:

«Я тады паглядзеў, што неяк малавата кантэнту па разборах ноўтбукаў, і вырашыў зняць такое відэа, каб было карысна. Вядома, якасць здымкаў тады была вельмі дрэнная, інтэрнэт яшчэ быў прымітыўны, таму і камера была не найлепшая.

Далей збольшага выкарыстоўваў канал для прагляду відэа. А недзе ў 2016‑м я зацікавіўся электронікай і зняў відэа пра тое, як рабіць святлодыёдны куб». 

У 2015‑м выйшаў дэкрэт аб дармаедах. Дзмітрый адчуў, як гэтая тэма ўсхвалявала грамадства, тым больш што ён і сам тады фармальна падпадаў пад дзеянне дэкрэта. Хлопец зарабляў капірайтынгам і цікавіўся крыптавалютамі.

На той час, кажа Дзмітрый, ён нічога не разумеў у беларускай палітыцы:

«Толькі ведаў, што [беларуская] апазіцыя існуе, а так не ведаў ні людзей, ні структуры. Чуў нейкія імёны накшталт Мілінкевіча, Статкевіча. Ды і не было нейкага даверу да іх, як і да ўлады.

А тут выйшаў дэкрэт аб дармаедах. Я зразумеў, што ў гэтай краіне кім бы ты ні быў і чым бы ні займаўся, сістэме патрэбныя рэсурсы, і яна іх зжырае. Спачатку яны зжэрлі буйны бізнэс, потым пайшлі па сярэдні і дробны. Потым дайшлі і да працоўных, і да беспрацоўных. Дабяруцца да ўсіх — калі ў цябе ёсць грошы, цябе дастануць».

Дзмітрыю было цяжка змірыцца з тым, што беларусы не паўсталі масава супраць дэкрэта аб дармаедах. Ён успамінае, як пачаў чытаць розныя форумы, каб зразумець, як можна супрацьстаяць дэкрэту, і там знайшоў шмат беларусаў-аднадумцаў. Потым пачаліся пратэсты супраць дэкрэта — хлопец паўдзельнічаў і ў іх.

Дзмітрый да зняволення. Фота: сацыяльныя сеткі

Праз сітуацыю з дэкрэтам, кажа Дзмітрый, ён пачаў асэнсоўваць, хто насамрэч на баку беларускага народа, а хто — супраць:

«Розныя дзяржаўныя структуры, прафсаюзы і інстанцыі, якія мусяць за гэтым назіраць, неяк рэгуляваць — яны належаць той жа структуры, якая і карае. То-бок я зразумеў, што такое зло — гэта наша дзяржава.

А далей пачаў вывучаць асоб. Ёсць апазіцыя, яны нібыта на нашым баку. Але там заўжды, не толькі цяпер, існаваў раскол: усе абвінавачваюць адно аднаго ў няўдачах, называюць адно аднаго агентамі. Важна было зразумець самому і расказаць людзям, хто ёсць хто, таму што кожная арганізацыя спрабуе выкарыстаць падзеі навокал на сваю карысць».

Так Дзмітрый вызначаў, пра што ён будзе расказваць на сваім канале. Але час ішоў, і з’яўляліся новыя праблемы. У сакавіку 2018‑га яго ўпершыню затрымалі ўлады, і хлопцу стала зразумела, што яго дзейнасць робіць яго ўразлівым — трэба думаць, дзе знайсці юрыдычную падтрымку. 

У 2019‑м хлопец вырашыў паўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, але яго знялі з выбараў за заклік «Фальшывым выбарам баста». На той час 31‑гадовы Зміцер балатаваўся як кандыдат ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і быў вылучаны партыяй БНФ. Ён успамінае — маўляў, каб трапіць на выбары, трэба было ісці па партыйных спісах.

Тады хлопец адчуў, што з чалавека за камерай ён ператвараецца ў публічную асобу:

«Да мяне пачалі звяртацца людзі, прасілі інтэрв’ю, падзяліцца меркаваннем, пачалі пазнаваць. Усё стала больш складана і ў выніку прыйшло туды, дзе мы цяпер знаходзімся. 

Чым ты больш робіш, тым больш прыцягваеш увагу ўладаў. Да парламенцкай кампаніі ўлады мяне не чапалі, а потым пачаліся штрафы, суткі».

«У Беларусі законы маюць рэкамендацыйны характар»

Дзмітрый прыняў удзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй, што адбываліся ў снежні 2019‑га года. 

«Спачатку гэтыя пратэсты здаваліся неперспектыўнымі, іх экспромтам анансавалі — маўляў, давайце збярэмся. Пашы Севярынцу казалі, што прыйдзе 100 чалавек і гэта будзе ганьба, не трэба нічога ладзіць. А па факце ў першы ж раз прыйшло чалавек 400», — успамінае Казлоў.

Пасля 20 снежня, кажа Дзмітрый, пачалі затрымліваць арганізатараў пратэстаў, у тым ліку і Севярынца. 25 снежня затрымалі і самога Дзмітрыя. Па адміністратыўках яму тады прысудзілі ў суме 120 сутак арышту, з якіх хлопец адбыў 26 дзён.

Яму паведамілі, што ў ізалятары інфекцыя і трэба зладзіць дэзынфекцыю, таму ён мусіць ісці дахаты — трэба толькі напісаць распіску, што ён вернецца даседжваць суткі па першым патрабаванні. Цікавая дэталь — з нагоды «інфекцыі» дахаты адпусцілі толькі яго.

Той арышт блогер называе «рэпетыцыяй»:

«Пасля гэтага ў мяне з’явіўся любімы выраз — маўляў, у Беларусі законы маюць рэкамендацыйны характар. Можна чалавека пасадзіць ні за што, а можна ўзяць і проста так яго выпусціць. 

Ёсць шмат кодэксаў і працэдур, як ты павінен сядзець. Калі ёсць крымінальны артыкул, ты, [каб цябе выпусцілі,] мусіш папрасіць пра памілаванне або падпісаць паперы. А нас, калі казаць пра цяпер, проста выдварылі».

Пасля сутак Дзмітрый уключыўся ў актывізм, тым больш пачалася прэзідэнцкая кампанія. Не забываўся і на блог. Бачыў, як палітычныя тэмы робяцца больш цікавымі людзям: калі ў пачатку 2020‑га канал меў каля 3500 падпісчыкаў, у красавіку іх было ўжо каля 10 тысяч, а пазней зрабілася яшчэ болей.

Вясной 2020‑га Дзмітрый зладзіў стрым з акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага, і за гэта атрымаў яшчэ адзін адміністратыўны пратакол у дадатак да неадбытых сутак. А ў пачатку чэрвеня, калі хлопец начаваў у мінскім офісе «Еўрапейскай Беларусі», той офіс ранкам атачылі бусы з сілавікамі.

Тыдзень пасля гэтага Дзмітрый хаваўся, а 10 чэрвеня яго затрымалі:

«Я здагадваўся, што бліжэй да выбараў будуць інцыдэнты з сілавікамі, але не думаў, што так хутка. Таму не прыняў належныя меры перасцярогі. 

З іншага боку, цяпер разумею, што ў мяне проста не было шансаў: калі з цягам часу пачалі затрымліваць людзей, якія ўвогуле нічога не рабілі, то мяне б некалі дакладна затрымалі».

У маі 2021‑га Дзмітрыю прысудзілі пяць гадоў зняволення па арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Пазней дадалі яшчэ год па арт. 411 (злоснае нападпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

Большую частку тэрміна ён адбываў у бабруйскай ПК-2, а ў 2025‑м быў пераведзены ў мазырскую ПК-20.

«Разумеў, што гэта рана ці позна скончыцца»

Для кожнага вязня за кратамі важная падтрымка з волі, і гэта не толькі лісты, але і пасылкі, перадачы, кароткія і доўгія спатканні. Звычайна гэтым займаюцца блізкія сваякі вязняў, тым больш што, калі чалавек у калоніі, толькі сваякам і дазволена ўдзельнічаць у тых працэсах. 

Бабруйская ПК-2. Фота: komkur.info

Але Дзмітрый — сірата. Як ён спраўляўся за кратамі?

«У мяне ўвогуле была вялікая падтрымка, шмат хто дапамагаў – і знаёмыя людзі, і незнаёмыя. Пакуль я быў у СІЗА, праблем з дапамогай увогуле не было, а потым, [у калоніі,] гэта зрабілася немагчымым. Тады я напісаў заяву на тое, каб атрымліваць сродкі ад несваяка, і ў калоніі яе задаволілі.

А ўжо ў 2024-м, калі мяне раскручвалі па 411‑м артыкуле, я зноў напісаў заяву, бо грошы сканчваліся. Але яе нават не сталі разглядаць — маўляў, тады быў 2021-ы, а цяпер 2024-ы, прабачце».

З іншага боку, Дзмітрый пабачыў у сваім становішчы пэўныя плюсы:

«Бачыў, як людзі атрымлівалі спатканні і перажывалі пра сустрэчы з роднымі. Мне казалі, што мне ў гэтым плане лёгка, бо ў мяне нікога няма. А іншыя людзі казалі, як хвалююцца за сваіх блізкіх, за тое, каб і іх не пасадзілі, за грошы, якія выдаткоўваюць тыя людзі.

Так, мы пакутуем. Але сваякі, якія звонку, пакутуюць не менш, а часам нават больш, чым палітвязні».

Дзмітрый успамінае, што з першых месяцаў 2022‑га палітвязням больш не перадаюць лісты ад несваякоў. Разам з тым, што хлопец не меў спатканняў і званкоў, гэта спрыяла таму, што ён адчуваў сябе абмежаваным у інфармацыі.

Хлопец разважае — яму дапамагала тое, што ён меў досвед зняволення праз свае суткі ў канцы 2019-га. Дзмітрый згадвае словы Міколы Статкевіча пра тое, што смеласць — гэта нібыта мускул, можна яе развіваць, і пагаджаецца з імі.

Яшчэ дапамагала падтрымка людзей. І вера ў Бога:

«Я разумеў, што гэта рана ці позна скончыцца і трэба вытрываць. І галоўнае, калі ты ўжо пайшоў гэтым шляхам, трэба ісці да канца. 

Некаторыя людзі, хто ішоў у палітыку і пратэсты дзеля хайпу і грошай, хто не мае стрыжня, вельмі хутка зламаліся. Яны чакалі для сябе нейкіх бонусаў, а калі з’явілася перспектыва турэмных тэрмінаў, адразу пераабуліся, бо ішлі не па гэта. У іх няма ідэй, там чыста грошы. Яны хутка адваліліся, а засталіся тыя, у каго ўнутраны стрыжань і перакананні».

«Мы спадзяваліся выйсці раней, бо надзея дапамагае»

Пра тое, што палітвязняў выпускаюць на свабоду ў замежжа, Дзмітрый ведаў загадзя. Чуў у дзяржаўных навінах гісторыю Сяргея Ціханоўскага, а таксама ў калоніі гутарыў з Ігарам Карнеем — журналіст «Радыё Свабода» яшчэ зімой 2025‑га сустракаўся з амерыканскімі дыпламатамі, дзе даведаўся пра перамовы па такіх вызваленнях.

Фота: сацсеткі

У выніку Дзмітрый апынуўся на волі 11 верасня 2025‑га разам з яшчэ 36 беларускімі палітвязнямі, вывезенымі ў Літву. Хлопец адседзеў амаль увесь тэрмін — той мусіў скончыцца ў канцы лістапада.

Дзмітрый успамінае, як беларусы прагназавалі, што ён і іншыя палітвязні не адседзяць свой тэрмін:

«Вы не ўяўляеце, колькі ўсяго дасылалі: і гараскопы, і прадказанні таролагаў, і астролагаў. Казалі, у жніўні 2021‑га ўсе будуць дома, вы дакладна не адсядзіце свой тэрмін. А па факце я не толькі адседзеў той тэрмін, а дадалі яшчэ год — і я практычна адседзеў і яго.

Хаця мы спадзяваліся [выйсці раней], бо надзея дапамагае. Калі яна не спраўджваецца, бывае цяжка, трэба шукаць новую мэту. Але калі ты ўмееш з гэтым працаваць, гэта можна трываць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Удакладненне
    18.09.2025
    Хлопец адседзеў амаль увесь тэрмін — той мусіў скончыцца ў снежні/
    Журналісты, навошта перакручваць факты?

    Зміцер адседзеў цалкам увесь тэрмін і плюс адседзеў амаль цалкам яшчэ адзін, які яму накінулі ў 2024 годзе.

    Яшчэ раз: Шэры Кот поўнасцю адседзеў тэрмін, які яму прысудзілі ў 2020м годзе.

    А з вашай недакладнай інфармацыі некаторыя могуць зрабіць няправільны вавад. Маўляў, трохі дадсядзеў бы ў выйшаў без дэпартацыі. Не. Мог і не выйсці. Таму што ўжо аднойчы адсядзеў увесь тэрмін цалакам і не выпусцілі.
  • Orshavin
    18.09.2025
    Как можно поддержать земляка?

Цяпер чытаюць

18‑гадовы былы палітвязень расказаў, што ён сваяк Ціханоўскай. Яго затрымалі, калі ён ехаў ваяваць за Украіну2

18‑гадовы былы палітвязень расказаў, што ён сваяк Ціханоўскай. Яго затрымалі, калі ён ехаў ваяваць за Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Бабарыка сказаў, што Быкаў ставіў эканамічны суверэнітэт вышэй за беларускую мову. Навумчык: Не чуў ад Быкава нічога і блізка падобнага60

Ціханоўская выказала спачуванні з нагоды смерці Мелказёрава1

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў66

«Найлепшы калядны падарунак»: беларуска перамагла бюракратыю і атрымала ў Нарвегіі пашпарт замежніка3

Лойка пра Лукашэнку: Ну нельга да такой ступені сачыць за парадкам дня дэмсіл1

«Хатняя гаспадыня», якая стала прэзідэнткай, але не змагла змяніць Нікарагуа 1

У прэстыжным ліцэі Варшавы зацкавалі ўкраінку. Міністр замежных спраў Украіны заклікае паказальна караць за ксенафобію16

Гайд па месцах, дзе можна традыцыйна адсвяткаваць Каляды3

Рутэ: Што б ні адбывалася ў Расіі, мы не павінны быць наіўнымі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

18‑гадовы былы палітвязень расказаў, што ён сваяк Ціханоўскай. Яго затрымалі, калі ён ехаў ваяваць за Украіну2

18‑гадовы былы палітвязень расказаў, што ён сваяк Ціханоўскай. Яго затрымалі, калі ён ехаў ваяваць за Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць